Расейска-швэдзкая вайна (1788—1790)
Расейска-швэдзкая вайна | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Бітва ў Швэдзкай пратоцы пэндзлю Ёган Тытрыха Шульца | |||||||||||
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
| Швэцыя Асманская імпэрыя | ||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
38 720[3] | 38 000[3] | ||||||||||
Страты | |||||||||||
2640 забітыя ці параненыя[1] 6000 паланёныя | 3000 забітыя ці параненыя 4500 паланёныя | ||||||||||
Расейска-швэдзкая вайна 1788—1790 рокаў (у Швэцыі называецца Расейскай вайной Густава III, у Фінляндыі — Вайной Густава III, у Расеі — Швэдзкай вайной Кацярыны II) — узброены канфлікт між Швэцыяй і Расеяй у чэрвені 1788 — жніўні 1790[4]. 14 жніўня 1790 року было падпісанае Вэрэльскае мірнае пагадненьне, якое не прынесла абодвум бакам аніякіх тэрытарыяльных зьменаў.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кароль Швэцыі Густаў III прыйшоў да ўлады ў 1772 року ў выніку бяскроўнага перавароту. Цяпер ён спадзяваўся, што хуткая пераможная вайна ўзмоцніць ягоную ўнутраную падтрымку. У гэты час Расея ўжо была занятая вайной з Асманскай імпэрыяй, і заходнія краіны — Вялікабрытанія, Нідэрлянды і Прусія — падбухторвалі Швэцыю адкрыць паўночны фронт. Улетку 1788 року Густаў III заключыў хаўрус з Асманскай імпэрыяй, аднак заходнія дзяржавы да гэтага зьвязу не далучыліся[5].
Швэцыя спадзявалася напасьці з мора на Санкт-Пецярбург, а сухапутнае войскае мусіла далучыцца да флёту празь Фінляндыю і зрынуць Кацярыну II з трону.
З мэтай заручыцца падтрымкай Рыксдагу станаў у вайне 27 чэрвеня 1788 року пераапранутыя ў расейскую вайсковую форму швэды абстралялі памежны пункт у Пуўмале. Гэтая апэрацыя пад фальшывым сьцягам выклікала чаканае абурэньне ў Стакгольме і дала падставу абвясьціць супраць Расеі „спэцыяльную вайсковую апэрацыю па змушэньні да міру“.
Хада падзеяў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 чэрвеня 1788 року швэдзкі флёт пад камандаваньнем герцага Карла Сэдэрманляндзкага выйшаў з Карльскруны. 21 чэрвеня швэды сутыкнуліся з расейскай эскадрай ля Саарэмаа і паспрабавалі справакаваць сутычку. Камандуючы расейскім флётам віцэ-адмірал Вільгельм фон Дэсын здолеў утаймаваць іхнія намеры і працягнуў шлях да Капэнгагену, а швэды ня вырашыліся распачаць бітву першымі[6].
7 ліпеня флёт Карла атрымаў інфармацыю пра абвяшчэньне вайны і ўжо наступнага дня зьнянацку захапіў два расейскія фрэгаты — „Яраславец“ і „Гектар“ — разам з экіпажамі ў 450 чалавек[7]. У Гогляндзкай бітве швэдам процістаяў расейскі флёт пад даводзтвам адмірала Самуіла Грэйга; сутычка скончылася безь перавагі ніводнага з бакоў. Тады швэды адступілі да Свэаборгу дзеля пераўзбраеньня.
Берагавы флёт з Стакгольму прыбыў у Фінляндыю 2 ліпеня і пачаў узьвядзеньне ўмацаваньняў каля Хэльсынгфорсу. 28 ліпеня берагавы флёт пад камандаваньнем палкоўніка Мікаэля Анкарсвэрда сутыкнуўся ля Фрэдэрыксгамну з групай расейскіх галеонаў і прымусіў іх адысьці пад абарону берагавых умацаваньняў. 2 жніўня швэды зрабілі спробу высадкі, але былі адбітыя. Наступнага дня высадка адбылася пасьпяхова, аднак спроба хутка захапіць Фрэдэрыксгамн была спыненая расейцамі, пасьля чаго швэды вярнуліся на караблі.
Спроба брыгады пад даводзтвам палкоўніка Бэрнта Югана Гастфэра захапіць з наскоку Нюсьлёт перайшла ў аблогу, але нападнікам бракавала абложнай артылерыі, і 21 жніўня аблога была зьнятая. Пасьля няўдалай спробы генэрала Карла Густава Армфэльта-малодшага(sv) дапамагчы ўзяць Фрэдэрыксгамн і адкіданьня швэдаў назад за граніцу ў войску пачалося незадаволеньне вайной, якая ня мела падтрымкі ў станах. Ужо 9 жніўня шэраг афіцэраў запатрабавалі заключыць з Расеяй мір, а 12 жніўня стварылі пэтыцыю з прапановамі па завяршэньні вайны. І тут становішча караля Густава III ўратавала навіна пра магчымы напад з боку дацка–нарвэскай уніі: ён змог свабодна вярнуцца ў Швэцыю, не баючыся абвінавачваньня ў пакіданьні каманднага паста[8].
Данія–Нарвэгія абвясьціла вайну Швэцыі ў жніўні, выконваючы ранейшыя дамоўленасьці з Расеяй. Нарвэскае войска атрымала адну перамогу на тэрыторыі Швэцыі, пасьля чаго з дыпляматычным умяшаньнем Вялікабрытаніі і Прусіі 9 ліпеня 1789 было заключанае мірнае пагадненьне, Данія–Нарвэгія абвясьціла нэўтралітэт.
Неўзабаве па Гогляндзкай бітве, ужо напачатку жніўня, расейскі флёт пачаў блякаду марскога флёту Швэцыі ў Свэаборгу. Толькі 17 кастрычніка пасьля прыходу падмацаваньня швэды здолелі атачыць расейскія падразьдзяленьні, каб дазволіць невялікай кананэрцы прарвацца праз блякаду на абарону заблякаванага транспарту. Пасьля гэтага расейцы пакінулі свае пазыцыі, і швэдзкія пастаўкі падмацаваньняў аднавіліся.
Узімку 1788—1789 рокаў Швэцыя пачала будаўніцтва ўмацаваньняў у Гангэ і на вакольных астравох, каб перашкодзіць далейшым спробаў расейцаў блякаваць марскія шляхі. Ейны флёт першую палову 1789 року ня дзейнічаў сьпярша з прычыны абледзяненьня партоў, а пасьля экіпажы караблёў у Карльскруне захварэлі на ліхаманку. У дадатак галоўнакамандуючы берагавой флятыліі палкоўнік Анкарсвэрд быў арыштаваны за ўдзел у „Аньяльскай змове“ і заменены на адмірала Карла Аўгуста Эрэнсвэрда.
У траўні расейскі марскі флёт падышоў да Гангэ, але пасьля кароткай сутычкі адступіў. Асноўныя сілы расейскага флёту пад даводзтвам адмірала Васіля Чычагова сутыкнуліся з швэдзкімі 26 ліпеня ля Элянду; як і летась, бітва не прынесла посьпеху ніводнаму з бакоў. У сярэдзіне чэрвеня 1789 расейцы з трох кірункаў ударылі па Саваляксу аб’яднанымі 10-тысячнымі сіламі супраць 4-хтысячнага швэдзкага войска. Нягледзячы на перамогу пад Парасальмі, швэды вымушаныя былі адысьці і саступіць расейцам важную Пуумальскую пратоку. Тым часам кароль Густаў III вярнуўся да камандаваньня арміяй і 25 чэрвеня распачаў наступ на Вільманстран. 28 чэрвеня швэды атрымалі гучную перамогу пад Уці, але замест паходу да Вільманстрану кароль рушыў на Фрэдэрыксгамн, дзе наступ захлынуўся зноў. У ліпені расейцы пачалі вывад войскаў з Саваляксу пад ударамі швэдаў. Да пераходу на зімовае кватараваньне Саваляцкая брыгада вярнула ўсе занятыя тэрыторыі за выняткам падкантрольнай расейцам Пуумалы[9].
На вадзе расейскі берагавы флёт Карла Гайнрыха фон Насаў-Зыгена 15 жніўня атакаваў швэдзкую выведную эскадру ля Фрэдэрыксгамну, а пасьля сутыкнуўся з асноўнымі сіламі суперніка ў Швэдзкай пратоцы. Посьпех у бітве расейцы разьвілі і на сушы, выбіўшы швэдаў за раку Кюмэнэ. Неўзабаве разьбіты берагавы флёт швэды пераўзброілі караблямі з Свэаборгу, а заместа адмірала Карла Аўгуста Эрэнсвэрда камандзірам быў прызначаны сьпярша палкоўнік Карл Натанаэль аў Клеркер(sv), які займаўся аднаўленьнем, а пасьля яго — падпалкоўнік Георг Крыстыян дэ Фрэсэ(sv)[10].
Вялікія праблемы чыніла расейская марская блякада: штодня швэдзкім кананэркам адмірала Салямона фон Раяліна даводзілася сутыкацца з куды мацнейшымі расейскімі судзінамі ў раёне Поркалы, таму швэдзкія транспартныя караблі вымушаныя былі праходзіць Барэсундзкай пратокай. Дзеля яе абароны сюды было накіраванае падмацаваньне, і ўжо ў сярэдзіне ліпеня швэдзкі флёт складаўся з 2 фрэгатаў, 10 галеонаў і некалькіх кананэрак. Таксама былі ўзьведзеныя некалькі артылерыйскіх батарэяў. 18 верасьня 1789 расейскі флёт пад даводзтвам капітана Джэймза Трэвэнэна распачалі прарыў у Барэсундзкай пратоцы. Сілы расейцаў складаліся з 4 лінейных караблёў, 1 фрэгата і 6 кутэраў. Швэды страцілі аднаго галеона, расейцы — лінкора Паўночны Арол, але авалодалі пратокай. У верасьні адбылося яшчэ некалькі сутычак, а 23 кастрычніка расейцы нечакана сышлі адтуль, даведаўшыся пра выхад на дапамогу швэдзкага вайскова-марскога флёту[11].
У наступным року кароль Густаў III ізноў заплянаваў высадку пад Санкт-Пецярбургам, непадалёк Выбаргу. Акрамя таго, былі зробленыя захады да ўмацаваньня флёту новымі караблямі. І ўжо 17 сакавіка 1790 два швэдзкія фрэгаты разрабавалі падкантрольны расейцам Рогерсьвік (Балтыйскі Порт). 21 красавіка да Свэаборгу рушылі швэдзкія эскадры з Стакгольму, а 3 траўня — з Помэрну. У дадатак на сушы войскі палкоўніка Густава Морыца Армфэльта разьбілі 15 красавіка расейскіх абаронцаў паўднёвага Саваляксу, а войскі караля Густава III і палкоўніка Густаў Вахтмэйстра здабылі перамогу ў бітве пад Валькеалай. 5 траўня расейцы пасьпяхова атакавалі на рацэ Кюмэнэ й ўзялі Аньялу, але ў канцы месяца былі выбітыя стуль. Пасьля гэтага на сушы ўсталявалася зацішша[12].
Швэдзкі марскі флёт герцага Карла 10 прыбыў пад Гангэ, а 12 траўня — пад Рэвель. Але пакуль швэды чакалі прыбыцьця астатніх караблёў, спрыяльны вецер зьмяніўся на процілеглы, і 13 траўня швэдзкая атака пацярпела паразу. У пачатку чэрвеня швэды падтрымалі берагавы флёт у Краснагорскай бітве і, няздолеўшы нанесьці расейцам вырашальнай паразы, адышлі ў Выбарскую затоку[13].
Берагавы флёт швэдаў пад даводзтвам караля Густава III пачаў наступ 8 траўня, здабыўшы перамогу 15 траўня над расейскім флётам ля Фрэдэрыксгамну. Аднак спробы захапіць места і ўмацаваньні ня мелі посьпеху. Швэды ня сталі займацца блякадай і рушылі да Выбаргу, спадарожна рабуючы расейскія магазыны, і 2 чэрвеня дайшлі да Бярозавых астравоў, адкуль зрабілі спробу дапамагчы марскому флёту ў Краснагорскай бітве[14].
Расейскі флёт адмірала Васіля Чычагова блякаваў швэдзкі флёт у Выбарскай затоцы амаль месяц. 21—23 чэрвеня, вычарпаўшы запасы, швэды вырашылі прарываць блякаду пры падтрымцы сухапутных войскаў падпалкоўніка Карла Уляфа Кранстэта ды генэрала Югана Мэерфэльта. Аднак сухапутныя войскі ня здолелі пераадолець расейскую блякаду, і швэдзкі флёт 3 чэрвеня прарваўся з Выбарскай затокі, страціўшы некалькі караблёў. 9 ліпеня 1790 року расейскі берагавы флёт пад даводзтвам Карла фон Насаў-Зыгена атакаваў швэдаў у другой бітве ў Швэдзкай пратоцы, якая завяршылася поўным расейскім разгромам[15].
Нягледзячы на гэты посьпех, Швэцыя ня мела дастаткова сродкаў на пасьпяховае разьвіцьцё наступу. Зь іншага боку, расейская імпэратарка Кацярына II пераканалася, што лёгкай перамогі здабыць не атрымаецца[16]. У гэтых абставінах бакі пагадзіліся на перамовы, якія скончыліся падпісаньнем 14 жніўня Вэрэльскай мірнай дамовы.
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для абодвух бакоў вайна 1788—1790 рокаў стала збольшага нязначным эпізодам. Для Кацярыны II гэта было толькі адцягваньнем сілаў, патрэбных у вайне супраць Турэччыны, а таксама ў рэвалюцыйных падзеях, што разгортваліся ў Рэчы Паспалітай (Канстытуцыя 3 траўня 1791 году) і ў Францыі (Француская рэвалюцыя). Швэдзкі напад спыніў выправу расейскага флёту ў Міжземнае мора на барацьбу з Асманскай імпэрыяй, бо паўстала неабходнасьць абароны Санкт-Пецярбургу[17]. Вайна ненадоўга вырашыла ўнутраныя праблемы Густава III, забітага ў стакгольмскай опэры ў 1792 року.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Statistics of Wars, Oppressions and Atrocities of the Eighteenth Century (the 1700s)
- ^ The Swedish–Russian War of 1788–1790. Zentrale für Unterrichtsmedien im Internet e.V. (19 November 2004).
- ^ а б Viinikainen 2015. С. 12—17.
- ^ Oakley, Stewart P. War and Peace in the Baltic, 1560–1790. — Routledge, 1992. — Т. 31. — P. 156–157. — ISBN 0-415-02472-2
- ^ Mattila 1983. С. 136—137.
- ^ Johnsson 2011. С. 76—77.
- ^ Johnsson 2011. С. 79.
- ^ Mattila 1983. С. 150—152.
- ^ Mattila 1983. С. 165—167.
- ^ Mattila 1983. С. 169—173.
- ^ Mattila 1983. С. 174—187.
- ^ Mattila 1983. С. 190—193.
- ^ Mattila 1983. С. 195—196, 200—202.
- ^ Mattila 1983. С. 196—200.
- ^ Mattila 1983. С. 202—216.
- ^ Mattila 1983. С. 216.
- ^ Glete, Jan War in the Early Modern World, 1450–1815. — UCL Press, 1999. — P. 46. — ISBN 1-85728-687-1
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Брикнер, А. Г. Война России с Швецией : в 1788—1790 годах. — Санкт-Петербург: Печ. В. Головина, 1869.
- Виктор Головачёв. Дѣйствія русскаго флота во время войны Россіи со Швеціей въ 1788—90 годахъ. Кампанія 1788 года.
- Александр Широкорад. Северные войны России. — 2001. — ISBN 5-17-009849-9
- Алексей Лебедев. К походу и бою готовы? Боевые возможности корабельных эскадр русского парусного флота XVIII — середины XIX вв. С точки зрения состояния их личного состава. — Санкт-Петербург: Гангут, 2015. — (Море в огне). — ISBN 978-5-904180-94-2
- Raoul Johnsson. Kustaa III ja suuri merisota / Maria Grönroos, Ilkka Karttunen. — Helsinki: John Nurminen Foundation, 2011. — ISBN 978-952-9745-31-9
- Tapani Mattila. Meri maamme turvana. — Jyväskylä: K. J. Gummerus Osakeyhtiö, 1983. — ISBN 951-99487-0-8
- Sakari Viinikainen, Heli Mäki. Teatterikuninkaan sota. — Jyväskylä: Docendo, 2015. — ISBN 978-952-291-165-0