Пруская акадэмія навук
Пруская акадэмія навук (ням.: Preußische Akademie der Wissenschaften), таксама названая Берлінская акадэмія навук — акадэмія, заснаваная ў Берліне 11 ліпеня 1700 года.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Указ пра стварэнне акадэміі падпісаў прускі курфюрст Фрыдрых I, арганізацыя яе праходзіла пры актыўным удзеле Лейбніца, які таксама стаў яе першым прэзідэнтам. У момант заснавання акадэмія атрымала назву «Навуковае таварыства курфюрста Брандэнбургскага» (ням.: Kurfürstlich Brandenburgische Societät der Wissenschaften), прапанаваную Лейбніцам. Курфюрст адмовіўся фінансаваць дзейнасць акадэміі, але наўзамен падаў ёй манапольнае права на выданне календароў у Брандэнбургу.
У 1701 годзе Фрыдрых стаў каралём Прусіі, і акадэмія была адпаведна пераназвана ў Прускае каралеўскае навуковае таварыства (ням.: Königlich Preußische Sozietät der Wissenschaften). Таварыства атрымала для навуковых даследаванняў абсерваторыю (1709), анатамічны тэатр (1717), батанічны сад (1718). У 1710 годзе быў прыняты яго статут, які дзейнічаў да 1830 года. Навуковая рэпутацыя таварыства доўгі час была нізкай, часткова з-за невялікага фінансавання.
У 1744 годзе, ужо ў часы кіравання Фрыдрыха II, назва была зменена на Каралеўская акадэмія навук (ням.: Königliche Akademie der Wissenschaften). Фінансаванне акадэміі значна палепшылася, яна была пашырана і забяспечана лабараторыяй (1753), для ўдзелу і кіраўніцтва акадэміяй былі запрошаны першакласныя навукоўцы. У XIX стагоддзі Пруская акадэмія ўжо была аўтарытэтнай навуковай установай.
У XX стагоддзі пры нацыстах акадэмія падверглася расавай чыстцы. Пасля вайны ў 1946 годзе яна аднавіла сваю дзейнасць, але атрымала новую назву - Германская акадэмія навук (ням.: Deutsche Akademie der Wissenschaften,), а з 1972 года яна стала называцца Акадэміяй навук ГДР (ням.: Akademie der Wissenschaften der DDR). Пасля аб'яднання Германіі акадэмія стала называцца Берлінска-Брандэнбургскай акадэміяй навук (1992).
Вядомыя члены акадэміі
[правіць | правіць зыходнік]- Готфрыд Вільгельм Лейбніц — 1700
- Якаб Герман — 1701
- Дзмітрый Кантэмір — 1714
- Джавані дэ Палені — 174?
- Леанард Эйлер — 1741
- П'ер Луі дэ Маперцюі — 1742
- Жан Лерон Даламбер — 1745
- Шарль Луі дэ Мантэск’ё, замежны член — 1746
- Вальтэр — каля 1750
- Дэні Дзідро, замежны член — 1751
- Іаган Генрых Ламберт — 1763
- Готхальд Эфраім Лесінг, замежны член — 1769
- Франц Карл Ахард — 1782
- Імануіл Кант — 1786
- Аляксандр фон Гумбальт — 1786
- Фрыдрых Шлеермахер — 1810
- Браты Грым, Якаб і Вільгельм — 1840
- Карл Густаў Якаб Якобі — 1844
- Эліяс Лёнрат — 1850
- Густаў Адольф Кенгат — 1852
- Карл Веерштрас — 1856
- Герман Гельмгольц, член-карэспандэнт — 1857; замежны член — 1870; правадзейны член — 1871
- Карл Людвіг Гротэфенд — нямецкі археолаг, усходазнавец, нумізмат, архіварыус і гісторык.
- Тэадор Момзен — 1857
- Максіміліян Дункер — 1881[1]
- Фердынанд Георг Фробеніус — 1893
- Макс Планк — 1894
- Вольдэмар Фойгт — 1900
- Карл Шварцшыльд — 1912
- Альберт Эйнштэйн — 1914
- Макс фон Лаўэ — 1919
- Ота Ган — 1924
Прэміі
[правіць | правіць зыходнік]Акадэмія ўручае прэміі, сярод якіх медаль Гельмгольца.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пруская акадэмія навук
- History of the Academy of the Sciences Архівавана 29 красавіка 2009. (ням.)