Сымбаль веры
Сы́мбаль ве́ры — выкладаньне агульных перакананьняў рэлігійнай супольнасьці ў выглядзе пэўнай формулы з кароткім пералічэньнем асноўных прынцыпаў.
Сама назва «Сымбаль веры» ў старажытнасьці не ўжывалася Царквой; упершыню яно сустракаецца ў Амвросія Міланскага ў яго «пасланьні» (XLІІ) да папы Сырыцыя І. Увогуле, звычай называць вызнаньні веры «сымбалямі» зьяўляецца заходнім звычаем, і само словазлучэньне «Сымбаль веры» стала выкарыстоўвацца ў дачыненьні да таго, што на грэцкім Усходзе называлася «вучэньнем веры».
Адным з найбольш шырокавыкарыстоўваемых сымбаляў веры ў хрысьціянстве зьяўляецца Нікейскі сымбаль веры, упершыню сфармуляваны ў 325 годзе на Першым Нікейскім саборы. Гэты сымбаль веры быў заснаваны на хрысьціянскім разуменьні кананічных Эвангельляў, пасланьняў Новага Запавету й у меншай ступені на Старым Запавеце. Прыняцьце гэтага сымбаля веры, які апісвае Тройцу, як правіла прымаецца ў якасьці фундамэнтальнай праверкі веры для большасьці хрысьціянскіх канфесій. Апостальскі Сымбаль веры таксама мае шырокае прызнаньне. Некаторыя хрысьціянскія канфесыі й групы адмаўляюць аўтарытэт гэтых веравызнаньняў.
Мусульмане вызнаюць Шахаду альбо пасьведчаньне: «Я веру, што няма бога, акрамя (аднаго) Бога (Алаха), і я веру, што Мухамад — пасланец Бога».
Застаецца прадметам спрэчак ці ёсьць сымбалі веры ў іўдазьме. Хоць некаторыя дасьледчыкі кажуць, што іўдаізм не мае сымбаляў веры па сваёй прыродзе; іншыя кажуць, што прызнаецца адзіны сымбаль веры — Шма Ізраэль, які пачынаецца: «Слухай, Ізраіль: Гасподзь, Бог наш, Гасподзь адзіны ёсьць».
Найбольш вядомыя сымбалі веры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Старарымскі Сымбаль веры — ранейшая й больш кароткая вэрсыя Апостальскага сымбаля веры. Быў заснаваны на правілах 2-га стагодзьдзя веры й выкладаньні веры для тых, хто атрымліваў хрышчэньне.
- Апостальскі сымбаль веры шырока выкарыстоўваецца ў большасьці хрысьціянскіх канфесій, як для катэхізічных, так і для літургічных мэт.
- Нікейскі сымбаль веры адлюстроўвае намеры Першага Нікейскага сабора ў 325 годзе сфармуляваць тое, у што верылі хрысьціяне.
- Халкедонскі сымбаль веры быў прыняты на Халкідонскім Саборы ў 451 годзе ў Малой Азыі. Ён вызначае, што Хрыстус «прыйшоў у двух прыродах», якія «сышліся разам у адной асобе й іпастасі».
- Атанасаўскі сымбаль веры — хрысьціянскае сьцярджэньне веры з упорам на вучэньне пра Тройцу й хрысталёгію. Гэта першы сымбаль веры, у якім сьцьвярджаецца роўнасьць трох асобаў Тройцы, і адрозьніваецца ад Нікейскага й Апостальскага сымбаляў веры ўключэньнем анатэмы, альбо асуджэньня тых, хто не згодны з сымбалям веры.
- Трыдэнцкі сымбаль веры першапачаткова зьмяшчаўся ў папскай буле Іnіunctum Nobіs, выдадзенай Папам Піем ІV 13 лістапада 1565 г. Сымбаль веры быў прызначаны для абагульненьня вучэньня Трыдэнцкага сабора (1545—1563).
Пратэстанцкія веравызнаньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пратэстанцкіх дэнамінацыях звычайна маюцца веравызнаньні, падобныя на сымбалі веры, але, як правіла, большыя. Найбольш вядомыя веравызнаньні:
- Шэсьцьдзесят сем артыкулаў швайцарскіх рэфарматараў, складзеныя Цьвінглі ў 1523 годзе;
- Шлайтхаймскае веравызнаньне анабаптысцкіх швайцарскіх братоў, складзенае ў 1527 годзе;
- Аўгсбурскае веравызнаньне 1530 году, праца Марціна Лютэра й Філіпа Меланхтона, якая азнаменавала разрыў з Рымам;
- Формула Згоды й яе Ўвасабленьне ў 1577 годзе;
- Вестмінстэрскае веравызнаньне 1647 году — праца Вестмінстэрскай Асамблеі багасловаў, была распрацавана для прэсьвітэрыянскай царквы.
Некаторыя хрысьціянскія канфэсіі не спавядаюць сымбалі веры, згаджаючыся аднак са зьместам некаторых зь іх.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Символ віри // Українська Релігієзнавча Енциклопедія