Крычаў

горад у Беларусі

Кры́чаў — места ў Беларусі, на рацэ Сажы. Адміністрацыйны цэнтар Крычаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 26 007 чалавек[1]. Знаходзіцца за 104 км на ўсход ад Магілёва. Чыгуначны вузел на Воршу, Магілёў, Унечу і Рослаў; на аўтамабільнай дарозе Бабруйск — Рослаў.

Крычаў
лац. Kryčaŭ
Замкавая Гара і царква Сьвятога Мікалая
Замкавая Гара і царква Сьвятога Мікалая
Герб Крычава Сьцяг Крычава
Першыя згадкі: 1136
Магдэбурскае права: 23 жніўня 1633
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Крычаўскі
Плошча: 10,7 км²
Вышыня: 168 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 26 007 чал.[1]
шчыльнасьць: 2430,56 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2241
Паштовыя індэксы: 213491, 213492, 213493, 213494, 213495, 213496, 213498, 213500
СААТА: 7240501000
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°43′10″ пн. ш. 31°42′50″ у. д. / 53.71944° пн. ш. 31.71389° у. д. / 53.71944; 31.71389Каардынаты: 53°43′10″ пн. ш. 31°42′50″ у. д. / 53.71944° пн. ш. 31.71389° у. д. / 53.71944; 31.71389
Крычаў на мапе Беларусі ±
Крычаў
Крычаў
Крычаў
Крычаў
Крычаў
Крычаў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Крычаў — магдэбурскае места гістарычнай Амсьціслаўшчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка на Замкавай Гары, палац Пацёмкіна — Галынскіх і цэрквы Сьвятога Мікалая і Ўваскрасеньня Хрыстова, помнікі гісторыі і архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся нэагатычны касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX ст., зьнішчаны савецкімі ўладамі.

 
Крычаў, з мапы 1539 г.

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму Крычаў. Паводле адной зь іх, ён утварыўся ад слова крычнае (што азначае прафэсію) або крыца, крычнае жалеза — назваў балотнай жалезнай руды, якой было багата ў навакольлі[2]. Іншая вэрсія зьвязвае назву места з крывічамі. Апроч таго, існуе некалькі легендаў і паданьняў пра назву і абставіны заснаваньня Крычава[3].

Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Крэчут.

Гісторыя

рэдагаваць

Раньнія часы

рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Крычаў зьмяшчаецца ў статуце князя смаленскага Расьціслава Мсьціславіча і датуецца 1136 годам[4]. У ХІІ — сярэдзіне ХІV стагодзьдзя места знаходзілася ў складзе Смаленскага княства[5].

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

У 1358 годзе Крычаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў ў склад Амсьціслаўскага княства. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) ён значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. У ХІV—ХVІІІ стагодзьдзях існавалі Крычаўскія мескія ўмацаваньні. З канца ХV стагодзьдзя места ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва, дзе стала цэнтрам воласьці, уладаньня вялікіх князёў. У 1507 і 1508 гадох маскоўскія захопнікі безвынікова намагаліся авалодаць Крычавам. За часамі Інфлянцкай вайны (1558—1582) у 1564 годзе яны зноў двойчы спрабавалі захапіць места.

 
Места на акварэлі М. Іванова, 1784 г.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Крычаў увайшоў у склад Амсьціслаўскага ваяводзтва. З ХVІІ стагодзьдзя ён стаў цэнтрам староства, якое знаходзілася ў валоданьні Радзівілаў. У ХVІІ—ХVІІІ стагодзьдзях аснову плянавальнай кампазыцыі Крычава складаў замак, ад якога цягнуліся вуліцы; было 8 цэркваў, касьцёл, сынагога. Сфармаваўся другі цэнтар места — Рынак.

У 1614 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Крычаў і разрабавалі староства. У 1633 годзе ён зноў моцна пацярпеў ад нападу маскоўскіх войскаў[4]: амаль усіх жыхароў (2000 чал.) гвалтоўна вывезьлі ў Маскоўскую дзяржаву, а само места спалілі[6]. 23 жніўня 1633 году за гераізм і адданасьць радзіме кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Крычаву Магдэбурскае права і герб: «у чырвоным полі залаты крыж, побач зь якім срэбны меч»[7].

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Крычава і ваколіцаў ліцьвінамі (літвой): «литовские люди изо Мстиславля, из Могилева, из Пропойска, ис Кричева, из Радомля, из Чичерска, из Гомьи» (1562—1563 гады)[8][9], «…литвин Корнило Офонасьев в роспросе сказал: Кричевского повету, отец де ево был в Кричеве городничий» (1627 год)[10], «Павлов Григорий Михайлов… литва, гайдук, родом из Кричева» (1635 год)[11]. Апавядаючы пра рэйд невялікага варожага аддзелу на Смаленшчыну ў 1565 годзе, маскоўскі летапіс адзначаў, што гэта былі «літоўскія людзі», удакладняючы: «амсьціслаўцы і крычаўцы»[12].

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Крычаў вытрымаў 2-месячную маскоўскую аблогу, аднак потым мусіў здацца. Па вызваленьні ў 1661 годзе сойм Рэчы Паспалітай на пэўны час скасаваў для места выплату падаткаў[4].

Паводле інвэнтару, на 1671 год у Крычаве было 375 дымоў, на 1682 год — 456 дымоў[4]. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) улетку 1708 году непадалёк ад места разьмяшчаўся лягер расейскіх войскаў на чале з царом маскоўскім Пятром I. На 1720 год у Крычаве было 233 жылыя дамы, на 1747 год — 429 дымоў, на 1779 год — 470 дымоў[4].

У 1743—1744 гадох у Крычаве і ваколіцах выбухнула сялянскае антыфэўдальнае паўстаньне пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы, жорстка здушанае войскам Гераніма Флярыяна Радзівіла.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Крычаўская вэрф, рысунак 1785 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Крычаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Магілёўскай губэрні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1776 годзе маскоўская гаспадыня Кацярына II падаравала Крычаўскае староства графу Р. Пацёмкіну. На 1779 год у Крычаве было 470 двароў. У канцы XVIII ст. мястэчка стала важным цэнтрам мануфактурнай прамысловасьці, тут працавалі суднавэрф, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны і медналіцейны заводы, млыны.

На 1847 год у Крычаве было 630 двароў, дзеялі 6 цэркваў і касьцёл, працавала малітоўная школа, штогод праводзіліся 3 кірмашы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку было 972 двары, дзеялі 7 цэркваў, касьцёл і 5 сынагогаў, працавалі 2 расейскія народныя вучэльні, 3 гарбарныя і мылаварны завод, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, паштова-тэлеграфная кантора, хлебазапасны магазын, 125 крамаў, 5 заезных двароў, штогод праводзілася 4 кірмашы.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крычаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 1923 годзе тут ўтварыўся чыгуначны вузел на лініі Ворша — Унеча. У 1924 годзе Крычаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну Калінінскай, з 1927 году Магілёўскай акругі, з 1938 году — у Магілёўскай вобласьці. На 1926 год тут было 2395 двароў. У 1931 годзе Крычаў атрымаў статус места. У 1930-я гады тут збудавалі ТЭЦ, цэмэнтавы, фасфарытавы, крэйдавы заводы, ільнозавод. У Другую сусьветную вайну з 17 ліпеня 1941 да 30 верасьня 1943 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1962—1965 гадох Крычаў уваходзіў у склад Амсьціслаўскага раёну.

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVIII стагодзьдзе: 1779 год — 2,8 тыс. чал.[4]
  • XIX стагодзьдзе: 1880 год — 4570 чал.; 1883 год — 6 тыс. чал.[13]; 1897 год — 6221 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1926 год — 5592 чал.; 1939 год — 16,0 тыс. чал.; 1959 год — 19 тыс. чал.[14]; 1972 год — 26,5 тыс. чал.; 1991 год — 32,6 тыс. чал.; 1997 год — 31,9 тыс. чал.; 1998 год — 31,1 тыс. чал.[15]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 28 тыс. чал.; 2006 год — 27,4 тыс. чал.; 2008 год — 27 тыс. чал.[16]; 2009 год — 27 202 чал.[17] (перапіс); 2010 год — 27,1 тыс. чал.; 2016 год — 26 325 чал.[18]; 2017 год — 26 178 чал.[19]; 2018 год — 26 007 чал.[1]

Адукацыя

рэдагаваць

У Крычаве працуюць 9 школаў і 11 дашкольных установаў.

  • Тэхнікум эканомікі, права і кіраваньня
  • Крычаўскі прафэсійны агратэхнічны каледж
  • Магілёўскі абласны ліцэй № 4

Мэдыцына

рэдагаваць

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць 3 лякарні і 6 паліклінік.

Культура

рэдагаваць

Дзеюць 4 дамы культуры, 4 бібліятэкі, краязнаўчы музэй.

Забудова

рэдагаваць
 
У цэнтры места

Шаша Бабруйск — Рослаў падзяляе Крычаў на дзьве часткі. Найбольш разьвітая зь іх — паўднёвая, якая прылягае да Сожа, у ёй разьмяшчаюцца адміністрацыйныя, культурна-побытавыя і гандлёвыя прадпрыемствы. У паўночнай частцы забудоўваецца мікрараён Сож. Места мае 5 паркаў і 2 сквэры.

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
 
Жылы дом
Афіцыйная назва Гістарычная назва
Ленінская вуліца Шашэйная вуліца
Пралетарская вуліца Пятніцкая вуліца
Савецкая вуліца Пагаранская вуліца
Сірацініна вуліца Спаская вуліца
Забялышчынская вуліца

У гістарычных крыніцах таксама сустраюцца Рынак і вуліцы Астрожная, Бочкавая, Броварная, Вялікая, Галкавая, Гуменная, Дрыбінская, Жыдоўская, Замкавая, Латынская, Падбярэжная, Падгорацкая, Почапская, Слабадзкая, Чэрыкаўская, Шумлівая і Юраўскі Перакоп, якіх пакуль не прымеркавалі да сучасных аб’ектаў.

Мясцовасьці

рэдагаваць

У Крычаве існавалі гістарычныя мясцовасьці Забялышчын і Загарадзішча[20].

Эканоміка

рэдагаваць

Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, хімічнай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Крычава
  • ВРУП «Крычаўцэмэнтшыфэр»
  • РУВП «Крычаўскі завод гумавых вырабаў»
  • ААТ «Крычаўскі завод жалезабэтонных вырабаў»
  • філія «Крычаўскі хлебазавод» РУВП «Магілёўхлебпрам»

Транспарт

рэдагаваць
 
Чыгуначная станцыя

У Крычаве ёсьць чыгуначная станцыя і аўтобусны парк, які абслугоўвае 6 мескіх, 9 мясцовых і 2 міжмескія маршруты.

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Інфраструктура

рэдагаваць

Дзее Крычаўскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Крычаў»[21].

Славутасьці

рэдагаваць

Страчаная спадчына

рэдагаваць

Месты-сябры

рэдагаваць
Пералік местаў-сяброў Крычава
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 184.
  3. ^ Легенды і паданьні пра Крычаў(недаступная спасылка), Магілёўская абласная бібліятэка
  4. ^ а б в г д е Мяцельскі А. Крычаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 153.
  5. ^ Principality of Smalensk in the 12th century // Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. — Менск, 2005. С. 354.
  6. ^ Кузьмін А. Кароткая гісторыя Крычава, Radzima.org
  7. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 178.
  8. ^ Записная книга Полоцкого похода 1562/63 года // Русский дипломатарий, Вып. 10. — М., 2004. С. 150.
  9. ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 58.
  10. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 92.
  11. ^ Белорусы в Сибири. — Новосибирск: Изд-во Ин-та истории СО РАН, 2000. С. 57.
  12. ^ Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 233—234.
  13. ^ Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 793—794.
  14. ^ Бянько У. Крычаў // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 279.
  15. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 524.
  16. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 6. Кн. 2. — Менск, 2009. С. 393.
  17. ^ Перепись населения — 2009. Могилевская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  20. ^ Мяцельскі А. Старадаўні Крычаў: Гіст.-археал. нарыс горада ад старажыт. часоў да канца XVIII ст. / Навук. рэд. П. Лысенка. — Менск: Бел. навука, 2003.
  21. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць