Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні — раман Уладзіміра Караткевіча. Раман складзены з 62 раздзелаў і быў надрукаваны ўпершыню па-руску ў 1966, па-беларуску — у 1972.
Хрыстос прызямліўся ў Гародні | |
---|---|
Жанр | Раман |
Аўтар | Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1972 |
Дата першай публікацыі | 1972 |
Выдавецтва | Мастацкая літаратура |
Раман прысвечаны падзеям беларускай гісторыі XVI стагоддзя. Яму папярэднічаў кінасцэнарый «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», які быў скончаны 31 сакавіка 1965 года. Да напісання рамана Караткевіча заахвоціла змешчаная ў «Хроніцы Белай Русі» Мацея Стрыйкоўскага згадка пра з'яўленне на Гродзеншчыне за каралём Жыгімонтам І самазванца, што «сабе прыпісаў і прыўлашчыў» Хрыстова імя, «шалбера па імю Якуб Мялшцінскі». Гэта раман-прытча, філасофскі роздум пра чалавечае прызначэнне.
Як вынікае з эпіграфа, запісу з «Хронікі…» Стрыйкоўскага, падзеі, што апісваюцца ў рамане, маюць адбывацца на пачатку XVI ст., у гады праўлення Жыгімонта I Старога (1506—1548). Многія ж факты, прыведзеныя ў творы, сведчаць, што дзеянне адбываецца ў 20-30-я гг. XVI ст.: згадваецца Бона Сфорца, адзін з герояў рамана кардынал Лотр гаворыць пра выдадзеную Францішкам Скарынам Біблію і пра тое, што «вось трыццацёх год не мінула, як Калумб адкрыў Індыю» і інш.
Гэта раман пра лёс прадстаўнікоў самых розных класаў і праслоек. Пераважная большасць герояў народжаны фантазіяй пісьменніка. Выключэнне складае Кашпар Бекеш (1520—1579), беларускі мысліцель-антытрынітарый. У цэнтры — вобраз Хрыста — Юрася Братчыка, які звязвае ў адно цэлае ўсе сюжэтна-кампазіцыйныя лініі твора і вакол якога разгортваецца асноўнае дзеянне.
Рукапіс рамана невядомы. Машынапіс рамана захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР, ф. 11, воп. 1, адз. зах. 41-47, з пералікам у пачатку твора герояў і іх характарыстыкамі, што адсутнічае ў кніжных выданнях рамана, а таксама з адзнакай у канцы: 7 красавіка 1965 г. — 29 красавіка 1966 г. Чалябінск — Рагачоў. Упершыню выйшаў на беларускай мове ў 1972 годзе (Мінск, «Мастацкая літаратура»), увайшоў у склад другога тома «Выбраных твораў» Уладзіміра Караткевіча (Мн.: Маст. лiт., 1980). У «Зборы твораў» друкаваўся паводле асобнага кніжнага выдання 1972 года.
Выходзіў у аўтарызаваным перакладзе Навума Кісліка на рускай мове («Нёман», 1966, № 11-12). Выдадзены ў перакладзе Вацлава Жыдліцкага на чэшскай мове (Прага, 1979), Малгажаты Бухалік — на польскай (2012)[1]. У 1967 годзе паводле рамана на кінастудыі «Беларусьфільм» створаны аднайменны фільм.
Зноскі
Літаратура
правіць- Караткевiч У. Збор твораў у 8 т. Т 6. [Тэкст] / У. Караткевiч.— Мн.:Маст. Лiт., 1990. — 492, [1] с., 4л. Ил. — Кам.: с. 491—493.