Канстытуцыя ССРБ 1919 году
Канстыту́цыя ССРБ 1919 году — першая Канстытуцыя Беларускай Савецкай Рэспублікі, прынятая 3 лютага 1919 году І Усебеларускім зьездам Саветаў працоўных, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў (зьезд адбыўся 2—3 лютага 1919 году ў Менску), яна юрыдычна замацавала ўтварэньне новай савецкай дзяржавы і яе новую назву — Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (ССРБ).
Перадумовы прыняцьця Канстытуцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1 студзеня 1919 году Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародваў «Маніхвэст». Гэта дата зьяўляецца днём нараджэньня БССР. Сувэрэннасьць Савецкай Беларусі, абвешчаная ў «Маніхвэсьце», не азначала аслабленьня сувязяў і адмены падпарадкаваньня РСФСР. «Маніхвэст» замацаваў двойсьцьвенны характар узаемабаковых стасункаў паміж БССР і РСФСР.
Пасьля стварэньня БССР працягвалі існаваць асноўныя прынцыпы, усталяваныя на Другім, Трэцім і Пятым Зьездах Саветаў РСФСР. Беларуская Савецкая рэспубліка ў якасьці афіцыйных прызнавала кіруючыя органы ўлады РСФСР. Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (ССРБ) не была прызнана аніводнай дзяржавай у сьвеце, акрамя іншых савецкіх рэспублік і РСФСР. 8 студзеня 1919 г. адбылося першае паседжаньне Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўраду БССР. Яго першыя ўстановы замацоўвалі ўладу БССР на тэрыторыі рэспублікі і на тых землях, на якіх усталявалася савецкая ўлада. Для апэратыўнай работы ўраду быў створаны Прэзыдыюм у складзе З. Жылуновіча, А. Мясьнікова, М. Калмановіча.
Часовы рэвалюцыйны ўрад вырашыў склікаць у пачатку лютага 1919 г. І Усебеларускі зьезд Саветаў, які павінен быў вырашыць пытаньне аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі
Зьмест Канстытуцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Канстытуцыя юрыдычна замацавала ня толькі стварэньне новай савецкай рэспублікі, але й асноўныя прынцыпы сацыялістычнага ладу. Яна грунтавалася на першай савецкай канстытуцыі — Канстытуцыі РСФСР 1918 году, якая служыла ўзорам канстытуцыйнага заканадаўства для ўсіх савецкіх рэспублік. У ёй замацоўваліся палажэньні аб савецкай форме ўлады й дыктатуры пралетарыяту.
Першай яе часткай стала ленінская Дэклярацыя правоў працоўнага й эксплёатуемага народу[1] — своеасаблівая прэамбула, у якой абвяшчалася адмена прыватнай уласнасьці на зямлю й нацыяналізацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, замацоўвалася дзяржаўная ўласнасьць на лясы, нетры, гаварылася аб увядзеньні ўсеагульнай працоўнай павіннасьці, стварэньні «Сацыялістычнай Чырвонай Арміі працоўных і сялян».
Канстытуцыя складалася ўсяго толькі з 32 артыкулаў. Асноўная частка Канстытуцыі ўключала ў сябе тры разьдзелы: агульныя палажэньні; канструкцыя савецкай улады; аб гербе й сьцягу.
Агульныя палажэньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У першым разьдзеле гаварылася аб асноўнай задачы савецкай дзяржавы на пераходны пэрыяд — «усталяваньне дыктатуры гарадзкога й сельскага пралетарыяту й бяднейшага сялянства у выглядзе магутнай Савецкай улады, у мэтах поўнага падаўленьня буржуазіі, зьнішчэньня эксплёатацыі чалавека чалавекам і ўсталяваньня сацыялізму, пры якім ня будзе ні падзелў на клясы, ні дзяржаўнай улады» (арт. 4). У адпаведнасьці з палажэньнямі Канстытуцыі ўлада ў ССРБ належала «усяму працоўнаму насельніцтву краіны, аб’яднанаму у гарадзкіх і сельскіх Саветах». Органамі вярхоўнай улады аб’яўляўся зьезд Саветаў Беларусі, а ў перапынках паміж зьездамі — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК).
У першым разьдзеле Канстытуцыі[1] замацоўваліся таксама правы й абавязкі грамадзян рэспублікі. Абвяшчаліся ў асноўным толькі палітычныя свабоды — свабода слова й друку, свабода сходаў, мітынгаў, шэсьцяў, а таксама свабода сумленьня. Як было адзначана у арт. 16, «кіруючыся інтарэсамі працоўнага кляса ў цэлым, ССРБ пазбаўляе некаторых асобаў і асобныя групы правоў, якія выкарыстоўваюцца імі на шкоду інтарэсам сацыялістычнай рэвалюцыі». Абавязкаў грамадзян Канстытуцыя[1] вызначала толькі два. Так, артыкул 12 абвясьціў працу абавязкам усіх грамадзян рэспублікі, прычым рэглямэнтаваўся прынцып: «Хто не працуе, той не ясі». Акрамя таго, усталёўваўся ўсеагульны воінскі абавязак, аднак са зброяй у руках мелі права абараняць рэвалюцыю толькі працоўныя, а на "непрацоўныя элемэнты ўскладалася адпраўленьне іншых вайсковых абавязкаў.
Канструкцыя савецкай улады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Другі канстытуцыйны разьдзел быў прысьвечаны сыстэме органаў савецкай улады. Аднак чамусьці "канструкцыя савецкай улады ўключала у сябе толькі вышэйшыя органы ўлады: зьезд Саветаў працоўных, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Беларусі, Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК), а таксама Малы і Вялікі Прэзыдыюм ЦВК.
Вышэйшым органам улады ў рэспубліцы аб’яўляўся зьезд Саветаў Беларусі, а ў перапынках паміж зьездамі — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт ССРБ (ЦВК ССРБ). У склад выбранага на зьезьдзе ЦВК БССР увайшло 50 чалавек. Апошні ўтвараў Малы і Вялікі Прэзыдыюм.
Замацаваньне прававога статусу гэтых органаў было даволі недакладным. Асабліва гэта тычылася Вялікага Прэзыдыюму ЦВК. Фактычна Вялікі Прэзыдыюм і зьяўляўся ўрадам рэспублікі, бо ў адным з артыкулаў гаварылася, што яму належыць «агульнае кіраўніцтва справамі ССРБ», аднак склад яго і кірункі дзейнасьці не вызначаліся. Канстытуцыя[1] не прадугледжвала утварэньне СНК (у адрозьненьне ад Канстытуцыі РСФСР), у ёй нічога не гаварылася аб мясцовых органах улады й кіраваньня і аб выбарчым праве. Заканадаўца, абвясьціўшы у першым разьдзеле Канстытуцыі[1], што ўся ўлада ў ССРБ належыць гарадзкім і сельскім Саветам, больш аб мясцовых органах улады не згадваў. Парадак ажыцьцяўленьня выбараў у органы савецкай улады таксама ня быў замацаваны. Лічылася, што зьяўляецца дастатковым урэгуляваньне гэтых пытаньняў Канстытуцыяй РСФСР. Увогуле схема пабудовы органаў улады і кіраваньня нагадвала абласную структуру.
Аб гербе і сьцягу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апошні разьдзел Канстытуцыі, які складаўся з двух артыкулаў, утрымліваў апісаньне герба і сьцяга ССРБ.
-
Герб ССРБ 1919 г.
-
Сьцяг ССРБ 1919 г.
Агульная характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Такім чынам, Канстытуцыя ССРБ[1] была кароткай, не ўключала многіх пытаньняў, якія падлягаюць канстытуцыйнаму рэгуляваньню. Асталося па-за ўвагай заканадаўцы рэгуляваньне іншых сфэраў дзяржаўна-палітычнага жыцьця Беларусі. Не зразумела, чаму заканадаўца, з большага перапісаўшы некаторыя палажэньні Канстытуцыі РСФСР (з шасьці разьдзелаў даволі кораценька былі перапісаны тры), не зьвярнуў увагу на астатняе, якое было таксама вельмі важным.
Увогуле зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што на зьезьдзе Саветаў у адзін і той жа дзень былі прынятыя два ўзаемавыключальныя канстытуцыйныя акты. Другім была дэклярацыя зьезду, у якой гаварылася аб неабходнасьці аб’яднаньня Беларускай ССР зь Літоўскай ССР у адзіную дзяржаву, прычым тлумачылася такое рашэньне ЦК РКП(б) тым, што яно найбольш адпавядала агульнапалітычным задачам РСФСР і «міжнароднай каньюнктуры».
Дапаўненьні да Канстытуцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля вызваленьня тэрыторыі Беларусі ад польскай акупацыі 31 ліпеня 1920 г. прымаецца Дэклярацыя аб незалежнасьці БССР. Такім чынам, абвяшчаецца паўторна БССР. І тады ўзьнікае неабходнасьць удакладніць палажэньні Канстытуцыі БССР. На II зьезьдзе Саветаў ССРБ, які адбыўся з 13 па 17 сьнежня 1920 г., былі прыняты Дапаўненьні да Канстытуцыі ССРБ 1919 году[1].
Органы Цэнтральнай улады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па сутнасьці зьезд абнавіў Канстытуцыю[1]. Дакумэнт утрымліваў нормы аб структуры і паўнамоцтвах цэнтральных органаў савецкай улады ССРБ: аб зьезьдзе Саветаў Беларусі, Цэнтральным Выканаўчым Камітэце Беларусі, Прэзыдыюме ЦВК Беларусі, Савеце Народных Камісараў. Аднак, яны ў асноўным засяродзіліся на рэглямэнтацыі утварэньня вышэйшага органа дзяржаўнага кіраваньня рэспублікі — Савету Народных Камісараў. Фактычна створаны быў першы сапраўдны савецкі ўрад (не часовы, як урад Жылуновіча, і не зусім зразумелы, як Вялікі Прэзыдыюм ЦВК па Канстытуцыі 1919 году[1]). Дапаўненьнямі рэглямэнтавалася стварэньне 15 наркаматаў (замежных справаў, ваенных справаў, унутраных справаў, асьветы, харчаваньня, працы, аховы здароўя, земляробства, народнай сувязі, сацыяльнага забесьпячэньня, фінансаў, юстыцыі), прычым на правах наркаматаў былі Рабоча-сялянская інспэкцыя й Надзвычайная камісія. Наркаматы ўзначальвалі народныя камісары, якія й уваходзілі ў склад ураду Беларускай ССР. Зьезд Саветаў, згодна Дапаўненьням, выбірае ЦВК Беларусі ў складзе 60 чалавек, які зьяўляецца паміж зьездамі Саветаў вышэйшым заканадаўчым, распарадчым і кантрольным органам ССРБ. Прэзыдыюм ЦВК Беларусі выбіраецца сэсіяй ЦВК у складзе старшыні і чатырох членаў, да якога ў пэрыяд паміж сэсіямі ЦВК пераходзяць функцыі і правы ЦВК. Аднак агульнапалітычныя пытаньні вялікай важнасьці ўносяцца на зацьвярджэньне сэсіі ЦВК
Недахопы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Шэраг пытаньняў, якія й раней не рэглямэнтаваліся Канстытуцыяй 1919 году[1], зноў не былі разгледжаны. Не было разьдзела аб мясцовых органах улады, выбарчым праве, судовай сыстэме, пракуратуры. Заставалася нязьменнай уводная частка Канстытуцыі — Дэклярацыя правоў працоўнага й эксплёатуемага народа[1]. У Дапаўненьнях мелася толькі агаворка: «в отношении уездных съездов, их исполкомов и отделов, а также по всем остальным вопросам советского строительства в ССРБ съезд постановляет руководствоваться Конституцией и постановлениями VII Всероссийского съезда Советов». У Дапаўненьнях нават не ўдакладнялася, якой канстытуцыяй патрэбна кіравацца, бо, вядома ж, разумелася расейская.
Значэньне канстытуцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Усё гэта сьведчыць аб тым, што пры першапачатковым вызначэньні асноў функцыянаваньня Беларускай ССР заканадаўца арыентаваўся на замацаваньне самых цесных адносінаў з РСФСР. Увогуле ж Канстытуцыя БССР 1919 г.[1] стала значнай юрыдычнай падставай для далейшага разьвіцьця беларускай савецкай дзяржаўнасьці й яе канстытуцыяналізму.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Васілевіч, Р. А. Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі / Р. А. Васілевіч, Т. І. Доўнар, Я. А. Юхо. — Мн.: «Права і экономіка», 2001. — 363 с.
- Круталевіч, В. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.) / В. А. Круталевіч, І. А. Юхо. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2000. — 238 с.
- Юхо, Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Дапаможнік: У 2 ч. Ч. 2. — Мн.: РІВШ БДУ, 2003. — 275 с.