Кальмар (Францыя)
Кальмар | |||||
франц. Colmar | |||||
Ру-дэ-Тэт (вул. Галоваў) у цэнтры Кальмару | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1226 | ||||
Краіна: | Францыя | ||||
Рэгіён: | Гранд-Эст | ||||
Дэпартамэнт: | Верхні Райн | ||||
Плошча: | 66,57 км² | ||||
Вышыня: | 175—214 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2013) | |||||
колькасьць: | 67 956 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 1020,82 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | 389 | ||||
Паштовы індэкс: | 68000—8033 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 48°4′52″ пн. ш. 7°21′18″ у. д. / 48.08111° пн. ш. 7.355° у. д.Каардынаты: 48°4′52″ пн. ш. 7°21′18″ у. д. / 48.08111° пн. ш. 7.355° у. д. | ||||
Кальмар | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.colmar.fr/ |
Кальма́р (па-француску: Colmar, вымаўляецца [kɔlmaʁ ], па-нямецку: Colmar, па-эльзаску: Kulmer [ku:lmër]) — горад на паўночным усходзе Францыі, у рэгіёне Гранд-Эсьце (да 1 студзеня 2016 — у рэгіёне Эльзасе), адміністрацыйны цэнтар дэпартамэнту Верхняга Райну. Насельніцтва на 2013 год — 67 956 чал. (другі паводле велічыні горад Верхняга Райну пасьля Мюлюзу). Разьмешчаны ў сэрцы вінаробчага рэгіёну, Кальмар атрымаў мянушку «сталіцы Эльзаскіх він»[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кальмар упершыню згадваецца ў 823 годзе пад назвай Columbarium (т.б. галубятнік), як уладаньне караля франкаў Людовіка I Пабожнага. Каля 1000 году на месцы сучаснага калегіюму Сьв. Мартына была пабудавана першая царква. У 1106 горад згарэў. У 1156, 1179 і 1186 горад наведваў імпэратар Фрыдрых I Барбароса. У 1226 Кальмар становіцца імпэрскім горадам непасрэдна пад уладай Фрыдрыха II[2]. У гэты час у горадзе асталяваліся прадстаўнікі розных хрысьціянскіх ордэнаў: францішкане, дамінікане, аўгустыны. У 1295 была пабудавана першая ратуша, а ў 1337 — рачны порт. У 1354 Кальмар далучыўся да дэкаполісу — зьвязу дзесяці вольных гарадоў Эльзасу. У 1376 горад атрымаў права выбіваць уласную манэту. У 1418 у Кальмары прайшла эпідэмія чумы. У 1512 з гораду прагналі габрэяў. У 1575 у горадзе афіцыйна дазваляецца лютэранства (побач з каталіцтвам). У час Трыццацігадовае вайны Кальмар быў заняты ў 1632 годзе швэдамі. У 1673 годзе горад занялі французы, а ў 1679 паводле Німвэгенскіх мірных дамоваў ён афіцыйна стаў часткай дзяржавы Людовіка XIV. З 1791 Кальмар стаў цэнтрам дэпартамэнту Верхняга Райну, а па заканчэньні франка-прускай вайны (1870—1871) — часткай райхслянду Эльзас-Лятарынгіі. Але ўжо ў 1918, па выніках Першай сусьветнай вайны горад зноў адыйшоў да Францыі. 22 жніўня 1926 увайшло ў гісторыю гораду як Кальмарская крывавая нядзеля: на гэты дзень прэфэктура дала дазвол прыхільнікам аўтаноміі на правядзеньне мітынгу, але францускія нацыяналісты пры дапамозе жандармэрыі напалі на дэманстрантаў і нават паранілі некаторых зь іх[3]. З 1940 горад быў заняты войскамі Трэцяга Райху, пакуль 2 лютага 1945 яго ня вызвалілі войскі антыгітлераўскае кааліцыі. З таго часу ён належыць Францыі.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл Сьвятога Мартына (асноўная частка пабудавана ў 1234—1365 гг.)
- Касьцёл Дамініканаў (XIII ст.)
- Былы кляштар дамініканак Унтэрліндэн (XIII ст.; цяпер музэй)
- Будынак Койфгаўс (Старая Мытня; 1480)
- Дом з Галовамі (1609)
- Квартал Гарбароў
- Квартал Малая Вэнэцыя
- Музэй Бартольдзі — францускага скульптара, аўтара Статуі Свабоды
- 12-мэтровая копія Статуі Свабоды
- Музэй цацак і міні-цягнікоў
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мартын Шэнгаўэр — мастак канца XV ст.
- Агюст Бартольдзі — скульптар, аўтар Статуі Свабоды
- Ганзі (1873-1951) — мастак
- Лэтысія Бляжэ — Міс Францыя-2004
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Квартал «Малая Вэнэцыя»
-
Будынак Койфгус (Старая мытня)
-
Калегіяльная царква сьв. Мартына
-
Ізэнгаймскі алтар у Музэі Унтэрліндэн
-
Дом з Галовамі
-
Квартал Гарбароў
-
Чыгуначны вакзал
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Histoire du vignoble alsacien Alsace vins : votre site sur les vins alsacien
- ^ De 823 à 1499 - Des origines à la cité médiévale Office de Tourisme
- ^ [1]
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кальмар (Францыя) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў