Лоцман
Лоцман (ад нідэрл.: loodsman) — марак ці рачнік, па кваліфікацыі — капітан-суднавадзіцель, які добра ведае берагавое становішча і мясцовы фарватар і праводзіць па ім марскія ці рачныя судны, асабліва ў месцах, якія ўяўляюць небяспеку. Лоцман абавязаны праводзіць па фарватары кожнае судна пры ўваходзе і пры выхадзе яго з порта. Лоцмана дастаўляюць на Лоцманскім боце (катары), (часам на верталёце) да судна, якое запытала лоцмана, і ён праводзіць судна па бяспечным маршруце. Аднак прысутнасць лоцмана на борце судна не здымае з капітана адказнасці за бяспеку. Усе ўказанні лоцмана носяць толькі рэкамендацыйны характар.
За паслугі лоцмана спаганяецца лоцманскі збор — плата за правядзенне суднаў па фарватары. Пры немагчымасці забеспячэння судна лоцманам на мачтах берагавых пастоў пры ўваходзе ў гавань падымаюць лоцманскія сігналы — для ўказання глыбінь і рэкамендуемага курсу пры ўваходзе ў гавань. На суднаходных рэках і ўнутраных вадаёмах, часцей за ўсё, функцыі капітана і лоцмана сумяшчаюцца, а для абазначэння фарватара, глыбінь і бяспечнага курсу служаць буі, бакены і берагавыя створныя знакі.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лоцман