Перайсці да зместу

Лізавета Баснійская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 21:47, 8 кастрычніка 2023, аўтар Artsiom91Bot (размовы | уклад) (Дзяцінства: вікіфікацыя, перанесена: → [[Буда (тытул)| з дапамогай [[Project:AWB|AWB)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)
Лізавета Баснійская
басн.: Elizabeta Kotromanić
Лізавета і Марыя ў турме
Лізавета і Марыя ў турме
Рэгент Венгерскага каралеўства
11 верасня 1382 — 16 студзеня 1387

Нараджэнне каля 1339
  • невядома
Смерць студзень 1387
Месца пахавання
Род Катраманічы
Бацька Стэфан II Катраманіч[d]
Маці Лізавета Куяўская[d]
Муж Людовік Венгерскі[1]
Дзеці Кацярына Венгерская[d], Марыя, каралева Венгрыі і Ядвіга Анжуйская
Веравызнанне каталіцтва
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Лізавета Баснійская, Лізавета Катраманіч (венг.: Kotromanić Erzsébet, польск.: Elżbieta Bośniaczka; 1340, Навіград (суч. Харватыя) — 16 студзеня 1387) — другая жонка караля Венгрыі і Польшчы Людовіка I Вялікага. Пасля смерці жонка была рэгенткай пры сваёй непаўналетняй дачцэ Марыі, якая стала венгерскай каралевай. Малодшая дачка Лізаветы Баснійскай, Ядвіга, стала каралевай Польшчы, была кананізавана Каталіцкай царквой.

Лізавета была дачкой бана Босніі Стэфана II з дому Катраманічаў. Яе маці, Лізавета Куяўская, была ўнучкай інаўроцлаўскага князя Земамысла.

Стэфан II адпрэчыў прапанову сербскага караля Стэфана IV Душана арганізаваць шлюб Лізаветы з яго сынам, таму што не жадаў саступаць каралю Сербіі земляў, якія той жадаў атрымаць у якасці пасагу. Лізавета Польская, маці караля Венгрыі Людовіка I, садзейнічала таму, каб Лізавета пераехала ў Буду. Пасля трох гадоў жыцця пры венгерскім двары каралева-маці арганізавала шлюб караля Людовіка і Лізаветы, хоць апошняй было толькі 13 гадоў. Першая жонка караля Венгрыі, Маргарыта Люксембургская, памерла, не пакінуўшы Людовіку дзяцей.

Вяселле адбылося ў Будзе 20 чэрвеня 1353 года. Вяселлю магла перашкодзіць тая акалічнасць, што Людовік і Лізавета знаходзіліся ў чацвёртай ступені сваяцтва праз князёў Куявіі, а шлюб сваякоў такой ступені Царквой у звычайных акалічнасцях забараняўся. Праблема была вырашана пасля таго, як Папа Інакенцій VI даў дыспенсацыю і пацвердзіў законнасць гэтага шлюбу.

Лізавета ніколі не была каранавана як каралева Венгрыі і не мела аніякай улады пры двары, знаходзячыся пад поўным кантролем сваёй свякрухі. У 1370 годзе Людовік стаў таксама і каралём Польшчы. Лізавета не была каранавана і як польская каралева, стаўшы такім чынам адной з пяці польскіх каралеў, якія не праходзілі гэту цырымонію.

Людовік і Лізавета не мелі дзяцей у першыя сямнаццаць гадоў шлюбу. Лізавету лічылі бясплоднай, а ўлічваючы той факт, што ад першай жонкі ў Людовіка таксама не было спадчыннікаў, гэта акалічнасць, здавалася, гарантавала дынастычны крызіс. Аднак сітуацыя рэзка змянілася, і за чатыры наступныя гады каралева нарадзіла трох дочак — Кацярыну (1370 год), Марыю (1371 год) і Ядвігу (1373 год). Старэйшая дачка памерла ва ўзросце 8 гадоў, пасля чаго Марыя стала разглядацца як спадчынніца абодвух прастолаў — венгерскага і польскага. Вядома, што Лізавета напісала кнігу па выхаванні сваіх дочак.

Лізавета і Марыя каля магілы Людовіка Вялікага

У 1382 годзе Людовік сканаў, 10-гадовая Марыя стала каралевай Венгрыі, а Лізавета выконвала ролю рэгента і фактычнага кіраўніка краіны. Вялікую ўладу пры двары Лізаветы набыў палацін Міклаш Гараі. У Польшчы, аднак, сітуацыя пайшла па іншым сцэнарыі. Шляхта на з'ездах выступіла супраць узыходжання Марыі на польскі прастол, запатрабавала прызнаць спадчынніцай польскага прастола тую венгерскую прынцэсу, якая будзе жыць увесь час у Польшчы, і склала для абароны гэтай пастановы канфедэрацыю. За гэтым пачалася барацьба палітычных партый, якая даходзіла да адкрытай міжусобіцы. Лізавета прапанавала ў якасці кандыдатуры на польскі трон сваю малодшую дачку Ядвігу, што дазволіла б выканаць умову пастаяннага пражывання ў Польшчы. Пасля двух гадоў перамоў 15 лістапада 1384 года Ядвіга была каранавана ў Кракаве. Пасля яна выйшла замуж за вялікага князя літоўскага Ягайлу, была падпісана Крэўская унія пра дынастычны саюз паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай, прычым Лізавета была адным з бакоў, якія ўдзельнічалі ў перамовах. Асабістая унія паміж Венгрыяй і Польшчай была такім чынам канчаткова разарвана.

Барацьба за прастол

[правіць | правіць зыходнік]

Марыя была заручана з Жыгімонтам Люксембургскім. Прадстаўнікі магутных венгерскіх і харвацкіх дваранскіх родаў, аднак, былі настроены супраць яго і падтрымлівалі кандыдатуру на венгерскі прастол Карла III, караля Неапаля, апошняга прадстаўніка Анжуйскай дынастыі па мужчынскай лініі. І Жыгімонт і Карл пагражалі прыйсці ў Венгрыю з войскам, першы збіраўся рэалізаваць заручыны, ажаніцца з Марыяй і кіраваць разам з ёй; другі не прызнаваў законнасці яе каранацыі і збіраўся зрынуць яе з венгерскага трона.

Карона Лізаветы Баснійскай

Паколькі ў абодвух выпадках Лізавета страчвала рэальную ўладу, яна пачала перамовы з каралём Францыі Карлам V, прапануючы руку Марыі яго сыну Людовіку Арлеанскаму. Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што для разрыву заручын з Жыгімонтам быў неабходны папскі дазвол, а Венгрыя і Францыя прызнавалі розных Папаў ва ўмовах Вялікай заходняй схізмы. Клімент VII, якога прызнавала Францыя, даў дазвол на разрыў заручын, пасля чаго ў красавіку 1385 года адбылося ўмоўнае вяселле па даверанасці паміж Марыяй і Людовікам Арлеанскім, якая праходзіла ў час адсутнасці жаніха.

Ні Жыгімонт, ні большая частка венгерскай шляхты не прызналі гэты шлюб. Праз чатыры месяцы Жыгімонт уварваўся ў Венгрыю з войскам і нягледзячы на процідзеянне Лізаветы сам ажаніўся з Марыяй. Пасля таго, як Жыгімонт увосень 1385 года вярнуўся ў Багемію, прыхільнікі Карла III дапамаглі яму на кароткі час захапіць уладу ў краіне. Каранацыя Карла адбылася ў снежні 1385 года, Лізавета і Марыя былі прымушаны на ёй прысутнічаць. Лізавета, аднак, не змірылася са звяржэннем з прастола сваёй дачкі, праз некалькі месяцаў пасля каранацыі Карл быў забіты па яе загадзе.

Палон і смерць

[правіць | правіць зыходнік]
Міклаш Гараі абараняе Лізавету і Марыю ад харватаў

Пасля забойства Карла пачалося паўстанне супраць Лізаветы, цэнтрам якога была Харватыя, звязаная з Венгрыяй асабістай уніяй. Харваты абвясцілі законным каралём Уладзіслава, сына Карла III, які пасля яшчэ шмат гадоў беспаспяхова змагаўся за венгерскі трон. Спрабуючы супакоіць сітуацыю, Лізавета і Марыя ў суправаджэнні палаціна Міклаша Гараі і ўзброенай аховы накіраваліся ў Харватыю. Па дарозе каралеўская карэта патрапіла ў засаду, ахова была перабіта, Міклаш Гараі забіты, а Лізавета з Марыяй узяты ў палон.

Палоненыя каралевы былі пасаджаны ў Навіградскі замак непадалёк ад Задара. Лізавета спрабавала тайна звязацца з Венецыяй, просячы дапамогі, але яе лісты былі перахоплены турэмшчыкамі. Удава Карла Маргарыта Дураца, якая была супраць планаў мужа стаць венгерскім каралём, настойвала на помсце. 16 студзеня 1387 года Лізавета была задушана ў вязніцы на вачах у дачкі. Марыя была вызвалена з палону войскамі свайго мужа Жыгімонта і кіравала Венгрыяй разам з ім аж да 1395 года, калі памерла пры родах. Барацьба Жыгімонта супраць караля Неапаля Уладзіслава і харватаў, якія падтрымлівалі яго, працягвалася аж да 1409 года, калі Уладзіслаў прадаў Далмацыю Венецыянскай рэспубліцы і адмовіўся ад далейшай барацьбы, сканцэнтраваўшы на італьянскіх справах.

Вуліца Лізаветы Катраманіч у Задары

Лізавета Баснійская была спачатку пахавана ў Задары, пазней яе цела было перавезена ў Секешфехервар, у пахавальню венгерскіх каралёў. Пасля яе ніводная жанчына не кіравала Венгрыяй аж да Марыі Тэрэзіі. У 1381 годзе Лізавета Баснійская вылучыла сродкі на стварэнне ракі Святога Сімяона Стоўпніка, мошчы якога захоўваюцца ў царкве Святога Сімяона ў Задары. Рака лічыцца адным з шэдэўраў харвацкага ювелірнага мастацтва. Адна з вуліц Задара названа ў яе гонар «Вуліцай Лізаветы Катраманіч».

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.