Бэліз (па-ангельску: Belize) — краіна ў Цэнтральнай Амэрыцы.

Бэліз
Belize
Сьцяг Бэлізу Герб Бэлізу
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Sub umbra floreo
Дзяржаўны гімн: «Land of the Free»
Месцазнаходжаньне Бэлізу
Афіцыйная мова ангельская
Сталіца Бэльмапан
Найбуйнейшы горад Бэльмапан
Форма кіраваньня Парлямэнцкая дэмакратыя
Карл III
Колвіл Янг
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
146-е месца ў сьвеце
22 966 км²
0,7%
Насельніцтва
 • агульнае (2016)
 • шчыльнасьць
173-е месца ў сьвеце
368 310[1]
12/км²
СУП
 • агульны (2006)
 • на душу насельніцтва
163 месца ў сьвеце
$2,098 млрд
$8400
Валюта Бэліскі даляр (BZD)
Незалежнасьць
ад Злучанага Каралеўства

21 верасьня 1981
Аўтамабільны знак BZ
Дамэн верхняга ўзроўню .bz
Тэлефонны код +501

Гісторыя

рэдагаваць

Упершыню тэрыторыя Бэлізу была заселеная мая блізу 1500 гадоў да нашай эры. У выніку ахэалягічных дасьледаваньняў былі знойдзеныя паселішчы Caracol, Lamanai, Lubaantun і інш. У той час жыхары тэрыторыі Бэлізу займаліся разьвітым земляробствам. Упершыню эўрапейцы дасягнулі Бэлізу ў 1502 годзе. Гэта была чацьвёртая экспэдыцыя Хрыстафора Калюмба. Пасьля заваяваньня гішпанцамі Мэксыкі і Цэнтральнай Амэрыкі паўночная частка сучаснага Бэлізу была ўлучаная ў склад віцэ-каралеўства «Новая Гішпанія» (Мэксыка), створанага ў 1535 годзе, паўднёвая — ў склад генэрал-капітанства Гватэмала, якое ўзьнікла ў 1560 годзе. Першыя паселішчы эўрапейцаў былі заснаваныя ў 1630-я-1640-я гады, у тым ліку Бэліз. Гэта былі ангельцы. У наступныя 150 гадоў былі заcнаваныя шматлікія іншыя ангельскія паселішчы. Гішпанцы беспасьпяхова імкнуліся адваяваць тэрыторыю. Да сярэдзіны XVIII ст. пасяленцы (самыя багатыя зь іх) самі кіравалі калёніяй праз Народны сход, бо гішпанцы ня здолелі захапіць гэтую тэрыторыю, а ангельшчына не праяўляла да яе інтарэсу[2]. У 1840 годзе на тэрыторыі Бэлізу заснаваная «калёнія Брытанскага Гандурасу». У 1862 годзе Бэліз стаў калёніяй кароны. У 1860-я гады правы Вялікабрытаніі на тэрыторыю калёніі аспрэчваліся Гватэмалай і канфлікт прыняў вострую форму[2]. Напрацягу больш чым 100 гадоў у Бэлізе кіраваў урад, прызначаны Ангельшчынай. У 1954 годзе ў Бэлізе ўведзенае ўсеагульнае выбарчае права[3]. У 1961 годзе першапачатковая сталіца Бэліз была разбураная ўраганам, пасьля чаго ў 80 км на заход была пабудаваная новая сталіца — Бэльмапан[3]. Але ў студзені 1964 году Ангельшчына дазволіла Бэлізу ўтварыць самастойны ўрад з кабінэтам міністраў. У 1973 годзе Брытанскаму Гандурасу вернутая назва Бэліз. 21 верасьня 1981 году атрыманая поўная незалежнасьць[4], у гэты ж дзень набыла сілу і канстытуцыя Бэлізу. 21 верасьня цяпер сьвяткуецца як Дзень незалежнасьці Бэлізу. Каб забясьпечыць бясьпеку ад магчымых варожых дзеяньняў з боку суседняй Гватэмалы, якая разглядала Бэліз як адзін з сваіх дэпартамэнтаў, паміж Бэлізам і Вялікабрытаніяй было заключана пагадненьне паводле якога на тэрыторыі Бэлізу раскватэраваны ангельскі кантынгент войск (каля 2 тыс. чал.)[5]. У тым самым годзе Бэліз прыняты ў склад ААН. Таксама ўваходзіць у склад Садружнасьці нацыяў. Бэліз быў апошняй калёніяй Брытаніі на тэрыторыі матэрыковай Амэрыкі.

Геаграфія

рэдагаваць

Бэліз разьмешчаны на паўднёвым усходзе паўвострава Юкатан (Цэнтральная Амэрыка). Абмываецца Карыбскім морам, у тым ліку на крайнім паўночным усходзе — Гандураскім залівам. Улучае яшчэ 200 астравоў. На поўдні і захадзе мяжуе з Гватэмалай, на поўначы — з Мэксыкай. Агульная даўжыня дзяржаўнай мяжы 542 км, у тым ліку з Гватэмалай 266 км і з Мэксыкай 276 км. Працягласьць лініі ўзьбярэжжа — 386 км. Плошча краіны складае 22 966 км², у тым ліку 22 806 км² сушы. Паводле агульнай плошчы Бэліз займае 146-е месца ў сьвеце. 160 км² займаюць вадаёмы. Клімат трапічны, вельмі сьпякотны і вільготны. Сэзон дажджоў ад траўня да лістападу. Колькасьць ападкаў ад 1300 мм за год на поўначы да 4500 мм на крайнім поўдні. Cухі сэзон ад лютага да траўня. Рэльеф збольшага заняты нізінамі, забалочаны. На поўдні невысокія горы. Самы высокі пункт — пік Вікторыя (па-ангельску: Doyle’s Delight 1122 м[6], паводле іншых зьвестак — 1124 м[7]) у горах Мая, якія разьмешчаныя на паўднёвым захадзе краіны. Найбольш значнымі прыроднымі рэсурсамі зьяўляецца ворыва, драўніна, рыба, гідраэнэргія. Паводле ацэнкі 2011 году, 6,9% тэрыторыі займаюць сельскагаспадарчыя тэрыторыі (ворыва 3,3%, сады 1,4%, пасьбішча — 2,2%), 60,6% займаюць лясы, 32,5% — астатняе. 30 км тэрыторыі арашаецца (паводле зьвестак на 2003 год). Частыя прыродныя пагрозы. Ад чэрвеня да лістапада праходзяць спусташальныя ўраганы. Берагі затапляюцца (асабліва на поўдні). Сярод праблем навакольнага асяродзьдзя — дэградацыя лясоў, забруджваньне вады, выкіды прамысловасьці, зьбядненьне глебы, забруджваньне сьмецьцем. Краіна падпісала Кіёцкі пратакол. Адзіная краіна Цэнтральнай Амэрыкі бяз выхаду да Ціхага акіяну[7].

  1. ^ Нацыянальны статыстычны інстытут (анг.)
  2. ^ а б Золотник Е. А., Нечаев В. С. БЕЛИЗ // Большая российская энциклопедия. Электронная версия (2017); https://web.archive.org/web/20181227181453/https://bigenc.ru/geography/text/4014307 Дата обращения: 05.08.2020
  3. ^ а б William J. Griffith, O. Nigel Bolland and Others (January 02, 2020) Belize Encyclopædia Britannica. Encyclopædia Britannica, inc. Праверана 5 жніўня 2020 г.
  4. ^ Belize Facts — Caribbean Gateway to Central America (анг.). TravelBelize.org.
  5. ^ Белиз // Страны міра: Краткий полит.-экон. справочник. — М.: Политиздат, 1989. — С. 373.
  6. ^ Беліз // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 76
  7. ^ а б Belize (анг.) The World Factbook Праверана 5 жніўня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Бэлізсховішча мультымэдыйных матэрыялаў