Гроб Гасподні
Гроб Гасподні ці Святы Гроб (грэч. Αγιος Τάφος) — галоўная святыня хрысціянскага свету — пячора, магільня ў скале, куды, паводле Евангелля, быў пахаваны Ісус Хрыстос і на трэці дзень уваскрэс. Цяпер магільня — галоўны алтар Храма Гроба Гасподняга ў Іерусаліме.
Паводле традыцыі, магільня знаходзілася за гарадской сцяной, на паўночным захадзе ад Іерусаліма, паблізу Галгофы. На пачатку IV ст. над ёю пабудавана Кувуклія Храма Гроба Гасподняга.
У пераносным сэнсе, асабліва ў крыніцах Сярэднявечча, Гроб Гасподні — уся Святая зямля (Палесціна), дзе знаходзіцца гэта святое для хрысціян месца.
Барацьба за вызваленне Святога Гроба
правіцьЗ 637 года Палесціна была пад уладай мусульман. З часам калі ідэя заняцця Святой зямлі і Гроба Гасподняга распаўсюдзілася сярод заходніх хрысціян. На афіцыйным узроўні яна была агучана 24 лістапада 1095 года ў Клермоне Папам Урбанам II, ён заклікаў да збройнага паходу на ўсход. Яго заклік спарадзіў Першы Крыжовы паход, падчас якога ў 1099 годзе мясціны са Святым Гробам былі заняты хрысціянамі. Аднак гэты вынік Крыжовых паходаў быў часовым і абмежаваным, праз 88 гадоў, у 1187 годзе, Іерусалім быў страчаны хрысціянамі. І хоць крыжакі яшчэ вярталі сабе Святы горад на кароткі час, у верасні 1244 года яны пазбавіліся яго канчаткова. З таго часу Палесціна была пад уладай мусульман да 1918 года, калі яе занялі англійскія войскі падчас Першай сусветнай вайны. З 1922 года англічане кіравалі тут на падставе Брытанскага мандата.