Свойскі бык
Свойскі бык | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Падтып | Хрыбетныя |
Кляса | Сысуны |
Атрад | Парнакапытныя |
Падатрад | Жвачныя |
Сямейства | Пустарогія |
Род | Сапраўдныя быкі |
Від | Дзікі бык |
Бінамінальная намэнклятура | |
Bos taurus | |
Свойскі бык (па-лацінску: Bos taurus) — від парнакапытнай жывёлы, разводзіцца дзеля атрыманьня малака й ялавічыны. Вылучаюць мясныя, мяса-малочныя й малочныя пароды кароваў. У сьвеце налічваецца каля 1,3 млрд асобаў буйной рагатай жывёлы, пераважна — кароваў. Найбольшае пагалоўе налічваецца ў Індыі (каля 400 млн), Бразыліі й Кітаі (па 150 млн).
У некаторых краінах каровы ўважаюцца сьвятымі.
Паходжаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Продкам свойкага быка быў дзікі бык, у прыватнасьці яго вымерлы ў дзікай прыродзе падвід — тур.
Буйная рагатая жывёла адыгрывае значную ролю ў чалавечай гісторыі. Прыручэньне пачалося ў часы раньняга нэаліту, прыкладна 8500 гадоў таму назад, усьлед за прыручэннем коз, авечак і сьвіней. Пытаньне, ці зьяўляюцца тэрыторыя сучаснай Турэччыны й паўночнага Міжрэчча адзіным цэнтрам прыручэньня (ня лічачы адамашненьня зэбу на тэрыторыі Індастану), застаецца адкрытым. Праведзеныя ў 1994 годзе генэтычныя дасьледаваньні паказалі, што сучасныя каровы не належаць, як доўгі час лічылася, адной радавой лініі.
Гаспадарчае значэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Карова ў сялянскай сям’і здаўна ўвасабляла багацьце й дастатак. Страціць карову, асабліва ў неўраджайныя гады, для сялянаў было раўназначна катастрофе. Таму карову ў глыбінцы заўсёды вельмі паважалі, усяляк засьцерагалі, клапаціліся, ставіліся да яе ласкава[1]. Гадоўляй кароваў займаецца жывёлагадоўля, пераважаючая жывёлагадоўчая галіна. Малочныя й мяса-малочныя пароды разводзяць дзеля атрыманьня малака, ялавічыны, шкураў.
Адыходы жыцьцядзейнасьці каровы, гной, выкарыстоўваюць у якасьці ўгнаеньня. Адна карова можа вырабляць 10 тонаў гною за год[2]. У 2009 годзе быў расшыфраваны геном каровы[3], што дазволіць палепшыць і паскорыць вывядзеньне пародаў з патрабаванымі для сельскай гаспадаркі ўласьцівасьцямі.
Культ каровы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Індыі са старажытнасьці карову лічаць сьвятой жывёлай, увасабленьнем Вялікай маці Адыці й зямлі, а часам нават усяго Сусьвету. Веды зьвязваюць іх са сьвітанкам і сонцам, называючы маці, якая ўладарыць над патройнай прыродай сьвету. Карова абараняецца Сусьветнымі законамі й Вішну асабіста, за забойства каровы магчыма таксама трапіць у пекла, таму гэта забаронена: «Забойцам кароваў прыгатавана гніць у пекле столькі гадоў, колькі было валасінак на целе каровы»[4].
У міталёгіі розных народаў карова выконвае касьмічную функцыю: у эгіпцянаў нябесная карова нут, якая спарадзіла неба, увасабляла Нябесны акіян. У Мэмфісе яна выступала сымбалем пасіўнай сілы, увасабленьнем Вэнэры. Менавіта карову па радзе аракула легендарны Кадм вывеў да месца, дзе былі заснаваны Тыбы.
Цельная карова лічыцца жаночым сымбалем жыватворчай і сілкавальнай сілы зямлі, а ў пары з быком яны ўвасабляюць сымбаль бажаства — жаночага й мужчынскага, які спараджаючага й выкормліваючага. Напрыклад, у Старажытнай Грэцыі карову часьцяком малявалі зь цялём, які смакчыць вымя, што азначала множаньне чароўнай сілы, сілкавальнай сябе саму.
Захворваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Захворваньні кароваў бываюць розныя. Часьцей за ўсё сустракаецца каровін рак крыві — леўкоз. Заражаныя леўкозам каровы небясьпечныя, бо пераносяць хваробу праз кроў і малако. Каб пазьбегнуць заражэньня кароваў леўкозам, ім штогод робяць прышчэпкі й абсьледуюць іх на гэтую і іншыя хваробы. Калі карова здаровая, ёй выдаюць спэцыяльны пашпарт на дазвол спажываньня малака. Зьбіраць малакапрадукты малаказавод можа толькі тады, калі ёсьць пашпарт.
Акрамя таго, карова можа пераносіць сухоты, шаленства й язву. Часта пад скурай кароваў жывуць лічынкі гізоў і іншых вусякоў. Гэтыя лічынкі жывяцца крывёю кароваў і здольны паменшыць колькасьць крыві ў каровы амаль на адзін працэнт.
Уплыў на навакольнае асяродзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Угнаеньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каровін гной зьяўляецца адным з найлепшых угнаеньняў[5]. У памёце каровы часта пасяляюцца мурашкі й рудыя мурашы. Памёт каровы для ўгнаеньня разносяць жукі-гнаявікі. Мухі адкладваюць у ім свае яйкі. Акрамя таго, куры, раздзіраючы каровін памёт, знаходзяць там шмат пажыўных рэчываў.
Выкіды мэтану
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Навукоўцы выявілі, што каровы выдзяляюць мэтан. Яго колькасьць залежыць ад рацыёну каровы. Харчовая й сельскагаспадарчая арганізацыя ААН пацьвердзіла гэтыя зьвесткі. Падрабязна гэтую праблему дасьледавалі ў Вялікабрытаніі. Дасьледнікі прыйшлі да высновы, што кожная з 10 мільёнаў брытанскіх кароваў штодня выдзяляе прыблізна 100—200 літраў мэтану[6].
У ходзе праекту навукоўцы таксама разглядалі магчымыя мэтады скарачэньня ў кароваў выдзяленьня аміяку — яшчэ аднаго парніковага газу[6]. Задача вучоных — распрацаваць нейкі новы рацыён для кароваў, каб у працэсе іх страваваньня вылучалася менш газу. Майкл Эбэртан з Інстытуту дасьледаваньняў у Ўэйлзу, у Абэрыстўіце, называе некалькі магчымых варыянтаў корму кароваў, якія здольны паменшыць выкіды газу: райграс з высокім утрыманьнем цукру, белая канюшына й лядвянец.
Брытанскі ўрад вылучыў на гэты праект, які будзе ажыцьцяўляцца тры гады, 750 тысячаў фунтаў, што складае прыкладна 1,51 млн даляраў ЗША. Галоўная база дасьледаваньняў — унівэрсытэт Ўэйлзу ў Абэрыстўіце.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Беларусі на 1 студзеня 2007 году налічвалася 3,9 млн галоваў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1,5 млн — каровы. Па вытворчасьці малака на душу насельніцтва краіна займала 1-е месца ў СНД і 4-е ў Эўропе. Больш за 98 % мяса й малака беларускія гаспадаркі атрымлівалі ад разьвядзеньня чорна-пярэстых кароваў.
На травень 2012 году ў Беларусі налічвалася 2,3 млн кароваў, зь іх у прыватнай галіне — звыш 100 000 (4%)[2].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Молоко — древнейшее лекарство (рас.)
- ^ а б Сьвятлана Бусько. Нашы Чарнушкі і Вэнэры выклікаюць парніковы эфэкт і кіслотныя дажджы // Зьвязда : газэта. — 11 траўня 2012. — № 88 (27203). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Геном коровы ускорит эволюцию сельского хозяйства (рас.)
- ^ Лилы Господа Чайтаньи Махапрабху в юности. гл. 17, тэкст 166 (рас.)
- ^ Аґрус добре вродить через чотири роки. Gazeta.ua
- ^ а б Корови й глобальне потепління(недаступная спасылка). Щоденна всеукраїнська газета «День»
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Свойскі бык — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Роля кароваў у глябальным пацяпленьні
- Карова інтэрнэт-часопіс «Агросектор»