558 Авіяцыйны рамонтны завод
Каардынаты: 53°6′56″ пн. ш. 26°2′1″ у. д. / 53.11556° пн. ш. 26.03361° у. д.
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 24 чэрвеня 1941 (83 гады таму) |
Заснавальнікі | Паўднёва-Заходні фронт Чырвонай арміі |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Берасьцейская вобласьць |
Адрас | Баранавічы, вул. 50 гадоў УЛКСМ, д. 7[1] |
Ключавыя фігуры | дырэктар Павал Пінігін[2], Андрэй Тучын |
Галіна | авіяцыйная прамысловасьць |
Прадукцыя | бесьпілётнік, гідрацыліндры для шасі, шклопакет |
Паслугі | рамонт авіятэхнікі |
Абарачэньне | ▲513,06 млн рублёў[3] (2019 год; $245,636 млн) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲107,986 млн рублёў (2019 год; $51,7 млн) |
Чысты прыбытак | ▲87,758 млн рублёў (2019 год; $42,016 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 1981 (2020 год) |
Матчына кампанія | Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь |
Аўдытар | ТАА «ФБК-Бел»[4] |
«558-ы авіяцы́йны рамо́нтны заво́д» («558 АРЗ») — найбольшае авіярамонтнае прадпрыемства Беларусі, што знаходзіцца ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць) з траўня 1953 году.
Было заснаванае ў чэрвені 1941 году ў Харкаве ў якасьці «38-й рухомай авіярамонтнай чыгуначнай майстэрні». Пераважна мадэрнізуе і рамантуе вайсковыя верталёты і самалёты. Выпускае аднаўляльнікі мацярынскіх платаў «Нарач», бесьпілётнікі і шклопакеты, а таксама гідрацыліндры замкоў для створак і шасі, аварыйнага адкрыцьця створак і саміх створак[5].
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўны напрамак дзейнасьці прадпрыемства — рамонт і мадэрнізацыя самалётаў Су-22, Су-25, Су-27 (Су-30), МіГ-29, Ан-2, верталётаў Мі-8 (Мі-17) і Мі-24 (Мі- 35). Прадпрыемства ажыцьцяўляе поўны цыкл рамонту плянёра і ўсіх камплектуючых вырабаў, выконвае комплекс дапрацовак авіяцыйнай тэхнікі і дадатковыя прафіляктычныя мерапрыемствы, якія павышаюць яе надзейнасьць.
Акрамя асваеньня рамонту новых тыпаў авіятэхнікі, прадпрыемства распрацоўвае і вырабляе сыстэмы радыётэхнічнай абароны лятальных апаратаў ад высокадакладнай радыёкіраванай зброі, тактычныя бесьпілётныя авіяцыйныя комплексы[6][7], складанае стэндавай абсталяваньне і КПА, арганізоўвае сэрвіснае (пасьляпродажнае) абслугоўваньне тэхнікі, займаецца праектаваньнем і стварэньнем цэнтраў лагістычнай падтрымкі авіятэхнікі, навучаньнем пэрсаналу заказчыкаў рамонту і эксплюатацыі авіяцыйнай тэхнікі.
Распрацаваныя і выпускаюцца тактычныя бесьпілётнікі «Бекард-1 (2)», «Кондар-1 (2)» і бесьпілётнік вэртыкальнага ўзьлёту і пасадкі — «Шэршань»[8].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]24 чэрвеня 1941 году камандзір Паўднёва-Заходняга фронту Міхаіл Кіпранос падпісаў Загад аб стварэньні ў Харкаве (Украінская ССР) «38-й рухомай авіярамонтнай чыгуначнай майстэрні» пры складзе № 2 Народнага камісарыяту абароны СССР. «38-ю РАРЧМ» падпарадкавалі 8-й паветранай арміі. Яе начальнікам стаў інжынэр 3-га рангу Ўладзімер Расьціслава. 1 жніўня 1941 году Штаб Вайскова-паветраных сілаў Паўднёва-Заходняга фронту (ВПС ПЗФ) ўхваліў Загад аб пераўтварэньні «38-ю РАРЧМ» у «257-ю стацыянарную авіямайстэрню» («257-я САМ»), якую 1 кастрычніка 1941 году вывезьлі ва Ўрупінск на поўначы Сталінградзкай вобласьці (Расейская СФСР). Па прыбыцьці ва Ўрупінск на пляцоўцы мясцовый дзяржаўнай стайні абсталявалі управу, тэхнічны склад, ангар і 6 цэхоў: самалётны, маторны, узбраеньня, прыбораў, электрарадыёцэх і мэханічны з трыма ўчасткамі (вінтаматорны, дзюралевы і сьлясарны). 26 кастрычніка 1941 году Рамонтны аддзел Штабу ВПС ПЗФ зацьвердзіў Загад аб аднове 38-й рухомай авіямайстэрні («38-й РАМ») ў сувязі зь перамяшчэньнем «257-й САМ» у Сарочынск на захадзе Чкалаўскай вобласьці. 16 лістапада 1941 году «38-я РАМ» прыступіла да аднаўленьня бамбавікоў «Су-2», самалётаў «У-2», рухавікоў «М-88» і «М-11» для 8-й паветранай арміі. У студзені 1942 году са складу «38-й РАМ» вылучылі рамонтныя брыгады «РАРМ-3», якія накіравалі на палявое лётнішча ў Ленінск на паўднёвым усходзе Сталінградзкай вобласьці. Да ліпеня 1942 году ў «38-й РАМ» пачынілі 151 самалёт і 143 авіярухавікі. 11 ліпеня 1942 году камандзір ВПС Чырвонай арміі Аляксандар Новікаў падпісаў Загад аб перамяшчэньні «38-й РАМ» на ўсход ад Волгі на 2-х цягніках да Безназоўскай станцыі ў Саратаўскай вобласьці. Адзін з атрыманых цягнікоў быў авіярамонтным. У ліпені 1942 году з пачаткам Сталінградзкай бітвы ў «38-й РАМ» сталі чыніць штурмавікі «Іл-2», зьнішчальнікі «Ўраган», рухавікі «АМ-38», «Мэрлін ХХ» і «М-82» у дадатак да самалётаў «Су-2» і «Па-2»[9].
У 1943 годзе за рамонт падбітых самалётаў супрацоўнікаў «38-й РАМ» узнагародзілі мэдалём «За абарону Сталінграда». У лютым 1943 году «38-ю РАМ» перавезьлі на Афрасімаўскі разьезд, што на захадзе Саратаўскай вобласьці. У траўні 1943 году — на Пралетарскую станцыю, што на поўдні Растоўскай вобласьці. У кастрычніку 1943-га — ў Данецк (Украінская ССР). У ліпені 1944 году «38-ю РАМ» разьмясьцілі на станцыі Ельня ў Смаленскай вобласьці (Расейская СФСР), дзе падпарадкавалі 3-му Беларускаму фронту. У студзені 1945 году пасьля апэрацыі «Багратыён» у Беларускай ССР «38-ю РАМ» перавезьлі ў Коўна (Летувіская ССР), дзе падпарадкавалі 1-й паветранай арміі. У красавіку 1945 году «38-ю РАМ» перамясьцілі ў Губінген на поўначы Ўсходняй Прусіі (Нямецкая дзяржава). Да канца Нямецка-савецкай вайны ў траўні 1945 году ў «38-й РАМ» пачынілі 286 самалётаў, што склалі 8 авіяпалкоў, і 1285 авіярухавікоў. 5 красавіка 1945 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР ухваліў Указ аб узнагароджаньні «38-й РАМ» ордэнам Чырвонай Зоркі[9].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жніўні 1945 году «38-й РАМ» перавезьлі ў мястэчка Наваельня Зьдзецельскага раёну (Гарадзенская вобласьць, Беларуская ССР), дзе падпарадкавалі 26-й паветранай арміі. У траўні 1953 году «38-ю РАМ» перамясьцілі ў Баранавічы (Берасьцейская вобласьць), дзе да 1956 году пачынілі 56 самалётаў «Іл-10». У 1956 годзе асвоілі пачныку рэактыўных самалётаў «МіГ-15» і «МіГ-17». 15 кастрычніка 1958 году галоўны камандзір ВПС СССР Канстанцін Вяршынін падпісаў Загад аб пераўтварэньні «38-й чыгуначнай майстэрні» ў «32-ю авіярамонтную базу». Пасьля гэтага ў Баранавічах пачынілі 1-ы бамбавік «Іл-28». У 1961 годзе асвоілі пачынку далёкіх бамбавікоў «Ту-16». За 2,5 гады пачынілі 62 самалёты. Адначасна за 2 гады сабралі 180 звышгукавых зьнішчальнікаў «Су-7». 15 чэрвеня 1963 году Міністэрства абароны СССР зацьвердзіла Загад аб пераўтварэньні «32-й авіярамонтнай базы» ў «558-ы завод рамонту ракетнай тэхнікі». 10 сакавіка 1966 году яго перайменавалі ў «558-ы авіярамонтны завод». У 1989 годзе завод першым у СССР засвоіў рамонт шматмэтавага зьнішчальніка Су-27[9].
У 1993—1994 гг. пачынаецца асваеньне рамонту самалёта-штурмавіка Су-25, шматмэтавага зьнішчальніка чацьвёртага пакаленьня МіГ-29 і лёгкага транспартнага самалёту Ан-2. У 2003—2005 гадах на заводзе быў пасьпяхова асвоены рамонт верталётаў Мі-8, Мі-24. У 2006 годзе на «558-м АРЗ» запусьцілі вытворчасьць вокнаў, дзьвярэй і шклопакетаў з полівінілхлярыду (ПВХ)[10]. За 1994—2015 гады «558-ы авіярамонтны завод» адрамантаваў 148 самалётаў «МіГ-29», у тым ліку на 30 зь іх выканаў 2-і рамонт і на адным — трэці. У 2008 годзе ўпершыню ажыцьцявілі 2-і рамонт самалёта «МіГ-29»[11]. У чэрвені 2015 году пабудавалі вытворчы цэх авіякампэнантаў плошчай 2160 кв.м[12]. У 2017 годзе холдынг «Верталёты Расеі» засьведчыў «558ы авіярамонтны завод» на пачынку цывільных верталётаў «Мі-8» і «Мі-17». У 2019 годзе АТ «Цывільныя самалёты Сухога» ўхваліла «558-ы АРЗ» у якасьці вытворцы крапяжу і гуматэхнічных вырабаў для самалётаў «Су-100»[13].
Санкцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2022 годзе завод трапіў у сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША, а таксама ў санкцыйныя сьпісы Вялікабрытаніі, Эўрапейскага Зьвязу, Канады, Новай Зэляндыі, Швайцарыі, Украіны ды Японіі[14].
У 2024 годзе ЗША пашырылі санкцыі спачатку на былога[15] дырэктара завода Паўла Пінігіна[16], а потым і на яго пераемніка Ігара Кузьменку[17].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантакты // ААТ «558-ы авіярамонтны завод», 2020 г. Праверана 2 чэрвеня 2020 г.
- ^ На авиаремонтном заводе в Барановичах назначен новый директор (рас.), Intex-press, 27-11-2015
- ^ Справаздача за 2019 год (рас.) // ААТ «558-ы авіярамонтны завод», 6 красавіка 2020 г. Праверана 2 чэрвеня 2020 г.
- ^ А.Г. Ранейскі, В.Т. Суслава. Аўдытарская выснова паводле бухгальтарскай справаздачнасьці (за 2019 год) (рас.) // ААТ «558-ы авіярамонтны завод», 20 сакавіка 2020 г. Праверана 2 чэрвеня 2020 г.
- ^ Вытворчасьць дэталяў і зборачных адзінак АТ // ААТ «558-ы авіярамонтны завод», 3 лютага 2015 г. Праверана 2 чэрвеня 2020 г.
- ^ Барановичский авиазавод показал катапульту для беспилотника, Intex-press, 3-06-2017
- ^ Как в Барановичах создавали первый «беспилотник» (рас.), Intex-press
- ^ Барановичский авиазавод представит на выставке в Малайзии беспилотники (рас.), Intex-press, 20-03-2017
- ^ а б в Гісторыя // ААТ «558-ы авіярамонтны завод», 2020 г. Праверана 2 чэрвеня 2020 г.
- ^ Вокны, шклопакеты, дзьверы з профілю ПВХ // ААТ «558-ы авіярамонтны завод», 3 лютага 2015 г. Праверана 2 чэрвеня 2020 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. Авіярамонтны завод у Баранавічах выканаў тры кантракты па капітальным рамонце авіятэхнікі ў інтарэсах Узброеных сіл Беларусі // БелаПАН, 2 cьнежня 2015 г. Праверана 2 чэрвеня 2020 г.
- ^ ААТ «558 АРЗ» сёньня // ААТ «558-ы авіярамонтны завод», 2020 г. Праверана 2 чэрвеня 2020 г.
- ^ Пасьведчаньні і сэртыфікаты // ААТ «558-ы авіярамонтны завод», 2020 г. Праверана 2 чэрвеня 2020 г.
- ^ Відкрите акціонерне товариство «558 Авіаційний ремонтний завод»
- ^ Рэквізіты
- ^ ПІНІГІН Павло Іванович
- ^ New Measures to Degrade Russia’s Wartime Economy (анг.). Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША (2024-08-23).
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Электронныя звароты грамадзянаў // ААТ «558-ы авіярамонтны завод», 2020 г. Праверана 2 чэрвеня 2020 г.