Перайсьці да зьместу

Меншавікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Павал Аксельрод, Юлі Мартаў ды Аляксандар Мартынаў у Стакгольме (16 траўня 1917 року)

Меншавікі — сябры памяркоўнага крыла Расейскай сацыял-дэмакратычнай работніцкай партыі (РСДРП), якую ўзначальвалі Юлі Мартаў, Фёдар Дан, Іраклі Цэрэтэлі, Павал Аксельрод ды іншыя.

Палітычны погляды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гумарыстычная выява бальшавікоў і меншавікоў на паштоўцы. 1917 р.

Раскол РСДРП на бальшавікоў і меншавікоў адбыўся на II зьезьдзе РСДРП, пры галасаваньні па 1-м параграфе статуту партыі. Бальшавікі трымалі курс на гегемонію пралетарыяту ў будучай рэвалюцыі. Уладзімер Ленін хацеў стварыць згуртаваную, баявую, чотка арганізаваную, дысцыплінаваную пралетарскую партыю. «Мартаўцы» стаялі за больш вольную асацыяцыю, арыентаваліся на лібэральную буржуазію. Прыхільнікі Леніна адстойвалі «праграму максымум», у якой прапаноўвалася поўнае зьнішчэньне буржуазнае клясы і стварэньня працоўнага руху, а прыхільнікі Мартава «праграму мінімум», у якой улічваліся інтарэсы дробных буржуа і сялянаў. З гэтай прычыны яны і атрымалі пазначэньні «бальшавікоў» і «меншавікоў» адпаведна. Надалей гэтыя групы то намагаліся аб’яднацца, та разыходзіліся, але, як выявілася, раскол адбыўся канчатковы, хоць неаднаразова былі пераходы як ад меншавікоў да бальшавікоў (напрыклад, Льва Троцкага), так і наадварот.

У адрозьненьне ад бальшавікоў, якія аж да XIX зьезду партыі называлі сябе так афіцыйна (РСДРП (б) — РКП (б)ВКП (б), дзе (б) азначало «бальшавікоў»), слова «меншавік» заўжды было нефармальным — партыя менавалася сацыял-дэмакратычнаю.

Меншавікі не выступалі за ўстанаўленьне пралетарскай дыктатуры і не знакамітыя такімі гістарычнымі постацямі, як Уладзімер Ленін ці Ёсіп Сталін (Троцкі стаў граць вялікую гістарычную ролю, стаўшы бальшавіком), але іхні ідэйны і тэарэтычны ўзровень, як правіла, быў вышэйшы за бальшавіцкі. Калі сярод старых бальшавікоў акрамя Леніна і Бухарына практычна не было вялікіх ідэолягаў і тэарэтыкаў-марксістаў, дык сярод меншавікоў можна назваць імёны тэарэтыкаў Георгія Пляханава, Юлія Мартава, Мікалая Чхеідзэ, Фёдара Дана. Аднак ва ўмовах Расеі палітычны ўплыў меншавікоў быў менш значным, ніж бальшавікоў.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі меншавікі ўвайшлі ў склад Часовага ўраду і атрымалі вялікі ўплыў у Саветах (тут трэба асабліва адзначыць ролю М. Чхеідзэ, І Цэрэтэлі, Ф. Дана, М. Лібера).

Пасьля кастрычніцкага перавароту часта выступалі супраць бальшавікоў. Дзейнасьць партыі то забаранялі, то дазвалялі, пакуль канчаткова не забаранілі.

Доля большасьці меншавікоў была трагічнаю — частка зь іх зазнала рэпрэсіі пад час «чырвонага тэрору» часоў грамадзянскай вайны, іншым давялося эміграваць, некаторыя былі рэпрэсаваныя пад час расправы над так званым «Саюзным бюро ЦК меншавікоў» (працэс 1931 року).

Увесну 1931 року ў Маскве пачаўся чарговы публічны працэс. Гэтым разам на лаве падсудных апынуліся 14 асобаў з «Саюзнага бюро ЦК меншавікоў». З 1 па 9 сакавіка 1931 яны выслухалі набор стандартных абвінавачваньняў: ад развалу савецкай эканомікі да ўстанаўленьня сувязі з урадамі імпэрыялістычных дзяржаваў. Сярод тых, хто праходзіў па гэтым працэсе, выявіліся сябар Прэзыдыюму Дзяржпляну Уладзімер Громан, вядомы эканаміст і журналіст Мікалай Суханаў, сябра праўленьня Дзяржбанку СССР Шэр. Усе яны «прызналі» сябе вінаватымі і атрымалі ад 3 да 10 рокаў пазбаўленьня волі.

Канчатковую кропку паставіў «вялікі тэрор» 1936–1938 рр.

Тым ня менш асобным меншавікам, якія афіцыйна зьмянілі перакананьні, удалося выжыць і нават дасягнуць значных пасадаў, напрыклад Андрэю Вышынскаму, які стаў Генэральным пракурорам, пазьней міністрам замежных справаў і кандыдатам у сябры Прэзыдыюма (Палітбюро) ЦК КПСС, дыпляматычныя кар’еры зрабілі таксама Іван Майскі, Аляксандар Траяноўскі.

Меншавіцкая Грузія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ноэ Жарданія, прем’ер-міністар Грузіі (1918—1921)

Вялікіх пасьпехаў дасягнулі меншавікі ў Грузіі. 26 траўня 1918 яны абвясьцілі незалежную дэмакратычную рэспубліку. Кіраўніком ураду стаў Ной Жарданія, важную ролю гралі Чхеідзэ і Цэрэтэлі. Аднак у 1921 Чырвоная армія заняла Грузію і ўсталявала там савецкую ўладу.

  • Меньшевики в 1918 году / Отв.ред. З.Галили, А.Ненароков; Отв.сост. Д.Павлов. — М.: РОССПЭН, 1999. — 798 с.
  • Меньшевики в 1919—1920 гг. / Ответ. ред.: Галили З., Ненароков А.; Отв. сост. Павлов Д. — М.: РОССПЭН, 2000. — 935 с.
  • Меньшевики в 1921—1922 гг. / Ответ. ред.: Галили З., Ненароков А.; Отв. сост. Павлов Д. — М.: РОССПЭН, 2002. — 622 с.
  • Меньшевики в 1922—1924 гг. / Ответ. ред.: Галили З., Ненароков А.; Сост. А.Ненароков. — М.: РОССПЭН, 2004. — 728 с.
  • Меньшевики в советской России: Сб.док. — Казань: [Б.и.], 1998. — 228 с.
  • Урилов И. Х. История российской социал-демократии (меньшевизма). — Ч.1. Источниковедение. — М.: Раритет, 2000. — 286 с.; Ч.2. Историография. — М.: Раритет, 2001. — 350 с.
  • Тютюкин С. В. Меньшевизм: Страницы истории / С. В. Тютюкин. — М.: РОССПЭН, 2002. — 560 с.
  • Liebich A. From the Other Shore. Russian Social Democracy after 1921. — Harvard: Harvard University Press, 1997. — 476 p.
  • Brovkin V. The Mensheviks after October: Socialist Opposition and the Rise of the Bolshevik Dictatorship. — Ithaca and London: Cornell University Press, 1987. — 329 p.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]