Перайсці да зместу

Народны фронт Эстоніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Народны фронт Эстоніі (эст.: Eestimaa Rahvarinne) — палітычны рух, створаны грамадзянскай ініцыятывай, самы масавы рух Эстоніі.

13 красавіка 1988 г., у вячэрняй перадачы Эстонскага тэлебачання «Падумаем яшчэ» (эст. «Mõtleme veel»), падчас гутаркі пра шляхі выкарыстання ініцыятывы грамадзян Эдгар Савісаар агучыў думку пра стварэнне дэмакратычнага руху ў падтрымку перабудовы — Народнага фронту. У тую ж ноч была створаная ініцыятыўная група і складзена дэкларацыя Народнага Фронту. 1-2 кастрычніка таго ж года ў Талінскай гарадской канцэртнай зале адбыўся ўстаноўчы з’езд. У кастрычніку-лістападзе НФЭ сабраў подпісы супраць праекту закона СССР «Аб зменах і дадатках Канстытуцыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», паводле якога планавалася яшчэ больш абмежаваць правы саюзных рэспублік.

23 жніўня 1989 года народныя франты балтыйскіх рэспублік арганізавалі людскі ланцуг праз усе тры рэспублікі, вядомы пад назвай Балтыйскі шлях (эст. Balti kett).

18 сакавіка 1990 года адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет Эстонскай ССР, на якіх НФ атрымаў 24 % галасоў. Са 105 чалавек, якія праходзілі кандыдатамі па спісе НФЭ, дэпутацкія мандаты атрымалі 45. Савісаар сфарміраваў урад, які складаўся большай часткай з чальцоў Народнага фронта. 12 кастрычніка 1991 года на базе НФЭ была створана Народна-цэнтрысцкая партыя, якая пазней атрымала назву Цэнтрысцкая партыя.

Народны фронт спыніў сваю дзейнасць 13 лістапада 1993 года.