Валенсія (футбольны клюб)
Валенсія | ||||||
Поўная назва | Valencia Club de Fútbol | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 18 сакавіка 1919 | |||||
Горад | Валенсія, Гішпанія | |||||
Стадыён |
Мэстальля Умяшчальнасьць: 55 000 | |||||
Прэзыдэнт | Лайхун Чан[d] | |||||
Кіраўнік | Пітэр Лім[d] | |||||
Галоўны трэнэр | ||||||
Чэмпіянат | Ля Ліга | |||||
· 2023—2024 | 9 месца | |||||
| ||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы valenciacf.com (гішп.) (анг.) (кат.) |
«Вале́нсія» (па-гішпанску: Valencia) — гішпанскі футбольны клюб, які выступае ў Ля Лізе. Заснаваны ў 1919 годзе, базуецца ў аднайменным горадзе Валенсіі. У цяперашні час хатняй арэнай зьяўляецца стадыён «Мэстальля», што быў пабудаваны ў 1923 годзе й умяшчае 55 000 гледачоў. У 2013 годзе каманда плянавала перабрацца на новы стадыён на паўночна-заходзе гораду «Новая Мэстальля» (кат. Nou Mestalla), але ён усё яшчэ будуецца. «Валенсія» шэсьць разоў станавілася чэмпіёнам краіны, а апошнім разам гэта адбылося ў 2004 годзе. У гістарычнай клясыфікацыі Ля Лігі клюб займае трэцяе месца, адразу пасьля мадрыдзкага «Рэалу» й «Барсэлёны». На пачатку сэзону 2006—2007 гадоў «Валенсія» ў сьпісе самых заможных клюбаў сьвету займала 17-ы радок. З 2002 па 2008 гады клюб зьяўляўся чальцом арганізацыі эўрапейскіх футбольных клюбаў G-14. «Валенсія» займае трэці радок у сьпісе самых падтрымліваемых футбольных клюбаў Гішпаніі, пасьля «Рэалу» й «Барсэлёны»[2]. Да таго ж, клюб належыць да групы камандаў з самай вялікай колькасьцю асацыяваных прыхільнікаў.
«Валенсія» мае саперніцтва з клюбам «Вільярэал», які месьціцца ў 60 км на поўнач ад Валенсіі[3]. Суперніцтва дадаткова прыцягвае ўвагу тым, што гэтыя клюбы зьяўляюцца двума самымі пасьпяховымі ў рэгіёне. «Валенсія» таксама мае даўняе суперніцтва зь «Левантэ», які таксама базуецца ў Валенсіі, а таксама з двума іншымі клюбамі Валенсійскае аўтаноміі — «Эркулес» і «Кастэльён».
На працягу многіх гадоў, клюб дасягнуў сусьветнай рэпутацыі сваёй моладзевай акадэміі. Сярод выбітных выхаванцаў «Валенсіі» вылучаюцца такія таленты, як то Рауль Альбіёль, Андрэс Палёп, Мігель Анхэль Ангулё, Давід Альбэльда, Гаіска Мэнд’ета й Давід Сыльва. Сярод сучасных зорак, што прайшлі праз акадэмію «Валенсію», варта адзначыць такіх гульцоў, як то Іска, Жордзі Альба, Хуан Бэрнат, Хасэ Гая й Пака Алькасэр.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клюб быў заснаваны ў 1919 годзе двума сябрамі Актавіё Аўгуста Мілега Дыясам і Гансалё Мэдынэ Пэрнасам, прычым першы зь іх стаў прэзыдэнтам клюбу дзякуючы падкінутай манэтцы. Клюб згуляў свой першы матч на выезьдзе 21 траўня 1919 году з «Хімнастыкай» і атрымаў паразу зь лікам 0:1.
«Валенсія» перамясьцілася на пляцоўку «Мэстальля» (яшчэ не стадыён да таго часу, была пабудавана толькі адна трыбуна) у 1923 годзе, а да гэтага гуляла свае хатнія матчы на поле «Альгірас» з 7 сьнежня 1919 году. Першы матч на «Мэстальлі» «Валенсія» згуляла ўнічыю 0:0 з камандай «Кастэльён Кастылія», а на наступны дзень перамагла ў гэтай жа каманды зь лікам 1:0. «Валенсія» атрымала перамогу ў рэгіянальным чэмпіянаце ў 1923 годзе й упершыню ў сваёй гісторыі трапіла ў кубак Гішпаніі. Першы кубак для валенсійцаў быў правальным: перамогшы ў хатнім матчы ў «Спортынгу» зь лікам 1:0, каманда саступіла ў зваротнай сустрэчы 1:6. У выніку быў прызанчаны трэці матч, які валенсійцы таксама прайгралі зь лікам 0:2.
Грамадзянская вайна ў Гішпаніі прыпыніла ўзыходжаньне валенсійскай каманды, але ненадоўга: у 1940 годзе «Валенсію» ўзначаліў самы вядомы ў гісторыі клюбу прэзыдэнт — Люіс Касанова. У 1941 годзе каманда заняла ў першынстве Гішпаніі 3-е месца й стала ўладальнікам кубка Гішпаніі, абыграўшы ў фінале «Эспанёл». У сэзоне 1941—1942 гадоў клюб упершыню выйграў нацыянальны гішпанскі чэмпіянат. 1940-я гады сталі часам росквіту «Валенсіі»: каманда на роўных канкуравала з тагачаснымі лідэрамі гішпанскага футболу: «Барсэлёнай», мадрыдзкім «Атлетыка» й «Сэвільляй», тройчы (у 1942, 1944 і 1947 гадох) стаўшы чэмпіёнам і двойчы перамогшы ў Кубку Гішпаніі — у 1941 і 1949 гадох.
У 1950-х гадах клюб ня здолеў паўтарыць посьпех 1940-х, не зважаючы на тое, што як арганізацыя клюб значна вырас. Перабудова «Мэстальлі» прывяла да павелічэньня ўмяшчальнасьці да 45 тысяч гледачоў, а клюб здолеў прыцягнуць у свае шэрагі колькі гішпанскіх і замежных зорак. Гульцы, як то гішпанец Антоніё Пучадэс і нідэрляндзец Фаас Вількес сталіся аднымі з асноўных гульцоў клюбу. Сэзон 1952—1953 гадоў «Валенсія» скончыла на 2-м месцы, прапусьціўшы наперад толькі «Барсэлёну». У наступным сэзоне клюб атрымаў перамогу ўжо ў трэцім для свабе кубку Гішпаніі. У фінальным матчы «Валенсія» зьбіла «Барсэлёна» зь лікам 3:0 у Мадрыдзе, а на матчы прысутнічалі больш за 110 тысяч гледачоў. Сярод іншых выбітных гульцоў 1950-х, якія абаранялі колеры «Валенсіі», варта адзначыць Сальвадора Мансо, Вісэнтэ Асэнсі, Амадэо Ібаньеса й Бэрнардына Пэрэса.
На пачатку 1960-х гадоў «Валенсія» выступала ня вельмі ўдала ў чэмпіянаце краіне, аднак, менавіта ў гэты час клюб дамогся значнага посьпеху з эўрапейскіх турнірах. Гэтак у розыгрышу Кубка кірмашоў 1961—1962 гадоў «Валенсія» ў фінале перамагла «Барсэлёну». На наступны год валенсійцы зноўку апынуліся пераможцамі гэтага турніру, перамогшы ў фінале загрэбскае «Дынама». У сэзоне 1963—1964 гадоў «Валенсія» ў каторы раз запар дасягнула фіналу Кубка кірмашоў, але на гэты раз атрымала паразу ад «Сарагосы» зь лікам 2:1.
Былы зорны футбаліст мадрыдзкага «Рэалу» Альфрэда Дзі Стэфана ў 1970 годзе стаў галоўным трэнэрам «Валенсіі», і адразу ж гэта натхніла клюб на перамогу ў чэмпіянаце сэзону 1970—1971 гадоў. Дзякуючы гэтаму «Валенсія» атрымала права на ўдзел у Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў. «Валенсія» дасягнула трэцяга раўнду, але атрымала паразу ў абедзьвюх сустрэчах супраць вугорскага «Уйпэшту». У 1972 годзе клюб заняў другое месца ў Ля Лізе й кубку, прайграўшы толькі мадрыдзкім клюбам «Рэал» і «Атлетыка» адпаведна. Да самых вядомых гульцоў клюбу эпохі 1970-х гадоў звычайна далучаюць аўстрыйскага паўабаронцу Курта Яра, нідэрляндзкага нападніка Джоні Рэпа, нямецкага паўабаронцу Райнэра Бангофа й аргентынскага нападніка Марыё Кемпэса, які стаўнавіўся лепшым бамбардзірам Ля Лігі у сэзонах 1976—1977 і 1977—1978 гадоў. «Валенсія» атрымала чарговы кубак Гішпаніі ў 1979 годзе, апынуўшыся мацней за «Рэал», а таксама стала пераможцам Кубка ўладальнікаў кубкаў у сэзоне 1979—1980 гадоў, перайграўшы ў фінале ангельскі «Арсэнал». Галоўным ініцыятарам посьпехаў валенсійцаў стаў Кемпэс.
У 1982 годзе клюб прызначыў Міляна Міляніча ў якасьці галоўнага трэнэра. Аднак, сэзон з новым трэнэрам апынуўся вельмі няўдалым, «Валенсія» знаходзілася на 17-м месцы за сем тураў да сканчэньня чэмпіянату, калі Кольда Агірэ замяніў Міляніча на пасадзе галоўнага трэнэра. У выніку «Валенсія» ледзь пазьбегнула вылету толькі дзякуючы спрыяльным вынікам іншых клюбаў, што забясьпечыла для клюбу выратаваньне. Але далей клюб сутыктуўся зь фінансавай нестабільнасьцю за часам прэзыдэнцтва Вісэнтэ Торма. Клюб, у рэшце рэшт, усё ж такі вылецеў у другі дывізіён паводле вынікаў сэзону 1985—1986 гадоў, а праблемы толькі павялічыліся. «Валенсія» была няздольна сплаціць запазычанасьць перад гульцамі і супрацоўнікамі клюбу, а ў камандзе назіраўся нізкі маральны дух. Паніжэньне ў клясе апынулася першым для «Валенсіі» за 55 гадоў, якія клюб правёў у Ля Лізе.
Пасьля вылету новым прэзыдэнтам клюбу стаў Артура Тусон, які дапамог клюбу разьлічыцца зь фінансамі. Дзі Стэфана вярнуўся на пасаду галоўнага трэнэра ў 1986 годзе і здолеў прасунуць «Валенсію» назад у Ля Лігу. Дзі Стэфана застаўся на сваёй пасадзе ў наступным сэзоне 1987—1988 гадоў, калі клюб заняў 14-ы радок, замацаваўшыся ў найвышэйшым дывізіёне. У 1989 годзе «Валенсія» здолела падпісаць кантракт з баўгарскім нападнікам Любамірам Пеневым, што давзоліла клюбу ўмацаваць свае пазыцыі ў лізе. На сэзон 1991—1992 гадоў клюб ачоліў Гуўс Гідынк, які здолеў прывесьці каманду да 4-га месца ў чэмпіянаце, а таксама дасягнуць чвэрцьфіналу кубка Гішпаніі. У 1992 годзе «Валенсія» афіцыйна стала спартовай кампаніяй з абмежаванай адказнасьцю й захавала Гідынка на пасадзе галоўнага трэнэра да 1993 году.
Бразыльскі трэнэр Карлас Албэрту Парэйра, адразу пасьля перамогі на чэмпіянаце сьвету 1994 году, ачоліў «Валенсію». Амаль адразу ж, былі складзены дамовы з брамнікам Андоні Субісарэтам і нападнікамі Алегам Саленка і Прэдрагам Міятавічам, але Парэйрай ня здолеў дасягнуць вынікаў, якіх ад яго чакалі. Яму на зьмену прыйшоў новы трэнэр Хасэ Мануэль Рыелё. Сярод гульцоў у камандзе зьявіліся Рамарыю, Кляўдыё Лёпэс, Арыель Артэга і Адрыян Іліе.
Ачоленыя Кляўдыё Раньеры, «Валенсія» пачала сэзон 1999—2000 гадоў перамогай у Супэркубку Гішпаніі, адолеўшы «Барсэлёну». «Валенсія» заняла трэцяе месца ў чэмпіянаце, адстаўшы толькі на чатыры пункты ад «Дэпартыва», які стаў чэмпіёнам, і маючы з «Барсэлёнай» аднолькавую колькасьць пунктаў, але лепшыя вынікі ў асабістых сустрэчах з валенсійцамі. Тым ня менш, самым вялікім посьпехам клюбу таго сэзону стаў выхад каманды ў фінал Лігі чэмпіёнаў, дзе валенсійцы саступілі «Рэалу» зь лікам 3:0. Тая сустрэча праходзіла ў Парыжы 24 траўня 2000 году. Фінальны матч стаў разьвітальным для Кляўдыё Лёпэса, як падпісаў кантракт зь «Ляцыё». Акрамя таго, з клюбу сышлі Хавіер Фарынос і Жэрар Лёпэс, якія адправіліся ў «Інтэрнацыянале» й «Барсэлёну», адпаведна. Аднак, «Валенсія» лёгка здолела папоўніць склад,склаўшы дамовы з Джонам Кар’ю, Рубэнам Барахам, Рабэрта Аялам, Вісэнтэ Радрыгесам і Фабію Аўрэлію. Таксама ў студзені да клюбу далучыўся Паблё Аймар. Бараха, Аймар, Вісэнтэ і Аяла неўзабаве сталіся сапраўднымі лідэрамі «Валенсіі», якія забясьпечылі дамінаваньне клюбу ў Гішпаніі на пачатку 2000-х гадоў.
«Валенсія» выдатна пачала сэзон 2000—2001 гадоў у Ля Лізе, ачоліўшы табліцы ў хуткім часе пасьля старту. Аднак, пасьля калядаў, справы клюбу ва ўнутранным першынстве крыху незаладзіліся. Гэта было зьвязана з моцным выступам «Валенсіі» ў Лізе чэмпіёнаў. Каманда, ачоленая Эктарам Купэрам, здолела пераўзысьці «Арсэнал» у чвэрцьфінале і «Лідс Юнайтэд» у паўфінале й выйсьці ў фінал спаборніцтва, дзе валенсійцаў чакала «Баварыя». Такім чынам, «Валенсія» двойчы запар дабралася да фіналу эўрапейскага турніру. На гэты раз фінал праходзіў ў Міляне на стадыёне Сан-Сыра 23 траўня. Першы гол у сустрэчы быў забіты валенсійскім паўабаронцам Гаіска Мэнд’етам, які рэалізаваў пэнальці ў самым пачатку сустрэчы. Затым брамнік «Валенсіі» Сант’яга Каньісарэс выцягнуў стрэл Мэгмэта Шоля з пэнальці, аднак Штэфан Эфэнбэрг усё ж забіў гол у браму гішпанцаў таксама з пэнальці пасьля перапынку матча. Дадатковы час пераможца гэтак і ня высьвятліў, а лёс трафэю быў вызначаны ў сэрыі пэнальці, дзе мацней апынуліся футбалісты «Баварыі». У чэмпіянаце «Валенсія» скончыла сэзон на 5-м месцы па-за зонай Лігі чэмпіёнаў. У апошнім матчы сэзону «Валенсіі» была патрэбна толькі нічыя на Камп Ноў у матчы супраць «Барсэлёны». Тым ня менш, на апошняй хвіліне «Барсэлёна» здолела выратаваць матч, перамогшы зь лікам 3:2, і заняць 4-е месца, апярэдзіўшы «Валенсію» толькі паводле вынікаў асабістых сустрэчаў.
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гішпанскія спаборніцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чэмпіёны Гішпаніі (6):
- 1942, 1944, 1947, 1971, 2002, 2004
- Уладальнікі Кубка Гішпаніі (7):
- 1941, 1949, 1954, 1967, 1979, 1999, 2008
- Уладальнікі Супэркубка Гішпаніі (1):
- 1999
Міжнародныя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Уладальнікі Кубку ўладальнікаў кубкаў УЭФА (1):
- 1980
- Уладальнікі кубку УЭФА (1):
- 2004
- Уладальнікі кубку кірмашоў (2):
- 1962, 1963
- Уладальнікі Супэркубку УЭФА (2):
- 1980, 2004
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Актуальны на 12 верасьня 2024 году
|
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт клюбу (анг.) (гішп.) (яп.)
- Сайт заўзятараў
- Сайт заўзятараў
- Аб’яднаны сайт расейскамоўных заўзятараў (рас.)