Манах
Мана́х, мана́ства (грэч. μοναχός — адзіночка, самотны) — звычайна член рэлігійнай абшчыны (таксама манашка), які ў адпаведнасці з абяцаннем (клятвай) вядзе аскетычнае жыццё або ў рамках манаскага таварыства, або ў адзіноце, пустэльніцтве. Манахі жывуць у манастырах, пустынях, лаўрах. Манах ад нашэння чорнай адзёжы названы чарнец, чарніца (манашка), чарняцы (манахі). Святары ў манастве — чорнае святарства. У адрозненне ад жанатых святароў — белага святарства. Манах і святар — два розныя паняцці. Даўней называўся яшчэ мніх. У царкоўнаславянскай мове «манах» называецца таксама инокъ («инока», «инокиня» жаночага роду); іншы ад астатніх «иной» (адзін адзіны, адасоблены, пустэльнік); «инокий» (інакш павінен весці сваё жыццё адрозніваючыся ад іншага, свецкіх паводзін).
Інстытут манаства характэрны для каталіцкага і праваслаўнага хрысціянства, індуізму і будызму. Часам да манахаў прылічаюць і дэрвішаў ісламу — але гэта спрэчна, бо падабенства толькі знешняе: дэрвішы маглі жаніцца, мелі ўласныя дамы і жылі сваім уласным жыццём. З’явіліся манахі ў сярэдзіне I тыс. да н.э. у будызме. Ад III ст. н.э. манаства прыйшло і ў хрысціянства з Сірыі і Егіпта, як форма ўвасаблення аскетычнага ідэала, які адлюстраваў дуалістычнае светаразуменне, у супрацьпастаўленні духа і цела (дабра і зла). Манахаў няма толькі ў пратэстантызме.
Традыцыя лічыць заснавальнікамі хрысціянскага манаства егіпецкіх падзвіжнікаў святых Антонія Вялікага і Пахомія. На Русі заснавальнікамі манаства лічаць вялебных Антонія і Феадосія Пячэрскіх, якія стварылі ў X—XI стст. Кіева-Пячэрскі манастыр. Манах прымае абяцанні ўбоства (адмова ад прыватнай уласнасці), чысціні (бясшлюбнасці), паслушэнства (абсалютнага падпарадкавання статуту і манастырскай уладзе). Манахі аднаго манастыра называюцца братамі (браціяй). І маюць тры ступені: расафор, маласхімнік, вялікасхімнік. Чорнае адзенне праваслаўных манахаў — сімвал смутку і адмовы ад усяго свецкага. Прыняцце манаства адбываецца ва ўрачыстым абрадзе (чыне) пастрыжэння. З манаства фарміруецца вышэйшае кіраўніцтва царквы — епіскапат.
У хрысціянстве першымі манахамі былі людзі, якія хацелі весці больш набожны лад жыцця ў параўнанні з іншымі людзьмі, і дзеля гэтага хаваліся ад свету, адасабляліся. І свядома абмяжоўвалі сябе, каб дасягнуць развіцця. З часам яны сталі аб’ядноўвацца ў манастыры — згуртаванні манахаў. Задачы асабістага выратавання зліваліся з агульнацаркоўнымі задачамі (і сацыяльнымі). Адыход манахаў ад усяго свецкага, адмова ад каштоўнасцяў свецкага жыцця, прыняцце часовых або пастаянных абяцанняў чысціні, убоства і паслушэнства спалучаліся з імкненнем уплываць на свет сваім прыкладам (і пропаведдзю). У Заходняй Еўропе манаства распаўсюдзілася ад IV ст. Папулярнасцю карысталіся бенедыкцінцы. Клюнійская рэформа ў X—XI стст. умацавала сувязь манаства з папствам, спрыяла ўзмацненню папскай улады. І ў значнай ступені падпарадкавала жыццё і дзейнасць каталіцкага духавенства прынцыпам манаства. Зліццё ідэй манаства з місіяй кліру ўвасобілася ў інстытуце статутных канонікаў (canonici regolari), якія спалучалі святарскі стан з прыняццем манаскіх зарокаў. Найважнейшым напрамкам у Каталіцкай Царкве сталі ад XIII ст. бедныя Ордэны, якія займалі пануючае становішча да пачатку Контррэфармацыі. Іх адціснулі езуіты і розныя манаскія кангрэгацыі. У сучасным свеце налічваецца 213917 каталіцкіх манахаў, з іх 149176 манахаў у Святарстве, і 908158 манашак розных манаскіх аб’яднанняў.
Манахам няможна назваць любога мужчыну (і любую жанчыну), якія маючы фізічную і псіхічную магчымасць уступаць у шлюб і палавыя (сексуальныя) дачыненні, мець сям’ю і дзяцей, не робяць гэтага з асабістых меркаванняў або з-за хваробы. Напрыклад, у каталіцкім абрадзе манахі складаюць пісьмовую прысягу і прымаюць вышэй паданыя абяцанні. Перад тым бяруць блаславенне бацькі і маці, рэкамендацыю пробашча, праходзяць этапы выпрабавання паклікання ў манаскі стан і г.д. Вышэй сказанае абмежаванне сапраўдных манахаў гэта элемент іх жыцця, але не мэта. Манахі імкнуцца весці анёлападобны лад жыцця, сведчыць аб Небе жывучы ў целе на Зямлі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- укл. Василь Яременко і Оксана Сліпушко, «Тлумачний словник української мови», вид. «Аконіт», м. Київ, 2000 р. ISBN 966-7173-02-X, том 2 (Ж-О), с. 680;
- ред. Митрохин Л. Н. и др., «Христианство» (словарь), изд. «Республика», г. Москва, 1994 г., с. 164, 290;
- составил священник магистр протоиерей Григорий Дьяченко, «Полный церковно-словянский словарь», 1900 г., c. 223, 997.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Манахі