Škoda Auto
Škoda Auto | |
---|---|
Тып | akciová společnost[d][1][2] |
Заснаванне | 17 снежня 1895 і 20 лістапада 1990[2] |
Заснавальнікі | Václav Laurin[d], Václav Klement[d] і Эміль Шкода |
Краіна | |
Адрас | |
Галіна | аўтамабільная прамысловасць[3] |
Прадукцыя | аўтамабіль[4], Škoda Fabia[3], Škoda Rapid (2012-)[d][3], Škoda Roomster[d][3], Škoda Octavia[3], Škoda Yeti[3], Škoda Superb[3], Škoda Kodiaq[d][3], Škoda Felicia, Škoda Citigo[d], Škoda Karoq[d] і Škoda Kamiq[d] |
Уласны капітал |
|
Абарот |
|
Аперацыйны прыбытак |
|
Чысты прыбытак |
|
Актывы |
|
Колькасць супрацоўнікаў |
|
Дэвіз | simply clever |
Матчына кампанія | Volkswagen Group[3] |
Сайт | skoda-auto.com (англ.) |
«Шкода» (чэшск.: Škoda) — назва кампаніі (Škoda Auto) і марка аўтамабіляў, якія выпускаюцца ў Чэхіі (раней у Чэхаславакіі). Штаб-кватэра — у горадзе Млада-Болеслаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя вытворчасці аўтамабіляў, якія носяць у цяперашні час марку «Шкода», пачалася з канца 1895 года ў чэшскім горадзе Млада-Болеслаў. Кнігагандляр Вацлаў Лаўрын і механік Вацлаў Клемент, абодва аматары-веласіпедысты, пачалі выпускаць веласіпеды ўласнай канструкцыі, назваўшы іх патрыятычна — Славія.
Іх справы ішлі шчасна. Да 1899 г. фірма Laurin & Klement Co. пачала вытворчасць матацыклаў. Гоншчыкі атрымалі першыя перамогі ў міжнародных спаборніцтвах.
На мяжы стагоддзяў кампанія ўзяла курс на вытворчасць аўтамабіляў.
Першы аўтамабіль, Voiturette A, выпушчаны ў 1905, меў камерцыйны поспех і стаў знакавым у гісторыі чэшскага аўтамабілебудавання. Дзякуючы сваім ноў-хаў і досведу, кампанія вельмі хутка заняла трывалае становішча на сусветных рынках. Laurin & Klement спрыяла сцвярджэнню пазіцый Багемскага каралеўства як найбольш прамыслова развітога рэгіёна Аўстра-Венгерскай манархіі.
У 1907 г. заснавальнікі пераўтварылі некалі сямейнае прадпрыемства L & K у акцыянернае таварыства. Прагрэс прывёў да стварэння новай мадэлі — Faeton. Пасля 1914 г. кампанія прымала ўдзел у вытворчасці ваеннай прадукцыі.
Для ўмацавання і захавання сваіх пазіцый, а таксама мадэрнізацыі вытворчасці, L & K шукалі моцнага партнёра.
27 чэрвеня 1925 года L & K увайшла ў склад найбуйнейшага прамысловага прадпрыемства рэгіёна, «Шкода-Пльзень» (Škoda Plzeň), уладальнікам якой з’яўляўся Эміль Шкода. На гэтым скончылася гісторыя маркі Laurin & Klement і з’явілася новая кампанія — Škoda.
Гады Другой Сусветнай вайны
[правіць | правіць зыходнік]У гады Другой Сусветнай вайны Skoda стала часткай эканамічнай сістэмы Трэцяга Рэйха і практычна цалкам пераключылася на выпуск ваеннай прадукцыі. Заводы выпускалі газагенератарныя грузавікі, гусенічныя цягачы, а на базе распрацаванай у 1936 г. вытанчанай мадэлі Skoda Superb выпускаліся ваенныя пазадарожнікі. Завод выпускаў узбраенне для фашысцкіх войскаў і таму ў 1945 да 70 % завадскіх магутнасцей былі знішчаны англа-амерыканскімі бамбаваннямі.
Сацыялістычны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Другой сусветнай вайны прадпрыемства было нацыяналізавана, аддзелена ад машынабудаўнічай вытворчасці Škoda ў Пльзені і пашырана за кошт далучэння фабрык у Квасінах і Врхлабі. Першая пасляваенная мадэль 1101 Tudor сышла з канвеера завода ў Млада Болеславе ў маі 1946 года[7].
-
Škoda 1202 (1961)
-
Škoda Felicia (1962)
-
Škoda 1000 MB (1964–1969)
-
Škoda 100 (1969)
-
Škoda 110 R (1970)
-
Škoda 1203
-
Škoda 105S (1976)
-
Škoda 120L (1984–1990)
-
Škoda 130 (1984)
-
Škoda 136 (1988)
-
Škoda Favorit (1991)
Пасля аксамітнай рэвалюцыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 года стала ясна, што заводу будзе нялёгка на адкрытым рынку. Гадавая магутнасць складала каля 200 000 аўтамабіляў, пры гэтым акрамя машын састарэлай канструкцыі з рухавіком у задняй частцы, адзінымі сучаснымі мадэлямі былі хэтчбек Favorit і ўніверсал Forman. Škoda быў патрэбен моцны партнёр. Першапачаткова ў якасці патэнцыйных партнёраў чэшскі ўрад разглядаў спіс з 24 вытворцаў аўтамабіляў, летам 1990 года гэтая колькасць скарацілася да васьмі. Толькі чатыры з іх падалі заяўкі, і ў выніку толькі дзве кампаніі ўвайшлі ў канчатковы спіс у жніўні 1990 года: альянс Renault-Volvo і Volkswagen Group. 9 і 10 снежня адбыліся паседжанні ўрада, на аснове якіх 21 снежня 1990 года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з канцэрнам Volkswagen.
28 сакавіка 1991 года міністр прамысловасці чэшскага ўрада Ян Врба і старшыня савета дырэктараў Volkswagen AG Карл Хорст Хан заключылі асноўнае пагадненне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства Škoda Auto. Пасля выканання адпаведных пунктаў пагаднення 16 красавіка Volkswagen набыў 31 % акцый за 620 мільёнаў марак. У наступныя гады група павялічыла сваю долю да 100 %[8].
У складзе канцэрна Фальксваген
[правіць | правіць зыходнік]Дзякуючы ўзаемадзеянню з заходнімі партнёрамі і новаму эканамічнаму мысленню Skoda правяла мерапрыемствы па мадэрнізацыі тэхнічна-вытворчай базы. У выніку гэтага з’явілася канкурэнтаздольная мадэль — Felicia. За ёй рушылі ўслед і больш паспяховыя мадэлі — Octavia, Fabia і Superb.
-
Skoda Felicia (1994)
-
Skoda Felicia (1998)
-
Skoda Octavia (1999)
-
Skoda Fabia (2001)
-
Skoda Fabia Combi (2000)
-
Skoda Superb (2001)
-
Skoda Octavia II (2004)
-
Skoda Octavia Combi II (2004)
-
Skoda Fabia (2007)
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]Вытворчасць
[правіць | правіць зыходнік]Škoda Auto мае вытворчыя прадпрыемствы ў Чэхіі (Млада Болеслаў, Квасіны, Врхлабі), Славакіі, Украіне, Кітаі, Індыі і Расіі.
У Чэхіі
[правіць | правіць зыходнік]Млада Болеслаў
[правіць | правіць зыходнік]У Млада Болеславе знаходзіцца галаўны завод маркі. Вытворчасць аўтамабіляў тут стартавала ў 1905 годзе разам з пачаткам дзейнасці кампаніі Laurin & Klement. Цяпер у тых гістарычных завадскіх залах размяшчаецца музей маркі Škoda. Цяперашняя вытворчая пляцоўка знаходзіцца побач. На заводзе вырабляюць аўтамабілі шасці мадэляў: Fabia, Scala, Octavia, Kamiq, Karoq і Enyaq. Апроч аўтамабіляў, тут таксама вырабляюцца рухавікі, механічныя каробкі перадач MQ 200 і MQ 100, восі і акумулятары для гібрыдных мадэляў.
У сакавіку 2021 года з канвеера ў Млада Болеславе сышоў 15 мільённы аўтамабіль[9].
Врхлабі
[правіць | правіць зыходнік]Вытворчасць у Врхлабі пачалася ў 1864 годзе, калі Тэадор Петэра разам з сынамі заснаваў фабрыку па выпуску конскіх сёдлаў, экіпажаў і саней. З 1908 года пачалася вытворчасць аўтамабільных кузаваў. У 1946 годзе прадпрыемства было нацыяналізавана і ўключана ў склад Škoda.
На заводзе выпускаліся мадэлі:
- 1101 «Tudor» і STW,
- 1200, 1201, 1202 і 1203
- 105/120
- Favorit і Forman
- Felicia, у тым ліку версіі Combi і Fun
- Octavia для экспарту ў Польшчу
- Octavia версій Laurin & Klement, RS, 4x4 і Scout.
У 2012 годзе вытворчасць аўтамабіляў тут была завершана, а фабрыка перайшла на вытворчасць трансмісій[10].
Завод выпускае каля 2300 каробак перадач у дзень. Прыкладна дзве пятыя ад вырабленых трансмісій усталёўваюцца на мадэлях маркі Škoda, астатняя частка ідзе на іншыя аўтамабілі канцэрна Volkswagen Group.
У 2021 годзе завяршыўся пераход на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі і фабрыка стала вугляродна-нейтральнай, першай з усіх заводаў Škoda. Каля 90 працэнтаў электраэнергіі атрымана з узнаўляльных крыніц. Завод скараціў выкіды вуглякіслага газу з ранейшых 45000 тон у год да 3000 тон. Астатнія выкіды завод пакрывае за кошт кампенсацыйных мер. Акрамя пераходу на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі і эканоміі, таксама скарацілі да нуля колькасць адкідаў, што вывозяцца на звалку. З пачатку 2019 года ўсе адкіды выкарыстоўваюцца паўторна для вытворчасці іншых матэрыялаў або энергіі[11].
У Кітаі
[правіць | правіць зыходнік]Škoda выпускае аўтамабілі ў Кітаі з 2007 года. Вытворчасць ажыццяўляецца на чатырох заводах сумеснага прадпрыемства SAIC-Volkswagen (Kodiaq і Kodiaq GT выпускаюцца ў Чаншы, Octavia і Karoq у Нінбо, Rapid і Rapid Spaceback у Ічжэне, Superb, Kamiq і Kamiq GT у Нанкіне).
У ліпені 2020 года ў Кітаі быў выраблены трохмільённы аўтамабіль Škoda[12].
У Індыі
[правіць | правіць зыходнік]У 1999 годзе першае пакаленне Octavia пачалі пастаўляць у Індыю ў выглядзе камплектаў SKD0. Увозіліся практычна цэлыя аўтамабілі ў зборы, на іх на месцы мантаваліся толькі колы і фары. Пасля Індыя змяніла мытныя правілы, што вымусіла Škoda пашыраць зборку з паступовым павелічэннем долі лакальных кампанентаў, а пасля быў пабудаваны новы завод у горадзе Аурангабад. Акрамя таго, у Пуне створаны цэнтр распрацоўкі і мясцовая студыя дызайну[13]. Завод у Пуне мае магутнасць каля 200 000 аўтамабіляў у год. У 2015 годзе да яго дадаўся завод па выпуску рухавікоў магутнасцю каля 100 000 адзінак у год. Таксама тут вырабляюцца машынакамплекты для CKD-зборкі ў Куангніні (В’етнам)[14].
У Расіі
[правіць | правіць зыходнік]Вытворчасць у Расіі пачалася ў кастрычніку 2009 года на заводзе групы Volkswagen у Калузе. Першай мадэллю стала «Актавія» другога пакалення. У 2012 годзе кантрактную зборку наладзілі на Горкаўскім аўтазаводзе ў Ніжнім Ноўгарадзе. У 2012 годзе была выраблена 100-тысячная Шкода, у 2018 годзе 500-тысячная, у красавіку 2021 года 750-тысячная Шкода расійскай вытворчасці[15].
Да 2022 года ў Расіі выраблялі чатыры мадэлі: у Калузе выпускаўся Rapid, а ў Ніжнім Ноўгарадзе Karoq, Kodiaq і Octavia. 3 сакавіка 2022 года канцэрн Volkswagen прыняў рашэнне аб спыненні выпуску машын[16].
Спонсарства і дабрачыннасць
[правіць | правіць зыходнік]Чэшскі аўтавытворца мае доўгую гісторыю падтрымкі турніраў па хакеі з шайбай. Škoda з 1993 года бесперапынна з’яўляецца генеральным спонсарам чэмпіянату свету[17].
У Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Станам на канец 2019 года ў Беларусі зарэгістравана 48 775 аўтамабіляў Шкода[18].
З 11 сакавіка 2021 года продаж новых аўтамабіляў «Шкода Рапід» у Беларусі быў прыпынены наказам Дзяржстандарту аб неабходнасці ўдакладнення фармулёвак у Адабрэнні тыпа транспартнага сродку (АТТС)[19]. Камітэт заявіў, што падчас правядзення праверкі ў дачыненні да ТАА «ФелОкт-Сэрвіс» (дыстрыб’ютар маркі Škoda ў Беларусі), выяўлены неадпаведнасці машын звесткам у дакуменце. У прыватнасці, у ім згадвалася, што гэтая мадэль выпрабоўвалася з сістэмай дапаможнага тармажэння (BAS), але на рынку аўтамабіль рэалізуецца без яе. Усталяваныя на машынах фары дзённага святла нібыта не такія, якія былі ўнесеныя ў АТТС. Заяўлялася таксама аб разыходжаннях у звестках аб колькасці дзвярэй, экалагічным класе ды іншых паказчыках[20].
23 красавіка 2021 года пастановай Савета Міністраў прадукцыя маркі Шкода была ўнесеная ў пералік тавараў, якія забаронены да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, у выніку чаго з 5 мая 2021 года продажы аўтамабіляў былі спыненыя на 6 месяцаў[21]. Забарона неаднаразова працягвалася і на бягучы момант дзейнічае да 31 снежня 2024 года[22][23][24][25][26].
Зноскі
- ↑ ŠKODA Annual Report 2017, ŠKODA Výroční zpráva 2017 — Škoda Auto, 2018. — 148 p.
- ↑ а б в г Administrativní registr ekonomických subjektů
- ↑ а б в г д е ё ж з і ŠKODA Výroční zpráva 2016, ŠKODA Annual Report 2016 — 2017. — 116 с.
- ↑ ŠKODA Výroční zpráva 2015, ŠKODA Annual Report 2015 — 2016.
- ↑ а б в г д annual report
- ↑ annual report — С. 60.
- ↑ Первая после войны. Как Skoda Tudor поднимала чешский автопром с колен (руск.). abw.by (30 снежня 2021). Праверана 30 снежня 2021.
- ↑ Škoda letos slaví významné jubileum, 30 let od vstupu do koncernu Volkswagen (чэшск.). auto.cz (23 сакавіка 2021). Праверана 23 сакавіка 2021.
- ↑ Škoda v Mladé Boleslavi vyrobila už 15 milionů aut. Tím jubilejním je Enyaq (чэшск.). auto.cz (7 сакавіка 2021). Праверана 11 красавіка 2021.
- ↑ Jak ve Vrchlabí vyrábějí převodovky: Roboty tady lidi nikdy nenahradí (чэшск.). auto.cz (28 кастрычніка 2019). Праверана 15 красавіка 2021.
- ↑ Závod Škody Auto Vrchlabí přešel na obnovitelné zdroje, je uhlíkově neutrální (чэшск.). auto.cz (7 кастрычніка 2021). Праверана 30 снежня 2021.
- ↑ Škoda slaví tři miliony vyrobených aut v Číně. Může za to Octavia a bohatá paleta SUV (чэшск.). auto.cz (23 ліпеня 2020). Праверана 15 красавіка 2021.
- ↑ Podívejte se, jak Škodovka kdysi začínala v Indii. Bylo to s jedničkovou Octavií (чэшск.). auto.cz (10 лютага 2021). Праверана 11 красавіка 2021.
- ↑ Pune, la fabbrica Skoda-VW in India, eccellenza anche energetica (італ.). it.motor1.com (28 лістапада 2023). Праверана 29 лістапада 2023.
- ↑ В России выпустили три четверти миллиона «Шкод» (руск.). motor1.com (9 красавіка 2021). Праверана 11 красавіка 2021.
- ↑ "Volkswagen и Skoda прекратили выпуск автомобилей в России"(руск.). autonews.ru. 2022-03-03. Праверана 2023-05-08.
- ↑ IIHF ICE HOCKEY WORLD CHAMPIONSHIP. History of the ŠKODA Sponsorship (англ.)(недаступная спасылка). Škoda Auto (21 мая 2017). Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2021.
- ↑ Автостатистика ГАИ: сколько у белорусов Geely, а сколько — Ferrari (руск.)(недаступная спасылка). news.21.by (31 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2021. Праверана 13 жніўня 2021.
- ↑ О временной приостановке продаж ŠKODA RAPID (руск.)(недаступная спасылка). skoda-auto.by (10 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2021. Праверана 23 красавіка 2021.
- ↑ Госстандарт объяснил, почему в Беларуси приостановлены продажи Skoda Rapid (руск.). abw.by (11 сакавіка 2021). Праверана 4 лістапада 2021.
- ↑ Официальные дилеры ŠKODA на территории Республики Беларусь временно приостанавливают продажу любых новых автомобилей ŠKODA (руск.). skoda-auto.by (4 мая 2021). Праверана 4 лістапада 2021.
- ↑ "В Беларуси не будут продавать Skoda ещё полгода"(руск.). av.by. 2021-11-04. Праверана 2021-11-04.
- ↑ "Запрет на ввоз Skoda в Беларусь продлили. Но машины купить в салоне всё же можно"(руск.). av.by. 2022-05-05. Праверана 2022-05-17.
- ↑ "Запрет на ввоз и реализацию Skoda, Liqui Moly и Nivea в Беларуси продлен еще на полгода"(руск.). abw.by. 2022-11-04. Праверана 2022-11-04.
- ↑ "Беларусь прадоўжыла забарону на ўвоз у краіну прадукцыі Skoda Auto, Liqui Moly і Beiersdorf". БелТА. 2023-05-04. Праверана 2023-05-08.
- ↑ "Урад Беларусі прадоўжыў забарону на ўвоз і рэалізацыю некаторых тавараў". БелТА. 2023-10-31. Праверана 2023-10-31.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт Skoda Auto Архівавана 12 лютага 2007. (англ.)
- Гісторыі марак (руск.)
- Сайт прадстаўніцтва ў Беларусі (руск.)