Сацыяльная псыхалёгія
Сацыя́льная псыхалёгія — навука пра псыхалягічныя прычыны, мэханізмы ды заканамернасьці паводзінаў і дзейнасьці людзей у сацыяльных групах і суполках, пра псыхалягічныя асаблівасьці гэтых групаў. Цэнтральнымі элемэнтамі гэтай навуковай дысцыпліны зьяўляюцца асоба («сацыяльны індывід») і сацыяльна-псыхалягічныя мэханізмы яе фармаваньня (сацыялізацыі), разьвіцьцё самасьвядомасьці, інтарэсаў, патрэбнасьцяў, каштоўнасных арыентацыяў і ўстановак. Важным кірункам дасьледаваньняў зьяўляецца сацыяльная псыхалёгія малых групаў (сям’я, працоўны калектыў, спартовая каманда і інш.), дзе вывучаюцца групавыя працэсы, праблемы лідэрства, канфармізму і інш. Аб’ектамі вывучэньня сацыяльнае псыхалёгіі зьяўляюцца і вялікія групы (сацыяльныя плясты, клясы, нацыі), а таксама сацыяльныя інстытуты, арганізаваныя супольнасьці людзей (палітычныя рухі, партыі, рэлігійныя арганізацыі і г. д.). Вывучаюцца таксама псыхалёгія шырокіх народных масаў і масавых рухаў (у абарону міру, навакольнага асяродзьдзя і інш.), праявы масавых стыхійных паводзінаў (натоўп, чуткі, плёткі, стрэсы). У апошні час зьявіліся прыкладныя галіны дадзенае навукі: псыхалёгія, рэкляма, мода, прапаганда, кіраваньне, палітыка і г. д. Першыя спробы распрацоўкі ўласна сацыяльна-псыхалягічных канцэпцыяў зьявіліся ў другой палове 19 ст.: «псыхалёгіі народаў» (М. Лацарус, Г. Штайнталь, В. Вунт), «псыхалёгіі мас» (Ш. Сыгеле, Г. Лебон), «інстытутаў сацыяльных паводзін» (У. Мак-Дугал).