Беларуская краёвая абарона
Беларуская Краёвая Абарона, Biełaruskaja Krajovaja Abarona, БКА — вайсковае фармаваньне, створанае ў генэральнай акрузе «Беларусь» у 1944 годзе.
Беларуская краёвая абарона | |
Шаўрон БКА | |
Гады існаваньня | 23 лютага 1944 — красавік/травень 1945 |
---|---|
Краіны |
Трэці Райх «Беларусь» |
Падпарадкаваньне | СС |
Дысьлякацыя | Генэральная акруга Беларусь |
Войны | Другая Сусьветная вайна |
Вядомыя камандзіры | Францішак Кушаль |
БКА была ўтворана паводле загадаў в.а. генэральнага камісара Беларусі Курта фон Готбэрга і прэзыдэнта Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) Радаслава Астроўскага ў лютым—сакавіку 1944. Узначальвала БКА Галоўнае камандаваньне на чале з маёрам Францішакам Кушалем. Аснову фармаваньня складала мабілізаванае мужчынскае насельніцтва 1908—1924 г.н. Усяго былі мабілізаваныя каля 25 тыс. чалавек, зь якіх плянавалася стварыць 48 батальёнаў па 450—500 чал. Да сярэдзіны красавіка 1944 было створана 38 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў, некаторыя зь якіх засталіся недаўкамплектаваныя[1]. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-хтыднёвых курсах у Менску, радавыя — на месцах службы.
Галоўнай задачай БКА зьяўлялася барацьба супраць савецкіх партызан, якая праводзілася ў згодзе з паліцэйскімі ўладамі на месцах. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складаў, іншых гаспадарчых мэтаў. Пад уплывам агітацыі партызанаў і падпольшчыкаў, посьпехаў Чырвонай Арміі частка вайскоўцаў БКА перайшла са зброяй да партызанаў.
Пасьля 27 чэрвеня 1944 нямецкі пэрсанал, адказны за сувязь пры БКА, пакінуў Менск, і рашэньне пра лёс асобных атрадаў БКА паклалася на камандзіраў гэтых атрадаў. Яны паставілі жаўнераў БКА перад выбарам: адступіць разам зь немцамі ці застацца дома. Напрыклад, толькі 20 з 700 жаўнераў баранавіцкага атраду БКА вырашылі ісьці зь немцамі на захад[2].
Пасьля таго, як тэрыторыю Беларусі занялі савецкія войскі, кіраўніцтва БКА перабралася ў Нямеччыну, дзе працягвала дзейнасьць. У кастрычніку 1944 вайсковы аддзел БЦР рэарганізаваны ў Галоўнае ўпраўленьне вайсковых справаў на чале з Кастусём Езавітавым, створаны 1-ы беларускі вучэбны кадравы батальён. На пачатку 1945 году ўтвораная 1-я беларуская грэнадэрская брыгада «Беларусь» (пазьней — 30-я грэнадэрская дывізія СС «Беларусь №1»), якая ў выніку трапіла ў палон да амэрыканцаў. Батальёны БКА ў Нямеччыне фармаваліся пераважна з асобаў, якія былі праціўнікамі савецкай улады і зьбеглі з раёнаў, занятых савецкімі войскамі. Пасьля вайны значная іх частка апынулася ў эміграцыі.