Нарадзілася 3 мая 1898 года ў Кіеве ў сям’і цесляра Мойшы Іцхoка і Блюмы Мабовіч. У 1903 годзе Мабовічы, асцерагаючыся пагромаў, пераехалі з Кіева ў Пінск у дом бабулі і дзядулі Голды. У пошуках лепшага жыцця Мойша Іцхак Мабовіч эміграваў у Амерыку. Праз тры гады, ў 1906 годзе, жонка з трыма дачкамі выехала да яго.
Голда з дзевяці гадоў пачала працаваць у краме, якой валодала яе маці ў Мілуокі. Чатырнаццацігадовай дзяўчынай яна збегла з дома да старэйшай сястры Шаны ў Дэнвер, каб пазбавіцца прымусовага шлюбу з трыццацігадовым страхавым агентам і мець магчымасць атрымаць сярэднюю адукацыю. Брала актыўны ўдзел у сіянісцкай суполцы Дэнвера, стала шчырай прыхільніцай руху «Паалей Цыён» («Працоўныя Сіёну»). Там жа пазнаемілася з будучым мужам Морысам Меерсонам. Пазней пасварылася з сястрой і вярнулася ў Мілуокі, дзе скончыла ў 1916 годзе сярэднюю школу.
У 1921 годзе яна разам з мужам перабралася з Мілуокі ў Палесціну, у тады яшчэ маленькае мястэчка Тэль-Авіў, дзе ўладкавалася ў кібуц Мерхавія і змяніла прозвішча на Меір.