Крыт
Крыт (па-грэцку: Κρήτη, Krḗtē) — востраў ва ўсходняй частцы Міжземнага мора паміж Эўропай, Азіяй і Афрыкай. Належыць Грэцыі і зьяўляецца адной зь яе пэрыфэрыяў (рэгіёнаў).
Прырода
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэльеф Крыту гарысты, моцна расчлянёны, створаны альпійскімі гораўтваральнымі рухамі. Вылучаецца некалькі вялікіх масіваў: на ўсходзе — Лясіты, або Дыкты (вышыня да 2148 м), у цэнтры — Іда (да 2456 м), на захадзе — Лефка-Оры (да 2452 м). Паміж гарамі Іда і Лефка-Оры знаходзіцца Сярэднекрыцкае пласкагор’е вышынёю 600—800 м. Схілы горных масіваў, расчлянёныя глыбокімі цясьнінамі, на поўдні стромка абрываюцца да мора, на поўначы зьніжаюцца паката і ствараюць шэраг паўастравоў і мысаў. На поўдні — Мэсарская раўніна, якая са старажытнасьці была жытніцай востраву. Горы складзены пераважна з мэзазойскіх вапнякоў (на захадзе — з сланцаў), пашыраны карст. Радовішчы жалезных руд, бурага вугалю. Частыя землятрусы.
Клімат міжземнаморскі. На ўзьбярэжжы сярэдняя тэмпэратура студзеня 12 °C, ліпеня 26 °C. Ападкаў на захадзе выпадае 800 мм за год, на ўсходзе — 200—400 мм; у гарах — больш за 1000 мм, частыя сьнегапады, сьнег на вяршынях ляжыць да траўня. Летняя засуха доўжыцца 6-7 месяцаў. Глебы горна-карычневыя, на нізінах алювіяльныя. Расьліннасьць другаснага паходжаньня. Пераважае нізкарослая фрыгана (ладаньнік, лаванда, верас, жаўтазель, малачай, шалфей і інш.). У больш вільготных раёнах вечназялёныя хмызьнякі (маквіс). У гарах на вышыні 800—1600 м трапляюцца рэдкалесьсі з дубу палясьцінскага, хвоі калабрыйскай, плятану, кіпарысу гарызантальнага. На вяршынях гораў — альпійскія лугі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старажытная гісторыя Крыту поўная казачных паданьняў пра цара Мінаса, Кноскі лябірынт, Мінатаўра і інш.
Сьляды дзейнасьці чалавека на Крыце вядомы з часоў палеаліту. Крыт — адзін з цэнтраў найстаражытнейшай эўрапейскай культуры (глядзіце Крыта-мікенская культура, Крыцкае палацавае пісьмо). У ІІІ тыс. да н. э. тут узьніклі першыя ў Эўропе гарады-дзяржавы (Кнос, Фэст і інш.). У II тыс. да н. э. увесь Крыт, верагодна, быў аб’яднаны пад уладай цароў Кносу ў магутную дзяржаву, якая дасягнула росквіту ў 17—16 ст. да н. э.: мела вялікі флёт і, паводле паданьня, захаванага старажытна-грэцкімі гісторыкамі, панавала на Эгейскім моры. У 14 ст. да н. э. частка Крыту заваявана кааліцыяй ахэйскіх царстваў мацерыковай Грэцыі; у 12 ст. ахэйскія дзяржавы тут распаліся пад націскам дарыйцаў. З утварэньнем на яго тэрыторыі грэцкіх калёніяў на востраве ўзьніклі гарады-рэспублікі. У 68 г да н. э. гэты востраў заваявалі рымляне. Калі на Крыце зьявілася хрысьціянства, невядома. Відаць, першым япіскапам на востраве быў Ціт, які, паводле Бібліі, пражыў 94 гады, да якога зьвяртаўся ў пасланьні апостал Павал (64 г.).
З 395 году н. э. востраў належаў Бізантыі, у 823—961 арабам, у 961—1204 зноў Бізантыі, у 1204 заваяваны крыжакамі і прададзены Вэнэцыі. У пэрыяд вэнэцыянскага панаваньня шматлікія паўстаньні мясцовага насельніцтва; у XV—XVII ст. разьвівалася культура, асабліва жывапіс (Эль Грэка) і літаратура (В. Карнарас) — г. зв. крыцкі рэнэсанс. У 1669 (канчаткова ў 1715) заваяваны Турцыяй. Насельніцтва Крыту ўдзельнічала ў Грэцкай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—1829 гадоў. У 1866—1869, 1878, 1887, 1895, 1896—1897 адбыліся Крыцкія паўстаньні супраць турэцкага панаваньня. У 1898 Крыт атрымаў адміністрацыйную аўтаномію. Пасьля Балканскіх войнаў 1912—1913 гадоў паводле грэцка-турэцкага дагавору ад 14 лістапада 1913 году далучаны да Грэцыі. У ІІ сусьветную вайну ў траўні 1941 году акупіраваны войскамі нацысцкай Нямеччыны ў выніку паветрана-дэсантнай апэрацыі (найбуйнейшая паветраная апэрацыя вэрмахту ў час вайны). Вызвалены ў лістападзе 1944.
Гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На раўнінах і тэрасах плянтацыі аліваў, вінаграднікі, ворная зямля пад пшаніцай, кукурузай, тытунём. Авечкагадоўля, рыбалоўства, промысел марскіх губак.
Асноўныя парты Іракліян і Ханья.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нацыянальны парк Самарыя (ахова горнай фаўны і флёры). Захаваліся шматлікія помнікі антычнай культуры і сярэднявечча.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Паўночна-заходняе ўзьбярэжжа
-
Даліна Мэсара
-
Плято Лясіфі
-
Возера Курнас
-
Аліўкавы гай
-
Яшчарка
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Крыт // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3