Бітва пад Палянамі
Бітва пад Палянамі адбылася 26 красавіка (7 мая) 1794 года падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі.
Сілы бакоў
[правіць | правіць зыходнік]Пасля бою пад Няменчынам расійскія атрады под камандаваннем палкоўніка Кірэева (150 данскіх казакоў) і падпалкоўніка Левіца (чатыры роты Нарвенскага і дзве роты Пскоўскага палкоў колькасцю 1 170 чалавек), якія былі рэшткамі расійскага гарнізона Вільні, адступілі на Міхалішкі. У мястэчку яны злучыліся з пяхотным палком М. І. Дзеева і батальёнам Эстляндскага егерскага корпуса на чале з падпалкоўнікам Шылінгам, які прыбыў з Пастаў. Палкоўнік Міхал Дзееў прыняў на сябе камандаванне аб’яднаным войскам (каля 3 300 чал.) і рушыў у бок Ашмян.
Віленскі камендант палкоўнік Якуб Ясінскі, жадаючы ліквідаваць пагрозу Вільні з боку расійскага войска, 5 мая вырушыў з Вільні дзвюма шчыльнымі калонамі cупраць палкоўніка М. Дзеева. Войска канфедэратаў складалася з 1-га, 3-га, 4-га і 7-га пяхотных палкоў, 1-й і 3-й конных брыгад, 1-га палка стражы татарскай Кіркора пад камандаваннем падпалкоўніка Бараноўскага. Да войска далучылася 5 тысяч мясцовых шляхціцаў і касінераў.
Ход бітвы
[правіць | правіць зыходнік]26 красавіка (7 мая) 1794 году ў 11 гадзін раніцы адбылася бітва пад Палянамі (7 км на поўнач ад Ашмян). Паўстанцы падзяліліся на шэсць калон і рушылі ў атаку. Пры набліжэнні на гарматны стрэл паўстанцы перашыхтаваліся ў два шэрагі і пачалі артыллерыйскі абстрэл. Палкоўнік М. І. Дзееў здолеў адбіць атакі і рушыў у штыкавую контратаку (5 рот Тамбоўскага палка, Эстляндскі батальён, 3 роты Нарвенскага палка і 2 роты Пскоўскага палка). Расійскія войскі наступалі больш за дзесяць вёрст, аднак не здолелі зламіць баявы строй канфедэратаў. Са змярканнем палкоўнік Якуб Ясінскі вырушыў у бок Вільні. Палкоўнік М. Дзееў быў не ў стане арганізаваць пераслед паўстанцаў.
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]У паўстанцаў палкоўнік М. Дзееў захапіў 3 вялікія і 3 малыя гарматы. Падчас бойкі паўстанцы страцілі каля 500 жаўнераў; 34 канфедэраты былі захоплены ў палон, у тым ліку адзін афіцэр. Расійскія страты — 173 жаўнеры і адзін праваслаўны святар.
2 (15) мая 1794 года М. Дзееў адправіў рапарт Л. Бенігсену аб бітве пад Палянамі. Па сведчанню М. Дзеева, «…вайскоўцы былі так раззлаваны, што не давалі пардону» (г.зн. не бралі ў палон).
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У часы міжваеннай Польскай Рэспублікі ў Палянах быў усталяваны гранітны помнік, які пазней быў знішчаны па загаду мясцовага старшыні калгасу.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Восстание и война 1794 года в литовской провинции (по документам российских архивов). М.: Книжный дом «ЧеРо», 2000. — 176 с., ил.
- Grabski А. Jan Wimmer i inni, Zarys dziejów wojskowości polskiej do roku 1864. — Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1966.
- Kukiel М. Zarys historii wojskowości w Polsce. — London: Puls, 1993. ISBN 0-907587-99-2.
- Zahorski А. Wypisy źródłowe do historii polskiej sztuki wojennej. Polska sztuka wojenna w okresie powstania kościuszkowskiego. Zeszyt dziesiąty. — Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1960.