Перайсці да зместу

Каран

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аль-Фаціха — першая сура Карана

Кара́н (араб. أَلْقُرآن‎‎ — аль-К̣ур’ан) — свяшчэнная кніга мусульман. Слова «Каран» паходзіць ад арабскага «чытанне ўслых», «настаўленне».

Паводле мусульманскай дагматыкі Каран быў па частках атрыманы ў 610—632 прарокам Мухамадам ад Бога (Алаха) праз архангела Джабраіла (Гаўрыіла). Напісаны на арабскай мове. У 650—655 паводле загаду халіфа Асмана — паплечніка Мухамада — спецыяльная калегія на аснове тэксту Карана, запісанага сакратаром Магамета, і з улікам іншых запісаў і сведчанняў асоб, што ведалі Каран на памяць, склала спіс Карана (Асманава рэдакцыя, зберагліся 2 копіі: у Сярэдняй Азіі і ў Турцыі), які паступова выцесніў іншыя запісы і быў прызнаны кананічным.

Мусульмане вераць, што Каран — гэта боскае настаўленне для чалавецтва, апошняе Свяшчэннае Пісанне, пасланае Алахам. Каран — нястворанае Слова Гасподняе, вечнае сведчанне прароцтва і апошняе нябеснае адкрыццё, якое пацвердзіла праўдзівасць усіх папярэдніх Святых Пісанняў, адмяніла абвешчаныя імі законы і зацвердзіла апошняе і самае дасканалае нябеснае заканадаўства. Існуючы тэкст Карана ўключае 114 сураў (раздзелаў), размешчаных у парадку памяншэння колькасці аятаў (вершаў), якіх 6225. Паводле часу і месца паходжання суры дзеляць на «мекканскія» (610—622, Мекка, 90 сураў) і «медынскія» (з 622, Медзіна, 24 суры). Храналагічная апавядальная і зместавая паслядоўнасць паміж сурамі, а часта і аятамі, адсутнічае.

Многія рэлігійна-філасофскія апавяданні Карана маюць агульныя (ці падобныя) з Бібліяй сюжэты, напрыклад, аб прароках Алаха ад Адама да Мухамада, уключаючы Нуха (Ноя), Ібрагіма (Аўраама), Ісы бен Марыям (Ісуса) і інш. Іўдаізм і хрысціянства разглядаюцца Каран як генетычна роднасныя ісламу нябесныя рэлігіі, якія папярэднічалі яму.

Каран з’яўляецца літаратурным помнікам і адной з найважнейшых крыніц мусульманскага права.