Перайсці да зместу

Ангкор-Тхом

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік археалогіі
Ангкор-Тхом
អង្គរធំ
13°28′57,30″ пн. ш. 103°52′25,50″ у. д.HGЯO
Краіна Камбоджа
Ангкор
Тып будынка Горад
Архітэктурны стыль Баён
Заснавальнік Джаяварман VII
Дата заснавання Канец XII ст.
Будынкі
Баён
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ангкор-Тхом (кхмер.: អង្គរធំ «Вялікі горад») — рэшткі сталіцы Кхмерскай імперыі, заснаванай валадаром Джаяварманам VII у канцы XII ст. Уяўляе сабою частку Ангкора. Плошча — 9 км².

У 1177 г. кхмеры прайгралі бітву на возеры Танлесап аб’яднанаму войску Чампы. Сталіца кхмераў Ясадхарапура, што таксама складала частку Ангкора, была разрабавана. Супраціўленне іншаземцам арганізаваў Джаяварман VII, які ў 1181 г. афіцыйна стаў валадаром-дэвараджам. Ён распачаў маштабнае будаўніцтва, у тым ліку новай сталіцы. Пры яго жыцці яна працягвала насіць назву Ясадхарапура. Назва Ангкор-Тхом з’явілася ўжо пасля таго, як горад быў пакінуты жыхарамі ў XV ст.

Архітэктурны стыль Ангкор-Тхома вызначаецца як баён па найменню цэнтральнага храма. Горад узводзіўся як мініяцюра сусвету ва ўяўленні тагачасных людзей, быў добра ўмацаваны мурам і шырокім ровам. Джаяварман VII прыняў будызм, таму многія выявы адлюстоўваюць міфалогію гэтай рэлігіі.

Асноўным матэрыялам манументальных будынкаў стаў латэрыт. Відавочна, узвядзенне буйнога горада, чыё насельніцтва магло дасягаць 130 тысяч чалавек, адбывалася ў спешцы, таму выкананне было значна болей горшым, чым у Ангкор-Ваце. У выніку гэта адмоўна паўплывала на захаванасць пабудоў. Драўляныя пабудовы, дзе жыла большасць гараджан, да нашага часу наогул не дайшлі.

План

Ангкор-Тхом быў узведзены ў форме чатырохкутніка, кожны бок якога быў накіраваны ў пэўны напрамак свету. У мінулым яго атачалі мур і шырокі роў. Яны захаваліся толькі часткова. У кожным куце быў пабудаваны храм Прасат-Чрун. Брукаваныя дарогі паміж Паўночнай, Паўднёвай, Заходняй і Усходняй брамамі падзялялі горад на роўныя 4 часткі. На іх скрыжаванні быў узведзены найбольш маляўнічы помнік — будысцкі храм Баён, знакаміты сваімі барэльефамі.

Лічыцца, што паўночна-заходняя частка пачала будавацца першай. Найстаражытнейшыя будынкі Бапхуон і Пхімеанакас значна старэйшыя за перыяд кіравання Джаявармана VII. Яны былі ўзведзены ў XI ст. Бапхуон уяўляе сабою будысцкі храм у выглядзе ступеністай дагобы. Пхімеанакас таксама мае ступеністую форму, але першапачаткова ён з’яўляўся індуісцкім храмам. На яго стэле быў знойдзены запіс Джаявармана VII на санскрыце. Ужо да пачатку пабудовы Ангкор-Тхома Пхімеанакас быў інтэграваны ў палацавы комплекс, абнесены мурам. У часы Джаявармана VII мур дасягнуў 5 м у вышыню. Палац быў пабудаваны з дрэва і да нашага часу не захаваўся.

Уваход у палацавы комплекс злучаны дарогай з так званай Брамай перамогі. Паабапал яе размешчаны штучныя тэрасы Сланоў і Пракажонага караля. Тэраса сланоў атрымала сваё найменне ад выяў парада сланоў. Паверхня тэрасы Пракажонага караля выяўляе індуісцкі пантэон. Яе назва паходзіць ад знойдзенай тут скульптуры XV ст., пакрытай мохам быццам бы лепромамі. Прызначэнне тэрас выклікае спрэчкі. Частка спецыялістаў сцвярджае, што тэраса Сланоў сімвалізавала зямную моц манархіі, а тэраса Пракажонага караля — нябеснае заступніцтва. Таксама высоўваецца меркаванне, што тэраса Пракажонага караля ўмяшчала крэміраваныя рэшткі чальцоў валадарскай сям’і. Тэрасы маглі выкарыстоўвацца для прыняцця ваенных парадаў, афіцыйных прыёмаў, валадарскага суда.

Насупраць тэрас знаходзяцца 12 веж Суор-Прат. Юаньскі дыпламат Чжоў Дагуань у канцы XIII ст. паведамляў, што яны выкарыстоўваліся для зняволення спрачальнікаў. Калі суд не мог задаволіць спрэчку, яе ўдзельнікі памяшчаліся ў вежы. Той, хто першы захворваў, лічыўся прайграўшым.

Узровень падземных вод на тэрыторыі Ангкор-Тхома даволі высокі, таму ў сезон мусонаў былі магчымы паводкі. Для абароны ад іх пабудовы мелі пандусы. Акрамя таго, знутры горада было вырыта некалькі сажалак. Адна з іх месцілася ў палацавым комплексе.