Барока (ад італ.: barocco — няправільны, дзіўны) — вядучы кірунак у еўрапейскім, у т. л. беларускім мастацтве і архітэктуры з апошняй трэці XVI ст. і амаль да канца XVIII ст. Адметныя рысы барока — урачыстасць, кантрастнасць, ускладненасць форм, параднасць, пышны дэкор. Стыль эпохі Контррэфармацыі.[1]

Першапачаткова тэрмін «барока» меў негатыўны сэнс, бо сваёй відавочнай пышнасцю і вычварнасцю супрацьпастаўляўся гармоніі Рэнесансу. Галоўным фактарам узнікнення стылю барока з'яўляецца каталіцкая контррэфармацыя, якая з дапамогай новага мастацтва імкнулася абвергнуць ідэі гуманізму рэнесансу, барока быў прызваны праслаўляць і прапагандаваць моц улады, знаці і царквы, што, у пэўнай ступені, спарадзілі рэфармацыйны рух ва ўсёй Еўропе. Але разам з тым барока выразіў прагрэсіўныя ідэі аб складанасці светабудовы, бясконцасці і мнагастайнасці сусвету, яго зменлівасці. Мастацтва барока пачало адлюстроўваць дуалістычную прыроду чалавека, барацьбу ў ім нябеснага і зямнога пачаткаў, чалавек пачаў успрымацца як частка сусвету, як складаная асоба, перажываючая ўнутраныя канфлікты.

Мастацтва барока

правіць

У мастацтве стыль барока адметны рытмічнасцю і каларыстычным адзінствам кампазіцый, пышнасцю форм, спалучэннем ідэалізацыі вобразаў з нечаканымі кампазіцыйнымі і аптычнымі эфектамі, рэальнасці — з фантазіяй, рэлігійнай сціпласці — з падкрэсленай чутнасцю. Асабліва адрознівае барока ад іншых стыляў багацце дэталей, часта яркай паліхроміі, менш рэалістычныя твары суб'ектаў, і агульнае уражанне пабожнасці, якое і было адной з мэтаў гэтага мастацтва.

Пачынальнікамі традыцыі барока ў жывапісе лічаць двух выдатных італьянскіх мастакоў — Караваджа і Анібале Карачы, якія стварылі найбольш значныя працы ў канцы XVI ст. — пачатку XVII ст.

Прадстаўнікі:

Архітэктура барока

правіць
 
Фантан Трэві ў Рыме

Найбольш яскрава барока выражана ў сакральных пабудовах, касцёльная архітэктура стала духоўна-матэрыяльнай асновай яго фармавання. Характэрнай рысай барока ў архітэктуры з'яўляецца прасторавы размах — замест суразмернай з чалавекам маштабнасці нярэдка ўзнікае перавелічэнне памераў ордэрных формаў, злітнасць, цякучасць складаных, звычайна крывалінейных формаў, наяўнасць шматлікіх скульптур на фасадах і інтэр'ерах.

Да ліку першых твораў архітэктуры, у якіх ужо ясна праяўлялася барока, можна аднесці галоўную царкву ордэна езуітаў Іль Джэзу (Ісуса) у Рыме, пабудаваную архітэктарам Джакама дэла Порта ў 1575 годзе.

Прадстаўнікі:

Літаратура, тэатр і музыка барока

правіць

Для літаратуры барока асабліва характэрны жанры рытарычнай царкоўнай пропаведзі і школьнай драмы, дзе важнае месца займаюць алегарычныя фігуры-персаніфікацыі; самабытна развіваюцца таксама розныя віды сатыры, раман, вялікія і малыя формы метафарычна насычанай паэзіі. У музычным тэатры адбываецца інтэнсіўнае развіццё оперы і балета, а асабліва ў музыцы росквіт больш складанай і свабоднай вакальна-інструментальнай поліфаніі і тэндэнцыі да адасаблення розных жанраў (канцэрта гроса, саната, сюіта ў інструментальнай музыцы).

Беларускае барока

правіць
 
Езуіцкі касцёл у стылі барока, Магілёў

Барока для беларускай культуры з’явілася той вяршыняй, якой была, мабыць, готыка — для Францыі, рэнесанс — для Італіі, класіцызм — для Расіі[2]. Развіццё беларускага барока прайшло тры перыяды: ранняе (канец XVI — першая палова XVII ст.), сталае (другая палова XVII — 30-я гг. XVIII ст.) і позняе, ці віленскае (30 — 80-я гг. XVIII ст.). Пачатак гэтай плыні ў Беларусі звязаны з будаўніцтвам, намаганнямі 1-га ардыната нясвіжскага князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — касцёла езуітаў у Нясвіжы ў 15841593 гг. па праекце італьянскага архітэктара-езуіта Джавані Марыя Бернадоні.[3] Будынак у агульных рысах паўтарае галоўны ордэнскі храм езуітаў Іль Джэзу ў Рыме і ўяўляе сабой першую ў беларускім дойлідстве 3-нефавую крыжова-купальную базіліку.

Услед за езуіцкім касцёлам ў Нясвіжы ў беларускіх гарадах і вёсках пачынаюць будавацца пампезныя касцёлы, кляштары, магнацкія рэзідэнцыі. Дынамічныя формы іхніх фасадаў, хвалістыя, неспакойныя лініі дэкору, кантрасныя спалучэнні мусілі сімвалізаваць зменлівасць і хуткаплыннасць чалавечага жыцця.

Рысы барока выявіліся таксама ў праваслаўных і ўніяцкіх храмах (Мікалаеўская царква ў Магілёве, базыльянская царква і іканастас у Супраслі, комплекс у Жыровіцах, уніяцкія цэрквы ў Барунах і Княжыцах)[4]. У праваслаўным храмабудаўніцтве стыль атрымаў адмысловую трактоўку, якая адрознівае яго ад вобразаў храмаў іншых канфесій Беларусі і праваслаўных цэркваў замежжа, спалучае ўласна праваслаўныя[5] візантыйскія і мясцовыя традыцыі[6] з мастацкімі асаблівасцямі барока, вылучаецца высокім узроўнем эмацыйна-эстэтычнага ўздзеяння[5] і надае непаўторнасць асобным помнікам[7]. Самабытна выглядае драўлянае культавае дойлідства на Беларусі[8]

Сучаснасць

правіць

У сучаснай практыцы традыцыі барока знайшлі ўвасабленне толькі ў выкарыстоўванні асобных элементаў стылю (гл. Царква ў гонар абраза Божай Маці Усецарыца, Магілёў). Спробы праектавання храмаў на ўзор праваслаўнага дойлідства Падняпроўскага рэгіёна, якое з’яўляецца найбольш адметным прадстаўніком праваслаўнай барочнай архітэктуры не атрымалі падтрымкі заказчыкаў[5].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць