Палеазой
Палеазо́йская э́ра (група), палеазой — першая эра фанэразою. Пачалася 541 мільён рокаў таму, працягвалася 289 мільёнаў рокаў. Падзяляецца на шэсьць пэрыядаў: кембр, ардовік, сылюр, дэвон, карбон, перм. Першыя тры зь іх звычайна аб’ядноўваюць у раньні палеазой, апошнія тры — у позьні.
У тэктанічным пляне палеазой адметны працэсамі каледонскага (кембр — сылюр) й герцынскага (дэвон — перм) гораўтварэньня. На пачатку эры ўсе кантынэнты, уключаючы Гандвану й шэраг паўночных, знаходзіліся ў паўднёвым паўшар’і. Пад канец палеазою ўсе яны аб’ядналіся ў супэркантынэнт Пангея.
Клімат палеазою неаднаразова зьмяняўся. На мяжы ардовіку й сылюру адбылося пахаладаньне, у дэвоне й раньнім карбоне — пацяпленьне, у позьнім карбоне й раньняй пермі — зьледзяненьне Гандваны, у позьняй пермі клімат зрабіўся цёплым і сухім.
На працягу эры ішла эвалюцыя шматклеткавых арганізмаў. Жыцьцё выйшла на сушу, паступова займаючы розныя экалягічныя нішы. Адначасова ў палеазоі адбылося 13 выміраньняў, найвялікшымі зь якіх былі ардовіцка-сылюрыйскае, позьнедэвонскае й перма-трыясавае.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Палеазой — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў