Вялікі Берлін
Вялікі Берлін (ням.: Groß-Berlin) — абазначэнне тэрыторыі Берліна ў яго сучасных межах, якія ўзніклі ў 1920 годзе. Пазней былі зроблены некаторыя тэрытарыяльныя карэктуры, але ў цэлым межы Берліна засталіся з 1920 года нязменнымі.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]1 сакавіка 1816 года ў правінцыі Брандэнбург каралеўства Прусія былі вылучаны тры адміністрацыйныя акругі: Берлінская, Патсдамская і Франкфурцкая. Берлінская адміністрацыйная акруга (ням.: Regierungsbezirk Berlin) складалася з горада Берліна і яго наваколляў — гарадоў Шарлотэнбург і Ліхтэнберг, і паселішчаў Штралау і Гезундбрунен. Праз шэсць гадоў, 1 студзеня 1822 года з фінансавых меркаванняў Берлінская адміністрацыйная акруга была ліквідавана і яе тэрыторыя была ўключана ў Патсдамскую адміністрацыйную акругу правінцыі Брандэнбург. Пры гэтым сам горад Берлін утварыў гарадскую акругу (ням.: Stadtkreis). Тэрыторыі, размешчаныя на поўнач ад Шпрэе, засталіся ў акрузе Нідэрбарнім, а тэрыторыі на поўдзень ад Шпрэе — у акрузе Тэльтаў-Шторкаў.
З развіццём індустрыялізацыі Германіі горад Берлін пачаў імкліва расці. Ужо з 1820 года вяліся дыскусіі пра ўваходжанне ў склад Берліна прылеглых сельскіх паселішчаў Моабіт і Ведынг, якія ўваходзілі ў акругу Нідэрбарнім, горада Шонеберг і сельскага паселішча Тэмпельгоф, якія ўваходзілі ў акругу Тэльтаў. Пасля шматлікіх дыскусій 28 студзеня 1860 года было прынята рашэнне аб уваходжанні гэтых чатырох тэрыторый у склад Берліна з 1 студзеня наступнага года.
У 1875 годзе выказваліся прапановы вылучыць са складу правінцыі Брандэнбург, куды ўваходзіў тады Берлін, новую правінцыю Берлін, якую прапанавалася ўтварыць з гарадоў Берлін, Шарлотэнбург, Шпандау і Кёпенік, а таксама акруг Тэльтаў і Нідэрбарнім. Аднак гэтыя прапановы не былі зацверджаны. У 1881 годзе Берлін ўсё ж быў вылучаны з правінцыі Брандэнбург і атрымаў правы самастойнай правінцыі, хоць афіцыйна новай правінцыі ўтворана не было.
Закон аб утварэнні Вялікага Берліна
[правіць | правіць зыходнік]Закон аб пашырэнні межаў Берліна (так званы «закон аб Вялікім Берліне», ням.: Groß-Berlin-Gesetz быў прыняты 27 красавіка прускім ландтагам (164 — «за», 148 — «супраць») і набыў моц 1 кастрычніка 1920 года. Паводле гэтага закона, у склад горада Берліна ўключаліся шэсць былых самакіравальных гарадоў: Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Шонеберг, Берлін-Вільмерсдорф (у 1912 годзе тры прыгарада Берліна, якія ўшчыльную прылягалі да яго, — Ліхтэнберг, Шонеберг і Вільмерсдорф ужо атрымалі прыстаўку «Берлін»), Шарлотэнбург, Нойкёльн і Шпандау. Акрамя таго, да тэрыторыі Берліна далучаліся Нідэрбарнім, Остгафельланд і Тэльтаў, гарадская абшчына Кёпенік, 59 сельскіх абшчын і 27 маёнткаў, якія адышлі ад прылеглых раёнаў. Акрамя таго, у Берлін увайшоў зямельны ўчастак з Берлінскім Гарадскім палацам, які дагэтуль з'яўляўся прыватным маёнткам і адміністрацыйна не належаў Берліну.
Да насельніцтва старога Берліна ў 1,9 млн чалавек на момант выхаду закона дадалося яшчэ каля 1,9 млн жыхароў, у тым ліку 1,2 млн чалавек з 7 былых самастойных гарадоў. Такім чынам, вобласць Берліна павялічылася з 66 км² да 878 км², і горад ператварыўся ў трэці па колькасці насельніцтва горад у свеце пасля Лондана і Нью-Ёрка.
Ва ўзніклым Вялікім Берліне было ўтворана 20 гарадскіх раёнаў. Са старога Берліна ўтварыліся раёны: Мітэ, Тыргартэн, Ведынг, Прэнцлаўэр-Тор, Галешэс-Тор і Фрыдрыхсгайн (з вёскай Штралау). З ізноў далучаных гарадоў і сельскіх абшчын былі ўтвораны раёны Шарлотэнбург, Шпандау, Вільмерсдорф, Шонеберг, Нойкёльн, Кёпенік, Ліхтэнберг, Панкаў, Райнікендорф, Штэгліц, Цэлендорф, Тэмпельгоф, Трэптаў і Вайсензэе, якія атрымалі назвы па найбольш буйных адміністрацыйных адзінках, якія ўваходзілі ў іх.
Змены пасля 1920 года
[правіць | правіць зыходнік]- 1921: Перайменаванне раёнаў: Прэнцлаўэр-Тор у Прэнцлаўэр-Берг, Галешэс-Тор у Кройцберг.
- 1928: Сядзіба Дзюпель далучана да Берліна ў складзе раёна Цэлендорф.
- 1934: Раён Фрыдрыхсгайн пераназваны ў Хорст-Весель-Штат у гонар Хорста Веселя.
- 1938: Карэктоўка практычна ўсіх межаў раёнаў.
- 1945: Зваротнае перайменаванне: Хорст-Весель-Штат у Фрыдрыхсгайн.
- 1945: Абмен паміж зонамі акупацыі: вёска Вест-Штаакен каля Шпандау адыходзіць савецкай зоне, а Гатаў і частка Грос-Глініке ўваходзяць у склад раёна Шпандау, размешчанага ў брытанскай зоне.
- 1972: Першы абмен тэрыторыямі паміж Заходнім і Усходнім Берлінам і карэктоўка межаў раёнаў каля межаў сектараў.
- 1979: Вылучэнне раёна Марцан з раёнаў Ліхтэнберг і Вайсензэе.
- 1985: Вылучэнне раёна Гоэншонгаўзен з раёна Вайсензэе. Пераход да Вайсензэе часткі тэрыторый раёна Панкаў.
- 1986: Вылучэнне раёна Гелерсдорф з раёна Марцан.
- 1988: Другі абмен тэрыторыямі паміж Заходнім і Усходнім Берлінам і карэктоўка межаў раёнаў каля межаў сектараў.
- 1990: Карэктоўка межаў у сувязі з дагаворам аб аб'яднанні Германіі: вяртанне Вест-Штаакен раёну Шпандау (Гатаў і Грос-Глініке пры гэтым захаваліся ў складзе гэтага раёна) і ўваходжанне ў склад раёнаў Марцан і Гелерсдорф найбліжэйшых новабудоўляў, якія ўваходзілі раней у Арэнсфельдэ і Гёнаў.
- 2001: Адміністрацыйная рэформа: з 23 ранейшых раёнаў шляхам зліцця ўтвораны 12 узбуйненых акруг.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Тэкст Закона аб Вялікім Берліне ад 1920 года Архівавана 13 жніўня 2017. з усімі зменамі да 1990 года (ням.)
- Першы абмен тэрыторыямі, 1972 Архівавана 10 сакавіка 2016. (ням.)
- Карта другога абмену тэрыторыямі, 1988 Архівавана 4 сакавіка 2016. (ням.)
- Дагавор пра аб'яднанне Германіі ад 1990 года Архівавана 7 снежня 2017., усталёўвалы межы федэральнай зямлі Берлін (ням.)