Перайсці да зместу

Вавілона-асірыйская культура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Вавілона-асірыйская культура — культура народаў, што насялялі ў 41 тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэрыторыя сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю. Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваеннаей тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук.

Вавілонскія 60-рычныя лічбы

Для практычнага гаспадарчага выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб'ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі  (руск.). Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай злічэння  (руск.). На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў  (руск.) і кубоў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое зараз называецца тэарэмай Піфагора.

Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. Вялікіх поспехаў асірыйцы дасягнулі ў апрацоўцы скур і вырабе фарбаў[1].

У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія  (руск.). Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці[2]. Вавіланяне першымі сталі карыстацца сямідзённым тыднем і 24-гадзіннымі суткамі (з дванаццаццю падвойнымі гадзінамі)[1].

Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі  (руск.) (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш). Асірыйцы ў медыцыне ўжывалі больш чатырохсот раслінных і мінеральных зелляў. Захаваныя медыцынскія тэксты паведамляюць пра выкарыстанне амулетаў і замоў пры лячэнні хвароб, хоць у многіх выпадках асірыйцы звярталіся да дапамогі больш эфектыўных сродкаў. Напрыклад, урачы прапісвалі халодныя ванны для здымання ліхаманкавых станаў і прызнавалі, што зубная інфекцыя можа быць прычынай шэрага захворванняў. Ёсць сведчанні, што асірыйскія медыкі займаліся таксама лячэннем псіхічных захворванняў[1].

Акадскі клінапіс

Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў  (польск.)», дзе выкладзены гістарычныя падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найбольш прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навуковага характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.

Бел Мардук (справа) змагаецца з Тыямат.

Міфы  (руск.), што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф «Энума Эліш» 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў, якіх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора», з малодшымі на чале з богам Мардукам.

Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіўсудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіцыйных версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.

Энліль і Нінліль

Рэлігія  (польск.) старажытных плямёнаў Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзяржаўных багаў Ана, Энліля і Энкі.

Мардук

З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы галоўным богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясцовымі божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайменнага горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза)  (руск.), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іўдаізм і хрысціянства.

Літаратура  (фр.) народаў Двухрэчча ў першай палове 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара (Энмеркар і жрэц Араты  (англ.), Энмеркар і Энсухкешдана  (англ.)), Лугальбанду (Лугальбанда і гара Хурум  (англ.), Лугальбанда і Энмеркар  (англ.)) і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін.

24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гістарычна-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваенныя паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці узнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вялікай мастацкай сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці.

Гліняная таблічка з Ніневійскай бібліятэки з фрагментам міфа пра Гільгамеша (Таблічка N 11, на якой апісваецца гісторыя патопу.), Брытанскі музей

Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асноўныя вядомыя шумерскія літаратурныя тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) літаратура 1612 ст. да н.э. складаецца з вялікага касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вялікая колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літаратурныя помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся.

Самастойным жанрам асірыйскай літаратуры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваенных паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, літаратуры перапісваліся да І ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся літаратура народаў старажытнага Двухрэчча — вершаваная.

У мастацкай культуры старажытнага свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 41-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і іншыя формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геаметрычным узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася будаўніцтва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геаметрычнымі мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі.

У першай палове 3 тысячагоддзя да н.э. значна ўмацаваліся першыя, нетрывалыя палітычныя ўтварэнні, рабаўладальніцкія гарады-дзяржавы, якія ўключалі навакольныя паселішчы і дзе былі яшчэ вельмі адчувальныя перажыткі першабытнаабшчынных адносін. Паміж маленькімі гарадамі-дзяржавамі ўзнікалі пастаянных ваенныя сутыкненні з-за зямель, арашальных каналаў, скаціны і рабоў[3].

Адным з вельмі моцных і багатых гарадоў-дзяржаў з’яўляўся Ур. Кіраўнікі Ура ўзводзілі ў горадзе храмы, будавалі палацы. Сіла іх і багацце пацвярджаюцца шматлікімі сапраўды каштоўнымі высокамастацкімі прадметамі, якія былі знойдзены ў іх грабніцах[3].

Галоўным відам мастацтва раннедынастычнага перыяду была архітэктура. Асноўным будаўнічым матэрыялам па-ранейшаму служыла сырцовая цэгла і толькі зрэдку — абпаленая цэгла; у вельмі малой колькасці ўжывалі прывазны камень і дрэва. Асноўныя рысы архітэктуры, якія склаліся яшчэ ў канцу 4 — пачатку 3 тысячагоддзя да н.э. у гэты перыяд працягвалі развівацца. Галоўныя гарадскія будынкі — храмы і палацы будаваліся на штучных платформах з утрамбаванай гліны. Сцены будынкаў і платформаў апрацоўвалі лапаткамі[3].

Храм багіні Нінхурсаг ва Убайдзе  (руск.), прадмесці Ура, сярэдзіны 3 тысячагоддзі да н.э.— тыповы прыклад храмавай пабудовы. Ён меў традыцыйную для шумерская архітэктуры платформу з лесвіцай. Новыя ж рысы, прыўнесеныя раннедынастычным перыядам,— некаторае ўскладненне агульнай кампазіцыі, большая дэкаратыўнасць афармлення[3].

Галава багіні (Інаны?) з Урука. Пач. 3 тысячагоддзя да н.э.

Скульптурныя выявы з розных парод каменя (вапняку, пясчаніку мясцовага алебастру), бронзы, а магчыма, і з дрэва выконвалі пераважна для храмаў. Памер іх галоўным чынам невялікі — да 35—40 см. Прызначэнне пераважнай большасці з іх было ўвесь час маліць багоў пра пасланне ўсялякага дабрабыту той асобе, па заказе якой яны былі зроблены. У сувязі з такой роляй скульптуры выпрацаваліся пэўныя нормы выявы чалавечай фігуры. У першую чаргу, гэта схематызм абагульненых форм і ў многіх выпадках умоўна скарочаныя прапорцыі фігур[3].

Статуя Курліля, начальніка жытніц Урука. Другая чвэрць 3 тысячагоддзя да н.э.

Пры стылістычным адзінстве ў розных частках Двурэчча існавалі некаторыя адрозненні ў характары выканання статуй адарантаў і багоў. У гарадах на самым поўдні панавалі прысадзістыя, скарочаныя прапорцыі фігур, круглая, шарападобная форма галоў. Для Паўночнага Двурэчча былі ўласцівыя стройныя выцягнутыя прапорцыі, больш падоўжаная форма галоў і твараў. У групе скульптур з Паўднёвага Двурэчча найбольш тыповыя дзве: базальтавая статуя начальніка жытніц горада Урука па імі Курліль і адкрытая ў Лагашы вапняковая статуя жанчыны, якая моліцца. Аб’ёмы абедзвюх скульптур — Курліля, які сядзіць са скрыжаванымі нагамі, і жанчыны, якая стаіць — надзвычай мала расчлянёныя. У стылістычным жа плане падкрэсленне толькі самага асноўнага ў сілуэце і ва ўсіх частках фігур надае ім манументальнасць, нягледзячы не іх невялікую вышыню. Спакой поз, ураўнаважанасць правага і левага бакоў скульптур надаюць ім урачыстасць[3].

Статуі бога Аб-У. Сярэдзіна 3 тысячагоддзя да н.э.

Сярод фігур з Паўночнага Двурэчча сярэдзіны 3 тысячагоддзі да н.э. вельмі характэрны каменныя статуі бога Аб-У і багіні з горада Эшнуна. Як і скульптура з Паўднёвага Двурэчча, яны пабудаваны франтальна і разлічаны на ўспрыманне іх у храме з пярэдняга боку і ў тры чвэрці. Але з-пад цяжкіх шарсцяных адзенняў гэтых фігур бачныя прамыя моцныя ногі[3]. У скульптур асабліва велізарныя іх інкруставаныя чорныя «усёвідушчыя» вочы, якія займаюць ці ледзь не палову твара. У руках яны трымаюць пасудзіны са свежай вадой[3].

Статуя Эбіх-Іля створаная з блакітнага і белага каменя, яго вялікія вочы надаюць абліччу гэтага барадатага чалавека выраз наіўнасці. Эбіх-Ці сядзіць на круглым «зэдліку» ў пышнай спадніцы ўпрыгожанай пасмамі густой шэрсці. Уся яго фігура рэалістычная, прапарцыйная[3].

Рэльефныя выявы раннедынастычнага перыяду ў сувязі з адсутнасцю яшчэ адзіных кананізаваных норм выканання, адзначаны своеасаблівай выразнасцю і дэкаратыўнасцю. Гэта знаходзіць адлюстраванне, у першую чаргу, у разнастайнасці кампазіцый у рознай мадэлёўцы форм. Пануе паслядоўнасць выяўленчага апавядання пра тую ці іншую падзею. Каб перадаць усё як мага больш ясна, асобныя сцэны размеркаваны паясамі, фігура галоўнага персанажа — кіраўніка ці бога — большая за іншыі. Рэльефы выразаны на нейтральным, не занятым іншымі выявамі фоне выразнымі больш-менш плоскімі сілуэтамі. Твары, а таксама фігуры ў цэлым тыпізаваны. Найбольш распаўсюджаныя сюжэты: закладка храмаў, перамога над ворагамі, баль пасля закладкі ці перамогі[3].

Стэла каршуноў

Стэла цара Эанатума была створана ў адзначэнне перамогі горада-дзяржавы Лагаша над адным з суседніх гарадоў Умай. Стэла Эанатума высечана, несумненна, творча адораным аўтарам. Перамогу ўвасабляе буйная фігура бога Нінгірсу, якая займае ўвесь пярэдні бок пліты.

Штандар вайны і міру з Ура

Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.).

Акрамя гліптыкі можна вылучыць яшчэ адну групу помнікаў — вырабы металапластыкі, большай часткай прадметы ўпрыгожвання, якія дазваляюць судзіць пра высокую тэхніку ювелірнага мастацтва ў гэты перыяд. Найбольш цікавыя і выдатныя залатыя прадметы знойдзены ў царскіх магілах горада Ура ў даволі вялікай колькасці[4] — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш[2]. Многія прадметы інкруставаны лазурытам і іншымі напаўкаштоўнымі камянямі, дзівяць тонкасцю чаканкі, вялікім густам і вытанчанасцю[4].

Знаходка гэтых рэчаў лішні раз даказала, што там, дзе характар выявы не дыктаваўся прамымі патрабаваннямі культу, майстры часта больш свабодна праяўлялі сваю творчую назіральнасць. Толькі культавыя выявы чалавека патрабавалі наўмыснага ўвядзення фантастычнага элемента ў выяву, каб стварыць грань паміж чалавекам і бажаством ці царом; выявы жывёл не накладвалі па майстроў абмежаванняў, і тут яны дасягалі большай дасканаласці. У гэтым плане цікавыя скульптурныя галовы быкоў і каровы, якія ўпрыгожваюць рэзанатары арфаў. Выкананая з золата галава быка адрозніваецца дзіўнай жыццёвасцю. Жывёла раздула ноздры; старанна прачаканена кожная зморшчынка скуры на пысе[4]. У абагульненай выяве быка-бажаства асобныя дэталі трактаваны даволі ўмоўна, напрыклад, вушы раструбам; пысу жывёлы ўпрыгожвае доўгая густая барада (у адным выпадку — з лазурыту; з лазурыту ж зроблены і карак і вочы жывёлы)[4].

Статуя Гудэа
Стэла ў гонар перамогі Нарам-Сіна над лулубеямі з Сузаў. Каля 2300 г. да н.э., Луўр

Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (XXIV—XXII ст. да н.э.) сведчаць пра узмацненне культу ўладара. Акадскае мастацтва праіснавала каля двухсот гадоў на аснове агульнага эканамічнага і грамадска-палітычнага ўздыму краіны. У мастацтве Двурэчча ў перыяд Акада пераважала асноўная стылістычная тэндэнцыя акадскай культуры[5] — пры захаванні ўмоўных шумерскіх прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла  (польск.) ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя  (англ.) правіцеля Гудэа з г. Нагаці)[2]. Статуі Гудэа можна падзяліць два тыпы: адны — з традыцыйна некалькі скарочанымі прапорцыямі (хоць гэтак жа старанна апрацаваныя, нягледзячы на цяжкі для апрацоўкі матэрыял — дыярыт, і ўпершыню ў гісторыі Двурэчча — сапраўды манументальныя, да двух метраў), а іншыя — цалкам выкананыя ў акадскіх традыцыях[6]. Характэрнымі стылістычнымі асаблівасцямі круглай пластыкі і рэльефаў перыяду Акада былі таксама складнасць прапорцый, натуральнасць перададзеных рухаў, мяккая лепка ўсіх форм, маляўнічасць агульных сілуэтаў і дэкаратыўна прапрацаваных дэталей[5].

У архітэктуры перыяду Акада шырока ўжывалі корабавыя скляпенні з абпаленай цэглы, перакрываючы імі вузкія, калідорападобныя памяшканні ў некаторых храмах. Аркамі, таксама з абпаленай цэглы, апраўлялі многія дзвярныя праёмы[5].

Дасканаласці дасягнула тэхніка мастацкай апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка[2].

Неўзабаве пасля смерці Нарам-Сіна, з-за хуткай бюракратызацыі новых вярхоў грамадства, у Акадзе пачаўся яго эканамічны крызіс. Каля 2200 г. да н.э. у краіну ўварвалася горнае племя гутыяў, якое апустошыла і падпарадкавала землі Двурэчча. Аднак традыцыі акадскага мастацтва заставаліся моцнымі яшчэ доўга, на поўдні Двурэчча аж да сярэдзіны 2 тысячагоддзя да н.э., да заваявання яго таксама горцамі — касітамі[5].

III дынастыя Ура

[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 22 ст. да н.э. гутыі былі выгнаны, і на кароткі тэрмін, у пачатку 21 ст. да н.э., усё Двурэчча было ізноў аб’яднана[7]. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў мастацкіх майстэрнях ствараліся галоўным чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам[2].

У рэльефах гэтага часу арганічна зліліся традыцыі акадскага і шумерскага мастацтва, хоць выкананы яны ў асабліва строгіх і стрыманых, ужо кананізаваных, кампазіцыях і формах. Характэрным прыкладам з’яўляецца помнік найбольш значны па сэнсе і ўзроўню мастацкага выканання — стэла цара Ур-Наму, прысвечаная ўзвядзенню зікурата ў Уры. На захаваных фрагментах гэтай прамавугольнай вапняковай пліты высечаны ў нізкім рэльефе парадкова размешчаныя кампазіцыі. Выяўленчае апавяданне разгортваецца паслядоўна знізу ўверх, падводзячы да ўсё важнейшых сцэн. На верхніх паясах цар чатырохразова перададзены перад вярхоўным богам і багіняй. Ён здзяйсняе ўзліванні на ахвярнікі. Божаствы ж працягваюць яму сімвалы ўлады — жазло і кольца. На самай верхняй, паўкруглай частцы стэлы, выразаны сонечны дыск і маладзік[7].

Стыль рэльефных кампазіцый сведчыць пра захаванне найбольш дзейсных сродкаў увасаблення ідэі ўлады, якая атрымліваецца ад багоў, і, такім чынам, яе бясспрэчнасці і непахіснасці. Ад раннедынастычнага шумерскага мастацтва прыйшлі прыёмы няспешнага апавядання ў ілюстрацыях, а таксама велічная статыка поз і рухаў, геральдычнасть размяшчэння персанажаў, чатырохкратнае паўтарэнне аднаго сюжэта — стаянне цара перад тронам бажаства. Акадскае мастацтва прыўнесла сюды складнасць фігур і аб’ёмную, маляўнічую прамадэляванасць форм целаў і адзенняў[7].

План Ура

Сярод рэштак бязладна размешчаных і вельмі скучаных хат захаваліся руіны архітэктурнага комплексу больш стройнай арганізацыі, дзе размяшчаліся рэлігійна-адміністрацыйны цэнтр дзяржавы і архітэктурны цэнтр горада. На тэрыторыі свяшчэннага ўчастка, акружанага сценамі, знаходзіліся палац цара Ур-Наму, грабніцы цароў  (польск.) і некалькі храмаў у традыцыйных шумерскіх формах. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) абнесены двайной сцяной і з «жыллём Бога» наверсе, які аформіўся, хутчэй за ўсё, таксама ў раннедынастычную эпоху[7].

Рэканструяваны зікурат
Рэканструкцыя першапачатковага выгляду зікурата ва Уры

Зікурат Ура (22—21 ст. да н.э.), які быў прысвечаны багіне месяца Нане, уяўляў сабой агромністую ўсечаную піраміду з сырцовай цэглы[7]. Зікурат складаўся з трох велізарных тэрас, якія паступова звужаліся к верху, дасягаючы 60 м[8]. Да нашых дзён захавалася велічная ніжняя тэраса, плошчай 65x43 м і вышынёй у 20 м, якая была адрэстаўравана ў 60-я гады XX стагоддзя[7]. На гэту тэрасу плошчай 65x43 м вялі тры лесвіцы, дзве з якіх прымыкалі да сцен. Дзве верхнія тэрасы аб’ядноўваліся адной лесвіцай. На вяршыні такой ступеньчатай вежы знаходзілася свяцілішча багіні Наны. Тэрасы былі розных колераў: ніжняя — чорная, сярэдняя, абкладзеная абпаленай цэглай, — чырванаватая, верхняя — белая. Сцены свяцілішча абліцаваны цэглай, якая пакрыта сіняй палівай. Колер, верагодна, меў сімвалічнае значэнне і адпавядаў розным матэрыялам, выкарыстаным у будаўніцтве, — бітуму, вапняку, цэгле і паліве. Нахіленыя бакі тэрас, аб’ёмы якіх памяншаліся па меры пад’ёму ўгару, мерны рытм прыступак лесвіц стваралі ўражанне бясконцага руху да неба. Маючы ўзаемасувязь з раннімі культавымі будынкамі на платформах, зікурат Ура дэманструе новы, больш развіты від храмавага комплексу, у кампазіцыі і формах якога ўвасаблялася ідэя праслаўлення магутнасці багоў і зямных уладароў. Невыпадкова ён стаў практычна адзіным варыянтам культавага збудавання ў наступныя стагоддзі на значнай тэрыторыі Пярэдняй Азіі[8].

У першыя гады 20 ст. да н.э. аб’яднаныя войскі цароў Мары і Элама разграмілі апошняга цара Ура Ібі-Сіна[7].

Галава цара Хамурапі
Стэла са зборам законаў Хамурапі

У першай палове 2 тысячагоддзі да н.э. найбольш значнай у Двурэччы была так званая старававілонская культура. Яна аформілася ў выніку важнага палітычнага пераўтварэння. Цар Хамурапі (1792—1750 гг. да н.э.), які кіраваў на сярэднім цячэнні Еўфрата, аб’яднаў вобласці Шумера і Акада ў адну дзяржаву пад вяршэнствам горада Вавілона[9].

Пра выяўленчае мастацтва з 18 ст. да н.э., у перыяд узвышэння Вавілона, вядома вельмі мала. Пэўную ролю тут згуляла неаднаразовае разбурэнне горада, іншай прычынай апынулася дрэнная захаванасць медзі і бронзы ў зямлі Месапатаміі. Нават тое, што дайшло да нас, паходзіць, як правіла, не з самой Вавілоніі, а з тых месцаў, куды гэтыя помнікі былі вывезены пераможцамі ці патрапілі нейкім іншым шляхам[10]. Стыль выканання твораў старававілонскага перыяду, якія дайшлі да нас, сведчыць пра захаванне ў той час традыцый шумера-акадскага мастацтва[9]. Сярод найбольш вядомых помнікаў гэтага перыяду дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі[2]. Пластыка гэтага перыяду прадстаўляе дыярытавая мужчынская галава ад статуі, магчыма, цара Хамурапі[9].

Помнікі 18 ст. да н.э. з горада-дзяржавы Мары, на сярэднім Еўфраце, на заходняй ускраіне Вавілоніі, з’яўляюцца найкаштоўнейшым сведчаннем пра стыль старававілонскага мастацтва. Горад-дзяржава Мары на працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў быў саюзнікам Вавілона. Але ў канцы гэтага тэрміна існаванне яго было перарвана захопніцкім паходам цара Хамурапі. Воіны Хамурапі, аблажыўшы і ўзяўшы горад і палац, разрабавалі і разбурылі іх[9].

Статуя багіні Іштар з палаца Зімры-Ліма
Фрэска  (англ.) ў палацы Зімры-Ліма ў Мары

Археалагічнымі раскопкамі адкрыты руіны палаца Зімры-Ліма, які будаваўся з сырцовай цэглы на працягу другой паловы 3 тысячагоддзя да н.э. На ніжніх цокальных частках сцен былі нанесены дэкаратыўныя арнаментальныя палосы. Акрамя таго, дзве буйныя сюжэтныя кампазіцыі[9] з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш.[2] удалося часткова аднавіць з дробных кавалкаў тынкоўкі з роспісам, якія абсыпаліся пры разбурэнні і пажары палаца пасля яго захопу царом Хамурапі. На адным з іх тры не цалкам захаваныя фігуры са сцэны ахвярапрынашэння. Гэта, відавочна, частка рытуальнай працэсіі, якую ўзначальвае жрэц і нехта велізарнага росту — цар ці бог[9].

Высокімі мастацкімі якасцямі адрозніваецца і алебастравая статуя багіні Іштар з яе храма ў палацы Зімры-Ліма, якая дзвюма рукамі трымае масіўны гарлач. З прасвідраванай праз статую адтуліны, з горла гарлача, калісьці ў адказ на маленні вылівалася вада[9].

Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура старажытных плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манументальна-дэкаратыўнае і прыкладное мастацтва[2]. У пачатку 1 тысячагоддзя да н.э. Асірыя ператварылася ў наймацнейшую рабаўладальніцкую дзяржаву з развітым гандлем, у ваенную дзяржаву, якая падпарадкавала сабе да 7 ст. да н.э. амаль усю Пярэднюю Азію і нават часова Егіпет[11].

Цэнтралізацыя ўлады ў руках асірыйскіх цароў спрыяла таму, што мастацтву прад’яўлялі зусім вызначаныя патрабаванні праслаўляць дзеянні цароў-пераможцаў і ваенную моц дзяржавы. У сувязі з гэтым у адрозненне ад мастацтва Егіпта і мастацтва Месапатаміі ранніх перыядаў мастацтва асірыйскай дзяржавы мела больш выразнае свецкае прызначэнне, было, у першую чаргу, мастацтвам прыдворным, хоць многія сюжэты, тэмы, выявы па-ранейшаму нязменна былі звязаны з рэлігіяй[11].

Шэду з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.

У краіне ўзводзілі грандыёзныя храмы, цудоўныя палацы, магутныя крэпасці. Асірыйскія гарады 13—7 стст. да н.э. мелі крапасное аблічча: былі абаронены ад нападаў ворагаў магутнымі сценамі з равамі і вежамі-контрфорсамі[11].

Храмы, якія мелі цэнтральнае памяшканне, былі ўзведзены па шумерскай традыцыі на штучных платформах. Частка храма будавалася па хета-хурыцкім тыпе: яны мелі порцік на фасадзе і памяшканні, згрупаваныя анфіладай. Пры храмах, прысвечаных сямі галоўным багам (як і ў Шумеры), узводзілі зікураты, звычайна ў сем ярусаў, якія былі ярка афарбаваны ў розныя колеры[11].

Рэканструкцыя палаца ў Дур-Шарукіне

Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы упрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду».

Сярод найбойльш значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т.л. свяцілішча з вежай-зікуратам[2]. Палац размяшчаўся на ўскраіне горада, на штучнай чатырнаццаціметровай тэрасе з цэглы-сырца, абліцаванай каменнем. Частка палаца, асіметрычна размешчанага ў гарадской цытадэлі, выступала за гарадскую абарончую сцяну і таксама была абаронена крапаснымі вежамі, якія стаялі на роўных адлегласцях адна ад адной. У комплекс палаца, агульная плошча якога складала дзесяць гектараў, уваходзіла каля двухсот памяшканняў[11].

Рэльф са сцэнай палявання цара на львоў з палаца Ашурбаніпала
Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.
Рэльф з выявай параненай львіцы з палаца Ашурбаніпала

Для пластыкі Асірыі характэрны манументальныя рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі[11]. Палацавыя рэльефы высечаны на алебастравых плітах, так званых артастатах, якімі абліцоўвалі панізе асноўны мур сцен з цэглы-сырца. Пры гэтым стваралі шматметровыя, звязаныя паміж сабой па сэнсе і па сюжэтах кампазіцыі — своеасаблівыя пано на камені[11]. Кампаноўка асірыйскай скульптуры была падпарадкавана архітэктоніцы будынкаў[2]. У рэльефах таго ж часу ў сувязі з іх афіцыйнай значнасцю, пануе ўрачыстая запаволенасць, статычнасць рухаў і поз[11]. Склаўся нерэлігійны канон цудоўнага, фізічна незвычайна магутнага чалавека, воіна-пераможца. Фігуры і галоўнае, твары ўсіх людзей, у тым ліку і цароў, ідэалізавалі і тыпізавалі: стваралі тып асірыйца з правільнымі рысамі, з густымі кучаравымі валасамі і барадой[11]. Агульнай плоскасна-дэкаратыўнай трактоўцы выяў быў падпарадкаваны і ўмоўны разварот фігур, таксама кананізаваны да 9 ст. да н.э.: галаву, ніжнюю частку корпуса і ногі перадавалі ў профіль, вока — у фас, блізкае да пярэдняга плана плячо — у профіль, дальняе — у фас[11]. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II  (ням.) у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі)[11]. Гэтыя насценныя рэльефы ўяўляюць надзвычайную каштоўнасць для разумення і ацэнкі выяўленчай творчасці Асірыі[11].

Гарманічна ўключаны ў арнаментальны рытм рэльефаў, у іх плоскасць палосы клінапісных надпісаў. Пры тонкай мадэліроўцы аб’ёмаў фігур і арнаментальнай прачэрчанасці шматлікіх дэталей у іх, адзіны галоўны прыём перадачы: падпарадкаванне ўсіх рэльефных выяў плоскасці сцяны, эфекту верхнебакавога асвятлення[11]. Яшчэ больш падкрэслівала вялікія плоскасці, аб’ёмы і арнаментальна перададзеныя дэталі рэльефаў размалёўка (якая амаль нідзе не захавалася) чорным, чырвоным, сінім, зялёным і жоўтым па белым фоне. Чорна-карычневыя контуры адцянялі сілуэты ўсіх фігур людзей, жывёл і іншых выяў[11].

Статуя Ашурнасірпала II

Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкаратыўная трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара ІІІ з Ашура)[2]. Галоўнае ў пластычнай трактоўцы і канструкцыі скульптур — іх урачыста-велічнае «стаянне» ці «сядзенне» на троне і, такім чынам, падпарадкаванне круглай пластыкі ясна выяўленай архітэктоніцы інтэр’ераў будынкаў. Абагульнены, манументаваны іх асноўныя аб’ёмы, адцененыя невялікай колькасцю арнаментальна-дэкаратыўна прарэзаных дэталей. Кампазіцыя іх строга франтальная, выявы ідэалізаваны: праслаўляецца веліч і велізарная фізічная сіла цароў[11].

Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе  (англ.) («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама мастацкае ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу.

Новававілонскі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—б ст. да н.э., т. зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г. Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго уключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.

Зноскі

  1. а б в ВАВИЛОН И АССИРИЯ
  2. а б в г д е ё ж з і к Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  3. а б в г д е ё ж з і Шумер раннединастического периода. (2850—2400 гг. до н.э.)
  4. а б в г ИСКУССТВО МЕТАЛЛОПЛАСТИКИ(недаступная спасылка)
  5. а б в г Период Аккада. (24—22 вв. до н. э.)
  6. ПАМЯТНИКИ ПЕРИОДА ГУДЕА(недаступная спасылка)
  7. а б в г д е ё Период III династии Ура. (около 2112—1997 гг. до н.э.)
  8. а б Лазука, Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
  9. а б в г д е ё Старовавилонский период
  10. Искусство Вавилона Архівавана 5 сакавіка 2016.
  11. а б в г д е ё ж з і к л м н о Искусство Ассирии. (13—7 вв. до н. э.)
  • Вавілона-асірыйская культура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. С. 423—426.
  • Энциклопедия искусства Древнего мира.
  • Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940.
  • Вайман А. А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э. М., 1961.
  • Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ. М., 1968.
  • Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979.
  • Клочков И. С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983.
  • Дандамаев М.А Вавилонские писцы. М., 1983.
  • Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986.
  • Козырева Н. В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988.
  • Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.