Перайсці да зместу

Беджа (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беджа
(بداوية)
Агульная колькасць 2844000 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання  Егіпет
 Судан
 Эрытрэя
Мова беджа
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы іншыя кушыты

Беджа (саманазва: بداوية) — кушыцкі народ на поўначым усходзе Афрыкі. Жывуць у Судане, Егіпце, Эрытрэі. Агульная колькасць (2023 г.) — 2 844 000 чалавек[1][2][3].

Сучасныя даследчыкі звычайна атаясняюць беджа з прымымі нашчадкамі старажытнага нубійскага народа, які антычныя аўтары называлі стар.-грэч.: Βλέμμυες або лац.: Blemmyae. У канцы II ст. і асабліва ў другой палове III ст. ён рабіў напады на ніжні Егіпет, але ў выніку пацярпеў паражэнне ад рымлян. Згодна рымскім аўтарам, у Blemmyae былі свае манархі і высакародныя асобы з пэўнымі тытуламі. Пад IV ст. племя блэмэ узгадвалася ў эфіопскіх крыніцах, якія тычыліся гісторыі старажытнага Аксума. Сучасныя генетычныя даследаванні сведчаць, што беджа сапраўды блізкія па паходжанню да іншых жыхароў Нубіі і Эфіопіі.

Традыцыйнае жытло

Беджа насяляюць засушлівыя раёны ўдзоўж Чырвонага мора, але часам іх качэўі дасягаюць ракі Ніл на захадзе. Яны падзяляюцца на асобныя эндагамныя супольнасці абабда, амарар, бішарын, хадэндова і бені амер.

Асноўныя традыцыйныя заняткі: качавая жывёлагадоўля, рыбалоўства, будаўніцтва марскіх лодак. Найбольш распаўсюджаныя свойскія жывёлы: вярблюды, козы і авечкі. Да XX ст. беджа часцяком займаліся нападамі на гандлёвыя караваны і пірацтвам ля афрыканскага ўзбярэжжа Чырвонага мора. У спадчыну ад той пары захавалася традыцыя адкрытага нашэння мужчынамі халоднай зброі.

У мінулым асновай вопраткі мужчын і жанчын з’яўляўся доўгі саронг. Верхнюю частку цела затуляў кавалак баваўнянай тканіны тау́б, які мужчыны накідвалі на плечы, а жанчыны — на галаву. У нашы дні распаўсюджаны доўгія мужчынскія кашулі джалабія і жаночыя сукенкі, паверх якіх, аднак, часцяком працягваюць накідваць тауб. Жаночы тауб звычайна ярка афарбоўваецца, упрыгожваецца вышыванкамі. Мужчыны маюць адметныя прычоскі — доўгі жмут валасоў, умацаваны на верхавіне разным драўляным грэбнем. Прынята дэкараваць шчокі трыма вертыкальнымі шнарамі. Жанчыны ўпрыгоўжваюць вопратку бісерам, устаўляюць у нос завушню колападобнай формы. Пераход у дарослы стан адзначаецца абразаннем хлопчыкаў і адсячэннем клітару ў дзяўчат.

Традыцыйны тып паселішча ўяўляе сабою качавую стаянку, што складаецца з некалькіх разборных каркасных хацін. Каркас вырабляецца з гнуткіх драўняных галін або тоўстых каранёў, паверх крыецца травянымі цыноўкамі. Вырабам і ўсталяваннем хацін займаюцца жанчыны.

Для беджа характэрны як пашыраныя, так і малыя нуклеарныя сем'і, што ўтвараюць асобныя качавыя гаспадаркі. Яны аб’яднаны ў роды, а роды — у своеасаблівыя племянныя федэрацыі. Шлюб з прадстаўніком свайго роду забаронены, аднак шлюбы з прадстаўнікамі іншых федэрацый здараюцца рэдка, паколькі дзейнічае звычай жаніцьбы на прадстаўніцы матчыннага роду. Адлік сваяцтва вядзецца толькі па бацькоўскай лініі. Міжродавыя стасункі здзяйсняюцца дзякуючы старэйшынам. Разам з гэтым існуе звычай абрання правадыра, хаця яго пасада не абавязкова. Правадыры абіраюцца толькі з прадстаўнікоў пэўных «высакародных» родаў. У далёкім мінулым яны ўзначальвалі ваенныя атрады. У нашы дні іх роля абмяжоўваецца перагаворамі з уладамі або прадстаўнікамі іншых плямён. Дагавор, заключаны правадыром федэрацыі, павінен выконвацца кожным членам. У беджа вельмі складаныя адносіны з суседзямі. У Судане з 1994 г. яны знаходзяцца ў апазіцыі да афіцыйных органаў кіравання, перыядычна ўспыхваюць узброеныя канфлікты.

Беджа вядомы як выдатныя спевакі і музыканты. Народныя песні прысвечаны качавому жыццю, спрыту вярблюдаў, прыгажосці жанчын, нудзе аб страчаным. Пашыраны народны музычны інструмент рабабі нагадвае гітару. Падчас святаў арганізуюцца мужчынскія рытуальныя танцы са зброяй. Перагаворы і сустрэчы мужчын суправаджаюцца кававымі цырымоніямі.

Мова беджа складае паўночную галіну кушыцкай моўнай сям'і. У Егіпце і Судане запісы на ёй робяцца арабскім пісьмом. У Эрытрэі запісы імён робяцца пісьмом на аснове лацінкі.

У ранняе сярэднявечча продкі беджа прынялі хрысціянства, аднак да XVXVI стст. яно было выціснута ісламам. Сярод вернікаў распаўсюджаны сунізм, суфізм, махдзізм.

Зноскі