Перайсці да зместу

Бітва на Косавым полі (1389)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва на Косавым полі
Бітва на Косавым полі (XVI век)
Дата 1389
Месца Косава поле
Вынік Паражэнне сербскага войска
Праціўнікі
Сербія Асманская імперыя
Камандуючыя
Лазар Хрэбелянавіч
Вук Бранкавіч
Влатка Вукавіч
Мурад I
Баязід I
Якуб †
Сілы бакоў
15.000 - 25.000 чалавек[1] 30.000 - 40.000 чалавек[1]
Страты
загінуў кіраўнік дзяржавы, вялікія загінуў кіраўнік дзяржавы, вялікія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бітва на Косавым полі (сербск.: Бој на Косову чи Косовска битка; турэцк.: Kosova Meydan Muharebesi) — буйная бітва, якая адбылася 1516 чэрвеня[2] 1389 годзе паміж аб'яднанымі войскамі сербскіх феадалаў і Баснійскага каралеўства і турэцкім войскам на Косавым полі, у 5 кіламетрах ад сучаснай Прышціны. Сербскія войскі ўзначальвалі князь Лазар Хрэбелянавіч, Вук Бранкавіч і вялікі ваявода Улатка Вукавіч. Асманскім войскам камандаваў султан Мурад I разам з сваімі сынамі Якубам і Баязідам.

Падчас бітвы загінула большая частка абодвух войскаў і абодва правадыры: Лазар, які трапіў у палон і быў пазней пакараны, і Мурад, меркавана забіты Мілашам Абілічам. Нягледзячы на перамогу асманскіх войскаў, адразу ж пасля бітвы войска султана спешным маршам накіравалася да Адрыянопаля з-за вялікіх страт, а таксама з-за асцярогі спадчынніка Мурада Баязіда, што смерць яго бацькі можа прывесці да смуты ў Асманскай імперыі. Косаўская бітва адыгрывае важную ролю ў сербскай нацыянальнай самасвядомасці, гісторыі і фальклоры.

Лазар і Мілаш Абіліч ушаноўваюцца як святыя праваслаўнай царквой[3][4].

Падзеі напярэдадні

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля бітвы на Марыцы асманы пашырылі кола сваіх васалаў, ім падпарадкаваліся гарады на Эгейскім узбярэжжы і важныя транспартныя пуцявіны. У 1383 годзе асманы наблізіліся да Салонікаў, захапіўшы горад Серэ і навакольныя вобласці. Ужо тады да іх звярталіся манахі з атонскіх кляштароў, чые валадарствы апынуліся пад пагрозай і якія спрабавалі абараніць свае прыстанкі ад спусташэння. Пасродкам паўвострава Галіпалі асманы падтрымлівалі сувязь з Малой Азіяй, а таксама наладзілі кантакты з Венецыяй і Генуяй, якія варагавалі паміж сабой за ўплыў над рэштай некалі магутнай Візантыі[5].

У гэты перыяд туркі вызначыліся з стратэгіяй сваёй экспансіі[5]. Яны ахвотна ўдзельнічалі ў міжусобіцах хрысціянскіх кіраўнікоў, пры гэтым паступова асвойваючы іх тэрыторыі і падпарадкоўваючы сабе тых, каму раней абяцалі дапамогу. Падставай для падначалення сабе той або іншай вобласці звычайна з'яўлялася смерць мясцовага кіраўніка або ўсобіцы ў яго сям'і. Свае паходы асманы прадпрымалі на досыць далёкія адлегласці. Як правіла, ва ўсіх абласцях Балканскага паўвострава турэцкія атрады з'яўляліся задаўга да таго, як асманская дзяржава станавілася іх непасрэдным суседам[5].

На землях князя Лазара Хрэбелянавіча туркі з'явіліся яшчэ ў 1381 годзе, калі княжацкі ваявода Црэп разбіў іх на Дубраўніцы каля Парачына[5][6]. Верагодна, турэцкі атрад апынуўся там пасля аперацыі ў Балгарыі. У 1386 годзе асманы распачалі значна больш сур'ёзнае ўварванне. Іх войска ўзначальваў сам Мурад, які дайшоў да Плочніка, што на рацэ Топліцы. Падчас гэтага паходу туркі атакавалі грачаніцкі кляштар, дзе згарэла ўнутраная вежа, якая захоўвала каштоўныя рукапісы і кнігі[5].

У жніўні 1388 года, скарыстаўшыся варожасцю баснійскага караля Твртка з Балшычамі, турэцкае войска пад правадырствам вядомага военачальніка Шахіна ўварвалася ў межы Білеча, дзе было разбіта[6]. Паступова асманы ўзмацнялі націск на межах Сербіі[5]. Ад земляў князя Лазара і Вука Бранкавіча іх аддзялялі толькі ўладанні Драгаша Дэянавіча на усходзе і спадчыннікаў Вукашына Мрняўчэвіча на поўдні, якія былі турэцкімі васаламі. У той жа час з-за ўнутранага канфлікту ў венгерскім каралеўстве Лазар і Вук Бранкавіч фактычна апынуліся адрэзанымі ад хрысціянскіх земляў. Падчас венгерскай усобіцы яны падтрымалі Ладзіслава Неапальскага, такім чынам, маючы сувязі з ім і з харвацкімі гарадамі[7].

У пачатку лета 1389 года турэцкі султан Мурад распачаў паход на Сербію. У складзе яго войска акрамя турак былі атрады васалаў і найміты. Падрыхтоўка да паходу ішла доўгі час, пра яе ведалі як сербскія кіраўнікі, так і іншыя дзяржавы, напрыклад Венецыя[6]. Праз землі сваіх васалаў у Македоніі султан выйшаў на Косава поле, адкуль мог зрушыцца ў любым кірунку. Даведаўшыся пра набліжэнне Мурада, князь Лазар і Вук Бранкавіч тэрмінова сабралі войска. На дапамогу ім прыйшоў буйны атрад ваяводы Улатка Вукавіча, пасланы баснійскім каралём Твртка I[8].

Расклад войскаў

Сербскае войска ўзначальваў Лазар Хрэбелянавіч. Асманскае войска было пад кантролем Мурада І. Спачатку войска Мурада рухалася да Велбужда, потым змяніла напрамак да Косава. Князь Лазар выбраў Косаўскае поле для правядзення бітвы, якое было аптымальным месцам для перахопу турэцкага войска.

Войска Мурада дасягала колькасці прыблізна 30-40 тыс.[1] з якіх 2-5 тыс. былі янычары, 6 тыс. сіпахаў, 20 тыс. азапаў ды акінджаў, а таксама 8 тыс. васалаў. Войска Лазара было меншым па колькасці і складала каля 15-25 тыс.[1] салдатаў[9]. З якіх непасрэдна 15 тыс. падпарадкоўваліся Лазару, 5 тыс. знаходзіліся пад камандаваннем косаўскага жупана Вука Бранкавіча, столькі ж пад камандаваннем баснійскага ваяводы Влатка Вукавіча.

Абодзве арміі сустрэліся на Косавым полі. Прыблізна 1 тыс. лучнікаў былі па абодвух крылах асманскага войска, за німі былі азапы ды акінджы ў цэнтры былі янычары, за якімі з коннаю абаронаю знаходзіўся сам Мурад. У цэнтры сербскага войска знаходзіўся князь Лазар. Наперадзе стаяла цяжкая коніцца і кавалерыя лучнікаў па флангах. На задзе стаяла пяхота.

Бітва пачалася з абстрэлу кавалерыі асманскімі лучнікамі. Сербская кавалерыя сфармулявала клін і распачала атаку турэцкіх войск, прарвала левае крыло, але не мела поспеху ў цэнтры і на правым крыле.

Пасля першай атакі сербы мелі пэўную перавагу, паколі істотна парушылі крыло туркаў. Калі атака прыпынілася лёгкая пяхота і лёгкая коніцца туркаў контраатакавалі сербаў, што стала прычынай адступлення сербскага войска. Пад час гэтай бітвы Баязід І, сын Мурада, за хуткую контраатаку атрымаў мянушку «Бляскучы».

Князь Лазар загінуў у баі.

Смерць Мурада

[правіць | правіць зыходнік]
Мілаш Обіліч

Зыходзячы з турэцкіх гістарычных хронік султан Мурад І быў забіты Мілашам Абілічам, ён прытварыўся мёртвым і забіў Мурада, які хадзіў па полю пасля бітвы. Сербскія крыніцы гавораць, што Мілаш Абіліч забіў Мурада пад час бітвы. Відавочна, што султанаўская ахрана, пасля такога ўчынку, адразу забіла сербскага рыцара.

Мурад І з'яўляецца першым султанам Асманскай імперыі, які быў забіты пад час бою. Баязід, сын Мурада, быў адразу праінфарміраваны пра смерць бацькі, таксама ён даслаў вестку свайму брату Якубу, які прыбыў у табар Баязіда, дзе і быў задушаны, забяспечваючы Баязіду асманаўскі сталец.

Магіла султана Мурада да сённяшніх дзён захавалася на Косавым полі. І хоць яна не знаходзіцца ў найлепшым стане, але не была зруйнавана, незважаючы на бясконцыя войны паміж сербамі і туркамі.

Бітва на Косаўскім полі ў ваенным сэнсе з'яўляецца нічыёю з важкімі стратамі абодвух бакоў. Абодва лідара загінулі. Краіна сербаў трапіла ў васальную залежнасць Асманскай імперыі, сербскі народ мусіў забяспечваць турэцкую армію людскімі матэрыяламі.

Пасля смерці Лазара, Баязід І падпісаў саюз з сынам сербскага князя — Стэфанам. Баязід ажаніўся з сястрою Стэфана, узяўшыя яе ў свой гарэм, а сам Стэфан стаў лаяльным саюзнікам Асманскай імперыі. У далейным ён даволі спрытна дапамагаў турэцкаму султану ў яго паходах на балканскія народы.

Зноскі

  1. а б в г Историја Србије. “Османлијска армија је бројала између 30.000 и 40.000 војника. Сукобили су се са 15.000 до 25.000 Срба.”
  2. 28 чэрвеня па Грыгарыянскім календары
  3. ’’Emmert, Thomas (1996), «„Milos Obilic and the Hero Myth“», Journal of the North American Society for Serbian Studies Т. 10’’ (англ.)
  4. Святы верны князь Лазар (руск.)
  5. а б в г д е Чиркович Сима. История сербов. — М.: Весь мир, 2009. — С. 107. — ISBN 978-5-7777-0431-3 (руск.)
  6. а б в Владимир Чоровић. Историја Срба. Библиотека Растко. (серб.)
  7. Чиркович Сима. История сербов. — М.: Весь мир, 2009. — С. 108. — ISBN 978-5-7777-0431-3 (руск.)
  8. Чиркович Сима. История сербов. — М.: Весь мир, 2009. — С. 109. — ISBN 978-5-7777-0431-3 (руск.)
  9. Sedlar, Jean W.. East Central Europe in the Middle Ages, 1-1.5 тыс., University of Washington Press.