Канстытуцыя Грэцыі
Канстытуцыя Грэцыі 1975 года (грэч. Σύνταγμα της Ελλάδας — «Сынтагма Эладас») — дзеючая Канстытуцыя Грэчаскай рэспублікі, прынятая пятым скліканнем грэчаскага парламента. Дзейнічае з 1975 года, двойчы пераглядалася — у 1986 і ў 2001 гадах. Канстытуцыйная гісторыя Грэцыі распачалася падчас вайны за незалежнасць Грэцыі, падчас якой былі прынятыя тры рэвалюцыйныя грэчаскія канстытуцыі. Першая грэчаская канстытуцыя была прынятая ў 1822 годзе. Апошняя рэдакцыя 1975 года з'яўляецца пераглядам Канстытуцыі 1952 года. Цэнтральная плошча Сінтагма ў Афінах, на якой месціцца будынак парламента, названая ў гонар Канстытуцыі.
Змест
[правіць | правіць зыходнік]Канстытуцыя Грэцыі складаецца з 120 артыкулаў і падзяляецца на 4 часткі:
- Першая частка (артыкулы 1—3) — асноўныя палажэнні: усталёўваюць, што Грэцыя з'яўляецца парламенцкай рэспублікай, а таксама зацвярджаюць Эладскую праваслаўную царкву як афіцыйную ў Грэцыі.
- Другая частка (артыкулы 4—25) тычыцца асабістых і сацыяльных правоў, абарона якіх была ўзмоцненая пасля перагляду Канстытуцыі ў 2001 годзе (палажэнні тычацца рэгулявання такіх пытанняў, як абарона асабістых звестак і кампетэнтнасць некаторых незалежных ворганаў).
- Трэцяя частка (артыкулы 26—105) апісвае арганізацыю і функцыі дзяржавы. Артыкул 28 зацвярджае моц міжнародных законаў і міжнародных канвенцый у заканадаўстве Грэцыі.
- Чацвёртая частка (артыкулы 106—120) змяшчае адмысловыя, заключныя і пераходныя палажэнні.
Выканаўчая ўлада ў краіне ажыццяўляецца ўрадам і прэзідэнтам Грэцыі, апошні з'яўляецца цырыманіяльнай фігурай. Паўната палітычнай улады ў Грэцыі належыць прэм’ер-міністру краіны. Заканадаўчая ўлада ажыццяўляецца грэчаскім Парламентам, які складаецца з 300 дэпутатаў, абіраемых на 4-гадовы тэрмін шляхам тайнага прамога галасавання. Судовая ўлада з'яўляецца незалежнай ад выканаўчай і заканадаўчай уладаў і складаецца з трох вярхоўных судоў: Касацыйнага суду (грэч. Άρειος Πάγος — аэрапаг), Дзяржаўнай рады (грэч. Συμβούλιο της Επικρατείας) і Палаты аўдытараў (грэч. Ελεγκτικό Συνέδριο).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Канстытуцыя Грэцыі 1975 году з праўкамі 1986 і 2001 гг.(недаступная спасылка)
- Тэкст Канстытуцыі Грэцыі (англ.)