Даліна манументаў
Даліна манументаў або Даліна помнікаў (нав.: Tsé Biiʼ Ndzisgaii, англ.: Monument Valley) — унікальнае геалагічнае ўтварэнне, размешчанае на паўночным усходзе штата Арызона і на паўднёвым усходзе штата Юта (ЗША), уздоўж мяжы паміж штатамі, на тэрыторыі рэзервацыі індзейскага племя наваха, адзін з нацыянальных сімвалаў Злучаных Штатаў.
Уяўляе сабою ўзвышаную раўніну, якая з'яўляецца часткай плато Каларада. Верхні пласт раўніны, які складаецца з мяккіх асадкавых парод, быў цалкам разбураны, але над роўнай пустыннай паверхняй застаўся шэраг скал-астанцаў, складзеных з меней схільнага да выветрывання чырвонага пясчаніку. Шэраг найбольш выбітных скал мае ўласныя імёны (Усходняя Рукавіца і Заходняя Рукавіца, Тры Сястры і інш.).
На тэрыторыі даліны працуе парк «Даліна манументаў», які належыць племя наваха. Даліна служыць адной з найбольш вядомых турыстычных славутасцяў ЗША; на яе тэрыторыі здымаліся сцэны шэрагу кінастужак (сярод іх — шматлікія вестэрны Джона Форда, у тым ліку «Дыліжанс», «Мая дарагая Клеменціна», «Шукальнікі»; «Бестурботны яздок», «Назад у будучыню 3», «Форэст Гамп», «Доктар Хто» і інш.), а таксама кліпы і рэкламныя ролікі, прысвечаныя «каўбойскай» тэматыцы.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Даліна манументаў
- Афіцыйны сайт парку «Даліна манументаў» Архівавана 4 студзеня 2006.
- Карта Даліны манументаў Архівавана 2 студзеня 2012.