Перайсці да зместу

Андрэа Арнольд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Андрэа Арнольд
Дата нараджэння 5 красавіка 1961(1961-04-05)[1] (63 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Адукацыя
Прафесія актрыса, кінарэжысёр, сцэнарыст, тэлевядучая
Узнагароды
IMDb ID 0036349
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Андрэ́а Арно́льд (англ.: Andrea Arnold; нар. 5 красавіка 1961, Дартфард, Кент, Англія) — брытанская кінарэжысёрка, сцэнарыстка і актрыса.

Андрэа Арнольд нарадзілася 5 красавіка 1961 года ў Дартфардзе, графства Кент, Англія. Яна была старэйшай з чатырох дзяцей у сям’і. Яе маці было толькі 16, а бацьку 17, калі Андрэа нарадзілася. Бацькі разышліся, калі яна яшчэ была ў маладым узросце. Яе маці была вымушана самастойна выхоўваць чатырох дзяцей, аб чым Арнольд згадвае ў сваім кароткаметражным фільме «Аса» (2003).

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў канцы 1970-х Арнольд працавала на тэлебачанні як танцорка шоу, у прыватнасці ў праекце BBC «Top of the Pops». Андрэа ўпершыню набыла папулярнасць у якасці актрысы і тэлевядучай (разам з Сэндзі Токсвіг, Нікам Стэверсенам і Нілам Б’юкененам) у дзіцячым тэлешоу 1980-х № 73 на ITV. Пасля закрыцця № 73 у 1988 годзе Андрэа Арнольд яшчэ два гады працавала ў камандзе дзіцячай праграмы «Motormouth». У 1990-я Арнольд пісала сцэнарыі для «A Beetle Called Derek», шоу, накіраванага на павышэнне экалагічнай дасведчанасці сярод моладзі.

Кар’ера ў кіно

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля завяршэння кар’еры на тэлебачанні Андрэа Арнольд вучылася ў прыватнай некамерцыйнай Кансерваторыі пры Амерыканскім інстытуце кінамастацтва ў Лос-Анджэлесе, дзе набыла досвед у кінаіндустрыі і, вярнуўшыся ў Англію, вывучала сцэнарнае майстэрства ў PAL Labs у Кенце[2][3][4]. Пасля навучання яна пачала рабіць кароткаметражныя фільмы для тэлебачання.

Трэці кароткаметражны фільм Арнольд «Аса» ў 2004 годзе атрымаў прэмію «Оскар» у катэгорыі найлепшы кароткаметражны фільм[5].

У 2006 годзе Андрэа Арнольд зняла па ўласным сцэнарыі свой першы поўнаметражны фільм «Чырвоны шлях». Фільм змагаўся за «Залатую пальмавую галіну» ў конкурснай праграме 59-га Канскага міжнароднага кінафестывалю і атрымаў прыз журы[6]. Акрамя гэтага, фільм быў адзначаны прэміяй BAFTA за найлепшы дэбют брытанскага сцэнарыста, рэжысёра альбо прадзюсара, і некалькімі шатландскімі ўзнагародамі BAFTA, у прыватнасці за найлепшую рэжысуру і найлепшы сцэнарый.

Прэм’ера наступнага поўнаметражнага фільма Андрэа Арнольда «Акварыум» (2009) адбылася на 62-м Канскім міжнародным кінафестывалі, дзе ён, як і папярэдні фільм, атрымаў прыз журы фестывалю. «Акварыум» таксама атрымаў прэмію BAFTA за найлепшы брытанскі фільм. У 2011 годзе Арнольд адаптавала для кіно раман Эмілі Бронтэ «Навальнічны перавал». Фільм быў паказаны ў конкурсе 68-га Венецыянскага міжнароднага кінафестывалю ў верасні 2011 года[7] і атрымаў узнагароду «Залатая Азела» за найлепшую аператарскую працу.

Чацвёрты поўнаметражны фільм Арнольд «American Honey» (2016), змагаўся за «Залатую пальму» ў конкурснай праграме 69-га Канскага міжнароднага кінафестывалю[8] і стаў яе трэцім фільмам, які атрымаў ў Канах прыз журы.[9]

  1. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 кастрычніка 2015.
  2. AFI Conservatory Alumni. AFI Conservatory. Архіў арыгінала ад 06.07.2011. Праверана 30 чэрвеня 2020.
  3. By, Uploaded. The AFI Class of '92. Chicago Sun Times. Архіў арыгінала Архівавана 28 сакавіка 2012. ад 10.05.2011.
  4. PAL Screenwriters Lab. PAL Labs. Архіў арыгінала Архівавана 28 сакавіка 2012. ад 28.03.2012.
  5. Raphael, Amy (22 жніўня 2009). Real life in the Fish Tank. The Guardian (London). Праверана 30 чэрвеня 2020.
  6. Festival de Cannes: Red Road Архівавана 22 жніўня 2011.. festival-cannes.com. Праверана 30 чэрвеня 2020.
  7. Venezia 68: International competition of feature films. Venice. Архіў арыгінала ад 27.09.2011.
  8. 2016 Cannes Film Festival Announces Lineup. IndieWire. Праверана 30 чэрвеня 2020.
  9. Cannes Film Festival Winners 2016 Palme d’Or Full List. Deadline. Праверана 30 чэрвеня 2020.