Дзень Волі

беларускае нацыянальнае сьвята

Дзень Во́лі, Дзень Незале́жнасьці[1][2] — беларускае сьвята аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці, якое адзначаецца 25 сакавіка пад нацыянальнымі бел-чырвона-белым сьцягам і гербам Пагоняй. Прымяркоўваецца да гадавіны ўтварэньня першай нацыянальнай дзяржавы, калі 25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату. У Беларусі часоў прарасейскага рэжыму Лукашэнкі сьвяткуецца на неафіцыйным узроўні, таксама адзначаецца беларускай дыяспарай.

Дзень Волі
Дзень Незалежнасьці
лац. Dzień Voli
Dzień Niezaležnaści
Беларуская традыцыя
Значэньне ушанаваньне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі
Дата 25 сакавіка
 
Паштоўка Беларускай дзяржавы з нацыянальным дэвізам, 1918 г.

Першая афіцыйная назва сьвята — Дзень абвяшчэньня (дзяржаўнай) Незалежнасьці Беларусі[1]. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў «Дэклярацыі ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі», якая пачынаецца словамі: Дзень 25 сакавіка — нацыянальнае сьвята Беларусі <…> Тры гады таму … Беларуская Дзяржаўная Рада … абвесьціла наш край Дзяржавай вольнай і ад нікога незалежнай. <…> Моцна трымае Рэвалюцыйны Беларускі Урад у сваіх руках сьцяг незалежнасьці і непадзельнасьці роднага краю[a]. Гэтая назва таксама зазначаецца ў «Адозьве Рады БНР і Рады Міністраў БНР да беларускага й жыдоўскага народаў» ад 25 сакавіка: …вялікі гістарычны дзень 25 сакавіка 1918 году — Дзень апавешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі[b].

У жніўні 2021 году беларускі гісторык Уладзімер Ляхоўскі выявіў у архівах выпіску Дзяржаўнай палітычнай управы Менску за красавік 1924 году, дзе згадвалася прашэньне расейскай сям'і Пустоціных наконт падчаркі: «Просім даць дзяўчынцы імя Воля, бо яна нарадзілася напярэдадні Дня Волі»[3]. Назва Дзень Волі ўпершыню ў друку зьявілася ў спэцыяльным выпуску газэты «Свабода», які выйшаў у 1990 годзе. На думку беларускага мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, гэтая назва — вобразная мэтафара, тым часам назва Дзень Незалежнасьці больш адпавядае гістарычнай падзеі[1].

Гісторыя

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году ў Менску Рада БНР (былы выканаўчы камітэт Усебеларускага зьезду) прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, згодна зь якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР пастанавіла, што Берасьцейская мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла моц, таму заклікала перагледзець яе ўмовы.

Дзяржаўнымі сымбалямі першай беларускай нацыянальнай дзяржавы сталі бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня[4], сталіцай  —  Менск, дзяржаўнай і абавязковай мовай — беларуская (з 12 красавіка 1918 году[4]). Ад 11 кастрычніка 1918 году дзеяла часовая канстытуцыя[5], праводзілася выдача пашпартоў[4].

Беларускую Народную Рэспубліку дэ-юрэ прызналі Летува, Латвія, Эстонія, Чэхаславаччына і Фінляндыя[4], дэ-факта — Нямеччына, Баўгарыя, Турэччына, УНР[6].

Сьвяткаваньне

рэдагаваць

Беларускі нацыянальна-вызвольны рух

рэдагаваць
 
Першае сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці ў Горадні, 1919 г.

Упершыню ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі ў 1919 годзе ў Горадні. На ўрачыстай вячэры старшыня Беларускай цэнтральнай Рады Гарадзеншчыны Павал Аляксюк прачытаў Першую Ўстаўную грамату, па чым прытомныя прасьпявалі беларускі гімн. З прамовамі выступілі Б. Квяцінскі, Я. Натусевіч і іншыя[7].

 
Артыкул у газэце «Беларусь» да другой гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці з поклічам «Няхай жыве незалежная Беларусь!»

У 1920 годзе другую гадавіну ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка адзначылі ў Менску, а 27 сакавіка — у Горадні. У Менску прайшлі ўрачыстыя сходы вучняў беларускіх школаў і прытулкаў, на якіх прагучалі прысьвечаныя сьвяту прамовы, па чым дзеці разам з настаўнікамі наведалі каталіцкія і праваслаўныя набажэнствы. У мескім тэатры, клюбе «Беларуская хатка» і іншых будынках беларускіх арганізацыяў адбыліся культурныя імпрэзы. У Юбілейным доме прайшоў урачысты сход Беларускага нацыянальнага камітэту, куды ўсе беларускія арганізацыі, у тым ліку Беларуская вайсковая камісія даслалі сваіх прадстаўнікоў. У Горадні сьвяточная імпрэза адбылася ў памяшканьні клюбу «Беларуская хатка», дзе прагучаў беларускі гімн, выступілі старшыня Гарадзенскага Беларускага нацыянальнага камітэту Я. Натусевіч, Л. Дзекуць-Малей і старшыня Грамады беларускай моладзі С. Баран, па чым хор прасьпяваў некалькі нацыянальных песьняў[7].

 
Сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці ў Віленскай беларускай гімназіі, 1935 г.

У наступныя ўгодкі цэнтрам сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці стала Вільня. 25 сакавіка 1921 году тут адбылося ўрачыстае паседжаньне Беларускага нацыянальнага камітэту, на якім выступілі Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч, кс. Адам Станкевіч і Максім Гарэцкі, а 29 сакавіка кс. А. Станкевіч правёў урачыстую імшу ў касьцёле Сьвятога Крыжа пры кляштары баніфратаў, якую завяршыў казаньнем на беларускай мове. Урачыстае набажэнства, якое пазьней праводзілася ў касьцёле Сьвятога Мікалая, стала трывалай традыцыяй сьвяткаваньня 25 сакавіка ў Вільні. У 1925 годзе прайшло апошняе супольнае сьвяткаваньне віленскіх беларусаў, спалучанае зь юбілеем выдавецкай дзейнасьці Францішка Скарыны. У арганізацыі гэтых урачыстасьцяў актыўны ўдзел узяло Беларускае навуковае таварыства[7]. Увогуле, у сьвяткаваньні заўсёды актыўна бралі ўдзел вучні Віленскай беларускай гімназіі і студэнты Віленскага ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторыя, апошнія пэўны час выдавалі часопіс з назвай «25 сакавіка»[8].

 
Эміграцыйная паштоўка да Дня Незалежнасьці, 1948 г.

У кастрычніку 1925 году на Другой Ўсебеларускай канфэрэнцыі ў Бэрліне частка міністраў БНР перадала свае мандаты ўраду Беларускай ССР. Сярод удзельнікаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху (галоўным чынам кіраўнікоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады) пашырылася думка, што ідэя БНР вычарпала сябе, а Заходняя Беларусь у пэрспэктыве мусіць стаць часткай Савецкай Беларусі. Паседжаньне віленскага Беларускага нацыянальнага камітэту ў пачатку сакавіка 1926 году пастанавіла адмовіцца ад шырокага сьвяткаваньня гадавіны незалежнасьці. Адгэтуль сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці працягнулі прадстаўнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД) і Беларускага сялянскага саюзу (БСС), а 25 сакавіка 1926 году сьвяточнае набажэнства, апроч касьцёла Святога Мікалая, таксама адбылося ў Пятніцкай царкве. Асабліва актыўна беларускім грамадзянствам Вільні адзначаліся 15-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці БНР, гэтым разам сьвяточнае праваслаўнае набажэнства адбылося ў Прачысьценскай саборнай царкве, а ўрачыстую вечарыну (акадэмію) аздобілі партрэтам Кастуся Каліноўскага і выявай Пагоні[7].

 
Эміграцыйная паштоўка да Дня Незалежнасьці, 1948—1949 гг.

У сярэдзіне 1930-х гадоў традыцыя сьвяткаваньня выйшла за межы Вільні, найперш у асяродкі, што знаходзіліся пад уплывам БХД. Урачыстасьці праходзілі ў Ашмянах, Жодзішках, Смаргоні і іншых месцах. Сярод іншага, у Шутавічах актывісты гуртка Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры 25 сакавіка 1934 году вывесілі пасярод вёскі бел-чырвона-белы сьцяг, які празь некалькі гадзінаў зьнялі польскія паліцыянты. Сябры гуртка не хавалі свайго ўчынку і нават зьвярнуліся да ўладаў з патрабаваньнем вярнуць ім сьцяг як прыватную ўласнасьць[7]. Увогуле, сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці ў Вільні і іншых месцах Заходняй Беларусі адбываліся да Другой сусьветнай вайны, але апошнія гады праходзілі зь вялікімі перашкодамі з боку уладаў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якія разглядалі падобныя акцыі як спробу парушыць тэрытарыяльную цэласнасьць. У 1938 годзе інавацыяй у сьвяткаваньні стала радыётрансьляцыя з сталіцы Летувы Коўна, у час якой з прамовамі выступілі лідэры беларускай супольнасьці і прасьпяваў беларускі хор[7].

У Другую сусьветную вайну традыцыю сьвяткаваньня 25 сакавіка разам зь беларускімі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада). У 1944 годзе сьвяткаваньні мелі шырокую геаграфію ў Беларусі і спалучаліся з урачыстай прысягай жаўнераў Беларускай краёвай абароны, тады ж у Менску гістарычная Захараўская вуліца атрымала назву імя 25 Сакавіка[9]. У 1945 годзе да Дня Волі адбыўся парад падразьдзяленьняў 30-й грэнадэрскай дывізіі СС (1-й беларускай) у Гіршаве (Баварыя, Нямеччына)[10]. Ва ўрачыстасьцях таксама прымаў удзел прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі[11].

Па вайне намаганьнямі беларускіх арганізацыяў сэнатары, губэрнатары і мэры шэрагу адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак ЗША неаднаразова абвяшчалі і праводзілі 25 сакавіка Беларускія дні ў адпаведных штатах і местах. Праца Сэнату і Кангрэсу ЗША неаднойчы пачыналася 25 сакавіка малітвай за Беларусь, чытанай беларускім сьвятаром[12]. У мясцовасьцях з актыўнымі беларускімі асяродкамі 25 сакавіка адзначалася на афіцыйным узроўні вывешваньнем бел-чырвона-белага сьцяга. Такая традыцыя існавала ў Брэдфардзе (Вялікабрытанія)[13] і Ошава (Канада)[14], дзе сьцяг уздымаўся над будынкамі мескіх ратушаў. Да сёньня ў гэты дзень беларускі нацыяльны сьцяг вывешваецца на будынку гістарычнага музэю ў Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі, ЗША)[15].

У Беларусі ўгодкі ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі зноў пачалі паўпадпольна (у лесе, у мастацкіх майстэрнях) адзначаць у 1980-я гады[16], а першае публічнае сьвяткаваньне 25 сакавіка 1989 году зладзіў мастак Алесь Пушкін. У імпрэзе брала ўдзел каля 120 студэнтаў, прытым савецкія ўлады арыштавалі 36 чалавек, а самому Пушкіну далі вырак у 5 гадоў пазбаўленьня волі[17]. 25 сакавіка 1990 году выйшаў пілётны нумар газэты «Свабода» пад назвай «Дзень Волі», якая адразу стала новай назваю сьвята[16].

Рэспубліка Беларусь

рэдагаваць
 
Спэцыяльная тэхніка рэжыму Лукашэнкі ў Менску, 2017 г.

Па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі ў Менску і іншых местах праводзіліся палітычныя акцыі, мітынгі, шэсьці, прысьвечаныя Дню Волі. З 1991 году ў Палацы мастацтваў пачала праходзіць урачыстая тэматычная выстава[17], таго ж году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня разглядаў закон аб усталяваньні 25 сакавіка ў якасьці дзяржаўнага сьвята пад назвай «Дзень Рэспублікі», які з прычыны браку парлямэнцкай большасьці ў беларускіх нацыянальных сілаў, аднак, ня здолеў набраць патрэбнай колькасьці галасоў[18]. У 1993 годзе 75-ю гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі адзначалі на афіцыйным узроўні: у будынку Беларускай дзяржаўнай філярмоніі ўсіх прытомных павіншавалі тагачасны кіраўнік дзяржавы старшыня парлямэнту Беларусі Станіслаў Шушкевіч і старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Сажыч[16].

 
«Зачыстка» АМАПам месца сьвяткаваньня Дня Волі, 2017 г.

Па ўсталяваньні аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі і аднаўленьні палітыкі русіфікацыі Беларусі ўрачыстасьці да Дня Волі неаднаразова гвалтоўна перапыняліся супрацоўнікамі сілавых структураў, а іх удзельнікі арыштоўваліся. Пры гэтым угодкі ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў розных фарматах штогод адзначаліся па ўсёй краіне, а галоўная масавая акцыя з тысячамі ўдзельнікаў звычайна праходзіла ў Менску. Адно з найбольш масавых сьвяткаваньняў адбылося 25 сакавіка 1996 году на пляцоўцы каля Опэрнага тэатру, дзе сабралася больш за 30 тысячаў чалавек. У гэты дзень людзі таксама пратэставалі супраць прапанаванага Лукашэнкам саюзу з Расеяй. Сілавыя структуры справакавалі сутычкі з удзельнікамі, па чым затрымалі 30 чалавек. Масавая акцыя ў абарону незалежнасьці выклікала вялікі рэзананс, у тым ліку на Захадзе. Існуе меркаваньне, што тагачасная «Менская вясна» ўратавала Беларусь ад аншлюсу з Расеяй[19]. У 1997 годзе сілавыя структуры жорстка разагналі мірнае шэсьце на праспэкце Францішка Скарыны, у якім бралі ўдзел каля 7 тысячаў чалавек. У выніку больш за сотню мітынгоўцаў затрымалі. У 1998 і 1999 гадох у акцыях бралі ўдзел 10 і 8 тысячаў чалавек адпаведна[19]. Адметнасьцю сьвяткаваньня ў 2000 годзе стаў вывад рэжымам Лукашэнкі на вуліцах Менску вадамётаў і бронетранспартэраў і патруляваньне цэнтру места ўзброенымі салдатамі з сабакамі. Паводле розных ацэнак, у той дзень з больш як 10 тысячаў удзельнікаў затрымалі ад 200 да 400 чалавек, сярод іх 35 журналістаў беларускіх і замежных мас-мэдыя[20]. У 2001 годзе ўдзельнікі сьвяткаваньня сабраліся на Юбілейным пляцы, адкуль каля 5 тысячаў чалавек прайшлі да стэлы «Горад-герой». Пры сьвяткаваньні 24 сакавіка 2002 году агулам у Менску (акцыя праходзіда ў парку імя Янкі Купалы) і Горадні затрымалі больш за 100 чалавек[16]. Увогуле, Горадня традыцыйна была другім цэнтрам сьвяткаваньня: у 1997 годзе тут выйшла 3 тысячы чалавек, у 2000 і 2001 гадох — па 2 тысячы[19]. У 2003 годзе 23 сакавіка сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі намагаліся зладзіць у Менску сьвяточнае шэсьце праспэктам Францішка Скарыны, якое разагналі амапаўцы. А 25 сакавіка акцыю на плошчы Якуба Коласы зладзіла Партыяй БНФ, у выніку чаго затрымалі дзясяткі чалавек[21]. У 2004 годзе акцыя, якую плянавалася правесьці на Высокім Рынку, фактычна не адбылася: усіх, хто прыходзіў затрымлівалі або выціскалі зь пляцу сілавыя структуры (у тым ліку міліцыянты з Расеі, якія ў гэты час праходзілі ў Беларусі стажаваньне)[19]. Разгонам і затрыманьнямі скончылася акцыя ў 2005 годзе, калі на заклік Андрэя Клімава каля 2 тысячаў чалавек сабралася ў самым цэнтры Менску. У 2006 годзе ў менскім Купалаўскім парку сабралася каля 10 тысячаў чалавек, частка дэманстрантаў на заклік экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна рушыла да ізалятару на вуліцы Акрэсьціна, каб патрабаваць вызваленьня затрыманых раней удзельнікаў пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. У выніку разгону шэсьця сілавыя структуры затрымалі каля 400 чалавек. У 2007 годзе ўдзельнікам акцыі ня далі сабрацца ў самым цэнтру Менску, урэшце ад 5 да 7 тысячаў чалавек правялі сьвяточны мітынг на пляцоўцы перад Акадэміяй навук[22]. У 2008 годзе сілавыя структуры зноў заблякавалі месца правядзеньня акцыі — гэтым разам плошчу Якуба Коласа. У выніку пратэстоўцы пачалі зьбірацца каля Акадэміі навук, адкуль іх выціскалі амапаўцы. Агулам у акцыі ўзялі ўдзел да 4 тысячаў чалавек, зь іх больш за 100 чалавек затрымалі, некаторых моцна зьбілі[19]. Адметнасьцю акцыяў у 2009 і 2010 гадох, якія праходзілі каля Акадэміі навук, стаў афіцыйны дазвол уладаў і брак затрыманьняў[16]. У 2011 годзе сілавыя структуры ня далі ўдзельнікам акцыі ў Менску сабрацца ў адным месцы, агулам у сталіцы і рэгіёнах затрымалі 70 чалавек. У 2012—2015 гадох на Дзень Волі праводзіліся афіцыйна дазволеныя шэсьці да плошчы Бангалор, у 2016 годзе шэсьце скончылася каля гандлёвага цэнтру Рыга. У 2017 годзе спроба сьвяткаваньня адзначылася найбольшай колькасьцю затрыманьняў. Напярэдадні Дня Волі рэжым Лукашэнкі прэвэнтыўна затрымаў больш за 300 чалавек, 26 чалавек сталі фігурантамі «справы патрыётаў», сфабрыкаванай КДБ. 25 сакавіка ў цэнтры Менску сканцэнтравалі вялікую колькасьць супрацоўнікаў сілавых структураў, сьцягнулі вадамёты, штурмавыя аўтамабілі і армейскія бронемашыны. У час акцыі зачынілі тры станцыі мэтро і цалкам перакрылі цэнтральны праспэкт. У выніку «зачысткі» ачэпленай тэрыторыі затрымалі больш за 700 чалавек, некаторых моцна зьбілі[19].

 
100-годзьдзе БНР у Менску, 2018 г.
 
Дзень Волі ў Горадні, 2019 г.

100-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў 2018 годзе адзначылася маштабным сьвяткаваньнем. Галоўныя ўрачыстасьці пад назвай «Сьвята Незалежнасьці» прайшлі ў Менску на Траецкай гары перад Опэрным тэатрам, дзе адбыліся канцэрт і мітынг, якія сабралі да 50 тысячаў чалавек. Рэжым Лукашэнкі дазволіў сьвяткаваньне, але разам з тым у гэты дзень агулам затрымалі каля 120 чалавек, у тым ліку за выкарыстаньне нацыянальнай сымболікі па-за межамі імпрэзы[23]. Масавыя сьвяткаваньні таксама прайшлі ў іншых вялікіх местах Беларусі: сьвяточныя вулічныя канцэрты і мітынгі адбыліся ў Баранавічах, Берасьці і Горадні, канцэрты — у Гомлі, Лідзе, Пружанах і Слуцку, пікет і мітынг — у Кобрыні і Салігорску. У Беластоку ў царкве Сьвятога Яна Тэоляга на сьвятой літургіі адбыўся малебен за беларускі народ, у Падляскай опэры і філярмоніі — сьвяточны канцэрт[24]. Сьвяточныя шэсьці прайшлі ў Варшаве і Любліне (Польшча), Вільні (Летува), Кіеве (Украіна), Філадэльфіі (Пэнсыльванія, ЗША)[25].

У 2019 годзе дазволеныя масавыя сьвяткаваньні адбыліся ў Горадні (23 сакавіка, Калоскі парк) і Менску (24 сакавіка, Кіеўскі сквэр). Канцэрт у Горадні наведалі ад 3 да 5 тысячаў чалавек[26], канцэрт-мітынг у Менску — 5—7 тысячаў чалавек. Пры гэтым у розных частках Менску адзначаліся кропкавыя затрыманьні музыкаў, палітыкаў і людзей з нацыянальнай сымболікай, большасьць зь якіх вызвалілі ў той жа дзень без складаньня пратаколаў[27]. У 2020 годзе з прычыны пандэміі каранавіруснай інфэкцыі ў Беларусі і сьвеце адмовіліся ад традыцыйнага сьвяткаваньня ў выглядзе масавых акцыяў[28][29]. Адзначэньне прайшло ў фармаце анлайн-сьвята «Годны Дзень Волі» з удзелам вядомых беларускіх дзеячоў культуры, грамадзкіх актывістаў і музычных гуртоў[30].

 
Расьцяжка падчас шэсьця да Дня Волі ў Варшаве, 2023 г.

Пры здушэньні масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня ў чацьвер 25 сакавіка 2021 году ад раніцы цэнтар Менску атачыла вялікая колькасьць вайсковай тэхнікі, аўтазакаў і супрацоўнікаў сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі, якія патрулявалі вуліцы. Удзень у розных частках места пачаліся кропкавыя затрыманьні. Нягледзячы на гэта, адбыліся некалькіх лякальных маршаў: у Трох Корчмах (раёне Велазаводу), Малінаўцы і Вялікім Лесе (Вайсковым гарадку). Апроч таго, удзень сьвяткаваньне выявілася ў запусканьні ў неба балёнікаў нацыянальных колераў, а таксама бел-чырвона-белых сьцягоў, вывешваньні сьцягоў на дамох. Пры мэмарыяле Аляксандра Тарайкоўскага дзеля ўшаваньня памяці забітых паклалі кветкі нацыянальных колераў. Увечары па ўсім Менску пачалі запускаць салюты. Паводле афіцыйных зьвестак, у гэтым дзень ува ўсёй краіне «за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах» затрымалі больш за 200 чалавек[31]. Сытуацыя паўтарылася ў суботу 27 сакавіка, калі плянавалася прымеркаваная да Дня Волі масавая акцыя: супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі цалкам перакрылі ў Менску ўсе вуліцы, якія вялі да абвешчанага месца збору ўдзельнікаў акцыі. Агулам зноў затрымалі больш за 200 чалавек[32]. Адзначаецца, што 25 і 27 сакавіка рэжым Лукашэнкі фактычна ўвёў у Менску ваеннае становішча на фоне ўзмацненьня тэрору супраць беларусаў[33].

16 траўня 2024 году Сьледчы камітэт рэжыму Лукашэнкі абвясьціў, што распачаў супраць удзельнікаў эмігранцкага сьвяткаваньня Дня Волі 2024 году крымінальныя справы паводле артыкулаў «аб стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім» і «аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь». СК заявіў, што мае зьвесткі пра 104 асобаў, якія бралі ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі ў розных местах замежжа, а таксама анансаваў ператрусы, арышты маёмасьці і спэцыяльную (завочную) вытворчасьць у дачыненьні да падазраваных[34].

Сьвята Незалежнасьці ў мастацтве

рэдагаваць
 
Эміграцыйная налепка з Пагоняй да Дня Незалежнасьці, 1948 г.

25 сакавіка 1920 году Янка Купала, які ў 1919 годзе быў намесьнікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту (фактычна віцэ-прэм’ерам Беларусі[35]), напісаў верш «25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына — памінкі»[36]:

 

Ня сьвята сьветлае спраўляці
Сягоньня будзе наш народ.
А трызну па айчыне-маці
Ён справе ў гэты цяжкі год.

 

У вершы паэт выказвае расчараваньне ў выніках прызнаньня незалежнай Беларускай дзяржавы тагачаснай міжнароднай супольнасьцю (у першую чаргу Савецкай Расеяй і міжваеннай Польскай Рэспублікай)[37].

Дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі апяваецца ў вершах «На 25 сакавіка» (1932 год)[38] і «На дзень 25.III.1933» (1933 год) Язэпа Германовіча[39] «25 сакавіка» (1935 год) Міхася Машары[40], «Паслухай, што кажа курган» (1944 год), «25 сакавік» (1946 год) і «Былі героі» (1962 год) Алеся Змагара[41], «25-ты сакавік» (1950 год) Натальлі Арсеньневай[42]. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які ў 1991 годзе актыўна выступаў за ўсталяваньне 25 сакавіка ў якасьці дзяржаўнага сьвята, мае верш з радкамі «І першым сьвятам Бацькаўшчыны стане Дзень Дваццаць Пятага Сакавіка!»[18]. Верш «25 Сакавіка», напісаны Народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным, завяршаецца наступнымі радкамі:

 

Дваццаць пятага сакавіка —
Наша сьвята,
Пароль
І прысяга![43]

 

Вялікая колькасьць мастацкіх паштовак, налепак і канвэртаў, зьвязаных зь сьвяткаваньнем Дня Незалежнасьці, выйшла з друку намаганьнямі Беларускага замежжа[44].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Архівы БНР. Т. І. Кн. 2. С. 1059.
  2. ^ Архівы БНР. Т. І. Кн. 2. С. 1057—1058.
  1. ^ а б в Вячорка В. Дзень Волі. Дзень Незалежнасьці. Як называць галоўнае сьвята, Радыё Свабода, 26 сакавіка 2017 г.
  2. ^ Вячорка В. Якія гістарычныя даты павінны памятаць і шанаваць беларусы? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 78.
  3. ^ Апошняе адкрыцьцё гісторыка Ляхоўскага: Дзень Волі ў савецкім Менску 1920-х // Наша Ніва, 11 верасьня 2021 г. Праверана 14 верасьня 2021 г.
  4. ^ а б в г Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 315.
  5. ^ Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 386.
  6. ^ Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 388.
  7. ^ а б в г д е Чарнякевіч А., Вашкевіч А. 25 сакавіка: вытокі нацыянальнага сьвята // ARCHE Пачатак. № 3, 2008. С. 65.
  8. ^ Ліс А. «25 сакавіка» // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 219.
  9. ^ Скобла М. Леанід Маракоў: «У Менску існавала вуліца 25 Сакавіка», Радыё Свабода, 15 кастрычніка 2010 г.
  10. ^ Mark Alexander: Nazi Collaborators, American Intelligence, and the Cold War. The Case of the Byelorussian Central Council. University of Vermont Graduate College Dissertations and Theses, Nr. 424, 2015, S. 78f.
  11. ^ Ю. Грыбоўскі. Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць. — 11.01.2009.
  12. ^ Кіпель В. Беларусы ў ЗША / Пераклад С. Шупы. — Менск: Беларусь, 1993. С. 242—245.
  13. ^ Гардзіенка Н. (5 жніўня 2012) Эміграцыйная гісторыя ў асобах. 5 жніўня. Мацей Райцэўскі. LiveJournalПраверана 21 студзеня 2021 г.
  14. ^ Гардзіенка Н. (16 верасьня 2012) Эміграцыйная гісторыя ў падзеях. 16 верасня. Беларусы Ашавы. LiveJournalПраверана 21 студзеня 2021 г.
  15. ^ У Саўт-Рыверы (ЗША) узнялі бел-чырвона-белы сцяг ФОТАФАКТ, Наша Ніва, 31 сакавіка 2014 г.
  16. ^ а б в г д Соўсь Г. 15 фактаў пра Дзень Волі. Самыя прыкметныя і вызначальныя акцыі, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2017 г.
  17. ^ а б Як беларусы пачалі святкаваць Дзень Волі. Кароткая гісторыя, Белсат, 24 сакавіка 2019 г.
  18. ^ а б Гілевіч Н. «І запануе воля» // Літаратурная Беларусь. № 3 (139), 2018. С. 1.
  19. ^ а б в г д е Кроў, «фашысты» і Васіль Быкаў. Як адзначалі Дзень Волі апошнія 30 гадоў, Белсат, 25 сакавіка 2019 г.
  20. ^ Колькі прыходзіла і колькі затрымалі на Дзень Волі ў папярэднія гады. ІНФАГРАФІКА, Радыё Свабода, 24 сакавіка 2019 г.
  21. ^ Дзень Волі — 2001—2005. Як гэты было, Радыё Свабода, 20 сакавіка 2008 г.
  22. ^ Дзень Волі ў Менску: як разгортваліся падзеі, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2007 г.
  23. ^ Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2018 г.
  24. ^ Леанюк Л. Дзень Волі — 2018 у Беластоку, Радыё Рацыя, 25 сакавіка 2018 г.
  25. ^ Карней І. 20 пунктаў на мапе Беларусі. Адрасы сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2018 г.
  26. ^ У Горадні адсьвяткавалі Дзень Волі. Самае галоўнае, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2019 г.
  27. ^ Дзень Волі — 2019. Максымальна сьцісла, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2019 г.
  28. ^ Дзень Волі са Свабодай. ВІДЭА, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2020 г.
  29. ^ Навумчык С. Зянон Пазьняк заклікаў адзначыць Дзень Волі дома, зь сям'ёй. З прычыны пандэміі, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2020 г.
  30. ^ Дзень Волі будуць святкаваць анлайн — ПРАГРАМА, Наша Ніва, 20 сакавіка 2020 г.
  31. ^ У Менску на Дзень Волі прайшлі тры маршы з нацыянальнымі сьцягамі. ВІДЭА, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2021 г.
  32. ^ У Менску і іншых гарадах Беларусі 27 сакавіка затрымалі больш за 200 чалавек, Радыё Свабода, 27 сакавіка 2021 г.
  33. ^ Раздарожжа пасьля Дня Волі. Аналітыкі адказваюць на вашы пытаньні, Радыё Свабода, 30 сакавіка 2021 г.
  34. ^ Власти Беларуси угрожают отобрать недвижимость у участников празднования Дня воли в эмиграции (рас.) Міжнароднае францускае радыё
  35. ^ Трефилов С. Янка Купала был де-факто вице-премьером Беларуси, а год спустя его за это арестовали(недаступная спасылка) // Камсамольская праўда, 23 лютага 2018 г.
  36. ^ Янка Купала. 25.III.1918-25.III.1920 Гадаўшчына-памінкі
  37. ^ Сідарэвіч А. Поўны не акадэмічны // ARCHE Пачатак. № 6 (11), 2000 г.
  38. ^ Адважны, В. Выбраныя творы / Вінцук Адважны; уклад., прадм., камент. І. Багдановіч. — Менск: Кнігазбор, 2011. С. 20.
  39. ^ Беларуская крыніца. № 13, 1933. С. 2.
  40. ^ Шлях моладзі. № 3 (76), 1935. С. 1.
  41. ^ Алесь Змагар. Да згоды. — Кліўлянд: Выдавецтва Літаратурнай Сустані «Баявая Ўскалось», 1962.
  42. ^ Наталля Арсеннева. 25-ты сакавік, Наша Ніва, 25 сакавіка 2017 г.
  43. ^ Рыгор Барадулін. 25 Сакавіка, Наша Ніва, 25 сакавіка 2017 г.
  44. ^ 25 Сакавіка ў паштоўках, канвертах, налепках беларускай эміграцыі — ФОТА, Наша Ніва, 25 сакавіка 2016 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць