Сібусава Эіці
Сібусава Эіці, 1-ы віконт Сібусава (яп.: 渋沢 栄一); 16 сакавіка 1840 ці 13 лютага 1840, Ханзава — 11 лістапада 1931, Нішыгахара, Токіа) — японскі дзяржаўны дзеяч і прадпрымальнік, вядомы як «бацька японскага капіталізму».
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў цяперашнім раёне Ціараідзіма горада Фукая ў прэфектуры Сайтама, быў старэйшым сынам заможнай сялянскай сям’і, якая займалася земляробствам, а таксама развядзеннем шаўкапрада і продажам яго коканаў.
З 7 гадоў Эйіці вывучаў «Лунь юй » («Гутаркі і меркаванні» Канфуцыя) і гісторыю разам са сваім стрыечным братам. З 12 гадоў падчас перапынкаў у сельскагаспадарчых працах ён наведваў школу выбітнага канфуцыянца Кайха Гёсона і школу класічнага баявога мастацтва Хакусин Іта-ру Цібы Эйдзіра (кірунак Гэмбукан) ў Эда, а таксама іншыя навучальныя ўстановы.
У 1863 годзе Сібусава, які прасякнуўся ідэямі вяртання ўлады імператару і выгнання замежнікаў , з сябрамі планаваў атрадам з 69 чалавек напасці на замежную калонію ў Якагаме. Напад не адбыўся, Сібусаве давялося хавацца, але яму знайшлі ўплывовага заступніка — князя Хітацубасі, будучага апошняга сёгуна з клана Такугава.
Спачатку Сібусава быў простым ваяром у войску князя, але праз паўтара года яго прызначылі займацца наборам, падрыхтоўкай і забеспячэннем княскага войска. Затым ён стаў намеснікам кіраўніка казначэйства клана Такугава.
Калі ў 1867 годзе Хітацубасі стаў сёгунам, яго малодшы брат князь Акітакэ адправіўся ў Парыж на Сусветную выстаўку. Суправаджаць яго было даручана Сібусаве. Пасля заканчэння выстаўкі, пабываўшы ў некалькіх еўрапейскіх краінах, ён застаўся на стажыроўцы ў Парыжы разам з Акітакэ.
У снежні 1868 года Сібусава вярнуўся ў Японію, дзе стаў адказваць за ўсю гаспадарку клана Такугава. Ён таксама заснаваў «Камерцыйную палату», якая сумяшчала функцыі банка і гандлёвага дома.
Пасля гэтага ён працаваў у Міністэрстве народных спраў (пазней — Міністэрства фінансаў), дзе займаўся падаткамі, зямельным кадастрам, прыняццем статутаў дзяржаўных банкаў, увядзеннем новай сістэмы мер і вагаў, заснаваннем шаўкапрадзільнай фабрыкі Таміёка. У 1872 годзе ён падрыхтаваў законапраект аб сістэме нацыянальных банкаў, затым падрыхтаваў законапраект аб прыватнай банкаўскай дзейнасці.
У 1873 годзе Сібусава сышоў з дзяржаўнай службы, каб заняцца бізнесам. Ён узначаліў створаны ім жа ў 1871 годзе Першы нацыянальны банк («Дайіці», пасля зліцця 1971 года — «Дайіці Кангэ», цяпер зліўся з банкам Мидзухо ), 12 кампаній, яшчэ ў 34 займаў кіруючыя пасады, прымаў удзел у стварэнні 109 прадпрыемстваў, у 87 быў дарадцам і аўдытарам. Гэтыя кампаніі займаліся банкаўскай справай, страхаваннем, чыгуначным транспартам, марскімі перавозкамі, гандлем, здабычай і перапрацоўкай выкапняў, хімічнай вытворчасцю і электратэхнічным абсталяваннем.
Таксама Сібусава стварыў і фінансаваў каля 30 каледжаў і некалькі ўніверсітэтаў, дзе рыхтавалі кадры для дзяржаўнай службы і бізнесу.
У 1887 годзе Сібусава сабраў сваіх сваякоў і знаёмых, і на працягу пяці вечароў апавядаў ім пра сваю маладосць. Пазней гэты аповяд, запісаны слухачамі, неаднаразова выдаваўся ў Японіі пад назвай «Гутаркі дажджлівымі вечарамі» (Амаёгатары).
У 1916 годзе Сібусава сышоў з усіх пастоў у камерцыйных структурах, каб цалкам прысвяціць сябе грамадскай і дабрачыннай дзейнасці. Яму быў падараваны тытул віконт.
Калі Сібусава памёр у 1931 годзе, то імператар даслаў у яго дом спецыяльнага пасланца для выражэння спачуванняў і дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Токіа, па якіх рухаўся пахавальны картэж.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Книга и меч: 180 лет отцу японского капитализма Сибусаве Эйити
- Сибусава Эйити: жизненный путь «адепта общественной пользы»
- БЕСЕДЫ ДОЖДЛИВЫМИ ВЕЧЕРАМИ
- Нарадзіліся 16 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1840 годзе
- Нарадзіліся ў Такайдо
- Памерлі 11 лістапада
- Памерлі ў 1931 годзе
- Памерлі ў Токіа
- Пахаваныя ў Токіа
- Кавалеры ордэна Узыходзячага сонца 1 класа
- Кавалеры ордэна Свяшчэннага скарбу 1 класа
- Кавалеры ордэна Свяшчэннага скарбу 3 класа
- Асобы
- Прадпрымальнікі Японіі
- Дзяржаўныя дзеячы Японіі