Helloween
Helloween | |
Выступ у Нюрнбэргу, 2006 рок | |
Гады | 1984 — цяпер |
---|---|
Краіна | |
Месца ўтварэньня | Гамбург, Нямеччына |
Мова | ангельская |
Жанр | паўэр-мэтал, гэві-мэтал |
Выдавец | Noise · RCA · EMI · Castle · Sony Music · Nuclear Blast · Steamhammer/SPV |
Удзельнікі | Міхаэль Вайкат Маркус Гроскапф Кай Гансэн Міхаэль Кіске Эндзі Дэрыс Саша Герстнэр Даніель Лёбле |
Былыя ўдзельнікі | Інґа Швіхтэнбэрґ Ролянд Грапаў Улі Куш Марк Крос Штэфан Шварцмэн |
Узнагароды і прэміі | |
helloween.org |
Helloween (па-ангельску: hell — пекла, і сьвята Halloween) — нямецкі паўэр-мэтал гурт. Створаны ў 1984 року ў месьце Гамбург, Нямеччына. За гады свайго існаваньня стаў вядомы як адзін з самых знакамітых паўэр-мэтал гуртоў у сьвеце.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Helloween разьвіліся зь мясцовых мэтал-гуртоў Gentry, Iron Fist і Second Hell. Калі сьпявак і лідэр гурта Піт Зыльк (пазьней працаваў з Iron Savior), пакінуў гурт і адмовіўся ад Iron Fist, Кай Гансэн вырашыў далучыцца да Міхаэля Вайката ў Powerfool. Замест гэтага Вайкат пакінуў Powerfool і стварыў Helloween з Гансэнам і барабаншчыкам Iron Fist/Gentry Інґа Швіхтэнбэрґам. Менавіта апошні й выбраў назву гурта. Паводле словаў астатніх удзельнікаў, Інґа вельмі любіў слова «пекла»[1].
Гурт склаў і выпусьціў у 1985 годзе сваю першую кружэлку, якая ўяўляла сабой міні-альбом, які зьмяшчаў толькі пяць трэкаў. У тым жа годзе гурт выпусьціў свой першы поўнафарматны альбом «Walls of Jericho», які быў складзены ў стылі сьпід-мэтал[2]. За часам наступнага канцэртнага тура Гансэну было цяжка адначасна сьпяваць і граць на гітары. Таму ўжо пасьля невялічкага выпуску самотніка «Judas», дзе яшчэ быў запісаны голас Гансэна, гурт пастанавіў сабе шукаць сьпевака. На згаданым самотніку акрамя самой песьні «Judas» таксама зьмяшчаліся канцэртныя вэрсіі песень «Ride the Sky» і «Guardians», запісаныя на выступе ў Гельзэнкірхэне.
Гурт знайшоў юнака Міхаэля Кіске, якому было васямнаццаць гадоў на той час. Ён быў сьпеваком гамбурскага гурта Ill Prophecy. Кіске спачатку не зацікавіўся прапановай, бо лічыў стыль гурта больш трэшовым. Аднак, напіраньні Вайката далі плён, у выніку чаго Кіске наведаў адну з рэпэтыцыйных сэсіяў і пачуў некалькі песень, якія былі складзеныя менавіта пад ягоны голас. Некаторыя зь іх пазьней былі ўлучаныя ў новы альбом. Вакаліст раздумаўся і пагадзіўся да прыяднаньня[3]. З новым сьпеваком Helloween зьвярнуліся да гуказапісвальных лэйблаў Noise International і RCA з прапановай выпусьціць двайны лонгплэй, каб прадставіць новы склад. Аднак, гэтая прапанова была адхіленая. Замест гэтага гурт склаў альбом «Keeper of the Seven Keys: Part I», які пабачыў сьвет 23 траўня 1987 году. Праца над ім была вельмі напружаная, гурт складаў яго некалькі месяцаў у студыі ў Гановэры. Песьні былі напісаныя пераважна Гансэнам. А праз тое, што гістарыст Міхаэль Вайкат яшчэ не акрыяў пасьля нэрвовага разладу, усе партыі рытм-гітары альбому былі выкананыя Каем Гансэнам. Вайкат здолеў награць толькі некалькі гітарных сола і склаў баляду «A Tale That Wasn’t Right». Рэліз чакаў вялікі посьпех як сярод заўзятараў, гэтак і музычных крытыкаў. Гурт атрымаў вялікую ўхвалу, і цяпер Helloween разглядаўся як узор для іншых паўэр-мэтал калектываў[4]. Гурт выправіўся ў амэрыканскае турнэ, дзе гралі поруч з Grim Reaper і Armored Saint. А ў эўрапейскім туры каманда падарожнічала з амэрыканскім трэш-мэтал гуртам Overkill. Змучаны гастролямі, Гансэн папрасіў сябраў гурта зрабіць невялікі перапынак у жывых выступах. Аднак, паколькі гурт толькі пачынаў набіраць моц, час дзеля перапынку быў непадыходным. Паміж удзельнікамі пачаліся спрэчкі, пры гэтым ня толькі вакол музычнага кірунка на будучых рэлізах ды гастроляў, а, між іншых, наконт нязначных тэмаў. У гэты час Гансэн пачаў разважаць аб зыходзе з гурта.
У жніўні 1988 году Helloween выпусьціў альбом «Keeper of the Seven Keys: Part II». Гэтым разам на кружэлцы было больш трэкаў, напісаных Вайкатам. Ідэя палягала на тым, што першы альбом мусіў зьмяшчаць песьні, складзеныя Гансэнам празь іхняе падабенства з стылем дэбютнага рэлізу, у той час як другі альбом меў улучаць песьні, складзеныя Вайкатам, якія былі нашмат больш мэйнстрымнымі. Альбом меў такі ж посьпех, як і ягоны папярэднік. «Keeper of the Seven Keys: Part II» стаў залатым у Нямеччыне, дасягнуў 108 месца ў ЗША ды трапіў у топ-30 альбомаў Вялікабрытаніі. Сынгл «Dr Stein» дасягнуў 57 месца. Не зважаючы на велізарны камэрцыйны посьпех другой часткі выданьня, раскол паміж удзельнікамі гурта працягваў назапашвацца. Яны ладную частку часу гублялі на спрэчкі, фактычна занядбаўшы складеньнем музыкі. Гансэн склікаў сустрэчу, дзе яшчэ раз запытаў гурт наконт магчымага адпачынка ад выступаў.
Прыкладна ў той жа час напружанасьць павялічвалася паміж гуртом і іхным гуказапісвальным лэйблам Noise Records, што пазьней прывяло да судовай справы. Гурт быў незадаволены тым, колькі ім плацілі з улікам вялікіх продажаў запісаў, а таксама частых гастроляў. У той жа час Helloween на пэўных эўрапейскіх канцэртах суправаджаў Iron Maiden, якія гастралявалі ў падтрымку свайго альбому «Seventh Son of a Seventh Son». Увосень 1988 году нямецкі гурт выправіўся ў яшчэ адно эўрапейскае турнэ, цяпер у якасьці гэдлайнэраў, пад назвай «Pumpkins Fly Free Tour», падчас якога быў запісаны матэрыял для жывога альбому, які пазьней быз выдадзены пад назвай «Live in the U.K.». MTV у свой этэр прыдбаў відэакліп на песьню «I Want Out», які быў выраблены Стормам Таргерсанам. Гэтай песьняй Гансэн падкрэсьліваў сваю незадаволенасьць і расчараваньне жыцьцём удзельніка гурта ў гэты час[5]. Працягваючы гастролі, Гансэн 8 лістапада 1988 году адыграў свой апошні канцэрт у шэрагах Helloween, бо ўжо ў сьнежні аб’явіў аб сваім сыходзе. Новым гітарыстам каманды стаў Ролянд Грапаў, якога некалі ў адным з клюбаў запрыкмеціў Вайкат. Грапаў у той час сумяшчаў выступы ў складзе гамбурскага гурта Rampage з працай аўтамэханіка. Пазьней у інтэрвію 2017 году Грапаў згадваў, што быў ужо гатовы скончыў музычную кар’еру і засяродзіцца на працы ў аўтамайстэрні, аднак прапанова ад Helloween усё зьмяніла ў ягоным жыцьці[6].
Удзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзейныя ўдзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхаэль Вайкат — гітара, бэк-вакал (1984 — цяпер)
- Маркус Гроскапф — бас-гітара, бэк-вакал (1984 — цяпер)
- Кай Гансэн — гітара, бэк-вакал (1984 — 1989, 2016 — цяпер), сьпеў (1984 — 1986, 2016 — цяпер)
- Міхаэль Кіске — сьпеў (1986 — 1993, 2016 — цяпер)
- Эндзі Дэрыс — сьпеў (1994 — цяпер)
- Саша Герстнэр — гітара, бэк-вакал (2002 — цяпер)
- Даніель Лёбле — бубны (2005 — цяпер)
Былыя ўдзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Інґа Швіхтэнбэрґ — бубны (1984 — 1993; памёр у 1995)
- Ролянд Грапаў — гітара, бэк-вакал (1989 — 2001)
- Улі Куш — бубны, бэк-вакал (1994 — 2001)
- Марк Крос — бубны (2001 — 2003)
- Штэфан Шварцмэн — бубны (2003 — 2005)
Дадатковыя ўдзельнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ёрн Элерброк — клявішы, фартэпіяна (1988 — 2003)
- Матыяс Ульмэр — клявішы (2007 — цяпер)
- Эдзі Ўрапіпру — клявішы (2010)
- Рытчы Абдэль-Набі — бубны (1993)
Дыскаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Walls of Jericho (1985)
- Keeper of the Seven Keys: Part I (1987)
- Keeper of the Seven Keys: Part II (1988)
- Pink Bubbles Go Ape (1991)
- Chameleon (1993)
- Master of the Rings (1994)
- The Time of the Oath (1996)
- Better Than Raw (1998)
- The Dark Ride (2000)
- Rabbit Don't Come Easy (2003)
- Keeper of the Seven Keys: The Legacy (2005)
- Gambling with the Devil (2007)
- 7 Sinners (2010)
- Straight Out of Hell (2013)
- My God-Given Right (2015)
- Helloween (2021)
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Hellbook (2015)[7]
- Seven Keys United Memorial – Complete Collection of Helloween (2021)[8]
- Helloween: The Full History (2021)[9]
- Helloween: Seekers of the Seven Keys Comic Book (2021)[10]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «Helloween». Metallian.
- ^ «Top 50 Metal Bands of All Time». Loudwire.
- ^ Dutra, Daniel (10.06.2021). «Helloween — O pai de todos». Roadie Crew.
- ^ «Helloween | Biography & History». AllMusic.
- ^ Everley, Dave (21.06.2017). «Helloween: „We’re not as big as Maiden, but we’re way bigger than Spinal Tap“». Classic Rock Magazine.
- ^ «Roland Grapow Says Helloween Doesn’t Want Him To Take Part In 'Pumpkins United' Tour». Blabbermouth.net.
- ^ «Helloween: mais informações sobre o seu primeiro livro biográfico». Whiplash.
- ^ «Helloween: banda lança novo livro no Japão». Whiplash.
- ^ «Livro — Helloween: A História Completa». Esteticatorta.
- ^ «Helloween Anuncia Lançamento Do Comic Book, Seekers Of The Seven Keys; Saiba Mais». RockBizz.