Ефрасіння Полацкая

праваслаўная і ўніяцкая святая

Ефрасі́ння По́лацкая[3], або Еўфрасі́ння, свецкае імя Прадсла́ва (магчыма 5 студзеня 1104[4], Полацкая зямля — 23 мая 1167[5], Іерусалім, Іерусалімскае каралеўства) — ігумення. Першая жанчына кананізаваная праваслаўнай царквой (1547), пасля прылічаная да святых (1893).

Ефрасіння Полацкая
Роспіс сцен Спаса-Ефрасінняўскай царквы XII ст. з выявай святой пакутніцы
Роспіс сцен Спаса-Ефрасінняўскай царквы XII ст. з выявай святой пакутніцы
Свецкае імя Прадслава
Дата нараджэння каля 1104[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 25 мая 1167[2] ці 25 мая 1173[1]
Месца смерці
Месца пахавання
Манаскае імя Ефрасіння
Шануецца у Праваслаўнай царкве, у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве
У ліку прападобных
Галоўная святыня мошчы ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры
Дзень памяці 23 мая (5 чэрвеня)
Заступніца жаночага манаства, Беларусі
Бацька Святаслаў Усяславіч
Маці Сафія[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дачка князя Святаслава Усяславіча. У юнацтве адмовілася ад шлюбу і пайшла ў манастыр. Пасля пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, перапісвала кнігі, на думку некаторых даследчыкаў, і перакладала іх, а таксама вяла міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі дзве царквы ў Полацку, заснавала паблізу Полацка жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкамі асветы Полацкай зямлі. На заказ Ефрасінні створаны напрастольны крыж, ахвяраваны ёю свайму жаночаму манастыру. Мужчынскаму манастыру ахвяравала абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская». У 1167 годзе паломнічала па святых мясцінах, памерла і пахавана ў манастыры Св. Феадосія ў Іерусаліме[6].

Звестак пра жыццё і дзейнасць Ефрасінні ў крыніцах няма. Аснова гістарыяграфіі — яе «Жыціе», а іканаграфіі — ікона, напісаная да кананізацыі і незахаваная да цяперашняга часу, у крыніцы XIX ст. Ефрасіння на іконе апісана як «подобием бледна лицем от пощения, ризы преподобнические, как у преподобномученицы Евдокеи». Найстаражытнейшай захаванай іканапіснай выявай лічыцца гравюрная копія XVI ст., зробленая з даўняга арыгінала[7].

У спісах XVI—XVIII стст. захаваліся царкоўныя спевы прысвечаныя Ефрасінні — адна сціхіра вядома ў рукапісе канца XII ст., унікальны помнік музычнай культуры ранняга Сярэднявечча на тэрыторыі Беларусі[7].

Сям’я

Часу нараджэння крыніцы не паведамляюць, даследчыкі даюць вельмі шырокі перыяд — паміж 1100 і 1120 гадамі[8], некаторыя памяншаюць яго да 1101—1104 або 1110—1113 гадоў[9]. Аляксей Мельнікаў прапанаваў як магчымую дату нараджэння 5 студзеня 1104 года, яна цяпер лічыцца найбольш імавернай.

 
Пячатка Сафіі, маці Ефрасінні Полацкай

Прадслава (магчымае значэнне імя — прадвесніца славы) паходзіла з роду Ізяславічаў Полацкіх, нашчадкаў Ізяслава — сына кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча і полацкай княжны Рагнеды. Дзед Прадславы — полацкі князь Усяслаў Брачыславіч, бацька — малодшы яго сын Георгій. Лічыцца, што Георгій — хроснае імя Святаслава Усяславіча. Некаторыя даследчыкі думаюць, што Георгіем у хрышчэнні быў Расціслаў Усяславіч, але гэта малаімаверна[10].

Паводле Васкрасенскага летапісу, маці Прадславы — адна са старэйшых дачок Уладзіміра Манамаха і, магчыма, звалася Сафіяй. Ёсць і іншыя меркаванні, напрыклад, Леў Гарошка лічыў, што Прадслава па маці была сваячкай візантыйскай імператарскай дынастыі Камнінаў і яе дзядзькам мог быць Мануіл I Камнін, аднак спасылак і абгрунтавання аўтар не даў, а гісторыкі лічаць сваяцтва з Камнінамі неімаверным[10].

На думку А. Мельнікава, хроснае імя Прадславы магчыма было Еўпра́ксія (Параске́ва)[11], даследчык зыходзіў з царкоўнай традыцыі выбіраць інацкае імя на першую літару хроснага, а таксама з устойлівых пар імён у гэтай традыцыі. Аднак, такая традыцыя ўзнікла пазней, у XIII-XIV стст., да яе інацкія імёны выбіралі па святцах, хаця і такую практыку ўхвалялі не ўсе архірэі.

Князь Георгій у «Жыціі» названы полацкім князем, але на праўдзе не мог быць такім як малодшым з братоў. Многія даследчыкі лічаць, што ён трымаў Віцебскі ўдзел, таму Прадслава магла нарадзіцца ў Віцебску[12][13].

Прадслава была старэйшай дачкой[14], таксама «Жыціе» называе яе малодшую сястру Гардзіславу і братоў Давыда і Вячку. З «Аповесці мінулых часоў» вядомы таксама брат Васілька[15].

Пострыг у манахіні

 
Прападобная Ефрасіння Полацкая. Ікона канца XVII стагоддзя.
  Што ж учынілі нашыя роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула іхняя слава, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы мужчынскую моц, пайшлі следам за сваім Жаніхом, і целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды, аддаўшы целы пасту, чуйнаванню, і малітоўнаму кленчанню, і зямельнаму ляжанню — тых памятаюць на зямлі, іх імёны напісаны на нябёсах, дзе яны з анёламі Бога ўсхваляюць.
Еўрасіння Полацкая, "Жыццё Еўрасінні Полацкай"
 

Прадслава атрымала параўнальна добрую для таго часу хатнюю адукацыю. У 12-гадовым узросце бацька намерыўся выдаць яе замуж. Князёўна, аднак, адмовілася ад шлюбу і ўвогуле ад свецкага жыцця, і патаемна прыняла пострыг у Полацкім[16] манастыры (даследчык «Жыція» Аляксей Мельнікаў мяркуе, што гэта адбылося 15 лютага 1116)[17]. Прычыны такога ўчынку невядомыя, але не выключана, што тут паўплывала даволі бяспраўнае становішча жонак тагачасных арыстакратаў[18].

Ігуменняю манастыра была ўдава князя Рамана Усяславіча, цётка Прадславы. Тая спачатку крытычна аднеслася да рашэння дзяўчыны, і баючыся гневу бацькі, адгаворвала пляменніцу. Аднак пасля просьбаў Прадславы, блаславіла яе. Бацька Святаслаў Усяславіч не ўхваліў выбару дачкі, адгаворваў дачку; як па нябожчыцы галасіла і маці, княгіня Соф’я. Згодна «Жыццю» па Прадславе «смуткаваў увесь дом»[19]. Даследчыкі звяртаюць увагу, што Прадслава была пастрыжана ў анёльскі чын не епіскапам (як патрабавалі таго манаскія Правілы), а звычайным святаром. А. Мельнікаў тлумачыць гэта тым, што тагачасны епіскап Міна Полацкі дажываў свае апошнія дні і нельга было ў такой далікатнай сітуацыі прасіць яго аб блаславенні[20].

Дзяўчына атрымала новае імя — Еўфрасіння. У старажытнагрэчаскай міфалогіі слова «эўфрасіна» азначае «радасць». Магчыма, што пострыг адбыўся 25 верасня, калі царква адзначае дзень святой Еўфрасінні Александрыйскай[21].

Асветніцкая дзейнасць

Перапісванне кніг

  Кожны дзень павучала сясцёр сваіх: старых вучыла цярплівасці і ўстрыманню; юных жа навучала душэўнай чысціні і цялеснаму супакаенню; хадзе спакойнай, голасу засяроджанаму, слову дабрачыннаму, ядзе і піццю маўкліваму; у адносінах да старэйшых быць пакорлівымі, а мудрых слухаць; да роўных і меншых — любові некрывадушнай; менш казаць, а болей разумець
"Жыццё Еўрасінні Полацкай"
 

Імаверна, у канцы 1110-х гадоў Ефрасіння прыняла і чын схімы. Праз пэўны час (паміж 1118-1122 гадамі, магчыма, што пасля ваенных дзеянняў 1119 года), з дапамогай полацкага епіскапа Іллі, пасялілася ў келлі-галубніцы Сафійскага сабора, пачала перапісваць кнігі («нача книгы писати своими руками») у скрыпторыі пры саборнай бібліятэцы. Менавіта перапісванне кніг было, відаць, адным з яе схімных зарокаў.

 
Полацкае Евангелле

Працэс пісьма быў надзвычай складаны і марудны, гэта была нялёгкая фізічная праца, і ёй займаліся выключна мужчыны. Перапісчык пісаў не на стале, а на далоні левай рукі, якую ўпіраў локцем у калена. Пісалі на пергаменце ўставам — буйным і прамым, без нахілу, почыркам, кожная літара аддзялялася ад суседняй. Перапісчык павінен быў не толькі добра ведаць граматыку, але і мець мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі раздзелаў трэба было аздабляць жывёльным ці раслінным арнаментам. Акрамя таго кнігі часта ўпрыгожваліся адмыслова выпісанымі загаловачнымі літарамі, буквіцамі ці ініцыяламі і мініяцюрамі. За дзень можна было спісаць не больш за чатыры старонкі[22]. Ужо тое, што за такую цяжкую справу ўзялася маладая дзяўчына, было подзвігам[23].

Паводле вуснага падання, некаторыя гісторыкі (Борх і Ластоўскі) высунулі гіпотэзу, што летапіс Полацкага княства, які знаходзіўся ў Полацкай бібліятэцы і не захаваўся да нашых дзён, пісаўся прападобнай Ефрасінняй. Аднак даследчыкі лічаць, што звесткі пра пісанне Ефрасінняй Полацкага летапісу хутчэй за ўсё легендарныя, нічым не пацверджаныя[24].

Будаўніцтва храмаў і манастыроў

 
Фрэска XII ст. з фігурай Ефрасінні, якая падносіць храм Св. Спаса Збавіцелю
 
Спаса-Праабражэнская царква (Спасаўскі сабор)

«Жыццё» апавядае, што аднойчы анёл у сне ўзяў Ефрасінню і прывёў у Сяльцо, за две вярсты ад Полацка на беразе Палаты, і сказаў: «Тут належыць табе быць!» Сон паўтарыўся тройчы. Пасля гэтага полацкі епіскап Ілля, паклікаўшы полацкага князя Барыса, бацьку Святаслава і іншых знатных палачан, абвясціў, што аддае чарніцы Сяльцо[25].

Там жа, у Сяльцы[26] Ефрасіння Полацкая, тады яшчэ інакіня, ініцыявала будову жаночага Спаскага манастыра. Каля 1133 года[27][28]пачалося будаўніцтва Спасаўскага сабора, што стала найбуйнейшай падзеяй полацкага дойлідства таго перыяду[29][30] (заказчыкам пабудовы мог быць князь Васілька, які вярнуўся на радзіму з Візантыі[31]). Згодна «Жыццю» царква была пабудавана рэкордна хутка па тых часах — за 30 тыдняў (адзін будаўнічы сезон). Калі ў будаўнікоў скончыўся будаўнічы матэрыял — плінфа, то пасля малітвы Ефрасінні назаўтра ў печы знайшлася плінфа і ў той жа дзень быў узнесены крыж[32] (гісторык архітэктуры і археолаг Мікалай Варонін лічыў, што недахоп цэглы быў выкліканы незвычайнасцю верхніх частак храма, якія патрабавалі шмат будаўнічага матэрыялу)[33]. Будаваў царкву Святога Спаса вядомы дойлід Іаан. Царква ў Сяльцы ўяўляе сабой трохнефны шасцістаўповы крыжова-купальны храм памерам 8x12 метраў[34]. Пабудаваны на беразе Палаты храм стаяў на месцы старой рэзідэнцыі полацкіх епіскапаў (легендарнае з’яўленне (знак) анёла і блаславенне епіскапа адносяцца, магчыма, да ночы свята Праабражэння Гасподняга 6 жніўня 1126[35]), а Ефрасіння тады ж была ўзведзена ў сан ігуменні гэтага манастыра. Спасаўскі сабор два з паловай стагоддзі належаў ордэну езуітаў і быў касцёлам. На сёння — гэта адзіны ў Беларусі храм, дзе захаваліся роспісы XII стагоддзя[28][36].

Пазней Ефрасіння ініцыявала будову мужчынскага Багародзіцкага манастыра (збуд. у сяр. XII ст.; у 1580 г. ўжо не існаваў, або быў у поўным заняпадзе) і царквы Святой Багародзіцы пры ім (1151—1154 гг., асвячэнне — 1157 г.) не захавалася.

Пакліканне сясцёр да манаства

 
Нафонта Калашнікава. «Ефрасіння Полацкая». 1859

Памочніцамі Ефрасінні сталі сёстры: родная Гардзіслава і стрыечная Звеніслава.

Ефрасіння, якая на той час была ігуменняй, папрасіла бацьку прыслаць да яе малодшую сястру для навучання грамаце; а пасля таемна пастрыгла яе ў манашкі. Бацька, калі даведаўся пра гэта, у вялікай роспачы прыехаў у Сяльцо, горка плакаў і не хацеў аддаваць у манахіні і другую дачку. Пострыг Гардзіславы адбыўся не пазней за 1129 год[37].

У тым жа 1129, ці можа нават у 1128 годзе, хутка пасля смерці свайго бацькі, следам за Гардзіславаю, у Спасаву абіцель уступае і стрыечная сястра Еўфрасінні Звеніслава Барысаўна. Звеніслава сама прыйшла да Ефрасінні і прынесла свой багаты пасаг у дар храму[38]. Атрымаўшы пасля пострыгу імя Еўпраксія, яна была асабліва блізкая з Ефрасінняй — «яко едина душа въ двою телесу». Пазней Еўпраксія заняла месца Ефрасінні і стала ігуменняй, працягваючы асветніцкую дзейнасць сястры.

Перад самым ад’ездам насуперак волі свайго брата Вячкі зрабіла манахінямі яго дачок: Вольгу і Кірыяну. «Жыціе» сцвярджае, што Ефрасіння мела ад Бога дар: зірнуўшы на каго, адразу бачыла, ці мае той чалавек дух дабрадзейны і ці можа ён стаць Божым абраннікам[39].

Абраз Маці Божай Адзігітрыі Полацкай

 
Маці Божая Адзігітрыя Полацкая

З іменем Ефрасінні звязваецца набыццё Полацкім Сафійскім саборам абраза Багародзіцы Эфескай. На той час існавалі толькі тры такія абразы і лічылася, што пры жыцці Дзевы Марыі гэтыя абразы намаляваў апостал Лука[40]. Ефрасіння паслала слугу Міхаіла да візантыйскага імператара Мануіла I Камніна (які мог прыходзіцца сваяком манахіні) і патрыярха Лукі Хрысаверга ў Канстанцінопаль па ікону святой Эфескай Багародзіцы для Багародзіцкага манастыра. Многіх гісторыкаў здзіўляе тое, што пасольства было выпраўлена не полацкім епіскапам, а самой ігуменняй, і яны мяркуюць, што ў XII ст. вышэйшая царкоўная, а часткова і свецкая ўлада належала настаяцельніцы полацкіх манастыроў[41].

З Эфеса 100 воінаў імператара даставілі ікону ў Кастанцінопаль, дзе ў саборы Святой Сафіі яна была перададзена Міхаілу. Атрыманую святыню Еўфрасіння Полацкая «ўнесла ў царкву Святой Багародзіцы.., аздобіла золатам і самацветамі, і ўстанавіла насіць яго [абраз] кожны аўторак па святых цэрквах».

Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што на самай справе ў Полацк былі прысланы копіі Царградскай (а не Эфескай) Адзігітрыі і рэліквіі[36], а само падарожжа адбылося ў перыяд паміж 1156 і 1160 годам[42]. У сярэднявеччы ў 1239 годзе (па іншым звесткам у XVI ст.) ікона была ўнесена ў Уваскрасенскую царкву Тарапца. Цяпер абраз захоўваецца ў фондах Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу[43].

Крыж Ефрасінні Полацкай

 
Келля Ефрасінні Полацкай. Малюнак Івана Трутнева, 1866.
 
Крыж Ефрасінні Полацкай. Выява 1889 года
  У лета 6669 кладзе Еўфрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва гэтае бясцэннае, акова ж яго з золата і срэбра... І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць... Ефрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі...
Надпіс на крыжы Ефрасінні Полацкай (пераклад на беларускую мову)
 

Да асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай адносіцца і адкрыццё іканапіснай і ювелірнай майстэрань[44]. У 1161 годзе Ефрасіння Полацкая заказала мясцоваму майстру Лазару Богшу выраб напрастольнага крыжа з рэліквіямі, які пазней стаў вядомы як Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыж стаў беларускай нацыянальнай святыняй[43] і адначасова помнікам старабеларускага пісьменства.

Крыж быў каўчэгам для захавання хрысціянскіх рэліквій. Ён быў шасціканцовы, вышынёй 52 см, даўжынёй верхняй папярочкі — 12 см, ніжняй — 21 см, таўшчынёй — 2,5 см. Аснова крыжа — кіпарысавае дрэва, пакрыты золатам з каштоўнымі камянямі.

Крыж захоўваўся ў царкве Святога Спаса да пачатку XIII ст., пасля спярша быў перавезены ў Смаленск, адтуль у 1514 годзе Васіль III у Маскву, аднак быў вернуты на радзіму Іванам IV. Падчас вайны 1812 года крыж быў схаваны ў сцяне Сафійскага сабора ў замураванай нішы, а ў 1841 годзе вернуты ў храм Спаса[45].

У 1921 годзе крыж канфіскавалі савецкія ўлады. У 1928 годзе дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі вывез крыж з Полацка ў Мінск, а ў наступным годзе перадаў яго Беларускаму музею ў Магілёве, аб чым быў складзены Акт. Акт 1929 года сведчыць аб вялікіх мастацкіх стратах крыжа: 13 выяў святых былі выламаны ці сапсаваны, з каштоўных камянёў засталіся толькі два — аметыст і гранат, з розных частак помніка зніклі кавалачкі золата і пярліны, бачны сляды няўдалых спроб рамонту[46].

Крыж канчаткова згублены ў 1941 годзе падчас адступлення Чырвонай арміі з Магілёва[47].

Пасляваенныя пошукі крыжа былі беспаспяховымі, таму ў 1997 годзе брэсцкім майстрам Мікалаем Кузьмічом зроблена дакладная копія крыжа, якая захоўваецца ў Полацку ў царкве Еўрасінні Полацкай[48].

Паломніцтва ў Іерусалім

 
Выява гарадоў Святой зямлі (на дальнім баку бачны Іерусалім), 13 ст.

У канцы жыцця Ефрасіння намерылася выехаць у доўгае падарожжа ў Іерусалім, што было з трывогай успрынята палачанамі. На развітанне з Ефрасінняй прыбываюць у Полацкі манастыр яе браты Васілька, Вячаслаў і Давід. Любімы брат Вячаслаў прыязджае з дзвюма дочкамі — Кірыніяй і Вольгай, якіх прадстаўляе сястры і просіць аб блаславенні, што сведчыць аб вялікай пашане, якой пры жыцці была ўганаравана Еўфрасіння, а пасля спаўняе волю Еўфрасінні, каб дзве яго дачкі засталіся на паслушанні ў манастыры. Ігуменства над манастырамі Еўфрасіння перадае сваёй сястры Еўдакіі[49].

Атрымаўшы блаславенне полацкага епіскапа Дыянісія, выправілася разам з братам Давідам і стрыечнай сястрой Еўпраксіяй (Звеніславай) спачатку ў Канстанцінопаль, потым у Святую зямлю. Магчыма, што пры гэтым Ефрасіння выконвала і царкоўна-дыпламатычную місію, а на землях Русі, праз якія праязджала — міратворчую місію. Само падарожжа было сухаземным, а не традыцыйным шляхам «з варагаў у грэкі», інакш немагчыма была б сустрэча князёўны з імператарам Мануілам[50].

На шляху ў Царград сустрэлася з імператарам Мануілам, які ў той час ішоў на вайну з венграмі. Сустрэча Ефрасінні з імператарам ставіць пад сумненне калісьці прынятую дату паломніцтва і смерці святой — 1173 год. Візантыйскі імператар апошні раз ваяваў з венграмі ў 1167 годзе, прычым выйшаў у паход 8 красавіка на Вялікдзень, прыкладна ў гэты час граніц Візантыі дасягнулі полацкія паломнікі. У навуковай і царкоўнай літаратуры раней называўся год смерці святой Еўфрасінні — 1173, але ў гэтым годзе Мануіл Камнін ваяваў не з венграмі, а з сербамі[51]. Таму год смерці святой паводле новых даследаванняў лічыцца 1167 год[7][52][53].

Імаверна, была ў Канстанцінопалі, а ў канцы красавіка 1167 года дасягнула Іерусаліма. Іерусалім належаў крыжакам, валадарыў ім Амальрых I, які даводзіўся Ефрасінні далёкім сваяком — праз жонку французскага караля Генрыха I Ганну, якая была дачкой Яраслава Мудрага[52]. У Іерусаліме Ефрасіння накіравалася да Труны Гасподняй, пасля яшчэ тры дні запар прыходзіла для малення. Праз некалькі дзён яна захварэла і паслала брата з сястрой за святой вадой на Іардан[54].

Пасля яўлення Ефрасіння пачала падрыхтоўку да сваёй смерці. Яна пасылае ў старажытную Лаўру Савы Асвячонага з просьбай пра пахаванне ў манастырскім храме, але Лаўра была мужчынскім манастыром і там не прымалі жанчын. Аляксей Мельнікаў сцвярджае, што жаданне быць пахаванай у манастыры Святога Савы было вынікам наследавання Ефрасінняй жыцця Ефрасінні Александрыйскай, якая жыла пад імем інака Ізмарагда і была пахавана ў мужчынскім манастыры. Атрымаўшы адмову, Еўфрасіння пасылае слугу купіць грабніцу ў крыпце храма Прасвятой Багародзіцы ў Феадосіевым манастыры[55].

Хварэла Ефрасіння 23 дні, памерла 23 мая 1167 года.

Уплыў на грамадскае жыццё

Уладзімір Арлоў сцвярджаў, што Ефрасіння значна ўплывала на палітычнае і грамадскае жыццё ў Полацку сярэдзіны XII ст., была своеасаблівым сцягам змагання палачан за незалежнасць[56], але звестак пра яе палітычную і грамадскую дзейнасць у крыніцах няма. Аднак, ігумення была сучасніцай вялікіх гістарычных падзей, паходзіла з валадарнай дынастыі, мела пэўны аўтарытэт, таму магла амаль паўстагоддзя ўплываць на палітыку ў Полацку. У XII ст. адбываўся натуральны падзел Полацкай зямлі на асобныя княствы паміж сынамі полацкага князя Усяслава і іх нашчадкамі, які вялі жорсткую барацьбу за ўладу — князі полацкія, віцебскія, менскія і друцкія варагавалі паміж сабою, а таксама з кіеўскімі і іншымі князямі. На думку Авакяна, Ефрасіння сваім духоўным складам магла ў гэтых умовах быць абаронцай міру і спрыяць узаемаразуменню[57].

 
Пячатка Ефрасінні Полацкай

Пячатка Ефрасінні, знойдзеная на Рурыкавым гарадзішчы ў Ноўгарадзе, можа сведчыць пра нейкую ролю ігуменні ў палітычным жыцці. На думку Арлова, ігумення праз полацкае веча магла ўплываць на прызначэнне епіскапаў і запрашэнне князёў. Магчыма, таму ў 1132 годзе палачане выгналі з горада князя Святаполка, пасажанага вялікім князем кіеўскім пасля выгнання полацкіх князёў у Візантыю, і пасадзілі на полацкі сталец роднага брата Ефрасінні — Васільку. Ігумення магчыма мела дачыненне да падзей 1151 года, калі полацкае веча адмовіла ў даверы Рагвалоду-Васілю і аддала яго ў палон менскім князям Глебавічам, а таксама да падзей 1158 года, калі палачане зноў запрасілі на сталец Рагвалода-Васіля. Усобіцы на Полаччыне працягваліся і ў 1162, а пасля і ў 1167 годзе. «Жыціе» кажа, што Ефрасіння нікога не хацела бачыць ворагамі — «ни князя со князем, ни бояри с боярином, ни служанина со служанином — но всех хотяше имети, яко едину душю»[58].

Пасля смерці

Перанясенне мошчаў у Кіеў. Царкоўнае шанаванне святой

 
Труна Ефрасінні Полацкай у Кіева-Пячорскай лаўры.

Ефрасіння была пахавана ў Феадосіевым Іерусалімскім манастыры, а пасля захопу гораду мусульманамі, у 1187 годзе рака з целам была перанесена ў Феадосіевы пячоры Кіеўскай лаўры[59]. Паводле падання, манахі збіраліся перанесці святыню ў Полацк, аднак перашкодзіла варожасць кіеўскіх і полацкіх князёў[60]. Ёсць іншая думка, што прычына ў апошняй волі Ефрасінні быць пахаванай менавіта ў мужчынскім манастыры Св. Феадосія[61], таму раку пакінулі ў аднаіменных пячорах мужчынскага манастыра ў Кіеве.

Мясцовае царкоўнае шанаванне ў Полацкай зямлі пачалося ўжо ў канцы XII ст., калі тут ужо існавала царкоўная служба прападобнай Ефрасінні Полацкай, і было складзена агіяграфічнае «Жыціе» (імаверна, да 1187 года ў адным з заснаваных Ефрасінняй манастыроў). Царкоўнае шанаванне да XVI ст. мела толькі мясцовы характар, да ўключэння ў Макар’еўскія спісы імя Ефрасінні ў Рускай праваслаўнай царкве не было шырокавядомым[62]. Аднак, і на Макар’еўскіх саборах 1547 і 1549 гадоў афіцыйнай кананізацыі не адбылося. Агульная служба святой была зацверджана РПЦ адносна нядаўна — у 1893 годзе[63].

У пачатку ХХ ст. у друку з'яўляліся звесткі, што Ефрасіння кананізавана Папам Рыгорам Х на 2-м Ліёнскім саборы ў 1274 годзе. Дакументальнага пацвярджэння гэтаму няма, але паводле традыцыіКаталіцкая царква, як і Уніяцкая, прызнае Ефрасінню святой[64].

Вяртанне мошчаў у Полацк. Рака Еўфрасінні Полацкай

 
Перанос мошчаў Еўфрасінні Полацкай

Хадайнічаць аб перанясенні мошчаў у Полацк пачаў у 1833 годзе епіскап Віцебскі і Мінскі Гаўрыіл, Святы Сінод застаўся безуважным да звароту правялебнага. Праз сем гадоў безвыніковае прашэнне паўтарыў епіскап Васіль (Лужынскі). На другі зварот епіскапа Васіля ў 1852 годзе ўлады таксама не далі станоўчага адказу[65].

 
Каўчэг з мошчамі Еўфрасінні Полацкай

У 1858 годзе ў час праўлення імператара Аляксандра III аб перанясенні мошчаў Ефрасінні прасілі жыхары Полацка, у 1864 годзе хадайніцтва падтрымаў Міхаіл Мураўёў, генерал-губернатар Паўночна-Заходняга краю. Толькі ў 1871 годзе полацкі епіскап Сава дамогся, каб у Спаскі манастыр даставілі частку мошчаў[66].

Дазвол на перанос быў атрыманы толькі ад імператара Мікалая II. Самі астанкі, з выняткам сімвалічнай часткі былі перанесены ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у 1910 годзе. Таксама была абвешчана і гаючасць астанкаў. Перанос адбываўся вельмі ўрачыста, мошчы суправаджалі вядомыя рэлігійныя і дзяржаўныя асобы Расіі. У дзень смерці асветніцы — 23 мая (5 чэрвеня) нятленныя астанкі прывезлі ў Спасаўскі сабор і паклалі ў спецыяльна зробленую кіпарысавую раку, абкладзеную срэбрам. Вернікі ахвяравалі на раку вялізную суму ў 12 тысяч рублёў[66].

Рака была выраблена маскоўскім фабрыкантам Мяшковым па праекце і чарцяжах мастака Паўла Зыкава і ўяўляла саркафаг на ўзор старажытных. Па вуглах ракі знаходзіліся капітэлі, а на пярэднім баку дакладная копія старадаўняга барэльефа, што быў на дамавіне Ефрасінні ў Кіева-Пячэрскай лаўры. На дамавіне размяшчалася ікона Ефрасінні Полацкай у поўны рост у ляжачым становішчы.

Рака Ефрасінні знікла ў 1920-я гады. Адноўленая рака выраблена мастаком Мікалаем Кузьмічом (які аднавіў і Крыж Ефрасінні Полацкай) і асвечана 5 чэрвеня 2007 года. Пасля цырымоніі асвячэння мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт уручыў прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку Ордэн Святога Уладзіміра І ступені[67].

Новая рака ўяўляе невялікі каўчэг, памерамі 210 х 120 х 90 см. Кляновая рама-каркас абліцавана сярэбранымі пласцінамі і ўпрыгожана бронзавымі залачонымі барэльефамі. Выявы адрозніваюцца ад першапачатковага арыгінала. Бакавыя барэльефы адлюстроўваюць найважнейшыя моманты біяграфіі ігуменні: момант закладкі царквы Спаса і перанясенне яе астанкаў з Іерусаліма ў Кіеў. На тыльным баку паказаны трынаццаць беларускіх святых і сама Еўфрасіння. У галавах — адліты крыж у ззянні і надпіс «Субяседніцы анёлаў», у нагах — выява Полацка XII ст. Па перыметры прапушчаны арнамент з каляровых эмалей і вінаграднай лазы. У верхняй частцы ракі Еўфрасіння паказана ў поўны рост. Рыза, мантыя і схіма святой выкананы са срэбра. Новая рака стала не копіяй былой, а самастойным аўтарскім творам М. Кузьміча[68].

Ускрыццё мошчаў Ефрасінні Полацкай

Падчас эвакуацыі ў Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе астанкі былі перанесены ў Растоўскі Аўраміеў манастыр[69].

У лютым 1919 года Народны камісарыят юстыцыі РСФСР прыняў пастанову, паводле якой праводзілася арганізаванае ўскрыццё святых мошчаў па ўсёй краіне[70]. Там, у Растове ў 1920 годзе грабніца была ўскрыта, а 13 мая 1922 года ўжо ў Полацку яна была ўскрыта паўторна, астанкі былі адасланы на атэістычную выстаўку ў Маскву, а адтуль — у экспазіцыю Віцебскага краязнаўчага музея. Усе каштоўнасці, якія былі пры астанках, у тым ліку 40-пудовая срэбная рака, былі канфіскаваны[71].

Падчас нямецкай акупацыі вернікі перанеслі раку ў Свята-Пакроўскую царкву, а пасля 23 кастрычніка 1943 года астанкі былі вернуты ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе застаюцца і дагэтуль[72].

Ушанаванне памяці

 
Капліца Святой Ефрасінні Полацкай у Рэчыцы
 
Помнік Ефрасінні Полацкай у Полацку

У наш час прынятае шанаванне Ефрасінні як «заступніцы Беларусі» і «асветніцы Беларусі» (Гл. таксама: шанаванне і кананізацыя).

Таксама заўважаецца, што асветніцкая дзейнасць Ефрасінні магла мець не цалкам кананічны характар, а яе царкоўная дзейнасць магла быць скіраванай, на грунце яе высокага паходжання, у абыход царкоўнай іерархіі, на павышэнне самастойнасці Полацка ў царкоўных справах. Мяркуецца, што гэта магло быць прычынай канфліктаў між Ефрасінняй і царкоўнымі ўладамі, і паслужыла сапраўднай прычынай таго, што астанкі Ефрасінні былі пакінуты ў Кіеве, а не вярталіся ў Полацк[73].

Мясцовае шанаванне Еўфрасінні Полацкай узыходзіць да XIV ст.. Тэксты іканапісных арыгіналаў лаканічныя: «Акі Еўдакія». Паясная выява прападобнай на іконе «Рускія святыя» (1814) знаходзіцца ў адным шэрагу з Еўфрасінняй Суздальскай. Толькі ў пачатку XX стагоддзя старажытнаруская князёўна і ігумення, заснавальніца двух манастыроў у Полацку, атрымала сапраўдную славу. На стаўпе Уладзімірскага сабора ў Кіеве вядомы мастак В. М. Васняцоў размясціў яе насупраць св. Еўдакіі[74].

 
Царква Прападобнай Ефрасінні[ru] ў Вільні

У 1837 годзе на праваслаўных могілках Вільні па блаславенні архіепіскапа Полацкага і Віцебскага Смарагда (Крыжаноўскага) была закладзена Свята-Ефрасіннеўская царква[ru] (архітэктар Мікалай Чагін). Дабудаваная ў 1838 годзе царква ўяўляла сабой ратонду, якая нагадвае фінікійскія грабніцы, і сваім знешнім выглядам была падобнай да капліцы[75].

У Санкт-Пецярбургу на праспекце Стачак 15 лістапада 1911 года была закладзена драўляная капліца. Сечаная з бярвення, крыжападобная ў плане капліца, увянчаная двума шатрамі, была асвячона ў імя Ефрасінняў Полацкай у першай палове наступнага года. Яна займала адказнае становішча каля злому Пецяргофскай дарогі, павароту на Царскае Сяло і Маскоўскую дарогу і служыла мясцовай горадабудаўнічай дамінантай. 29 жніўня 1918 года да капліцы было дазволена прыбудаваць алтар і служыць у ёй літургію. Абшчына і царкву існавалі да 1935 года. У канцы 1930-х гадоў усе будынкі падворка былі разабраны.

 
Царква Святой Ефрасінні ў Івянцы
 
Царква ў гонар прападобнай Ефрасінні Полацкай па вуліцы Прытыцкага ў Мінску

У Беларусі існавала Івянецкая Свята-Ефрасіннеўская царква (збудавана ў 1914 годзе, разбурана ў 1951 годзе), у 1990-х таксама была збудавана новая царква таго ж імя. У Мінску на вуліцы Прытыцкага ў канцы 1990-х гадоў пабудавана царква ў гонар Ефрасінні Полацкай, якая адносіцца да Мінскага прыходу. Ёсць цэрквы ў гонар Ефрасінні Полацкай у Віцебску, Полацку (часта комплексу Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра), Драгічыне, Радуні (Воранаўскі раён), Бароўцы (Верхнядзвінскі раён), Вішневе (Смаргонскі раён), Азершчыне (Рэчыцкі раён), Соснах (Любанскі раён), Скаўшыне (Салігорскі раён), Варончы (Навагрудскі раён), будуецца ў Рудзенску (Пухавіцкі раён). Праваслаўныя храмы ў імя Ефрасінні Полацкай ёсць у Лондане, Саус-Рывер (каля Нью-Ёрка, ЗША), Таронта.

У 1992 годзе вуліца Ефрасінні Полацкай з’явілася ў Полацку, у 2010 годзе — у Мінску[76], у 2012 годзе — у Слоніме[77].

У 1995 годзе ў Рэчыцы ўзведзена помнік-капліца Святой Ефрасінні Полацкай (аўтар Э. К. Агуновіч). У 1999 годзе ў дворыку БДУ ўстаноўлены помнік Еўфрасінні Полацкай працы скульптара Ігара Голубева[78]. У 2000 годзе ў Полацку быў устаноўлены помнік славутай палачанцы, аўтарам якога таксама выступіў Голубеў[79]. Яшчэ адзін помнік у беларускай сталіцы ўстаноўлены ў 2002 годзе каля ўваходу ў Інстытут сродкаў аўтаматызацыі па праспекце Незалежнасці, 117. У свой час гэты помнік працы Анатоля Арцімовіча[80] не прайшоў атэстацыі паводле памераў — яго палічылі замалым і адмовіліся ўсталёўваць у іншым, больш выгодным месцы. Пастамент помніка мае форму разгорнутае кнігі[81]. Невялікі помнік асветніцы знаходзіцца ў цэнтры Слабодкі (Браслаўскі раён), куды ён быў перанесены з тэрыторыі касцёла Сэрца Ісуса[82]. Святая Ефрасіння Полацкая адлюстравана таксама на памятным знаку «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці», устаноўленым у 2017 годзе да Дня беларускага пісьменства недалёка ад полацкага Сафійскага сабора[83].

 
Манета ў 20 рублёў да 900-годдзя з дня нараджэння Ефрасінні Полацкай

4 чэрвеня 2001 года Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь выпушчаныя памятныя манеты наміналам 20 (сярэбраная якасці «пруф») і 1 (меднанікелевая якасці «пруф-лайф») беларускіх рублёў з нагоды 900-годдзя Ефрасініі Полацкай. Манеты адчаканены ў Манетным дваром Польшчы ў Варшава тыражом 2000 штук кожная.

 
Памятная манета «Прападобная Ефрасіння Полацкая»

17 кастрычніка 2007 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусціў памятную сярэбраную манету ў гонар Ефрасінні Полацкай наміналам 1000 рублёў.

У жніўні 2022 года Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт атрымаў імя ў гонар святой.

Жыціе Ефрасінні Полацкай

«Жыціе Ефрасінні Полацкай» — адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы, адзіная крыніца біяграфічных звестак пра ігуменню.

«Жыціе» складзена, імаверна, манахам з манастыра Св. Багародзіцы. У творы аўтар услаўляе настойлівую і самаахвярную жанчыну, яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці, перадае ў строгай храналагічнай паслядоўнасці сапраўдныя гістарычныя факты, звесткі пра Полацк, яго культурнае жыццё, побыт княжацкай сям’і[84].

У мастацтве

 
Аляксей Кузьміч «Плач Еўфрасінні». Палатно, алей, 1992.
  Мінуласць ляжыць надмагільным вянком

над тымі, што ў смерці застылі,
ззяе святлом праз цемру вякоў
святое імя Еўфрасінні.
Ларыса Геніюш, Еўфрасіння Полацкая

 

Ефрасіння Полацкая стала гераіняй шматлікіх твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Вобраз Ефрасінні ўвасобіла Вольга Іпатава ў аповесці «Прадслава», таксама яна з’яўляецца ў раманах Алеся Асіпенкі «Святыя і грэшнікі» і Вялянціны Коўтун «Пакліканыя»[85].

Свае вершы прысвяцілі беларускай асветніцы шматлікія беларускія паэты: Уладзімір Арлоў («Еўфрасіння»), Алег Бембель («Абсяг Еўфрасініі»), Рыгор Барадулін («У Полацкай Спаса-Еўфрасіннеўскай царкве»), Данута Бічэль-Загнетава («Еўфрасіння Полацкая»), Навум Гальпяровіч («Веі замружу, і выплыве вечар»), Ларыса Геніюш («Еўфрасіння Полацкая», «У горы я пад тваімі ранамі»), Сяргей Законнікаў («Святло Еўфрасінні»), Алесь Звонак («Цень Еўфрасінні»), Васіль Зуёнак («Апошняя малітва Еўфрасінні Полацкай», «Шукаю Богшу»), Алег Лойка («Еўфрасіння Полацкая»), Валянцін Лукша («Фрэскі святой Еўфрасінні»), Алесь Разанаў («Папярэджанне»), Людміла Рублеўская («Еўфрасіння»), Віктар Шніп («Хрыстова нявеста»), Сяргей Панізнік («Споведзь»), Леанід Дранько-Майсюк («Еўфрасіння»).

Ефрасіння выяўлена на палотнах Нэлі Шчаснай, Алеся Цыркунова, Аляксея Марачкіна, Аляксея Кузьміча, на графічных аркушах Арлена Кашкурэвіча, на габелене Сымона Свістуновіча[86].

Радавод

Заўвагі

  1. а б в Левшун Л. В. ЕВФРОСИНИЯ ПОЛОЦКАЯ // Большая российская энциклопедия. Электронная версияБольшая российская энциклопедия, 2016.
  2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Том 3Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996. — С. 358. — ISBN 978-985-11-0041-1
  3. Імя паводле БП-2008.
  4. Мельнікаў, С. 45—47.
  5. Мельнікаў, С. 99.
  6. Беларуская энцыклапедыя, с. 405
  7. а б в Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Арт. Еўфрасіння Полацкая
  8. Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 52
  9. Авакян Г. Палітычныя мысліцелі, с. 11
  10. а б Мельнікаў А. Жыціе, с.10
  11. Паводле Мельнікаў, с. 31, 32.
  12. Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння, с. 19
  13. Мельнікаў, С. 29, 30.
  14. Мельнікаў, С.37
  15. Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння, с. 20
  16. У Ізяслаўскім манастыры, паводле версіі Мельнікава, які меркаваў, што іншага адпаведнага манастыра, у т.л. Полацкага, тады ў Полацкай зямлі не было. Мельнікаў, С.42—48
  17. Мельнікаў, С.42—48
  18. Асабліва лёс такой вядомай сучасніцы, як Еўпраксія Усеваладаўна (германская імператрыца Адэльгейда), жонка імператара Генрыха IV (каментар Л. В. Ляўшун). Мельнікаў, С. 40, 41
  19. Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 58
  20. Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння, с. 43
  21. Авакян Г. Палітычныя мысліцелі, с. 12
  22. Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння, с. 48
  23. Арлоў У. Таямніцы, с. 98-99
  24. Мельнікаў, С.54,55
  25. Арлоў У. Таямніцы, с. 100
  26. Не пазней чым у 1128 годзе, калі памёр князь Барыс.
  27. Мельнікаў, С.70—72, іншая думка: 1139—1140
  28. а б Селіцкі А. Загадкі Полацкага храма
  29. Арлоў У. Таямніцы, с. 108
  30. Мысліцелі і асветнікі Беларусі, с. 20
  31. Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння, с. 58
  32. Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 67
  33. Штыкаў Г. В. Сучаснік, с. 31
  34. Авакян Г. Палітычныя мысліцелі, с. 13
  35. Мельнікаў, С.61, 62
  36. а б Арлоў У. Таямніцы, с. 109
  37. Мельнікаў А. Жыціе с.16
  38. Адною з іншых прычын магло быць, між іншым, жаданне пазбегнуць высылкі ў Візантыю разам з іншымі Рагвалодавічамі.
  39. Арлоў У. Таямніцы, с. 103—104
  40. Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 70
  41. Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння, с. 63
  42. Мельнікаў А. Жыціе с. 19
  43. а б Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 71
  44. Бяспалая М. Духоўная спадчына, с. 9
  45. Арлоў У. Хто выкраў крыж Ефрасінні, с.23
  46. Бараноўскі Я. Архіўны след крыжа Ефрасінні Полацкай
  47. Арлоў У. Таямніцы, с. 115—118
  48. Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 75
  49. Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння, с. 66-67
  50. Мельнікаў А. Жыццё с.20
  51. Мельнікаў А. Жыццё с.21
  52. а б Арлоў У. Таямніцы, с. 127
  53. Беларуская энцыклапедыя. Арт. Еўфрасіння Полацкая
  54. Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 85
  55. Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння, с. 95
  56. Арлоў У. Таямніцы, с. 122
  57. Авакян Г. Палітычныя мысліцелі, с. 15
  58. Арлоў У. Таямніцы, с. 123—124
  59. Мысліцелі і асветнікі Беларусі, с. 16
  60. Арлоў У. Таямніцы, с. 130
  61. Мельнікаў, С.101.
  62. Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння, с. 74
  63. Мельнікаў А. Жыццё с.22
  64. Арлоў У. Таямніцы, с. 137
  65. Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 95
  66. а б Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 96
  67. Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 101
  68. Пашкоўская Л. Саркафаг для Ефрасінні
  69. Новыя кнігі, с. 6
  70. Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 100
  71. Арлоў У. Еўфрасіння, с. 136
  72. Арлоў У. Еўфрасіння, с. 137
  73. Гаранін. Еўфрасіння Полацкая і епіскап Ілля…
  74. Киселёва Л. Преподобная Ефросиния
  75. Герман Шлевис. Православные храмы Литвы. Вильнюс: Свято-Духов монастырь, 2006. ISBN 9986-559-62-6. С. 61.
  76. http://minsk.gov.by/ru/normdoc/2890/
  77. ttp://euroradio.fm/report/u-slonime-zyavilasya-vulicy-efrasinni-polackay-125279
  78. Помнік Еўфрасінні Полацкай у Мінску (у БДУ) Архівавана 15 лютага 2020.
  79. Арлоў У. Таямніцы, с. 140
  80. Скульптурная композиция Евфросинии Полоцкой возле корпуса НПО «Агат» Архівавана 22 мая 2020.
  81. Сем невядомых скульптураў Мінска
  82. ПОМНІК СВЯТОЙ ЗАСТУПНІЦЫ ЕФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ Архівавана 5 снежня 2020.
  83. Ад Рагвалода да святой Еўфрасінні. У Полацку з’явіўся помнік беларускай дзяржаўнасці Архівавана 25 верасня 2019.
  84. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі
  85. Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 105
  86. Марціновіч А. Святая Еўфрасіння, с. 106

Літаратура

  • Авакян Г. С. Палітычныя мысліцелі і гуманісты Беларусі / Г. С. Авакян, М. В. Кузняцоў, М. П. Сінькевіч. — Мн.: Элайда, 2002. — 96 с. ISBN 985-6163-46-3.
  • Арлоў У. Еўфрасіння Полацкая. Мн.: Мастацкая Літаратура, 1992. (серыя Святыя зямлі Беларускай) ISBN 5-340-01238-7.
  • Арлоў У. А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн.:Папуры, 2008. ISBN 978-985-15-0288-8.
  • Арлоў У. А. Хто выкраў крыж Еўфрасінні? Адраджэнне: Гіст. альманах. Вып. 1/Склад. і на- I вук. рэд. А. П. Грыцкевіч.— Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 259 с.: іл. ISBN 985-09-0088-1.
  • Бараноўскі Я. Архіўны след крыжа Ефрасінні Полацкай. Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу: да 900-годдзя з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай: Матэрыялы міжнар. навук. канф. 30—31 мая 2002 г., г. Наваполацк. — Мн.: Дэполіс, 2002. — 145 с.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. 576 с.: іл., ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
  • Бяспалая М. А. Духоўная спадчына Ефрасінні Полацкай (да 900-гадовага юбілею асветніцы). VIII Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, прысвечаныя Дням славянскага пісьменства і культуры: Матэрыялы чытанняў (Мінск, 23—26 мая 2002 г.) / Рэдкал.: М. А. Бяспалая (адк. рэд.) і інш. — Мн.: Бел. дзярж. ун-т культуры, 2003. — 257 с. ISBN 985-6579-61-9.
  • Гаранін С. Л. Еўфрасіння Полацкая і епіскап Ілля: Гісторыя стасункаў і прычына канфлікту [2002] // Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў. — Мн.: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с. — ISBN 985-6734-28-2.
  • Дук Д., Калечыц І., Коц А. Пячатка Еўфрасінні Полацкай // Беларускі гістарычны часопіс № (7), 2015. — С. 13—18.
  • Киселёва Л. А. Преподобная Ефросиния Полоцкая на Руси ХХ века. Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу: да 900-годдзя з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай: Матэрыялы міжнар. навук. канф. 30—31 мая 2002 г., г. Наваполацк. — Мн.: Дэполіс, 2002. — 145 с.
  • Марціновіч А. Святая Еўрасіння або Адкуль ёсць, пайшла Полацкая зямля. Мн.: Беларусь, 2009. ISBN 978-985-01-0825-8.
  • Мельнікаў А. А. Еўфрасіння Полацкая (Жыціе Еўфрасінні Полацкай з каментарыямі А. А. Мельнікава) // Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў. — Мн.: Выд-ва «Чатыры чвэрці», 2005. — 592 с. — ISBN 985-6734-28-2.
  • Мельнікаў А. «Жыціе» і жыціё Еўфрасінні, ігуменні Полацкай. Адраджэнне: Гіст. альманах. Вып. 1/Склад. і на- I вук. рэд. А. П. Грыцкевіч.— Мн.: Універсітэцкае, 1995. — 259 с.: іл. ISBN 985-09-0088-1.
  • Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Бела- 5 рус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Мает. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 671 с.: іл. ISBN 985-11-0016-1
  • Нікалаюк Д. Прападобная Еўфрасіння Полацкая. ISBN 978-83-88325-30-4, Wydawnictwo «Bratczyk»
  • Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. Штомесячны бібліяграфічны бюлетэнь. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 4/2011.
  • Пашкоўская Л. Саркафаг для Ефрасінні // Мастацтва, 11 (296) Лістапад 2007.
  • Сяліцкі А. Загадкі Полацкага храма. Мастацтва, люты 2008 № 2 (299).
  • Штыхаў Г. В. Сучаснік Ефрасінні Полацкай дойлід Іаан. Асветніцтва і гуманістычныя каштоўнасці Беларусі ў рэтраспектыве часу: да 900-годдзя з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай: Матэрыялы міжнар. навук. канф. 30—31 мая 2002 г., г. Наваполацк. — Мн.: Дэполіс, 2002. — 145 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл., ISBN 985-11-0041-2.

Спасылкі