Перайсці да зместу

Фецыялы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Фецыялы (ад лац.: fetiales) - старажытнарымская жрэчаская калегія (лац.: sodalitas), якая складалася з 20 пажыццёвых членаў, выбіраўшыхся шляхам кааптацыі, і займала ў шэрагу рымскіх жрэчаств, згодна са значэннем і рангам, першае месца пасля чатырох самых галоўных жрэчаскіх калегій (sacerdotum quator amplissima collegia - пантыфікаў, аўгураў, квіндэцэмвіраў свяшчэннадзеянняў і эпулонаў).

Заснаванне калегіі прыпісвалі Нуме Пампілію (таксама Тулу Гастылію і Анку Марцыю). Першапачаткова яны кааптаваліся з патрыцыяў. Абавязкам фецыялаў было захоўваць і прымяняць асобую галіну сакральнага права - так званае ius fetiale, якім вызначаўся фармальны бок прававых актаў, што санкцыявалі парушэнне, аднаўленне і замацаванне міжнародных адносін (абвяшчэнне вайны, даванне здавольвання, заключэнне міра і дамовы). Фецыялы былі як бы пасрэднікамі між багамі, з аднаго боку, і контрагентамі - з другога; яны адказвалі за правільнасць і законнасць актаў, якія вызначалі міжнародныя адносіны. Як пасрэднікі, яны выконвалі толькі прадвызначэнні дзяржавы (цара ці сената), па загаду якога яны дзейнічалі; у гэтым выпадку яны зваліся publici nuntii populi Romani. Калегіяльна яны выступалі толькі ў тых выпадках, калі трэба было выказаць на запыт магістрата меркаванне наконт даверанага ім фецыяльнага права (напрыклад, аб выдаванні асоб, якіх абвінавацілі ў абразе паслоў, парадку абвяшчэння вайны пры дадзеных умовах і г. д.). Падчас выканання абавязкаў сакральных дэпутатаў фецыялы дзейнічалі у кожным асобным выпадку ўдваіх; з іх адзін (verbenarius) нёс пучок набраных на Капіталійскім халме траў (sagmina), як сімвал недатыкальнасці паслоў, а іншы (pater patratus), у жрэчаскім адзенні, с жэзлам і свяшчэнным крэменем, узятымі з храма Юпітэра Ферэтрыя (гэтыя свяшчэнныя рэчы зваліся vasa), вёў перамовы і выконваў усталяваныя абрады. Verbenarius прымаў ад прадстаўніка ўлады (цара, консула, прэтара) паўнамоцтвы на выкананне даручэння і, атрымаўшы sagmina, дакранаўся ім да галавы і валос свайго калегі, які пасля выканання гэтага акта станавіўся pater patratus. Дамова (foedus) заключалася ў прысутнасці палкаводцаў і войск, пры пасрэдніцтве pater patrati абодвух бакоў (гэты парадак практыкаваўся пры заключэнні дагавораў толькі з італійцамі, бо інстытут фецыялаў існаваў толькі ў Італіі); кожны pater patratus пасля чытання тэксту дагавора ўрачыста абвяшчаў, што яго народ будзе свята выконваць прынятыя на сябе ўмовы, заклікаў багоў быць сведкамі клятвы і ў знак яе непарушнасці забіваў крэменем свінню, прыгаворваючы, што падобна таму, як ён забівае цяпер ахвярную жывёлу, так і Юпітэр паразіць пасля парушальнікаў дамовы.

У выпадку парушэння дамовы адным з бакоў фецыялы абражанага боку па даручэнню дзяржавы адпраўляліся да парушальнікаў дамовы патрабаваць здавольвання (res repetere); pater patratus клятвай пацвярджаў справядлівасць свайго патрабавання, заклікаючы багоў у сведкі сваіх слоў і паўтараючы некалькі разоў (пры ўступленні на варожую зямлю, пры сустрэчы з асобнымі яе грамадзянамі, каля гарадскіх варот і, нарэшце, перад народам на гарадской плошчы) формулу clarigato (патрабаванне здавольвання). Калі другі бок згаджаўся даць здавольванне, то pater patratus народа, які парушыў дамову, выдаваў вінаватых ці кампенсаваў нанесеную шкоду; у выпадку адмовы pater patratus патрабуючага здавольвання боку па прашэсці вызначанага часу (ад 10 да 30 дзён), які даваўся парушальнікам дамовы на абдумванне сваіх дзеяў, другі раз заклікаў багоў у сведкі парушэння клятвы і ў выпадку канчатковай адмовы вяртаўся на радзіму, дзе згодна з яго дакладам ставілася на абмеркаванне пытанне аб абвяшчэнні вайны. Калі абвяшчалася вайна, то да пачатку баявых дзеянняў pater patratus накіроўваўся да мяжы варожай тэрыторыі і ў прысутнасці па меншай меры трох паўналетніх сведак кідаў змочанае ў крыві кап'ё ў бок варожай тэрыторыі, гаворачы пры гэтым формулу абвяшчэння вайны. Калі тэатр баявых дзеянняў па меры развіцця рымскай дзяржавы стаў пераходзіць у аддаленыя краіны і за мора, дзе ў ворагаў не было адпаведнай рымскай сакральнай установы, дзейнасць фецыялаў пачала звужацца. Так, з першай паловы ІІІ стагоддзя да н.э. абавязкі паслоў для перамоў ускладаліся на асобых прызначаных сенатам упаўнаважаных (legati). Дольш за ўсё захоўваліся функцыі фецыялаў, якія былі звязаны з заключэннем дамоў і абвяшчэннем вайны, але абвяшчэнне вайны больш не патрабавала паездкі фецыялаў да варожай мяжы, а адбывалася каля храма Белоны каля Фламініева цырка. Тут знаходзіўся невялікі кавалак зямлі, які ў сілу прававой фікцыі быў прызнаны варожай тэрыторыяй, і pater patratus кідаў туды сваё кап'ё ад памежнага каменя. Такім чынам былі абвешчаны войны Аўгустам - Клеапатры (32 год да н.э.), Маркам Аўрэліем - маркаманам (178 год); Клаўдзій, нават не ад'язджаючы з Рыма, заключаў дамовы з іншаземнымі царамі. У імператарскі перыяд ролю pater patratus выконвалі імператары.