Галіна (батаніка)
Галінава́ ў раслін — фрагмент парастка, які ўяўляе сабой бакавое адгалінаванне ствала дрэвавай расліны.
Галінава́нне — утварэнне новых парасткаў і характар іх узаемнага размеркавання на сцябле, шматгадовай галінцы і карэнішчы. Вызначае вонкавы выгляд расліны і яе адаптыўныя прыстасаванні, выкарыстоўваецца ў сістэматыцы раслін.
Акрамя сцёблаў, галін і карэнішчаў галінаванне назіраецца ў каранёў, суквеццяў, жылак (праводзячыя пучкі) у лістах і сцёблах, слаявішча (талома) у ніжэйшых раслін і інш. У выніку галінавання іншы раз з’яўляюцца парасткі, не падобныя на матчыны, напрыклад, пры кушчэнні злакаў, утварэнні вусоў і сталонаў і інш.
Тыпы галінавання
[правіць | правіць зыходнік]Адрозніваюць галінаванне дыхатамічнае (ізатамічнае), анізатамічнае, манападыяльнае, сімпадыяльнае і інш.
Зыходным лічыцца дыхатамічнае (вілачнае), пры якім з конуса нарастання утвараюцца 2 амаль аднолькавыя (ізатанія) галінкі. Характэрна для некаторых грыбоў, водарасцей, імхоў, рыніяфітаў, дзеразападобных і папарацепадобных.
У працэсе эвалюцыі ўзнікла анізатамічнае галінаванне, пры якім адна з галінак перарастае другую, напрыклад, у дэвонскага роду астэраксілан (Asteroxylon), многіх дзярэз, селагінел (Selaginella) і папарацепадобных (Pteridophyta), што перайшло потым у манападыялнае галінаванне, пры якім бакавыя галінкі закладваюцца пад верхавінкай галоўнай галінкі, напрыклад, у елкі і інш. хвойных, пальмаў, многіх травяністых раслін і лістасцябловых імхоў.
З дыхатамічнага і манападыяльнага ўзнікла больш прагрэсіўнае сімпадыяльнае галінаванне, пры якім бакавая галінка перарастае галоўную галінку, ссоўвае яе ўбок, прымае яе напрамак і вонкавы выгляд, напрыклад, у бярозы, ляшчыны, ліпы і інш. дрэвавых раслін.
Бывае несапраўднадыхатамічнае галінаванне, напрыклад, у бэзу, каштана, амялы, якое ўзнікае з манападыяльнага: рост галоўнай восі спыняецца, ніжэй яе верхавінкі развіваюцца 2 амаль аднолькавыя супраціўныя галінкі другога парадку, якія перарастаюць галоўную вось.
У злакаў вылучаюць своеасаблівы спосаб галінавання — кушчэнне. У некаторых дрэў назіраецца мяшанае галінаванне, напрыклад, у бярозы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Галінаванне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).