Шпіцбе́рген (ад нідэрл.: Spitsbergen; нарвежская назва Свальбард нарв.: Svalbard) — нарвежская правінцыя ў Арктыцы. Размешчана на архіпелагу Шпіцберген. Знаходзіцца за 800 км на поўнач ад Нарвегіі і за 1 100 км ад палярнага круга. Архіпелаг адышоў Нарвегіі ў 1920 годзе.

Шпіцберген
Характарыстыкі
Найбуйнейшы востраўЗаходні Шпіцберген 
Найвышэйшы пункт1 712 м
Насельніцтва
  • 2 668 чал.
Размяшчэнне
78°09′25″ пн. ш. 15°51′51″ у. д.HGЯO
Краіна
Шпіцберген (Паўночны Ледавіты акіян)
Шпіцберген
Шпіцберген
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Імаверна, астравы адкрыты вікінгамі, афіцыйнае адкрыццё нідэрландскім вандроўнікам Вілемам Барэнцам адбылося ў 1596 годзе. Пасля астравы выкарыстоўваліся як база нарвежскіх і расійскіх кітабояў і рыбакоў. У 1669-1778 гадах на Шпіцбергене часта бывалі галандскія рыбакі, якія заснавалі горад Смеерэнбург. З канца XVIII стагоддзя астравы выкарыстоўваліся як база для палярных экспедыцый.

У пачатку ХХ стагоддзя на востраве Заходні Шпіцберген адкрыты радовішчы вугалю. Паводле Шпіцбергенскага трактату (1920) астравы перайшлі пад кіраванне Нарвегіі. Але ўмовы трактата забяспечылі права на распрацоўку радовішчаў, рыбную лоўлю і правядзенне навуковых даследаванняў іншым краінам. У 2020-я гады распрацоўкай вугальных радовішчаў займаюцца нарвежскія і расійскія кампаніі. Польшча мае тут сваю навуковую станцыю.

Прырода

правіць
 
Карта.

Астравы

правіць

У склад архіпелагу ўваходзяць наступныя астравы:

і яшчэ шмат невялікіх астравоў.

Каралеўскі востраў, Шведскі востраў і Абелоя ўтвараюць Зямлю караля́ Ка́рла.

Геалагічная будова

правіць

Будове архіпелага складаюць, звычайна, каледаніды (падобныя да каледанідаў Грэнландыі). У склад Шпіцбергена ўваходзяць і больш старажытныя пароды (байкальскай складкаватасці); імаверна, гэта частка баранцаваморскай пліты, якая мае пратэразойска-раннекембрыйскі ўзрост. Большая частка фундамента Шпіцбергена фарміравалася на актыўнай ускраіне старажытнага акіяна каля 500 млн гадоў таму, у раннім ардовіку, і ўяўляе сабою магматычныя фармацыі астраўных дугаў, моцна змятых падчас сутыкнення кантынентаў у сілуры (450—440 млн гадоў таму). Шпіцберген у сілуры вытрымаў моцнае падняцце і вулканічныя вывяржэнні. 400 млн гадоў таму Скандынавія была ўжо злучана з Грэнландыяй, дзесьці паміж імі знаходзіўся і Шпіцберген. У познім палеазоі месцамі адбывалася пранікненне гранітоідаў, у тую эпоху ўтварыўся шэраг рудных радовішчаў. Архіпелаг доўгі час міграваў па мантыі Зямлі і пабываў у розных кліматычных зонах. Ва ўмовах цёплага клімату ўтварыліся вялікія залежы каменнага вугалю.

Архіпелаг знаходзіцца ў сейсмічна актыўнай зоне, адзначаны землятрусы сілай 4—5 магнітуд па шкале Рыхтэра, дапускаецца магчымасць землятрусаў да 6—7 магнітуд.

Паверхня

правіць

Рэльеф гарысты. Самы высокі пункт астравоў — гара Ньютантопэн (1 713 м) на Заходнім Шпіцбергене. Ледавікі займаюць 35,1 тыс. км² — больш за палову плошчы архіпелага. Берагі зрэзаны фіёрдамі. Магутнасць слоя вечнай мерзлаты дасягае 200 м. У летні перыяд грунты адтайваюць на 0,5—2,5 м, ледавікі даюць пачатак мноству невялікіх рэчак і ручаёў.

Клімат

правіць
 
Заснежаны Шпіцберген.

Клімат арктычны, на захадзе значна змякчаецца цёплым Шпіцбергенскім цячэннем (частка Гальфстрыма). Праз уплыў Гальфстрыма зімовыя тэмпературы на Шпіцбергене ў сярэднім на 20 °C вышэйшыя, чым у іншых месцах адпаведнай шыраты.

Самыя нізкія тэмпературы назіраюцца ў лютым і складаюць каля −20 °C, самыя высокія ў ліпені, +4,4 °C. Зімняя тэмпература вагаецца ад −25° дa +5 °C, а летам ад +2° a +18 °C. Максімальная зафіксаваная тэмпература +24,5 °C (ліпень 1978), мінімальная −46,3 °C (сакавік 1986). Суседства цёплага цячэння і масы ледавікоў нараджае рэзкія і частыя ваганні атмасфернага ціску, ветры ўраганнай моцы.

Палярны дзень на Шпіцбергене цягнецца з 20 мая да 26 жніўня, а палярная ноч з 26 кастрычніка да 15 лютага. Улетку, нягледзячы на кругласутачны палярны дзень, розніца тэмператур паміж днём і ноччу прыкметная і можа дасягаць 5—10 °C. Першыя снегапады праходзяць у верасні, хоць снег не рэдкасць і ў канцы жніўня.

Расліннасць

правіць

Расліннасць архіпелага бедная, тундравая, расліны нізкія і холадаўстойлівыя. У пачатку лета тундра моцна забалочаная ў выніку таяння снягоў, а ў рэках высокі ўзровень вады. У асноўным, паўднёвая частка Шпіцбергена (нулявая зона) летам вольная ад снегу, хоць ледавікі сустракаюцца паблізу ад усіх паселішчаў. На ледавіках часта сустракаюцца чырвоныя водарасці, што надае снегу і лёду ружаватае адценне.

На Шпіцбергене сустракаецца каля 170 відаў сасудзістых раслін, у т.л. карлікавая бяроза, палярная вярба, а таксама імхі, грыбы, лішайнікі.

Жывёльны свет

правіць
 
Паўночны алень.

З млекакормячых на астравах толькі белы мядзведзь, мясцовы паўночны алень (самы маленькі сярод відаў паўночных аленяў), а таксама пясец. Спробы перасялення на архіпелаг іншых сухапутных млекакормячых — у прыватнасці палярных зайцаў і аўцабыкоў з Грэнландыі поспехам не скончыліся. Тут прысутнічае шмат марскіх жывёл — нерпа, грэнландскі цюлень, марскі заяц, маржы, бялухі, кіты. Белыя мядзведзі і маржы летам знаходзяцца на паўночнай частцы архіпелага, а зімой мігруюць на поўдзень.

На архіпелагу адзначана каля 90 відаў птушак, з якіх 36 пастаянна гняздуюцца. Адзіным відам, які жыве на Шпіцбергене круглы год, з’яўляецца палярная (белая) курапатка, астатнія птушкі на зіму адлятаюць у паўднёвыя краіны, і вяртаюцца ўвесну для гнездавання і вывядзення птушанят.

Насельніцтва

правіць

Насельніцтва Шпіцбергена налічвае каля 2,8 тысяч чалавек, перш за ўсё нарвежцаў і рускіх, якія ў асноўным займаюцца здабычай карысных выкапняў. Астравы лічацца самай паўночнай зямлёй заселенай людзьмі. Большасць насельніцтва працуе тут паводле кантрактаў. Пераважная мова сувязяў -- нарвежская.

Адміністрацыйны цэнтр — пасёлак Лонгйір. Ёсць таксама расійскі пасёлак Барэнцбург.

Зноскі