Бязногія земнаводныя (Gymnophiona) — атрад земнаводных. Характарызуюцца крайняй спецыялізацыяй і прымітыўнасцю будовы.
Прыстасаваны да падземнага, рыючага спосабу жыцця. Цела падоўжанае, чэрвепадобнае, даўжыня ад 10 см да 1-1,5 м.
Галава невялікая, лапатападобная, слаба адмежаваная ад тулава, рот ссунуты ўніз. Чэрап амаль цалкам пакрыты косткамі, якія зрастаюцца ў буйныя блокі. Вочы недаразвітыя, схаваныя пад скурай. Барабанная перапонка і сярэдняе вуха адсутнічаюць; добра развіты нюх і дотык, на галаве маецца тонкае ўцяжное шчупальца — унікальны орган, які, відаць, выкарыстоўваецца пры пошуках ежы, палавога партнёра і інш. Язык добра развіты, можа быць прымацаваны да дзёснаў. Шматлікія дробныя, загнутыя назад зубы звычайна размешчаны ў 2—4 рады на сківіцах, сашніках і паднябенных касцях. Скура голая, з колцападобнымі зморшчынамі (да 400), багата пакрыта сліззю шматлікіх залоз; у некаторых у скуры маюцца дробныя касцяныя лускавінкі.
Канечнасці і іх паясы адсутнічаюць, пазванкі (80-285) дваякаўвагнутыя, рэбры і хвост кароткія. Многія ўнутраныя органы моцна выцягнуты; звычайна левае лёгкае рэдукавана, часам цалкам. У самцоў маецца няпарны капулятыўны орган.
Выдзяляюць 9 сучасных сямействаў, каля 165 відаў. Распаўсюджаны ў вільготных тропіках і прылеглых шыротах у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы, на Сейшэльскіх астравах, у Індыі і Паўднёва-Усходняй Азіі (няма на Мадагаскары, у Новай Гвінеі і Аўстраліі).
Большасць жыве ў вільготнай глебе па берагах рэк і азёр, некаторыя — у вадзе. Перасоўваюцца па зямлі, змеепадобна выгінаючы цела.
Выкапнёвыя знаходкі вельмі рэдкія. Продкамі бязногіх земнаводных маглі быць палеазойскія стэгацэфалы атрада Microsauria.
Сілкуюцца глебавымі і іншымі беспазваночнымі.
Апладненне ўнутранае. Адкладаюць 5-30 яец, з якіх у адных відаў выводзяцца лічынкі з жабернымі шчылінамі (без вонкавых жабраў) і спінным плаўніком, знікаючым пасля метамарфоза ў вадзе, у іншых відаў з яйца выходзіць сфарміраваная асобіна (прамое развіццё). Для большасці відаў характэрна жыванараджэнне, калі ікрынкі развіваюцца ў целе самкі.
Бязногія земнаводныя (Gymnophiona) падзяляюць на 10 сучасных[1] і 1 выкапневае сямейства:
- Сямейства Rhinatrematidae — Хвастатыя чарвягі (11 відаў, Паўднёвая Амерыка)
- Сямейства Ichthyophiidae — Рыбазмеі (50 відаў, Паўднёвая і Паўднёва-Усходняя Азія)
- Сямейства Scolecomorphidae — Афрыканскія чарвягі (6 відаў, Афрыка)
- Сямейства Herpelidae (9 відаў, Афрыка)
- Сямейства Caeciliidae — Чарвягі (42 віды, Паўднёвая і Цэнтральная Амерыка)
- Сямейства Typhlonectidae (13 відаў, Паўднёвая Амерыка)
- Сямейства Indotyphlidae (20 відаў, Сейшэльскія астравы, Індыя, Афрыка)
- Сямейства Chikilidae (1 від, Індыя)[2][3][4]
- Сямейства Siphonopidae (19 відаў, Паўднёвая Амерыка)
- Сямейства Dermophiidae (13 відаў, Афрыка, Паўднёвая і Цэнтральная Амерыка)
- Сямейства † Eocaeciliaidae [5]
- incertae sedis
Зноскі
- ↑ Wilkinson, M.; San Mauro, D.; Sherratt, E.; Gower, D. J. (2011). A nine-family classification of caecilians (Amphibia: Gymnophiona). Zootaxa 2874: 41-64. Полный текст
- ↑ Kamei, R. G.; San Mauro, D.; Gower, D. J.; Van Bocxlaer, I.; Sherratt, E.; Thomas, A.; Babu, S.; Bossuyt, F.; Wilkinson, M.; Biju, S. D. (2012). «Discovery of a new family of amphibians from Northeast India with ancient links to Africa». Proc. R. Soc. B. DOI:10.1098/rspb.2012.0150
- ↑ «New amphibian family find for India». BBC News. February 22, 2012.
- ↑ «New amphibian family found in India». CBC News. 21 February 2012.
- ↑ The Paleobiology Database: Eocaeciliaidae(недаступная спасылка)
- ↑ The Paleobiology Database: Rubricacaecilia(недаступная спасылка)
- Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1996. ISBN 985-11-0067-6