Расейскія беларусы
Белару́сы Расе́і — адна з буйных этнічных групаў у Расейскай Фэдэрацыі. У перапісе 2002 году сваё беларускае этнічнае паходжаньне пазначылі 808 тысячаў грамадзянаў Расеі[1].
Асноўная частка беларусаў Расеі — мігранты і нашчадкі мігрантаў зь Беларусі, а таксама этнічныя беларусы захаду Смаленскай, Бранскай, поўдні Пскоўскай і паўднёвага захаду Цьвярской вобласьцяў[2]. Найбольшыя беларускія групы пражываюць у Маскве (39 225, 0,36%) і Маскоўскай вобласьці (31 665, 0,44%), Санкт-Пецярбургу (38 000, 0,9%) і вобласьці (16 830, 0,98%), Калінінградзкай вобласьці (32 497, 3,6%), Карэліі (23 345, 3,8%). Буйныя беларускія паселішчы існуюць у Сібіры.
Геаграфічнае расьсяленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Масква
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пераважна перасяленьне ліцьвінаў у Масковію пачалося ў XVI—XVII стагодзьдзях. У дакумэнтах яны таксама пазначаліся як «ліцьвіны-беларусцы», а пасьля уніі 1569 году як «палякі», «польскія людзі». Перасяленьне часьцей адбывалася гвалтоўным чынам, у выніку палону. Сярод беларусаў Масковіі вядомы Фёдар Кузьмін — майстар разьбярнай і сталярнай справаў.
Адным з кампактных паселішчаў беларусаў на тэрыторыі Масквы была Мяшчанская слабада, сама назва якога пайшла ад старабеларускага «места» — горад. Жыхары Мяшчанскае слабады часта служылі пры дыпляматычных прадстаўніцтвах, займаліся фінансавымі апэрацыямі, у прыватнасьці закупкаю ў Эўропе талераў для маскоўскай казны. Таксама многія беларусы Масквы займаліся гандлем, рамёствамі. Сярод іх былі лекары, мастакі, мехаўшчыкі, якія займаліся гандлем сабалінымі мяхамі з Рэччу Паспалітай. Мяшчанская слабада была самакіраванай адзінкай, мела ўласную школу і царкву.
У час Расейскай імпэрыі і СССР Масква як эканамічны, навуковы цэнтар краіны натуральным чынам прыцягвала кадры ў тым ліку і зь Беларусі, якая была далучаная да Расеі, а потым СССР. Так, міністрам замежных справаў СССР у найбольш жорсткі час халоднай вайны быў беларус Андрэй Грамыка.
Сёньня Масква найбольш актыўна сярод гарадоў замежжа прыцягвае кадры зь Беларусі на пастаянную ці часовую працу. Штогод на навучаньне ў маскоўскія ўнівэрсытэты паступаюць сотні студэнтаў зь Беларусі.
Санкт-Пецярбург
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі пачалася міграцыя беларусаў у Расею і ў тым ліку ў тагачасную сталіцу імпэрыі — Санкт-Пецярбург. У Пецярбург на заробкі ехала вялікая колькасьць сялянаў з паўночных і ўсходніх рэгіёнаў Беларусі.
Паводле статыстыкі, за пэрыяд з 1869 па 1910 год колькасьць беларусаў у Санкт-Пецярбургу вырасла ў 23 разы да 70 тыс. чалавекаў. Да канца азначанага пэрыяду беларусы сталіся другой па колкасьці этнічнай групай у горадзе, пасьля расейцаў.
У другой палове 19 стагодзьдзя ў Санкт-Пецярбургу зьявіліся некалькі беларускіх аб’яднаньняў інтэлігенцыі, студэнцтва. У 1868 годзе зьявілася асьветніцкая арганізацыя «Крывіцкі вазок». У 1880-я гады зьявілася першая палітычная арганізацыя беларускай народніцкай інтэлігенцыі «Гоман». У 1906—1912 гадах у Пецярбургу існавала беларускае выдавецтва. Пецярбурскімі навукоўцамі-беларусамі былі праведзеныя многія важныя этнаграфічныя дасьледваньні.
У 1907 годзе зьявіўся гурток па вывучэньні Гарадзенскай губэрні, які яднаў беларускае студэнцтва Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту. У 1912 годзе быў створаны Беларускі навукова-літаратурны студэнцкі гурток.
Дзейнасьць аб’яднаньняў беларускай дыяспары ў тагачасным Ленінградзе працягвалася і пасьля рэвалюцыі, да рэпрэсіяў 1930-х гадоў.
Падчас палітыкі перабудовы беларускае грамадзкае жыцьцё ў Ленінградзе зноў актывізавалася, зьявіліся некалькі новых беларускіх арганізацыяў. Сёньня Санкт-Пецярбург, хаця і ў меншай ступені, чым Масква, таксама прыцягвае шмат беларускіх студэнтаў і рабочых. Пецярбурскай паэткай беларускага паходжаньня зьяўляецца Алена Шостак.
Сібір
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сібір была месцам масавае міграцыі беларусаў у XIX стагодзьдзі. Спачатку расейскія ўлады прымусова саслалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1830—1831 гадоў і 1863—1864 гадоў.
У 1885—1914 гадах у Сібір перасяліліся 550 тыс. беларусаў. Існавалі цэлыя беларускія паселішчы. Напрыканцы ХІХ ст. перасяленьне беларусаў у сібірскія рэгіёны Расеі падштурхоўвала палітыка правядзеньня аграрных рэформаў, якія заключаліся ў прыцягваньні сялянаў на засваеньне малазаселеных рэгінаў краіны. У 1890-я гады і ў часы Сталыпінскай рэформы беларусы самастойна рушылі ў Сібір на колах у пошуках зямлі, за што іх нараклі самаходамі[3].
Пасьля кастрычніцкага перавароту паток перасяленцаў зь Беларусі ў Сібір працягваўся. Савецкая ўлада спрабавала надаць перасяленьню беларусаў арганізаваны характар і спрыяла дасьледаваньням гісторыі, побыту беларусаў Сібіру. У 1929 годзе Акадэмія навук Беларусі арганізавала экспэдыцыю ў Сібір. Паводле перапісу 1926 году 371 840 жыхароў Сібіры пазначылі сваё беларускае паходжаньне.
У другой палове 1920-х гадоў беларусы на тэрыторыі РСФСР атрымалі магчымасьць для разьвіцьця сваёй культуры і мовы. У Сібіры пачалі стварацца беларускія школы. У 1930-я гады, у пачатку 1940-х у Сібір былі дэпартаваныя многія раскулачаныя беларускія сяляне і іншыя рэпрэсаваныя.
Напрыканцы 1980-х гадоў нацыянальнае абуджэньне закранула і беларускую Сібір. У Іркуцку было ўтворанае Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага — на сёньняшні дзень самая буйная і актыўная арганізацыя беларускай дыяспары ў Расеі.
Іншыя рэгіёны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 18 стагодзьдзі беларусы стала жылі ў некаторых губэрнях эўрапейскай часткі Расеі. Беларускія паселішчы існавалі ў Курскай і Пензенскай губэрні, на Ўрале.
Пасьля скасаваньня прыгоннага права, у другой палове XIX стагодзьдзя міграцыі зь Беларусі набылі масавы характар. Асноўнымі кірункамі былі Паволжа, Каўказ, Цэнтральная Азія і Сібір.
З другой паловы 1940-х да пачатку 1960-х гадоў многія беларусы перасяляліся ў Карэлію, Архангельскую вобласьць, Комі, Калінінград і іншыя рэгіёны ў парадку арганізацыйнага набору. Па асобных раёнах Рэспублікі Карэлія дагэтуль захоўваецца параўнальна значная дзель беларусаў у насельніцтве за выняткам беларусаў захаду Расеі, афіцыйна ўлічваных як расейцаў.
Беларускія тэрытарыяльныя адзінкі ў складзе Расеі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларусы Расеі — другая паводле колькасьці этнічная група (пасьля ўкраінцаў), якая ня мае тэрытарыяльнай нацыянальнай аўтаноміі ў складзе Расейскай Фэдэрацыі.
Нацыянальна-культурнае разьвіцьцё беларусаў Расеі ішло паралельна са стварэньнем на тэрыторыі РСФСР беларускіх аўтаноміяў на ўзроўні сельскіх саветаў. У 1924—1926 гадах у Сібіры быў утвораны 71 беларускі сельсавет. У 1926 годзе ў Дальнеўсходнім краі існавала 26 беларускіх сельсаветаў. На Ўрале на 1 кастрычніка 1928 году іх было 11. Разам з гэтым рабіліся спробы арганізацыі беларускіх нацыянальных раёнаў. У першай палове 1930-х гадоў у складзе тагачаснай Уральскай вобласьці існаваў Табарынскі нацыянальны беларускі раён. Разглядалася пытаньне аб стварэньні беларускага раёну на тэрыторыі Омскай вобласьці.
У сярэдзіне 1930-х гадоў праектам стварэньня беларускіх аўтаноміяў быў пакладзены канец.
Сучаснасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Колькасьць беларусаў у Расеі:
Год | Насельніцтва |
---|---|
1959 | 844 000 |
1970 | 964 700 |
1989 | 1 206 000 |
2002 | 807 970 |
2010 | 521 443 |
З-за слаба выражанай нацыянальнай самасьвядомасьці беларусы ў большай ступені, чым іншыя нацыянальныя меншасьці ў Расеі, зазнаюць асыміляцыю. Нягледзячы на сталы прыток мігрантаў зь Беларусі цягам апошніх стагодзьдзяў, у асноўным людзі ў другім-трэцім пакаленьні часьцей за ўсё губляюць сваю беларускую ідэнтычнасьць.
У апошні час працягваецца працэс стварэньня беларускіх арганізацыяў у розных рэгіёнах Расеі.
У 2003 годзе была заснаваная рэгіянальнае нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Югры» ў Сургуце.
Найбольш шматлікая і актыўная арганізацыя беларускай дыяспары ў Расеі — Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага ў Іркуцку. Арганізацыя яднае нашчадкаў беларускіх перасяленцаў у Сібір у XIX стагодзьдзі, мае некалькі аддзяленьняў па Іркуцкай вобласьці, выдае газэту «Маланка».
У Маскве дзейнічае Таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны, існуе нефармальны беларускі моладзевы асяродак. У Башкартастане дзейнічае рэспубліканскі беларускі нацыянальна-культурны цэнтар «Сябры», заснаваны ў 1996 годзе. У Калінінградзе існуе беларускае культурнае таварыства «Каралявец».
У апошняе дзесяцігодзьдзе вызначыўся пэўны падзел арганізацыяў беларускай дыяспары ў іх адносінах да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Больш старыя арганізацыі, што стаяць на нацыянальна-адраджэнскіх пазыцыях, падтрымліваюць беларускую апазыцыю. Іншыя, больш новыя арганізацыі, напрыклад Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія «Беларусы Расеі», падтрымліваюць кантакты зь беларускай амбасадай і займаюць ляяльную рэжыму пазыцыю.
Акрамя расейцаў беларускага паходжаньня, сёньня на тэрыторыі РФ працуюць 400 тысячаў грамадзянаў Беларусі (супраць 100 тысячаў расейцаў, што працуюць у Беларусі)[4].
Выбітныя прадстаўнікі беларусаў Расеі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Фёдар Дастаеўскі — выбітны расейскі пісьменьнік, нашчадак вялікалітоўскай палескай шляхты
- Міхаіл Глінка — кампазытар, аўтар першага гімну дэмакратычнай Расеі, са смаленскай шляхты
- Дзьмітры Шастаковіч — кампазытар, нашчадак удзельніка нацыянальна-вызваленчага паўстаньня 1863—1864 гадоў
- Некаторыя дваранскія фаміліі — Трубяцкія, Бельскія, Глінскія і іншыя — паходзілі са зьбеглай у Маскоўскае княства беларускай шляхты.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://web.archive.org/web/20120220192938/http://www.perepis2002.ru/ct/html/TOM_04_01.htm
- ^ Вікіпэдыя. Этнічная тэрыторыя беларусаў
- ^ Надзея Юшкевіч. Далёка ад радзiмы: нашыя суайчыньнікі ў Сібіры // Зьвязда : газэта. — 11 лютага 2014. — № 25 (27635). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ https://web.archive.org/web/20070929102837/http://finance.rol.ru/news/article02D6C/default.asp
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Расея і Беларусь: этнакультурны дыялёг
- Народы Расеі: Беларусы
- Сто беларускіх вёсак
- Наша Ніва, Мы Маскве прыслалі падкрапленьне
- Алег Трусаў, Што рабілі ліцьвіны-беларусы ў Маскве ў 16 сталецьці?(недаступная спасылка)
- Беларуская вёска на бурацкай зямлі // Радыё Свабода. — 2014.