Нарвежская аперацыя (кодавая назва ням.: Weserübung, вучэнне на Везеры) — баявыя дзеянні ўзброеных сіл нацысцкай Германіі па акупацыі Даніі і Нарвегіі 9.4—8.6.1940 у Другую сусветную вайну.
Ваенная аперацыя Германіі мела на мэце захоп на поўначы Еўропы стратэгічнага плацдарма супраць Вялікабрытаніі. План аперацыі (распрацоўваўся германскім камандаваннем са снежня 1939, зацверджаны А. Гітлерам 1.4.1940) прадугаеджваў раптоўную высадку ў Даніі і Нарвегіі германскіх марскіх і паветраных дэсантаў пры садзейнічанні галоўных сіл ВМФ і 5-га паветранага флоту.
9 красавіка 1940 германскія ландверная і паліцэйская дывізіі, марскія і паветраныя дэсанты захапілі ўсе апорныя пункты Даніі. Дацкія армія (5 малалікіх дывізій) і флот паводле загаду ўрада капітулявалі. У Нарвегіі супраць 6 разрозненых дывізій дзейнічалі лепш абучаныя і ўзброеныя нямецкія войскі, якія ўжо 9—10 красавіка малымі сіламі (каля 10 тыс. чал.) захапілі ўсе галоўныя парты краіны. Ва ўмовах пагрозы брытанскім марскім камунікацыям на дапамогу нарвежскай арміі 14—17 красавіка ў Цэнтральнай і Паўночнай Нарвегіі высадзіліся экспедыцыйныя саюзныя англа-франка-польскія войскі. Пасля капітуляцыі нарвежскіх войск у цэнтры краіны (3 мая) асноўныя баі працягваліся ў раёне Нарвіка (Паўночная Нарвегія), але 5—8 чэрвеня саюзныя войсхі эвакуіраваліся ў сувязі з цяжкім становішчам у Францыі (гл. Французская кампанія, 1940).
У выніку Нарвежскай аперацыі Германія страціла каля 5 тыс. чал., больш за 20 баявых караблёў, Нарвегія — каля 2 тыс. чал., некалькі караблёў, саюзнікі — каля 2 тыс. чал., 18 баявых караблёў і інш. У Даніі і Нарвегіі сфарміраваны калабарацыянісцкія ўрады (у апошняй на чале з В. Квіслінгам).