Буйная птушка. У даўжыню можа дасягаць 180 см, маса самак 5,5—6 кг, самцоў 8—13 кг. Размах крылаў лебедзя-шыпуна каля 240 см. Апярэнне чыста белае, толькі часам з іржава-рыжым налётам на галаве і шыі ў дарослых птушак. Маладыя птушкі шэрага колеру. У дарослых птушак вельмі доўгая шыя, выцягнутае цела і галава сярэдняй велічыні з аранжавай-чырвонай дзюбай. Дзюба з вялікім уздуццем каля асновы, у самак яно крыху меншае. Шыпун названы з-за гукаў, якія выдаюцца пры раздражненні. Шыя таўсцейшая, чым у клікуна (Cygnus cygnus), таму здаецца больш кароткай. У адрозненне ад лебедзя-клікуна шыю трымае не прама, а згібае яе S-падобна.
Насяляе вялікія вадаёмы са стаячай вадой з добра развітой надводнай расліннасцю, уключаючы марскія затокі. Паўсюль даволі рэдкі. Лебедзь-шыпун жыве ў паўночнай частцы Еўропы і Азіі. Пры дапамозе чалавека гэты від лебедзяў прыжыўся ў Паўночнай Амерыцы, Паўднёвай Афрыцы, Аўстраліі і Новай Зеландыі.
Лебедзь-шыпун знік на тэрыторыі Беларусі пад канец XIX — пачатку XX стст. у выніку знішчэння. З’яўленне і аднаўленне птушак звязана з іх рассяленнем з Літвы і Польшчы. Першыя птушкі паявіліся на гнездаванні ў Беларусі ў 1977—1979 гадах. Пабачыць лебедзя-шыпуна ў наш час можна на Нарачанскіх і Сарачанскіх азёрах.
Чароды лебедзі не ўтвараюць, трымаюцца парамі. Пары захоўваюцца на ўвесь перыяд жыцця.
Па спосабу жыцця шыпун шмат у чым падобны з клікуном. Насяляе парослыя воднай расліннасцю вадаёмы — ліманы, азёры часам балоты. Калі плавае, шыпун часта выгінае шыю ў форме літары «S».
Палаваспеласці дасягае на чацвёртым годзе жыцця, але пры паўвольным утрыманні прыступае да гнездавання ва ўзросце 3 гадоў.
Манагам. Часта гняздуецца на адным і тым жа вадаёме некалькі гадоў запар.
Лебедзь-шыпун гняздуецца каля вады ў трыснягу на дробных азёрах або на затоках вялікіх рэк воддаль ад чалавечага жылля. Гняздо ладзіць на сплавіне, востраве або ў засохлым трыснягу ў цяжкадаступным месцы, паблізу невялікага ўчастка адкрытай вады. У выглядзе кола вялікай колькасці сухой надводнай расліннасці.
Яйкі (5-10) крыху падоўжаныя з тупым вужэйшым канцом, зеленавата-аліўкавыя. Памеры: 114 х 74 мм. Пачатак яйкакладкі ў першай дэкадзе траўня, наседжванне 35 сутак.
Птушаняты ўсюды ідуць са сваёй маці, знаходзячыся ў яе на спіне.
Паляванне на лебедзяў было цалкам забаронена ў 1960-х гадах. З тых часоў назіраецца пастаянны рост колькасці лебедзяў у выніку аховы і падкормкі людзьмі. Шыпун лёгка прыжываецца ў няволі і паўняволі, часта ўтрымліваецца на вадаёмах гарадскіх паркаў, садоў, розныя санаторыяў як дэкаратыўная птушка.