Віленскі ўнівэрсытэт
Віленскі ўнівэрсытэт лац. Vilenski ŭniversytet | |
Vilniaus universitetas, Uniwersytet Wileński | |
Лягатып | |
па-лацінску: Universitas Vilnensis | |
Дэвіз | Hinc itur ad astra |
---|---|
Заснаваны | 1 красавіка 1579 |
Рэктар | prof. Rimvydas Petrauskas |
Факультэтаў | 12 |
Колькасьць пэрсаналу | 3761[1] |
Колькасьць студэнтаў | 21 593[1] (2013) |
Месцазнаходжаньне | |
Геаграфічныя каардынаты | 54°40′57″ пн. ш. 25°17′14″ у. д. / 54.6825° пн. ш. 25.28722° у. д.Каардынаты: 54°40′57″ пн. ш. 25°17′14″ у. д. / 54.6825° пн. ш. 25.28722° у. д. |
Горад | Вільня |
Краіна | Летува |
Кампус | гарадзкі |
Былыя назвы | Віленская акадэмія і ўнівэрсытэт; Унівэрсытэт Стэфана Баторыя (1919—1939) |
Знаходзіцца ў складзе | EUA, Утрэхцкая сетка |
Вэб-сайт | www.vu.lt (лет.) (анг.) |
Віленскі ўнівэрсытэт |
Віленскі ўнівэрсытэт (польск. Uniwersytet Wileński, лет. Vilniaus universitetas) — дзяржаўны ўнівэрсытэт у Вільні, заснаваны ў 1579 годзе Стэфанам Баторыем. Галоўная навучальная ўстанова Вялікага Княства Літоўскага, трэці найстарэйшы ўнівэрсытэт на землях Рэчы Паспалітай і адзін з найстарэйшых ва Ўсходняй Эўропе. Найстарэйшы ўнівэрсытэт Беларусі[2], цяпер найбуйнейшы ўнівэрсытэт у Летуве.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вышэйшую навучальную ўстанову ў Вільні заснавалі ў 1579 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы (першы прывілей ад 7 ліпеня 1578 году, другі — ад 1 красавіка 1579) і папа рымскі Грыгорыюс XIII (була ад 30 кастрычніка 1579 году) як Акадэмію і ўнівэрсытэт Віленскага таварыства Езуса (лац. Almae Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu). Акадэмія ўтварылася на аснове езуіцкага калегіюму, адчыненага ў 1569 годзе[2]. Першым рэктарам стаў Пётар Скарга, які добра ведаў беларускую мову і напісаў на ёй шэраг твораў[3].
Ад пачатку складаўся з двух факультэтаў — філязофскага і тэалягічнага. У 1632 годзе тут навучалася каля 1200 юнакоў[4]. У 1641 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў прывілей на заснаваньне мэдычнага і юрыдычнага факультэтаў. У 1753 годзе адкрылася абсэрваторыя, а пры ёй — фізычны і астранамічны факультэты.
Шчодрыя ахвяраваньні рабіла шляхта і магнаты Вялікага Княства Літоўскага: Казімер Леў Сапега падараваў багатую бібліятэку і стаў фундатарам юрыдычнага факультэту, на сродкі Альжбеты Пузыны тут заснавалі адну зь першых у Эўропе навуковых астранамічных абсэрваторыяў, Мікалай Радзівіл «Сіротка» перадаў акадэміі друкарскае абсталяваньне і шрыфты[5].
Адчыненая ў 1586 годзе акадэмічная друкарня выдавала на некалькіх эўрапейскіх мовах падручнікі, слоўнікі, філязофскую, юрыдычную літаратуру, гістарычныя дасьледаваньні, мастацкія творы. З друкарняй супрацоўнічалі гравэры Тамаш Макоўскі, Аляксандар і Лявон Тарасевічы[5].
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655—1660 гадох ня дзейнічаў праз маскоўскую акупацыю. Гуманітарны курс аднавіўся ў 1660 годзе, філязофскі — у 1662 годзе, тэалягічны — 1666 годзе[6].
Па скасаваньні ордэну езуітаў (1773 год) у 1781 годзе ў выніку рэформы, праведзенай Адукацыйнай камісіі, пераўтварыўся ў Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага (лац. Schola Princips Magni Ducatus Lithuaniae) — сьвецкую вышэйшую навучальную ўстанову. У гэты час пашыраецца назва ўнівэрсытэт замест ранейшай акадэміі і адзначаецца найбольшы росквіт навучальнай установы, якая мела найлепшы ў Рэчы Паспалітай мэдычны факультэт.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) улады Расейскай імпэрыі перайменавалі Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага ў Галоўную віленскую школу (рас. Главная виленская школа). 16 красавіка 1803 году згодна з актам маскоўскага гаспадара Аляксандра I Галоўную віленскую школу перайменавалі ў імпэратарскі Віленскі ўнівэрсытэт. У юрысдыкцыю ўнівэрсытэту перадаваліся адукацыйныя ўстановы Віленскай навучальнай акругі, якая ахоплівала восем губэрняў Расейскай імпэрыі: (Віленская, Гарадзенская, Менская, Магілёўская, Віцебская, Валынская, Падольская, Кіеўская). У 1803 годзе апекуном Віленскай навучальнай акругі быў прызначаны князь Адам Чартарыйскі (1770—1861), спрыяў росквіту ўнівэрсытэту. Адам Чартарыйскі займаў пасаду апекуна на працягу дваццаці гадоў (у 1803—1823 гадох), сумяшчаючы яе з пастамі таварыша міністра замежных справаў (1802—1804) і міністра замежных справаў (1802—1807).
У адпаведнасьці з зацьверджаным 18 траўня 1803 году «Статутам або агульнай пастанове імператарскага Віленскага ўнівэрсытэту і вучэльняў яго акругі» ўнівэрсытэт быў адначасна навучальнай, навуковай і навучальна-адміністрацыйнай мясцовай установай, якая абірае дырэктараў гімназіяў, наглядчыкаў павятовых вучэльняў і іншыя службовыя асобы, якія кантралявалі навучальна-мэтадычную, дысцыплінарную, гаспадарчую дзейнасьць акруговых навучальных установаў, выдаваў і цэнзураваў навучальную і мэтадычную літаратуру. У настаўніцкай сэмінарыі пры ўнівэрсытэце рыхтаваліся кваліфікаваныя школьныя пэдагогі.
У 1804 годзе Віленскі ўнівэрсытэт прызначыў спэцыяльных візытарараў у школы Віленскай і Гарадзенскай губэрняў, сярод абавязкаў якіх значылася (пункт 10): «Візытатар у абедзьвюх гэтых губэрнях мае даведацца падрабязна пра Самагіцкую (Жмудзкую) мову, дзе і як далёка сягае яе ўжываньне, заўважаючы асаблівыя пра яе зьвесткі; таксама мае даручыць і школьным станам старанна зьбіраць усе падрабязнасьці, якія маглі б растлумачыць паходжаньне гэтай мовы і яе ўласьцівасьці, праз што можна было б выразьней даведацца пра гісторыю таго народа, якому гэта мова была прыродная; сабраныя ж заўвагі пра яе, пісаньні, песьні ды іншае на гэтай мове маюць быць дасыланыя ва Ўнівэрсытэт»[a][7][8].
Віленскі ўнівэрсытэт быў найбольш багатым сярод усіх унівэрсытэтаў Расейскай імпэрыі: акрамя штатнай сумы ў 130 тысячаў рублёў у год, якія вылучаліся ўсім унівэрсытэтам, дадатковыя сродкі складалі штогадовыя паступленьні ў 105 тысячаў рублёў з даходаў былых езуіцкіх маёнткаў, а таксама аднаразовыя асыгнаваньні. Колькасьць студэнтаў вырасла ад 290 у 1804 годзе ў да 1321 у 1830 годзе. Да 1823 году ён стаў найбуйнейшым унівэрсытэтам Расейскай імпэрыі і Эўропы, колькасьцю студэнтаў пераўзыходзячы Оксфардзкі ўнівэрсытэт.
Ад пачатку ў Віленскім унівэрсытэце надаваліся доктарскія і магістарскія ступені ў шырокім коле навуковых дысцыплінаў — пісьменстве, кіраваньні дзяржаўнымі даходамі і гандлем, замежных дзяржаўных дачыненьнях, правазнаўстве, архітэктуры і іншым. У 1819 годзе расейскія ўлады пазбавілі ўнівэрсытэт права наданьня навуковых ступеняў магістра і доктара; выпускнікі маглі атрымаць ступень кандыдата. У 1821 годзе забаранілі выдаваць і кандыдацкія дыплёмы.
У Віленскім унівэрсытэце дзейнічалі таемныя студэнцкія патрыятычныя арганізацыі (філяматы, філярэты, «прамяністыя»). У 1823 годзе паводле справы аб прыналежнасьці да іх расейскія ўлады арыштавалі дзясяткі выхаванцаў унівэрсытэту, у тым ліку Адам Міцкевіча. 108 зь іх атрымалі выракі ў расейскіх судох. Па доўгім знаходжаньні ў зьняволеньні падчас сьледзтва і суду 20 чалавек выслалі ў розныя гарады Расеі. Адама Чартарыйскага адхілілі ад пасады. Яго месца заняў Мікалай Навасільцаў (1768—1838). У сувязі з працэсам філяматаў з ініцыятывы Навасільцава з унівэрсытэту пастановай 14 жніўня 1824 году дзеля «стрыманьня шкоднага ўплыву, якое атрымала супрацідзейная ўнівэрсытэцкаму кіраўніцтву партыя», звольнілі і выслалі зь Літвы прафэсараў Юзэфа Галухоўскага, Ігната Даніловіча, Яўхіа Лялевеля і Міхала Баброўскага.
З прычыны беспасярэдняга ўдзелу або ўскоснай датычнасьці студэнтаў і выкладчыкаў да вызвольнага паўстаньня 1831 году маскоўскі гаспадар Мікалай I сваім рэскрыптам ад 1 траўня 1832 году зачыніў Віленскі ўнівэрсытэт. Застаўся толькі мэдычны факультэт, ператвораны ў Мэдычна-хірургічную акадэмію.
З 1855 году ў будынках Віленскага ўнівэрсытэту разьмяшчаўся Музэй старажытнасьцяў, пазьней Публічная бібліятэка, архіў, а таксама дзьве мужчынскія гімназіі. У розны час у іх навучаліся літаратар і калекцыянэр Аляксандар Жыркевіч (1857—1927), польскі дзяржаўны дзеяч Юзэф Пілсудзкі (1867—1935), савецкі дзяржаўны дзеяч Фэлікс Дзяржынскі (1877—1926), актор Васіль Качалаў (1875—1948), тэарэтык літаратуры Міхаіл Бахцін (1895—1975).
Найшоўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]11 кастрычніка 1919 году з ініцыятывы Юзэфа Пілсудзкага ў будынках Віленскага ўнівэрсытэту адбылося ўрачыстае адкрыцьцё ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя (польск. Uniwersytet Stefana Batorego w Wilnie). Навучаньне ва ўнівэрсытэце адпавядала палітыцы міжваеннай Польскай Рэспублікі. Студэнты-беларусы стварылі Беларускі студэнцкі саюз, які выдаваў часопісы Наш Шлях і Студэнцкая думка. У 1932—1936 гадох традыцыю студэнцкіх арганізацыяў Віленскага ўнівэрсытэтут працягнуў «Фронт» (Студэнцкая левіца «Фронт») — легальная арганізацыя. Працавала пад уплывам Кампартыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), аб’ядноўвала каля паловы польскіх, беларускіх, летувіскіх студэнтаў, уплывала на інтэлігенцыю і нацыянальныя арганізацыі. Друкаваны орган Фронту — газэта «Zew» («Заклік»); выдавала папулярныя ў Польшчы газэты «Po prostu» («Папросту») і «Karta» («Карта»), у якіх супрацоўнічалі Максім Танк, Ежы Путрамент; нелегальныя рэвалюцыйныя ўлёткі. Польскія ўлады забаранілі дзейнасьць арганізацыі, кіраўнікоў пасадзілі ў турму.
Па тым, як Сталін увосень 1939 году перадаў Летуве Вільню, унівэрсытэт на кароткі час летувізавалі. Яго назву зьмянілі на лет. Vilniaus Universitetas, а летувіскую мову ўпершыню абвясьцілі афіцыйнай мовай выкладаньня. У 1940 годзе па далучэньні Летувы да СССР адбылася саветызацыя ўнівэрсытэту. Аднак у адрозьненьне ад БССР і УССР, савецкае кіраўніцтва дазволіла Летуве, як і Латвіі з Эстоніяй, мець унівэрсытэт на мове тытульнай нацыі. Гэты летувіскамоўны Віленскі ўнівэрсытэт хутка стаў «раем для балцкіх дасьледаваньняў»[9]. Пры гэтым беларусы пры прыёме ў гэтую ВНУ дыскрымінаваліся: колькасьць студэнтаў-беларусаў не перавышала 1%[10].
У 1990 годзе Віленскі ўнівэрсытэт атрымаў аўтаномны статус, а па аднаўленьні незалежнасьці Летувы адбылася яго паўторная летувізацыя.
Структура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычна складаўся з чатырох факультэтаў — фізыка-матэматычнага, мэдычнага, маральна-палітычнага (з багаслоўем) і літаратурнага з вытанчанымі мастацтвамі. Налічваў 32 катэдры, дзе выкладалася 55 прадметаў. Меў батанічны сад, анатамічны музэй, клініку, фізычную і хімічную лябараторыі, бібліятэку ў 60 тысячаў тамоў.
Да сярэдзіны XVII ст. мовамі навучаньня, як і ўва ўсіх езуіцкіх навучальных установаў Вялікага Княства Літоўскага, былі беларуская і лацінская[2][11]. З 2-й паловы XVII ст. у зьвязку з працэсамі палянізацыі адбыўся пераход ад беларускай да польскай мовы. Па адхіленьні Адама Чартарыйскага (1823 год) улады Расейскай імпэрыі паступова ўводзілі чытаньне асобных прадметаў на расейскай мове.
Вядомыя навучэнцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярод выхаванцаў унівэрсытэту:
- Прафэсар філязофіі Марцін Шміглецкі (1562 або 1564 — 1618);
- Беларускі і ўкраінскі пісьменьнік-палеміст, грамадзка-палітычны і царкоўны дзяяч Мялеці Сматрыцкі (1577—1633);
- Летувіскі пісьменьнік і асьветнік; адзін з заснавальнікаў летувіскай пісьменнасьці, прафэсар Канстанцін Шырвід (1579?—1631);
- Новалацінскі паэт, тэарэтык літаратуры і школьнага тэатру, тэоляг, філёзаф Мацей Казімер Сарбеўскі (1595—1640);
- Беларускі і расейскі паэт, драматург, перакладнік, пэдагог, філёзаф-асьветнік, царкоўны і грамадзкі дзяяч Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч (Сімяон Полацкі) (1629—1680);
- Прафэсар хіміі ў Кіеўскім унівэрсытэце Сьцяпан Зяновіч (1779—1856);
- Мастак Ян Дамель (1780—1840)
- Ваенны інжынэр, архітэктар і гісторык Тэадор Нарбут (1784—1864);
- Летувіскі гісторык і пісьменьнік-асьветнік Сімонас Даўкантас (1793—1864);
- Пісьменьнік Ігнат Ходзька (1794—1861);
- Кіраўнік таемных студэнцкіх таварыстваў Тамаш Зан (1796—1855);
- Паэт, фальклярыст і этнограф Ян Чачот (1796—1847);
- Паэт Адам Міцкевіч (1798—1855);
- Польскі гісторык і архэограф Мікалай Маліноўскі (1799—1865);
- Геоляг і прыродазнавец Ігнат Дамейка (1802—1889, прафэсар чылійскага ўнівэрсытэту ў Сант’яга (1846) і яго рэктар (1867—1883);
- Лекар і мэмуарыст Станіслаў Мараўскі (1802—1853);
- Паэт Антоні Эдвард Адынец (1804—1885);
- Паэт і дыплямат Аляксандар Ходзька (1804—1891);
- Паэт Юльюш Славацкі (1809—1849);
- Беларускі фальклярыст, пэдагог, этнограф Рамуальд Зянкевіч (1811—1868);
- Пісьменьнік, выдавец і рэдактар, гісторык Юзэф Ігнат Крашэўскі (1812—1887);
і многія іншыя.
Нобэлеўскія ляўрэаты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чэслаў Мілаш — паэт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі (1980)
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ рас. «Визитатор в обоих сих губернях не оставит в продолжение своего обозрения осведомляться подробно о Самогитском (Жмудском) языке, где и как далеко простирается его употребление, замечая сам особенные об нем известия; равным образом имеет препоручить и училищным сословиям прилежно собирать все подробности, кои могли бы объяснить происхождение сего языка и его собственность или свойство, чрез что можно бы явственнее узнать историю того народа, коему оный язык был природный; собранные жа замечания об нем, писания, песни и проч. на сем языке имеют быть присылаемы в Университет»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Facts and Figures (анг.). Vilnius University.
- ^ а б в Жлутка А. Калі быў заснаваны першы ўніверсітэт на Беларусі? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 40.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 170.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 171.
- ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 173.
- ^ Пазднякоў В. Віленская акадэмія // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 411.
- ^ Сборник распоряжений по Министерству народного просвещения. Т. 1. — СПб., 1866. С. 36.
- ^ Алфавитный указатель к Сборнику распоряжений по Министерству народного просвещения. — СПб., 1867. С. 78.
- ^ Snyder T. The Reconstruction of Nations. — Yale Univ. Press, 2003. P. 93.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 386.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 168.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Довгялло Д. Последняя страница истории Виленского университета // Записки Северо-Западного отдела Иператарскага РГО. Кн. 4, 1913. С. 146—163.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- www.vu.lt (лет.) (анг.)