Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
Савет Рэспублікі — палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва ў заканадаўчай уладзе рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Ад кожнай вобласьці і гораду Менску на паседжаньнях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню і Менскага гарадскога Савету дэпутатаў абіраюцца па восем сябраў Савету Рэспублікі, і восем сябраў прызначаюцца Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь[1].
Тэрмін дзеяньня і парадак роспуску
рэдагавацьТэрмін паўнамоцтваў Савету — чатыры гады. Падаўжэньне іх можа ажыцьцяўляцца на падставе закона толькі ў выпадку вайны. Паўнамоцтвы Савету Рэспублікі могуць быць спыненыя датэрмінова ў выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Не дапушчаецца роспуск Савету Рэспублікі на працягу году з дня яго першага паседжаньня, у пэрыяд надзвычайнага або вайсковага становішча, у апошнія шэсьць месяцаў паўнамоцтваў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў пэрыяд вырашэньня палатамі пытаньня аб датэрміновым вызваленьні або зьмяшчэньні яго з пасады.
Дзейнасьць і паўнамоцтвы
рэдагавацьУ адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Савет Рэспублікі ўхваляе або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў аб занясеньні ў яе зьменаў і дапаўненьняў, аб яе тлумачэньні, а таксама праекты іншых законаў.
Савет Рэспублікі ўдзельнічае ў рашэньні шэрагу кадравых пытаньняў на дзяржаўным узроўні: дае згоду на прызначэньне Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь Старшыні Канстытуцыйнага Суду, Старшыні і судзьдзяў Вярхоўнага Суду, Старшыні і судзьдзяў Вышэйшага Гаспадарчага Суду, Старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, Генэральнага пракурора, Старшыні і сябраў Кіраваньня Нацыянальнага банка; абірае шэсьць судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду і шэсьць сябраў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў.
Як палаце тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, Савету Рэспублікі прадстаўлена права адмяняць рашэньні мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству, прымаць рашэньне аб роспуску мясцовых Саветаў дэпутатаў у выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім патрабаваньняў заканадаўства і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам.
Савет Рэспублікі разглядае высунутае Палатай прадстаўнікоў абвінавачваньне супраць Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у зьдзяйсьненьні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства, прымае рашэньне аб яго расьсьледаваньні і пры наяўнасьці падстаў большасьцю ня меней за дзьве траціны галасоў ад свайго поўнага складу прымае рашэньне аб зьмяшчэньні яго з пасады.
Да паўнамоцтваў Савету Рэспублікі адносіцца таксама разгляд указаў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь аб уводзінах надзвычайнага становішча, ваеннага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі, і не пазьней чым у трохдзённы тэрмін пасьля іх занясеньня прыняцьце адпаведнага рашэньня.
Акрамя гэтага Савет Рэспублікі мае права заканадаўчай ініцыятывы [2].
Парадак фармаваньня
рэдагавацьУ адпаведнасьці з часткай другой артыкулу 91 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад кожнай вобласьці і гораду Менску таемным галасаваньнем абіраюцца на пасяджэньнях мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага узроўню кожнай вобласьці і гораду Менску па восем сябраў Савету Рэспублікі. Восем сябраў Савету Рэспублікі прызначаюцца Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь[3].
У адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь выбары новага складу Савету Рэспублікі прызначаюцца Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь не пазьней чатырох месяцаў і праводзяцца не пазьней 30 дзён да заканчэньня паўнамоцтваў Рады Рэспублікі дзейснага скліканьня. Пазачарговыя выбары Савету Рэспублікі праводзяцца на працягу трох месяцаў са дня датэрміновага спыненьня яго паўнамоцтваў.
Сябрам Савету Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які мае ўзрост ня меней за 30 год і жыве на тэрыторыі, якая адпавядае вобласьці, гораду Менску, ня меней пяці гадоў. Сябра Савету Рэспублікі ня можа быць адначасова дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, сябрам Ураду; не дапушчаецца сумяшчэньне абавязкаў сябра Савету Рэспублікі з адначасовым заняткам пасады Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь або судзьдзі.
Першая пасьля выбараў сэсія Савету Рэспублікі склікаецца Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў і пачынае сваю працу не пазьней чым праз 30 дзён пасьля выбараў[4].