Выбарная манархія
Выбарная манархія — тып манархіі, калі новы манарх пасьля спыненьня паўнамоцтваў папярэдняга абіраецца парлямэнтам, чальцамі манархавай сям’і альбо іншым адмысловым органам ці простым галасаваньнем грамадзянаў дзяржавы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выбарная манархія часта ўжывалася ў архаічных дзяржавах: старажытнарымскія цары абіраліся каміцыямі, вялікія князі на Русі — зьездамі князёў. У шмат якіх краінах, як, прыкладам, у Францыі, дзе спадчыньнік прастола сьцьвярджаўся пры жыцьці манарха-бацькі, сярэднявечнай Скандынавіі, карэйскай дзяржаве Сіла, па меры ўмацаваньня інстытута абсалютнай манархіі адбыўся пераход да спадчыннай манархіі.
Клясычнымі прыкладамі выбарных манархій могуць служыць Вестгоцкае каралеўства, Сьвятая Рымская імпэрыя, дзе імпэратар абіраўся сямю курфюрстамі, Польшча (пазьней Рэч Паспалітая), дзе са спыненьнем дынастыі Пястаў у 1370 годзе кароль стаў абірацца соймам і была афіцыйна абвешчана рэспубліка.
У Мангольскай імпэрыі і яе аскепках хан абіраўся на агульнанародным курултаі з «залатога роду», то бок зь ліку простых нашчадкаў Чынгісхана. На агульнанародным сходзе права голасу мелі ваяры — то бок практычна ўсё сталае мужчынскае насельніцтва Орды. У Казахскім ханстве абраньне адбывалася зь ліку султанаў, што зьяўляюцца нашчадкамі Чынгісхана.
У Новы час выбарны прынцып часта ўжываўся пры падставе новых дзяржаваў — так былі абраны для падставы дынастыі першыя каралі Грэцыі, Румыніі, Баўгарыі і Нарвэгіі, дзе надалей пасад перадаваўся па спадчыне. У Расеі на царства быў абраны Міхал Фёдаравіч Раманаў пасьля спыненьня дынастый Рурыкавічаў і Гадуновых і няздольнасьці Шуйскага заснаваць сваю дынастыю. Таксама манархі абіраліся пасьля зрушэньня старых дынастый, — так парлямэнтамі сваіх краінаў былі абраны каралі Англіі Генрых ІV і Вільгельм ІІІ Аранскі і кароль Францыі Луі-Піліп.
Выбарнай манархіяй таксама была недаўгавечная Імпэрыя Гаіці, што існавала ў 1804—1806 гадах.
Сучасныя выбарныя манархіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У наш час клясычная выбарная манархія існуе толькі ў чатырох краінах сьвету:
- Ватыкан, дзе папа рымскі пажыцьцёва абіраецца канклавам кардыналаў .
- Камбоджа, дзе кароль пажыцьцёва абіраецца Каралеўскай радай трона зь ліку чальцоў манаршай сям’і.
- Малайзія, дзе Вярхоўны кіраўнік (Янг ды-Пертуан Агонг) абіраецца на пяцігадовы тэрмін кіраўнікамі султанатаў Малайзыі са свайго ліку. Пры гэтым у малайзійскім штаце Негеры-Сембілан кіраўнік таксама абіраецца Кіроўнай радай
- Мальтыйскі ордэн, дзе Князь і Вялікі магістр абіраецца пажыцьцёва.
Таксама рысы выбарнай манархіі маюць:
- Андора, дзе адным з двух кіраўнікоў зьяўляецца прэзыдэнт Францыі, які выбіраецца францускімі грамадзянамі на пяць гадоў;
- Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе прэзыдэнтам абіраецца на пяцігадовы тэрмін адзін са спадчынных эміраў (па традыцыі гэтую пасаду займаюць толькі эміры Абу-Дабі);
- Эсўатыні, дзе члены сям’і выбіраюць зь ліку манархавых жонак маці будучага караля;
- Саудаўская Арабія, дзе спадчыньнік прастола абіраецца на сямейнай радзе дынастыі Саудзітаў зь ліку сваіх чальцоў.
Да 2007 выбарнай манархіяй была таксама Самоа, дзе з атрыманьнем незалежнасьці правадыры Тупуа Тамасесе Меаоле й Маліетоа Танумафілі былі абраныя сумеснымі кіраўнікамі дзяржавы пажыцьцёва, аднак, паводле канстытуцыі, са сьмерцю апошняга кіраўнік дзяржавы стаў абірацца парлямэнтам на пяцігадовы тэрмін. Акрамя гэтага, радай плямёнаў абіраецца кароль маары, які не мае рэальнай улады ў Новай Зэляндыі, правадыры ва Уоліс і Футуне, каралі ў некаторыя традыцыйных афрыканскіх манархіях.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|