Перайсці да зместу

Латарынгія (герцагства)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Герцагства Латарынгія
фр.: Duché de Lorraine
ням.: Herzogtum Lothringen
Герб Сцяг
Герб Сцяг
< 
 >
959 — 1766

Сталіца Нансі (Нанцыг)
Мова(ы) французская на захадзе
нямецкая на ўсходзе
Рэлігія каталіцтва
Дынастыя Каралінгі
Ардэнская дынастыя
Эльзаская дынастыя
Анжуйская дынастыя
Анжуйская дынастыя
Латарынгскі дом
Ляшчынскія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Латары́нгія (фр.: Lorraine, ням.: Lothringen) — герцагства, якое размяшчалася на паўночным усходзе сучаснай Францыі. Да 1766 года герцагства ўваходзіла ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі. У наш час тэрыторыя Латарынгіі разам з некаторымі іншымі землямі ўваходзіць у склад рэгіёна Латарынгія (Францыя), Германіі, Люксембурга, Бельгіі і Нідэрландаў.

Герб герцагства ўяўляе сабой шчыт, у залатым поле якога чырвоная перавязь, на якой тры сярэбраныя алерыёны. Паводле легенды, пры аблозе Іерусаліма падчас Першага крыжовага паходу (1099) Готфрыд Бульёнскі, герцаг Ніжняй Латарынгіі, убачыў на вежы Давіда трох арлоў і забіў іх адным кідком дзіды. У памяць пра гэту падзею ён нібыта і ўзяў сабе герб, які дагэтуль захоўваецца ў якасці герба Латарынгіі ў складзе Францыі.

Зямлі Латарынгіі пры Меравінгах

[правіць | правіць зыходнік]

У рымскі час тэрыторыя будучай Латарынгіі ўваходзіла ў склад правінцыі Белгіка. Падчас франкскай каланізацыі Латарынгія ўваходзіла ў рыпуарскую і алеманскую сферы ўплыву. Пры Хлодвігу I першапачатковая мяжа яго каралеўства праходзіла па Маасу з поўначы на поўдзень. Пасля смерці Хлодвіга Латарынгія ўвайшла ў склад каралеўства са сталіцай у Мецы (будучая Аўстразія), якое дасталася Тэадорыху I.

Падзел Франкскай імперыі паводле Вердэнскага дагавора

Раздзел Франкскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заваяванняў Карла Вялікага Латарынгія апынулася ў сярэдзіне яго імперыі, у складзе якой заставалася да смерці імператара Людовіка Набожнага. У 843 годзе паводле Вердэнскага дагавора Латарынгія ўвайшла ў так званае «Сярэдзіннае каралеўства», якое дасталася імператару Лотару I. Пасля яго смерці ў 855 годзе адбыўся падзел яго ўладанняў паміж трыма сынамі, паводле якога тэрыторыя была аддадзена сярэдняму сыну, Лотару II, ад якога і атрымала сваю назву (Lotharii regnum, Lotharingia)[заўв 1]; пры гэтым падзеле яна прыблізна супадала з ранейшай Аўстразіяй, займаючы землі паміж Рэйнам, Шэльдай, Маасам і Сонай.

Каралеўства Латарынгія

[правіць | правіць зыходнік]

У склад Латарынгскага каралеўства ўвайшлі самыя вядомыя часткі каралінгскай імперыі. Тут знаходзіўся імперскі горад Ахен, царкоўныя рэзідэнцыі Кёльн і Трыр, а таксама вядомыя сваімі вінаграднікамі раёны па Рэйне і Мозелі. Таксама ў каралеўства ўваходзілі Саар, Люксембург, Валонія, Ніжні Рэйн і поўдзень Нідэрландаў (вобласці Маастрыхт, Эйндхавен, Брэда). У 863 годзе, пасля смерці свайго малодшага брата Карла Правансальскага, Лотар атрымаў у спадчыну частку яго земляў (Ліён, В'ен, Грэнобль, Оз).

Падзел дзяржавы Лотара II паводле Мерсенскага дагавора

Пасля смерці Лотара II 8 жніўня 869 года, які не пакінуў законных спадчыннікаў, Латарынгія стала яблыкам разладу паміж Заходне-Франкскім каралеўствам (Францыяй) і Усходне-Франкскім каралеўствам (Германіяй).

Кароль Францыі Карл II Лысы, даведаўшыся пра смерці Лотара, спешна каранаваўся 9 верасня ў Мецы, ненадоўга далучыўшы каралеўства да Францыі. Але супраць гэтага выступіў кароль Германіі Людовік II Нямецкі, вымусіўшы Карла пайсці на саступкі. 8 жніўня 870 года Карл Лысы і Людовік II Нямецкі дамовіліся ў Мерсене пра падзел дзяржавы Лотара II. У выніку падзелу Сярэдзіннае каралеўства было знішчана, а мяжа паміж Францыяй і Германіяй прайшла па басейне Мозеля.

Пасля смерці Людовіка II 28 жніўня 876 года Карл скарыстаўся гэтым, захапіўшы вобласці, саступленыя ім брату ў 870 годзе. Але сын Людовіка Нямецкага, Людовік III Малодшы, выступіў супраць Карла, разбіўшы армію апошняга 8 кастрычніка 876 года ў бітве пры Андэрнаху. Смерць Карла Лысага 6 кастрычніка 877 года і смуты, які прыйшлі ў Францыю пасля смерці Людовіка Коснаязыкага 10 красавіка 879 года, дазволілі Людовіку Малодшаму ў 880 годзе паводле Рыбмонскага дагавора далучыць Латарынгію цалкам да Германіі.

Латарынгская знаць не захацела прызнаваць Мерсенскі дагавор і наступнае далучэнне Латарынгіі да Германіі. Большасць аб'ядналася вакол Гуга, сына караля Лотара II ад прызнанага незаконным другога шлюбу з Вальдрадай. Для дасягнення сваёй мэты Гуга дамогся саюза з нарманамі, выдаўшы сваю сястру Гізелу за вікінга Готфрыда. Але Гуга патрапіў у палон да Карла III Тоўстага, быў аслеплены і сасланы ў абацтва Прум, дзе і скончыў свае дні.

Пасля звяржэння ў 887 годзе Карла III Тоўстага, які ненадоўга аб'яднаў у сваіх руках розныя часткі імперыі Карла Вялікага, Латарынгія засталася ў складзе Германіі пад кіраваннем Арнульфа Карынтыйскага.

У 895 годзе Арнульф аднавіў Латарынгскае каралеўства, аддаўшы яго свайму незаконнаму сыну Цвентыбольду. Але супраць яго выступіла знаць, якую ўзначаліў Рэнье Даўгашыі. Рэнье ўступіў у саюз з каралём Францыі Карлам Дурнаватым. У выніку Цвентыбольд быў забіты ў адной з бітваў 13 жніўня 900 года.

Латарынгія ў першай палове X стагоддзя

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля гібелі Цвентыбольда фактычным кіраўніком Латарынгіі стаў Рэнье Даўгашыі. У яго жылах цякла кроў Каралінгаў (яго маці была дачкой імператара Лотара I), ён меў вялікія ўладанні, раскіданыя па Ардэнах, Генегау, Газбенгау, Брабанце і ўздоўж ніжняга цячэння Мааса, ён быў свецкім абатам некалькіх багатых манастыроў. Не маючы ніякіх спадчынных правоў, Рэнье карыстаўся ў Латарынгіі амаль неабмежаванай уладай. Храністы называлі яго «missus» (гасудараў пасланец), «dux» (герцаг), «marchio» (маркграф).

Кароль Германіі Людовік IV Дзіцё, да якога перайшла Латарынгія з-за адсутнасці ў Цвентыбольда спадчыннікаў, паспрабаваў супрацьпаставіць Рэнье біскупаў і франконскага графа Гебхарда (пам. 910), якому ён у 903 годзе даў тытул герцага Латарынгіі, але беспаспяхова. Пасля смерці Людовіка IV Рэнье адмовіўся прызнаць новага караля, Конрада Франконскага, і прысягнуўся ў 911 годзе каралю Францыі Карлу III Дурнаватаму. Карл III прыняў на сябе валоданне Латарынгіяй, але пакінуў ёй незалежнасць.

Пасля смерці ў 915 годзе Рэнье яго пераемнікам стаў граф Бідгау Вігерых (пам. каля 921/922), названы пфальцграфам Латарынгіі, але вялікі ўплыў меў таксама сын Рэнье — Гізельберт (пам.939), які неўзабаве пасварыўся з Карлам Дурнаватым. Для барацьбы з ім ён звярнуўся па дапамогу да караля Германіі Генрыха I Птушкалова. Пазней Гізельберт прыняў удзел у паўстанні Роберта Парыжскага супраць Карла Дурнаватага, у выніку якога Роберт стаў каралём. Аднак пасля смерці Роберта Гізельберт адмовіўся прызнаць яго пераемніка, Рауля Бургундскага. У 925 годзе Гізельберт паспрабаваў зблізіцца з Раулем, але Генрых Птушкалоў уварваўся ў Латарынгію з вялікай арміяй, паклаўшы канец незалежнасці Латарынгіі і прымусіўшы арыстакратыю прысягнуцца яму.

Генрых Птушкалоў прызнаў Гізельберта герцагам і выдаў за яго сваю дачку Гербергу. Пасля смерці Генрыха Гізельберт прынёс прысягу новаму каралю Германіі Атону I. Але ў 938 годзе Гізельберт далучыўся да паўстання Генрыха Баварскага і Эбергарда Франконскага. 2 кастрычніка 939 года ён загінуў у бітве пры Андэрнаху супраць арміі караля Атона.

Перамога дазволіла Атону замяніць дынастыю, заснаваную Рэнье I. Новым герцагам ён прызначыў свайго брата Генрыха, які ўдзельнічаў у паўстанні, але дараванага каралём. Выхаванне адзінага сына Гізельберта, Генрыха (пам.943/944), кароль даручыў графу Вердэна Атону (пам. 944). Але ўжо ў 940 годзе пасля чарговага няўдалага паўстання свайго брата Генрыха кароль Атон быў вымушаны прызначыць герцагам Атона Вердэнскага, а пасля яго смерці ў 944 годзе — Конрада Рудога (пам. 955), зрабіўшы яго таксама мужам сваёй дачкі.

Конрад даволі хутка прывёў да падпарадкавання латарынгскую знаць. Ён здушыў мяцеж пляменнікаў Гізельберта, якія, абапіраючыся на свой замак у Монсе змагаліся за спадчыну свайго роду. Аднак неўзабаве Конрад пасварыўся з каралём і ў 953 годзе прыняў удзел у змове Лудальфа, старэйшага сына Атона I. Але супраць Конрада выступіла незадаволеная ім латарынгская знаць, якую ўзначаліў адзін з пляменнікаў Гізельберта, граф Генегау (Эно) Рэнье III (920 — 973). У выніку Конрад быў разбіты на берагах Мааса і вымушаны быў бегчы. У наступным годзе Конрад навёў на Латарынгію венграў, якія апустошылі Газбенгау, Намюр і Генегау.

Кароль Атон I не стаў чакаць канца паўстання, прызначыўшы ў 953 годзе новага герцага. Выбар яго паў не на Рэнье III, а на свайго брата Бруна, які адначасова атрымаў Кёльнскае архібіскупства, аб'яднаўшы такім чынам, духоўную і свецкую ўладу.

Бруна Кёльнскі і падзел Латарынгіі

[правіць | правіць зыходнік]

Бруна I Вялікі (каля 925—965) кіраваў Латарынгіяй да самай смерці. Сталіцай герцагства ён зрабіў Кёльн, які стаў пры ім культурным цэнтрам. Пры гэтым Бруна меў велізарны ўплыў на ўсе ўрадавыя справы (ён быў канцлерам Германіі з 940 года), так што яго лічылі амаль суправіцелем Атона.

Латарынгія ў 10 ст.

Бруна ўдалося, пасля працяглай барацьбы, перамагчы Конрада Рудога і надоўга вярнуць спакой краін, якая знемагала ад унутраных разладаў партый. Але на Латарынгію прад'яўляў прэтэнзіі Рэнье III. Пры гэтым Бруна пасля смерці герцага Гуга Вялікага ў 956 годзе з'яўляўся фактычным рэгентам Францыі да самай сваёй смерці, а кароль Францыі Лотар, разглядаў Латарынгію як сваю спадчыну.[заўв 2]

У 956 годзе Рэнье III захапіў частку асабістых уладанняў Гербергі ў Латарынгіі (яе так званую «ўдовіну долю»), што выклікала паход Лотара на Монс, сталіцу Генегау. У выніку паходу Лотар захапіў жонку Рэнье і двух яго сыноў, што дазволіла Бруна ў абмен на закладнікаў прымусіць Рэнье вярнуць захопленыя землі. Але неўзабаве Рэнье зноў паўстаў, але Бруна разам з Лотарам здушылі бунт. Рэнье быў захоплены ў палон і выдадзены Атону I, які ў 958 годзе выслаў яго на мяжу Багеміі, дзе ён і памёр, а яго ўладанні былі канфіскаваны. Кіраванне Генегау імператар Атон даручыў у чэрвені 958 года Готфрыду (пам. 964), сыну пфальцграфа Латарынгіі Готфрыда. Сыны Рэнье III, Рэнье і Ламберт беглі ў Францыю, дзе знайшлі прытулак пры каралеўскім двары.

У 959 годзе кароль Лотар адмовіўся ад сваіх правоў на Латарынгію. Але неўзабаве ўспыхнуў новы буйны мяцеж латарынгскай знаці, незадаволенай палітыкай Бруна, які загадаў руйнаваць замкі сеньёраў, якія зараблялі разбоем, а таксама абклаў знаць буйным падаткам. Мяцеж узначаліў былы саветнік Бруна Іман, сеньёр Шэўрэмона. Для прыгнечання мецяжу і для стрымлівання латарынгцаў на будучыню, Бруна падзяліў герцагства на дзве часткі: Верхнюю Латарынгію (L. Mosellana) і Ніжнюю Латарынгію (L. Mosana). Вобласці Трыра, Меца, Туля і Вердэна знаходзіліся ў непасрэднай залежнасці ад імператара. На чале кожнага герцагства Бруна паставіў намесніка з тытулам «віцэ-герцаг». Віцэ-герцагам Верхняй Латарынгіі стаў граф Бара і Меца Фрыдрых (Феры) I (каля 942 — 984), жанаты з дачкой Гуга Вялікага, пляменніцы Бруна. Герцагам Ніжняй Латарынгіі стаў граф Генегау Готфрыд. Сам Бруна працягваў захоўваць тытул герцага Латарынгія да самай смерці.

Верхняя Латарынгія пад кіраваннем Ардэнскай дынастыі

[правіць | правіць зыходнік]
Герцагствы Верхняя і Ніжняя Латарынгія ў 1000 годзе
Латарынгія на карце Германскай імперыі 1000 г.

Феры I, жанаты з пляменніцай Бруна і імператара Атона I, быў іх верным прыхільнікам. Ён быў сынам пфальцграфа Вігерыка. Акрамя Латарынгіі Феры валодаў некалькімі графствамі (Бар, Шамантуа, Шарпенье, Сулазуа), што павялічвала яго сілы. Ён пабудаваў некалькі замкаў на мяжы паміж Францыяй і Германіяй.

У 977 годзе ён атрымаў герцагскі тытул, але неўзабаве памёр, пакінуўшы герцагства малалетняму сыну Цьеры (Дытрыху) I (9651026)). Да 987 года герцагствам кіравала яго маці Беатрыс. Цьеры працягнуў палітыку бацькі, з'яўляючыся прыхільнікам імператараў. У 1011 годзе ён удзельнічаў на баку імператара Генрыха II у барацьбе супраць графаў Люксембурга, у 1018 годзе — у Бургундыі ў перамозе над Эдом II дэ Блуа. У 1019 годзе ён прыцягнуў да кіравання герцагствам свайго сына Феры II (9951026)).

Пасля смерці імператара Генрыха II Цьеры і Феры далучыліся да паўстання герцага Швабіі Эрнста II супраць новага імператара Конрада II, але неўзабаве перайшлі на бок імператара, прызнаўшы яго ўладу. Феры II памёр раней за бацьку, а пасля смерці ў 1026/1027 годзе Цьеры герцагства атрымаў у спадчыну сын Феры II, Феры III (10201033), пра кіраванне якога практычна нічога невядома.

Феры III дзяцей не пакінуў. Графства Бар атрымала ў спадчыну яго сястра Сафія, а Латарынгію імператар Конрад аддаў сваяку Феры, герцагу Ніжняй Латарынгіі Газела I (9671044), які ненадоўга аб'яднаў Латарынгію. Газела ўдзельнічаў у вайне за Бургундскую спадчыну на баку імператара Конрада супраць Эда II дэ Блуа. У лістападзе 1037 года ён удзельнічаў у бітве пры Ганоле (паміж Бар-ле-Дзюкам і Вердэнам), у выніку якой армія Эда была разбіта, а сам ён загінуў.

Пасля змяці Газела ў 1044 годзе імператар Генрых III ізноў падзяліў герцагства паміж яго двума сынамі. Верхняя Латарынгія дасталася Готфрыду II Барадатаму (пам. 1069), Ніжняя Латарынгія — Газела II (каля 10081046).

Гэты падзел выклікаў вялікае паўстанне латарынгскай знаці. Да паўстання далучыўся і Готфрыд Барадаты, які імкнуўся аб'яднаць Латарынгію пад сваёй уладай. На тое, каб здушыць паўстанне, імператару Генрыху спатрэбілася 2 гады. Ён асабіста з'явіўся з велізарнай арміяй у суправаджэнні Папы Льва IX. Неўзабаве ўдалося заключыць мір. Але Готфрыд быў зрынуты. На яго месца быў прызначаны граф Меца Адальберт Эльзаскі (каля 1000 — 1048).

Кіраванне Эльзаскай і Анжуйскай дынастый

[правіць | правіць зыходнік]
Герцагства Латарынгія ў 1400 годзе

У 1048 годзе імператар аддаў Верхнюю Латарынгію Герхарду Эльзаскаму, родапачынальніку Латарынгскага дому, прамыя прадстаўнікі якога валодалі Латарынгіяй да 1431 года. У гэты год памёр Карл Латарынгскі, у званні канетабля Францыі, пакінуўшы толькі дачку Ізабелу, якая выйшла за Рэнэ Анжуйскага. Хоць пляменнік Карла II, Антуан, граф дэ Вадэмон, аспрэчваў правы Ізабелы, аднак імператар Жыгімонт аддаў герцагства ёй і яе мужу, з чым і прымірыўся Антуан, ажаніўшы свайго сына Фрыдрыха з Іалантай, дачкой Ізабелы і Рэнэ.

У асобе ўнука Рэнэ, Нікаля, Анжуйскі дом спыніўся, і герцагства зноў дасталася прадстаўніку мужчынскай лініі латарынгскага дому ў асобе Рэнэ II, сына Фрыдрыха і Іаланты. У часы яго кіравання Латарынгія была страшна спустошана Карлам Смелым. Спадчыннік Рэнэ II, Антуан, перамог паўсталых сялян і варожа адносіўся да Рэфармацыі.

У часы маленства яго ўнука, Карла III, кароль Францыі Генрых II далучыў да Францыі Мец, Туль і Вердэн.

Пры Карле IV Латарынгія была занята французамі (1634 год). Толькі ў 1697 годзе ўнук Карла IV, Леапольд-Іосіф-Карл, ізноў атрымаў краіну, на цяжкіх умовах. Яго спадчыннікам стаў у 1729 годзе сын, Франц-Стэфан, маці якога, Шарлота Арлеанская, у часы маленства жорстка прыгнятала насельніцтва.

Далучэнне герцагства да Францыі

[правіць | правіць зыходнік]

Праз некалькі гадоў Францыя пазбавіла Франца-Стэфана прастола і аддала яго польскаму экс-каралю Станіславу Ляшчынскаму. Франц-Стэфан, які ажаніўся з Марыяй-Тэрэзіяй, дачкой імператара Карла VI, атрымаў у відзе ўзнагароды Вялікае Герцагства Тасканскае і пазней стаў германскім імператарам пад імем Франца I. У асобе яго сыноў, Іосіфа II і Леапольда II, Латарынгскі дом заняў аўстрыйскі прастол, які належаў яму да падзення аўстрыйскай манархіі. Пасля смерці Станіслава ў 1766 г. Верхняя Латарынгія была ўключана ў склад Францыі, назаўжды страціўшы палітычную самастойнасць. Пра далейшы лёс гэтай вобласці гл. Эльзас-Латарынгія, Франка-пруская вайна.

  1. Паводле меркавання Парызо (R. Parisot, Le royaume de Lorraine sous les Carolingiens, 843—923. Paris, 1899) назва «Латарынгія» ўпершыню сустракаецца ў «Antapodosis» Ліўтпранда Крэмонскага, напісанага ў 958—962 гадах.
  2. Лотар быў сынам удавы герцага Гізельберта, Гербергі, сястры Бруна, якая пасля гібелі Гізельберта выйшла замуж за караля Францыі Людовіка IV Заморскага.