Крэўскае староства
Крэўскае староства | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | ВКЛ |
Статус | староства |
Уваходзіць у | Ашмянскі павет, Віленскае ваяводзтва |
Адміністрацыйны цэнтар | Крэва |
Староста | гл. Крэўскія старосты |
Афіцыйныя мовы | руськая, польская (з 1696) |
Насельніцтва (1789) | 1 мястэчка, 8 вёсак, 4 засьценкі, 260 дымоў, 1279 душ |
Канфэсійны склад | каталікі, уніяты, юдэі |
Час існаваньня | 1398 — 1795 |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Крэўскае староства з цэнтрам у Крэве - адміністрацыяна-тэрытарыяльная адзінка і дзяржаўнае ўладаньне ў Ашмянскім павеце (з 1566) Віленскага ваяводзтва, якое было ўтворанае ў выніку скасаваньня напрыканцы XIV ст. аднайменнага ўдзельнага княства ў басэйне Бярэзіны, прытока Нёмана. Крэўскае староства зьяўлялася гродавым, што азначала дзяржаўнае ўладаньне вакол сядзібы дзяржаўнага чыноўніка - гродавага старосты, якое знаходзілася ў ягоным кіраваньні і прызначалася на ягонае ўтрыманьне. Шчэ адной адметнасьцю гродавага староства зьяўляўся гродзкі суд, але дакладна вядома, што за часоў існаваньня павету Ашмянскага на ягонай тэрыторыі існавалі толькі 2 гродзкія суды - ў цэнтры павету і ў Мядзелу (пазьней - у Паставах).
Гісторыя
Крэўскае староства мела ўнікальную перадгісторыю свайму стварэньню, паколькі ў якасьці ўдзельнага княства было асноўнай рэзыдэнцыяй Вялікіх князёў Літоўскіх Альгерда і ягонага сына Ягайлы.
Вялікі князь Вітаўт ажыцьцяўляў сьвядомую палітыку цэнтралізацыі ўлады, таму, дзе гвалтам, а дзе мажліва - дыпляматычнымі захадамі, намагаўся ліквідаваць удзельныя княствы. Напрыканцы XIV ст. склалася спрыяльная сытуацыя - на Крэве не засталося князя, і Вітаўт разпарадзіўся перадаць гэтую тэрыторыю ў дзяржаўную юрысдыкцыю, надаўшы зямлі статус староства. Першым старостам Крэўскім, які здадваецца ў тагачасных крыніцах пад 1401 рокам, быў Андрэй Гаштольд, адзін з найбольш уплывовых паноў радных. Новаўтворанае староства забясьпечвае функцыянаваньне Крэўскага замку, на тай час аднаго з шасьці найлепшых каменных умацаваньняў у ВКЛ.
Далейшы драматычны пэрыяд не захаваў імёнаў наступных старостаў цягам больш як 60 рокаў. Падчас грамадзянскай вайны 1432-38 Крэўскі замак некалькі разоў трапляе пад удар. У 1445 року падчас змовы князёў Валожынскіх супраць Вялікага князя Казіміра разгром змоўшчыкаў таксама адбыўся пад мурамі замку. У 1503-06 роках Крэва зазнала спусташальных набегаў татараў. У 1519 падчас глыбокай выправы маскоўскае войска захапіла апусьцелыя Крэўскія ўмацаваньні. Сігізмунд Гэрбэрштайн у той час ахарактарызаваў Крэўскі замак як закінуты.
Новы росквіт Крэўскага староства зьвязаны з праўленьнем караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Аўгуста. У 1559 ім быў выдадзены прывілей на Магдэбурскае права, а на першым этапе Лівонскай вайны адмысловым унівэрсалам быў зацьверджаны ўнікальны статус Крэва: мястэчка абвяшчалася кропкай збору паспалітага рушэньня шляхты з усяго князтва, гетман і паны-рада мусілі былі знаходзіцца ў Крэўскім замку, войскі, што прыбывалі з усёй краіны, разьмяшчаліся паводле паветаў і ваяводзтваў на адлегласьці ня больш за мілю ад Крэва. У 1564 на Крэўскім старостве апынуўся князь-уцякач Андрэй Курбскі, вядомы сваім ліставаньнем зь Вялікім князем Маскоўскім Іванам ІV.
Другая палова ХVІІ ст. прынесла новыя разбурэньні. Ашмянскі павет зазнаў страшэнных стратаў насельніцтва - больш за 130 тыс. Крэва зьнікае з паведамленьняў ажно да другой трэці ХVІІІ ст. У наступныя дзесяціроччы назіраецца новы ўздым, ажыўляецца гандаль за кошт перасяленцаў-юдэяў. Зьнікае староства як адміністрацыйная адзінка пасьля канчатковай ліквідацыі Рэчы Паспалітай.
Старосты
Андрэй Гаштольд (?-1401-?)
Базыль Зяновіч (?-1468-?)
Пётр Глябовіч (1511-1522)
Андрэй Эпімахавіч (1532)
Нікадзім Цэханавецкі (1533)
Міхал Сьвінюскі (1533-1538)
Мікалай Нарбут (1539-1555)
Мікалай Осьцік (1560-1566)
Андрэй Курбскі (1566-?)
Лукаш Сьвірскі (?-1569-?)
Ян Валмінскі (1579-?)
Юрый Валмінскі (?-1601-?)
Ян (сын Юрыя) Валмінскі (?-1609-1633)
Крыштаф Хадкевіч (1636-1652)
Ян Нарушэвіч (1652-1653)
Казімір Францкевіч (1653-1673)
Караль Марсон (1673-1679-?)
Стэфан Ян Сьлізень (1683-1702)
Міхал Адам Сьлізень (1702-1760)
Стэфан Юзаф Сьлізень (1767-1775)
Язэп Важынскі (1775-1787)
Рафал Сьлізень (1787-1795?)
Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Акты Виленской археографической комиссии. Вильна, 1898. Т.25. С. 114—130.
- Алег Дзярновіч, Алег Трусаў, Ігар Чарняўскі. Лёс Крэва. Мінск, Полымя, 1993.